Вы тут

Гісторык Віталь Скалабан — руплівы збіральнік памятак пра родную Беларусь


У сёлетнім жніўні споўнілася б 75 гадоў з дня нараджэння Віталя Уладзіміравіча Скалабана. Яшчэ добры ўзрост для навукоўца, даследчыка... Узрост, калі за плячыма ёсць досвед, ёсць велізарны вопыт і, вядома ж, перад вачыма — мноства задумак, мноства нерэалізаваных, неразгледжаных тэм... А яго ўжо няма сярод нас: 20 жніўня 2011 года гісторык, літаратуразнавец, энцыклапедыст, архівіст, краязнавец пайшоў з жыцця пасля цяжкай хваробы.


У памяці і сёння застаецца адна з апошніх сустрэч з гэтым руплівым збіральнікам памятак пра родную Беларусь, пра беларусаў, якія нешта вартае здзейснілі, якія пакінулі свой след у няпростым XX стагоддзі, у часе, які быў выпрабаваннем на гонар і годнасць. Ён зайшоў да нас, у рэдакцыю выдавецтва «Літаратура і мастацтва», і сціпла сядзеў у прыёмнай. Нейкі тлум, відаць, замінаў увайсці ў кабінет, ды і ў мяне пэўная тэрміновая справа забірала час... Выправіўшы наведвальніка, я выйшаў у прыёмную і сумеўся, што Віталь Уладзіміравіч чакае. Выгляд у яго быў не найлепшым. Не чакаючы ад мяне нейкіх роспытаў, ён адказаў на позірк: «Укатали Сивку крутые горки...» А далей — ужо па справе...

Іх, спраў, клопатаў сумесных, было шмат. Завяршалася работа над падрыхтоўкай да выдання трохкніжжа — зборніка дакументаў і матэрыялаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі». Ён убачыў толькі першую кнігу і першую частку другой кнігі. Адна выйшла ў 2010 годзе. Першая частка другой кнігі, якую здалі ў друкарню ў 2010 г. і падпісалі ў друк 11 жніўня 2010 г., выйшла ўжо ў 2011 годзе. А была ж яшчэ і другая частка другой кнігі... Кніга сёння выглядае як трохтомнік. Выдадзеная накладам (усе тры тамы!) у тысячу экзэмпляраў, гэтая кніга, здавалася б, разлічаная выключна на архівістаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў літаратуры, разышлася з выдавецтва за параўнальна невялікі перыяд. Паспрабуй яе цяпер знайсці нават у букіністычных аддзелах кнігарняў! Спярша Віталь Уладзіміравіч, сабраўшы гэты зборнік разам з Вячаславам Дзмітрыевічам Селяменевым, прыйшоў у «ЛіМ», каб выдаць адзін вялікі том. Так яно, відаць, было б і правільна. Але ж... Фінансава мы пацягнуць такую справу не змаглі б. І разам з тым, вельмі хацелася выдаць гэтую кнігу. Супольна і падышлі да ідэі двухтомніка. А як пачалася работа выдавецкага характару, высветлілася неабходнасць яшчэ нешта ўключыць — працягваўся пошук архівістаў і гісторыкаў: вось і атрымаліся дзве кнігі, другая — у дзвюх частках, выходзіць якраз трохкніжжа...

Убачыла свет у «лімаўскім» выдавецтве і сумесная кніга Віталя Скалабана і Людмілы Рублеўскай «Время и бремя архивов и имен». Пад адной вокладкай былі сабраны нарысы, эсэ, а яшчэ і п'еса «Людвіка і Фабіян» (пра Зоську Верас і Фабіяна Шантыра). Артыкулы, эсэ раней друкаваліся ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» і выклікалі надзвычай шырокую чытацкую ўвагу. Рэзананснай атрымалася і кніга. Былі рэцэнзіі, водгукі ў друку. А галоўнае — гэта паказалі хуткасці продажаў — быў зацікаўлены чытач. Вось як адгукнуўся на выхад кнігі «Время и бремя архивов и имен» аўтарытэтны вучоны, тэкстолаг, літаратуразнавец, гісторык беларускай літаратуры, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі: «... кніга багатая на аўтарскія разважанні пра літаратуру, пра спецыфіку вобразнага адлюстравання, псіхалогію творчасці, пра адметнасць светаўспрымання творчых асоб... Багата і супастаўленняў пісьменніцкіх лёсаў у розных краінах, у розных гістарычных абставінах. Асабістая пазіцыя Л. Рублеўскай і В. Скалабана, іх эстэтычны густ, маральна-этычныя крытэрыі ацэнкі дзейных асоб выяўлены тут яскрава і паслядоўна. У гэтым пераканаецца кожны, хто знойдзе час разгарнуць старонкі гэтай незвычайнай, цікавай і вельмі патрэбнай сучаснаму чытачу кнігі, выхад якой з'яўляецца значнай падзеяй літаратурна-грамадскага жыцця Беларусі».

У «Спісе асноўных друкаваных прац В. У. Скалабана», з увагай да кожнай публікацыі складзеным вядомым бібліятэказнаўцам і бібліёграфам Таццянай Рошчынай, як арыгінальныя кнігі пазначаны тры выданні... Вядома ж, калі б Віталь Уладзіміравіч ставіў перад сабой задачу займацца выключна сабою, друкаваць уласныя даследаванні, кніг было б нашмат болей. І нават, магчыма, гэта таксама было б правільным у выбары шляху, як распавесці грамадству пра мінулае, пра важныя гістарычныя факты ў лёсе Беларусі. Яго выбар быў іншым — данесці да зацікаўленага чытача архіўныя дакументы, расказаць пра часам даўно забытыя імёны праз публікацыі на старонках энцыклапедый, спецыялізаваных гістарычных выданняў, праз выступленні на навуковых канферэнцыях.

Менавіта Віталь Уладзіміравіч паставіў многія пытанні і сам на іх адказаў. Пра сутнасць зробленага гавораць назвы яго артыкулаў: «Сцежкі вяртання: (новае імя — Іван Баранкевіч)» у альманаху «Братэрства-83», «Барвы першай зоркі: «(газета «Дзянніца»)», «Васіль Мачульскі і даследаванне паэмы «Тарас на Парнасе», «Міхась Мялешка — вучань Б. І. Эпімах-Шыпілы», «Невядомыя лісты Якуба Коласа» (дарэчы, колькі гэтай пазнакі было ў яго публікацыях: «невядомы...», «невядомыя...»!), «Тайны Змитрока Астапенко...»... Пералік можа быць доўгім. А зазірніце яшчэ ў найлепшыя айчынныя энцыклапедыі — «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва», «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі», біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі»... Ён часта выступаў у друку ў сааўтарстве з журналістамі — Эрнэстам Ялугіным, Людмілай Рублеўскай, Сяргеем Крапівіным... Для яго важна было знайсці факт, дакумент. І хутчэй аддаць яго на «белы свет». А галоўнае для самога — ісці далей, шукаць і знаходзіць!..

А колькі тэлеперадач, дакументальных кінафільмаў зроблена з яго ўдзелам, па яго сцэнарыях, пры яго непасрэдных кансультацыях!.. Толькі ў 2010—2011 гг. (2011-ы — апошні год жыцця, год развіцця хваробы, выпрабаванні ў лякарні!) — па дзевяць штогод: «Граница 45-го. Белостокский излом», «Красный карандаш цензуры», «Шпион из-под Вилейки», «Рижский гамбит», «Красная Дания белорусского наркома», «Эвакуация», «Крушение империи. Последняя столица», «Крушение империи. Заговор генералов», «Дамы и комиссары. Революционные страсти в городе М», «Смех сквозь слезы. Из истории рабоче-крестьянской сатиры», «Белорусская армия. Проект Пономаренко», «Страсти по декаде. Либретто для вождя», «Прием по-белорусски. За кулисами официального визита»...

У адной са сваіх публікацый, цытую гэтае прызнанне па артыкулу Міхаіла Шумейкі, добрага сябра Віталя Уладзіміравіча, «Виталий Владимирович Скалабан как историк», ён прызнаўся: «... У жыцці мне шмат шчасціла, перш за ўсё на сустрэчы з добрымі людзьмі. Яшчэ студэнтам я пазнаёміўся з Вадзімам Андрэевічам Круталевічам, які прывёў мяне ў Беларускую Савецкую Энцыклапедыю як магчымага аўтара па пытаннях гісторыі стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці». Беларускай гістарыяграфіі, археаграфіі, беларускім энцыклапедыям пашчасціла на Віталя Скалабана (больш за два дзесяцігоддзі ён адпрацаваў у «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» — рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі гісторыі).

...Яны былі вельмі блізкія — Міхась Мушынскі, Генадзь Кісялёў, Генадзь Каханоўскі, Міхась Ткачоў, Янка Саламевіч, Адам Мальдзіс... Можна было б назваць яшчэ з дзясятак імёнаў. Блізкія па сваім стаўленні да гісторыі, культуры Беларусі, па сваім светабачанні. І цяпер, калі мы толькі што і здольныя зрабіць, як азірнуцца на зробленае імі, угледзецца ў напісаныя імі кнігі і артыкулы, выдрукаваныя знойдзеныя імі архіўныя крыніцы, паразважаць пра іх асветніцкія ініцыятывы і справы, яны ўяўляюцца адной кагортай рупліўцаў, якія служаць і будуць служыць прыкладам ахвяравання ў імя будаўніцтва нашай Айчыны.

...У Людмілы Рублеўскай ёсць верш «Віталю Скалабану»: «Ісці на святло лабірынтамі даўніх падзей. // Ісці на святло — дзеля зніклых у цемры людзей. // Скрозь цемру ісці — і рабіцца драбніцай святла, // Каб праўда здабытая/ сэрцы жывым апякла, // Каб крокі дзядоў не расталі, як сон у траве, // Каб людзі спазналі аднойчы — // Айчына жыве!»

Маштаб творчай гісторыка-публіцыстычнай, гісторыка-літаратурнай спадчыны Віталя Скалабана прыцягальна ўражвае. І добра было б у кніжнай серыі «Беларускі кнігазбор», якой апякуецца акадэмічнае выдавецтва «Беларуская навука», займець асобны том артыкулаў, эсэ «Віталь Скалабан. Творы». Магчыма, дадаўшы туды і штосьці з ненадрукаваных дакументаў, якія больш шырока раскрыюць біяграфію таленавітага гісторыка.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.