Вы тут

Галоўны трафей турніра памяці Халіпскага застаўся ў Беларусі


«Можна адхіліць нас ад удзелу ў чэмпіянатах свету і Еўропы, але ніхто не можа забараніць гуляць у баскетбол сяброўскім краінам Беларусі і Расіі. Мы павінны быць у поўным узбраенні і прыкладаць максімум намаганняў, каб потым, выйшаўшы на міжнародныя пляцоўкі, быць яшчэ мацнейшымі», — заявіў старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў на адкрыцці міжнароднага турніру па баскетболе памяці Заслужанага трэнера СССР Сямёна Халіпскага.


За ўзнагароды турніру змагаліся чатыры каманды дзяўчат з Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў. Галоўны трафей застаўся ў Беларусі. Пераможцамі спаборніцтваў стала нацыянальная юніёрская зборная U-18. У заключным паядынку дзяўчаты перамаглі равесніц з Расіі з вынікам 67:56. Трэцяе месца заняла зборная Расіі (U-16), чацвёртая выніковая пазіцыя ў каманды Беларусі (U-16). 

Самай выніковай у складзе беларусак стала Яна Макуца, якая набрала 14 ачкоў. Яна таксама прызнана найлепшым снайперам усяго турніру. Лепшай абаронцай турніру назвалі Аляксандру Елісееву (Расія U-18), лепшай нападаючай — Дыяну Нголле (Расія U-16). Лепшая цэнтравая Мар’я Бойка (Беларусь U-16). MVP турніру — Кацярына Новік (Беларусь U-18).

«Прызнаюся, што чакала такога выніку, бо каманда падабралася па ўсіх пазіцыях вельмі добрая. Хапае высокіх гульцоў, хуткасных баскетбалістак, пры гэтым ёсць стылеўтваральны гулец — Каця Новік. Ёсць ярка выяўленая цэнтравая — Яна Макуца, без якой нам сёння было б вельмі складана выйграць. Ёсць рухомая і лёгкая цэнтравая — Паліна Дамянюк. Ёсць чацвёртыя нумары, якія яшчэ крыху недацягваюць да патрэбнага ўзроўню, але я бачу ў іх перспектыву. Ім трэба яшчэ крыху часу, каб зразумець менавіта мой баскетбол, бо ў нас быў усяго 12-дзённы збор. Я вельмі задаволеная сёння гульнёй Жэні Бярнацкай. Мне спадабаўся яе кураж, ёсць жаданне перамагчы, барацьба за кожны мяч. Гэтыя словы можна аднесці да ўсіх дзяўчат, якія выходзілі на пляцоўку. Удзячна БФБ за гэты турнір, таму што нам не хапае такіх гульняў з незнаёмым і моцным сапернікам. Каманда Расіі заўсёды знаходзіцца ў топ-4 еўрапейскіх чэмпіянатаў, і яна магла б зараз прымаць удзел у Кубку свету U-17, таму перамагчы іх удвая ганарова», — падзялілася сваімі ўражаннямі Вікторыя Дацун, галоўны трэнер зборнай Беларусі U-18. Яе словы прыводзіць прэс-служба Беларускай федэрацыі баскетбола. 

Турнір памяці Сямёна Халіпскага дапамог у наладжванні не толькі спартыўных, але і дзелавых сувязяў. У першы дзень спаборніцтваў Асацыяцыя студэнцкага баскетбола Расійскай Федэрацыі, Беларуская федэрацыя баскетбола, Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту аб’явілі аб пачатку доўгатэрміновага партнёрскага супрацоўніцтва, якое заключана ў рамках развіцця баскетбола ў дружалюбных краінах. Свае подпісы пад пагадненнем пакінулі генеральны сакратар-выканаўчы дырэктар БФБ Анастасія Марыніна і першы намеснік выканаўчага дырэктара Асацыяцыя студэнцкага баскетбола Расійскай Федэрацыі Іван Доўгаў. «Плануецца, што ўжо ў наступным спартыўным сезоне 2022/2023 беларускія каманды выступяць у чэмпіянаце Асацыяцыі студэнцкага баскетбола, а беларуская сталіца прыме студэнцкія турніры пад эгідай расійскай арганізацыі. Упэўненыя, што сумесная праца трох арганізацый будзе эфектыўнай і плённай, дазволіць з дапамогай студэнцкага спорту не толькі папулярызаваць баскетбол, але і стварыць трывалы рэзерв нацыянальных і зборных каманд», — расказала Анастасія Марыніна. 

На спартыўныя поспехі ўдзельніц турніру натхняла алімпійская чэмпіёнка Ірына Сумнікава. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця яна была ўзнагароджана медалём грамадскага аб’яднання «Беларуская федэрацыя баскетбола» «За выдатныя заслугі». Таксама спартсменцы была ўручана сярэбраная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 100-годдзю развіцця баскетбола на тэрыторыі нашай краіны.

«Перш за ўсё я хацела б падзякаваць сваім трэнерам, якія выхавалі мяне, пачынаючы з першага і заканчваючы трэнерам зборнай. Гэта вельмі важныя людзі ў маім жыцці, якія зрабілі з мяне алімпійскую чэмпіёнку. Гэта першыя настаўнікі Таццяна Іванаўна Масіч і Надзея Мікалаеўна Савікова, клубныя трэнеры Сямён Львовіч Халіпскі і Віктар Іванавіч Бялевіч, якія ўвасобілі сваю мару і зрабілі нас гульцамі зборнай, вядома ж, наш нязменны дырэктар СДЮШАР Рэгіна Ігнатаўна Пышнік, і трэнер зборнай Яўген Якаўлеў паверыў у мяне і ў тое, што я ўмею гуляць у баскетбол. І хацела б падзякаваць Максіму Уладзіміравічу Рыжанкову і Беларускай федэрацыі баскетбола за тое, што шануеце традыцыі мэтраў гэтай выдатнай гульні. Беларусь заўсёды ў маім сэрцы», — падзялілася Ірына Сумнікава.

Даведка

Сямён Халіпскі — адзін з самых вядомых беларускіх баскетбольных спецыялістаў. Пад яго кіраўніцтвам спартсменкі мінскага «Гарызонта» двойчы станавіліся прызёрамі чэмпіянату Савецкага Саюза. У 1989 годзе заваявалі серабро, а ў 1991-м — бронзу. Сямён Львовіч узначальваў нацыянальную зборную Беларусі. Традыцыйна на турніры яго памяці прысутнічае ўдава трэнера Сталіна Міхайлаўна Халіпская. 

«Вось ужо 11 гадоў з намі няма Сямёна Львовіча. За гэты час паспела падрасці маладое пакаленне, з’явілася шмат добрых гульцоў, але ўсё роўна сярод баскетбалістаў і трэнераў, якія падрыхтоўваюць спартсменаў, ёсць выхаванцы майго мужа, якім ён аддаваў свае веды і прывіваў любоў да гэтага віду спорту», — падзялілася яна. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.