Вы тут

Купалаўскае прывітанне з Марый Эл


У беларускіх і марыйскіх пісьменнікаў у апошнія гады склаліся добрыя сяброўскія сувязі. Як сведчанне — і публікацыі перакладаў твораў паэтаў і празаікаў з Беларусі ў старэйшым літаратурна-мастацкім часопісе Йошкар-Алы «Ончыко» ( у перакладзе на рускую мову — «Вперёд»). 


Вось і зараз дырэктар Выдавецкага дома «Марыйскае кніжнае выдавецтва» празаік і перакладчык Юрый Салаўёў даслаў чарговы, шосты, нумар «Ончыко» з беларускімі публікацыямі. Гэтым разам яны прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. З артыкулам пра сяброўства беларускага класіка і расійскага публіцыста, літаратуразнаўца, сацыёлага Льва Клейнбарта выступае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Вершы Янкі Купалы (усяго ў падборцы — тры творы) пераклаў народны паэт Марый Эл, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Марый Эл у галіне літаратуры імя С. Г. Чавайна Генадзь Ояр (сапраўднае прозвішча — Генадзь Сабанцаў). Ён не ўпершыню звяртаецца да перакладаў з беларускай паэзіі. Раней пераўвасобіў на родную марыйскую мову і ўрывак з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф». Часопіс «Ончыко» друкаваў і творы сучасных паэтаў Беларусі ў перакладах Генадзя Ояра. 

Нагадаем, што публікацыі вершаў Янкі Купалы ў марыйскім друку былі і раней — у 1962 і 1978 гадах. Сярод перакладчыкаў — і народны паэт Марый Эл Міклай Казакоў (1918 — 1989), які, дарэчы, пераўвасобіў і легендарны купалаўскі верш «А хто там ідзе?». Між іншым, яшчэ ў 1937 годзе Міклай Казакоў напісаў верш «Шмідту», прысвечаны нашаму земляку-магіляўчаніну Ота Юльевічу Шмідту — Герою Савецкага Саюза, кіраўніку арктычных экспедыцый на ледаколах «Сядоў», «Сібіракоў», «Чалюскін». 

Мы вельмі хацелі б выдаць кнігу Янкі Купалы на марыйскай мове, — каменціруе публікацыю ў часопісе «Ончыко» Юрый Салаўёў. — Спадзяюся, што гэта ў бліжэйшыя гады і адбудзецца. У частцы складання спадзяёмся і на падтрымку беларускіх даследчыкаў жыцця і творчасці вялікага класіка нацыянальнай і сусветнай літаратуры. 

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.