Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную перспектывам развіцця сістэмы аховы здароўя і пытанню паслядыпломнай падрыхтоўкі спецыялістаў. У першую чаргу кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на працу галіны ва ўмовах санкцыйнага ціску.
«Як бы мы тут не казалі, краіна падвергнутая вельмі жорсткім санкцыям. Напэўна, ні адна дзяржава ў свеце, улічваючы магчымасці і памеры, і іншае, не падвяргалася такім санкцыям. Сказаць, што няма ўплыву гэтых санкцый на сістэму аховы здароўя, мы не можам», — падкрэсліў ён.
На разгляд удзельнікаў нарады быў вынесены праект указа, падрыхтаванага Міністэрствам аховы здароўя, аб пераходзе на новую форму паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў — рэзідэнтуру.
«Маё стаўленне да любога роду новаўвядзенняў вы ведаеце. Па-першае, яны не павінны ламаць існуючую сістэму, калі яна нармальная. Калі сістэма ненармальная, яе трэба ламаць, шкадаваць нічога не трэба ў гэтым плане. Але калі мы гаворым аб тым, што ў нас нармальная сістэма аховы здароўя, ганарымся ёю, і апошнія нашы рухі ў галіне так званага каронапсіхозу і ковід-захворвання паказалі, што сістэма працуе, людзі працуюць і працуюць нядрэнна, значыць, сістэма нармальная. Значыць, мы яе ламаць не збіраемся», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заўважыў, што гаворка ідзе аб мадэрнізацыі любой сістэмы, якая б яна ні была. Прэзідэнт падкрэсліў, што абавязкова трэба ўдасканальваць, нельга спыняцца. Аднак, навацыі, акрамя сваёй накіраванасці на ўдасканаленне, павінны быць апраўданы актуальнасцю, вытворчай неабходнасцю. «Любое ўдасканаленне павінна саспець, і мы павінны ўбачыць, што застопарыліся, далей нельга, трэба прымаць меры. На такой стадыі ахова здароўя знаходзіцца, што нам праз рэзідэнтатуру трэба ўдасканальваць сістэму?», — запытаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што развіццё медыцынскай сферы — гэта адзін з прыярытэтаў дзяржаўнага будаўніцтва. І тут не варта праяўляць залішнюю сціпласць. За апошнія гады беларуская медыцына зрабіла прыкметныя крокі наперад. І для гэтага нямала робіцца. У апошні час, як бы цяжка ні было, мадэрнізуюцца і ўзводзяцца новыя паліклінікі і бальніцы. Губернатары дакладваюць, што актыўна будуюцца бальніцы, дзіцячыя садкі і школы.
«Але я іх заўсёды прытармажваю. Давайце мадэрнізаваць ахову здароўя. Давайце палацы не будзем будаваць. Мы не настолькі багатыя, каб будаваць не лячэбную ўстанову, а палац. Вы не горш за мяне разумееце, што такое лячэбная ўстанова, якую трэба будаваць», — адзначыў Прэзідэнт. Ён акцэнтаваў увагу, што ў гэтым пытанні неабходны баланс, бо скупы плаціць двойчы. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад будаўніцтва ў Мінскім раёне кампктнага будынку клінічнага медыцынскага цэнтра, дзе абслугоўваюцца дзяржаўныя служачыя і могуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу звычайныя грамадзяне, і перадачу ва ўласнасць былога будынка лечкамісіі.
«Трэба ачухацца, акуратна прыструніць сябе і будаваць толькі тое, што трэба. Калі будуеш за бюджэт, многія галоўныя ўрачы (ад іх усё ідзе) думаюць, што гэта ж не за мае грошы, не з клінікі. З бюджэту возьмем — а потым павышаць заробкі дактарам, настаўнікам з чаго?. Трэба акуратна. Музеяў, культурных цэнтраў пабудавалі столькі, і ўсе яны вісяць на бюджэце. Ніхто ж грошы асабістыя не дае, свае прыватныя і нават дзяржпрадпрыемствы на ўтрыманне музеяў, тэатраў і кінатэатраў. Трэба тут акуратней. Я не кажу пра тое, што не трэба мадэрнізаваць і ўдасканальваць аб’екты аховы здароўя тыя ж бальніцы. Трэба мадэрнізаваць, але зносіць нічога не трэба. Трэба прыстасоўваць тое, што ёсць. Бо яны ў добрым стане», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўстановы аховы здароўя забяспечваюцца дарагім абсталяваннем. І папярэдзіў, што за гэтым трэба сачыць «у тры вокі».
Па словах Прэзідэнта, у Беларусі выбудавана сістэма аказання медыцынскай дапамогі на ўсіх узроўнях — ад мясцовых ФАПаў да рэспубліканскіх цэнтраў, укараняюцца высокатэхналагічныя метады дыягностыкі і лячэння.
«Сістэма створана, адукацыя працуе, урачоў рыхтуюць. Сюды нават з Кітая едуць людзі, каб атрымаць адукацыю. Значыць, сістэма адукацыі па падрыхтоўцы ўрачоў у нас нядрэнная. Калі недзе дрэнна, то гэта недапрацоўка нашых рэктараў. Школа падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў заснаваная на навуковых дасягненнях і вялізным практычным вопыце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ў апошнія гады шмат зроблена ў сферы практыкарыентаванага навучання. Развіваюцца сімуляцыйныя і смарттэхналогіі. Ствараюцца ўніверсітэцкія клінікі.
«У сувязі з гэтым падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў застаецца ключавой задачай і павінна забяспечваць перспектыўныя патрэбы галіны. Я ўважліва вывучыў праект указа. Вывучыў меркаванні спецыялістаў. Навацыі патрэбны. Асабліва з улікам геапалітычных трансфармацый у свеце і санкцыйнага ціску. Нам неабходна ўдасканальваць уласную сістэму, укараняць у сябе ўсё самае лепшае і перадавое. Але не капіраваць слепа замежныя стандарты», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
«Навука і практыка цяпер вельмі ўзаемазалежныя, інтэрнацыяналізавана ўсё, ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў ахове здароўя. Лепшыя замежныя ўзоры трэба цягнуць сюды», — сказаў беларускі лідар. Як прыклад ён прывёў кітайскі вопыт, калі для навучання за мяжу накіроўваецца невялікая колькасць спецыялістаў, яны пераймаюць замежны вопыт і пасля ўкараняюць яго ў сябе на радзіме. «Яны ўсюды, дзе бачаць нейкі прагрэс, накіроўваюць туды сваіх людзей. Студэнт праходзіць у нас навучанне і вязе ўвесь беларускі вопыт туды. А там ужо пад кіраўніцтвам кампартыі ўсё разгортваюць і глядзяць: вось гэты элемэнцік возьмем, гэты і гэты. І мы так павінны працаваць. Заходнія ўзоры, заходні ўзровень там, дзе нам цікава (гаворым заходні, але сёння ўжо і на Усходзе можна навучыцца таму-сяму), мы павінны пераймаць і цягнуць сюды. Вось гэта будзе самая класная падрыхтоўка. І падбіраць для гэтага людзей», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак, Прэзідэнт перасцярог ад сляпога капіравання замежных узораў. Паводле яго слоў, укараняць замежны вопыт трэба з улікам нацыянальнай спецыфікі, а не ламаць пад яго ўстояную і стабільную сістэму: «Нам гэта не трэба, у нас ёсць свой паспяховы вопыт. Бо будзе, як у адукацыі: спрабавалі нахамутаць там з Балонскім працэсам». Тады кіраўнік дзяржавы папярэджваў, што не трэба спяшацца з далучэннем да Балонскага працэсу, хаця на гэтым многія настойвалі, і сёння аказалася, што няма для Беларусі ў гэтым вострай неабходнасці. «Нічога, працуем, і паток да нас не стаў меншым для адукацыі. Таму ні ў якім разе нічога не трэба капіраваць. Трэба базіравацца на сваіх сістэмах, калі мы разумеем і прызналі, што яны нармальныя для нас, для нашай дзяржавы. Іх ламаць нельга. Любыя новаўвядзенні павінны быць дакладна прадуманы і не ствараць якіх-небудзь рызык», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Вяртаючыся да пытання паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў і праекту ўказа на гэту тэму, Прэзідэнт падкрэсліў, што сітуацыя сёння вельмі няпростая. І трэба зрабіць усё, каб не акунуцца ў той вір, які нам абсалютна не ўласцівы і не патрэбен. Асаблівую ўвагу, па словах Прэзідэнта, трэба звярнуць на тое, як укараненне новай формы постдыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў адаб’ецца на сістэме аховы здароўя ў цэлым, на асобных бальніцах, асабліва ў рэгіёнах. «Як гэта паўплывае на кадравае забеспячэнне галіны? Што перашкаджае правесці гэтую мадэрнізацыю ў рамках сістэмы клінічнай ардынатуры? Ці не страцім мы лепшыя дасягненні айчыннай школы падрыхтоўкі медработнікаў, у дадзеным выпадку ў пагоні за чужымі лекаламі?» — такія ключавыя пытанні пры абмеркаванні праекта ўказа абазначыў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказаў, што падчас нарады ў Прэзідэнта было акрэслена значна больш пытанняў, чым проста постдыпломная падрыхтоўка ўрачоў.
«Прэзідэнт абазначыў больш шырокую палітру пытанняў, у тым ліку аб дыпломнай падрыхтоўцы, пачынаючы з прафарыентацыі і адбору на студэнцкую лаву. Гэта цалкам справядліва, таму што, як і ў многіх іншых сферах, у медыцыне дзейнічае сістэма бесперапыннай прафесійнай адукацыі з моманту паступлення ў ВНУ і да завяршэння прафесійнай кар’еры. Патрабаванні да нашых спецыялістаў сёння па многіх пазіцыях значна вышэйшыя, чым былі некалькі гадоў таму», — расказаў міністр. У пацверджанне ён паведаміў, што сёння Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе ў кожным рэгіянальным цэнтры праводзяць трансплантацыю ныркі.
«Зыходзячы з гэтага, пытанні інтэрнатуры, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі падвергліся грунтоўнай рэвізіі. Мы выйшлі на абмеркаванне пытанняў функцыянавання медыцынскіх клінік, РНПЦ, іншых відаў устаноў аховы здароўя. Адбылося шырокае абмеркаванне пытанняў, накіраваных на якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, асабліва ў сферы высокіх медыцынскіх тэхналогій. Кропка не пастаўлена сённяшняй размовай. Намі будзе падрыхтаваны нарматыўны інтэграцыйны дакумент, які будзе прадстаўлены Кіраўніку дзяржавы. Мяркую, што мы там адкажам на ўсе выклікі, пра якія сёння казалі, але значна шырэй, чым з тым, з чым сёння прыйшлі на нараду. Асноўная задача — спецыяліст павінен быць падрыхтаваны так, каб ён прыйшоў і выконваў сваю функцыю ў поўным аб’ёме без якога-небудзь патранажу», — канстатаваў Дзмітрый Піневіч.
Міністр аховы здароўя таксама пракаментаваў заявы асобных інтэрнет-рэсурсаў аб няхватцы медыкаў у краіне і закліках з’язджаць за мяжу. Па яго словах, па колькасці практыкуючых дактароў на 1000 чалавек, той жа Польшчы ці Еўропе дастаткова далёка да Беларусі. У нас гэты паказчык складае 48 урачоў на 1000 чалавек, у Еўропе паказчык ніжэйшы прыкладна ў 1,5 раза.
Дзмітрый Піневіч таксама нагадаў аб прынятых у краіне мерах па падтрымцы ўрачоў. У прыватнасці, аб рашэнні Кіраўніка дзяржавы павысіць заработную плату ўсім катэгорыям медыцынскіх работнікаў з 1 ліпеня. «У некаторых блізкіх да нас краінах кавідныя надбаўкі прыбраныя і нічога ўзамен гэтага не прадастаўлена. А мы атрымалі па ўсіх катэгорыях медыцынскага персаналу павышэнне зарплаты, а па асабліва важным — больш значнае. Акрамя таго, вырашаны пытанні з арэндным жыллём, якое можна будзе выкупіць. Фактычна вакол нас ідзе вайна, а тым часам у сістэме аховы здароўя растуць заробкі», — дадаў міністр.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.