Вы тут

Беларускі некропаль. На Вайсковых могілках шмат вядомых імёнаў


Пэўны час да могілак у нас не ставіліся як да спадчыны, тым больш па якой можна чытаць гісторыю. Пасля вайны многія са старых некропаляў былі знішчаны — Старажоўскія, Залатагорскія, Яўрэйскія. А з імі сышла і частка інфармацыі пра асоб, якія жылі ў населеным пункце, іх лёсы, падзеі, што адбываліся (напрыклад, тыя ж эпідэміі). Па магілах можна было здагадацца пра дастатак сям'і памерлага і пра тое, як людзі ставіліся да яго. Нават змены ў мове можа прасачыць па надпісах на помніках. Таму, калі колькі гадоў назад на Вайсковых могілках пачалося добраўпарадкаванне, мясцовыя жыхары забілі трывогу — за ўніфікаванымі аднолькавымі камянямі, што з'яўляліся на месцы прыбраных магіл (і якія мінчукі абазвалі «падгалоўнікамі») сціраліся падказкі з мінулага. Так, па абрысах кветнікаў і магілак, нават калі надпісы на іх сапсаваліся, можна было вызначыць, прыкладна якога часу гэта пахаванне, ці гэта дзіцячыя магілы. А хіба агароджа, зробленая з водаправодных труб у бедныя, галодныя 1940-я гады, або крыж з шасцярэнек, які бацька-чыгуначнік у 1944 годзе паставіў свайму сыну — не сведчанні эпохі?

Калі пачаць шукаць інфармацыю пра Вайсковыя могілкі, можна зладзіць не адну пазнавальную лекцыю, распавядаючы пра тое, колькі знакавых асоб, пісьменнікаў жыло побач з імі, ці пра тое, чыім месцам спачыну яны сталі.

Сёння Вайсковыя могілкі — адзін з самых старых сталічных некропаляў, якія захаваліся. Часам назва можа ўводзіць у зман — насамрэч чырвонаармейцаў тут пахавана толькі каля 40 працэнтаў. Проста ў ХХ стагоддзі могілкі былі пры вайсковым шпіталі — адсюль і іх назва.

У міжваенны час тут хавалі партыйную эліту, навукоўцаў, творцаў, медыкаў, акцёраў.


На Вайсковых могілках пахаваны нашы класікі.

Напрыклад, тут знаходзіцца пахаванне грамадскага і палітычнага дзеяча, гісторыка, вучонага, першага прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, які скончыў жыццё самагубствам у далёкім 1931-м, калі на яго завялі справу аб міфічным «Саюзе вызвалення Беларусі».

Пахаваны тут і яшчэ адзін вядомы самагубца — «усебеларускі стараста» Аляксандр Чарвякоў. Адной з ключавых фігур у Беларусі быў ён. На пасадзе старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР ён шмат зрабіў для станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. У 1937 годзе на з'ездзе кампартыі «калегі» выступілі з жорсткай крытыкай дзейнасці Чарвякова. Прадчуваючы, што за гэтым могуць ісці больш радыкальныя меры, у абедзенным перапынку камуніст застрэліўся. Улады выдалі афіцыйную версію — загінуў з-за сямейных абставін. Пра пахаванне на апошняй старонцы «Звязды» была нават змешчана невялікая заметка.

Сюды перавезены парэшткі, знойдзеныя пры раскопках на месцы былога ўніяцкага кляштара на плошчы Сваабоды.

Калі пасля вайны зносілі Старажоўскія могілкі, адтуль вырашана было на Вайсковыя перанесці пахаванне рэвалюцыянера Івана Пуліхава, які ў 1906 годзе спрабаваў здзейсніць тэракт, каб адпомсціць губернатару Курлову за расстрэл мітынгу працоўных. На яшчэ адным помніку — Іосіфу Апанскаму — красуецца пяціканцовая зорка і пазначана прычына смерці «Ад рукі контррэвалюцыі». Насамрэч супрацоўнік савецкіх спецслужбаў і яго шафёр загінулі ў 1927 годзе ў выніку чыгуначнай катастрофы на дрызіне. Але прызнаваць, што асоба такога ўзроўню памерла з-за банальнай неасцярожнасці, тагачасныя ўлады не сталі, таму спісалі гэта на дыверсію. Хавалі Апанскага з вялікай помпай, мітынгам працоўных, абураных «дзеяннямі контррэвалюцыі».

На Вайсковых могілках ёсць цэлы куток з пахаваннямі літаратараў — Алеся Гурло, Веры Лютавай, Валянціна Таўлая, Міхася Клімковіча. Апошні — аўтар слоў гімна БССР, на гэтых жа могілках пахаваны і кампазітар, які напісаў для яго музыку, — Нестар Сакалоўскі.

Асобны куток з пахаваннямі пісьменнікаў.

Паэт Паўлюк Трус памёр ад тыфу ва ўзросце 25 гадоў і на піку сваёй папулярнасці, захавалася сведчанне, што на яго пахаванне сышоўся натоўп, багата было дзяўчат у слязах... Побач знайшоў спачын і Кузьма Чорны, які памёр ад інсульту ў 44 гады праз два месяцы пасля вяртання ў вызвалены ад фашыстаў Мінск.

Можна згадаць і пра Якава Кругера, які пакінуў прыжыццёвыя партрэты Купалы, Коласа, Бядулі. У гады вайны некаторыя яго творы былі вывезены ў Германію, а пасля Перамогі вернуты на радзіму.

Як ні заляцаўся Міхась Чарот да сястры свайго калегі Андрэя Александровіча — Алесі, пакарыць дзяўчыну не змог. Прыгажуня выступала ў музычнай драме Чарота «На Купалле» (адтуль усім нам знаёмая песня «Купалінка»), якую ён напісаў спецыяльна для яе. Але калі тэатр з гастролямі ездзіў у Маскву, сэрца Алесі захапіў малады дыпламат Міхаіл Мароз. Шчасце сужэнцаў было нядоўгім. Міхаіла арыштавалі, адправілі ў ссылку. Алеся так яго і не дачакалася і не ведала, калі і дзе яго не стала, таму родных папрасіла, каб на яе надмагіллі пазначылі таксама імя яе мужа. Сёння гэтае пахаванне-кенатаф знаходзіцца на Вайсковых могілках.

У 1922 годзе не стала Эміліі Манэ, помнік ставіў ейны зяць Янка Купала. Сяброўка яе дачкі Уладзіславы Станкевічанкі Канстанцыя Буйло прызнавалася, што Эмілія дапамагала ёй з вучобай: «Яна кіравала маёй самаадукацыяй, выбіраючы мне кнігі для чытання. Яна вяла са мной доўгія і цікавыя размовы, адкрываючы мне вочы на многія сацыяльныя з'явы. Усё гэта мне вельмі дапамагала ў жыцці, і я сёння з глыбокай любоўю і ўдзячнасцю ўспамінаю маю лагодную і строгую, добрую і патрабавальную настаўніцу...»

Магчыма, Эмілія кансультавала Купалу, калі той рабіў пераклады з французскай мовы.

На помніку Бянігны Луцэвіч радкі з верша яе сына.

Недалёка знаходзіцца і магіла маці Купалы — Бянігны Луцэвіч. Калі на трэці дзень вайны Купала спехам пакідаў Мінск, шкадаваў, што не ўзяў маці. Кажуць, што навіна пра смерць Купалы ўжо дайшла да Мінска, але маме гэта не паведамлялі. Толькі яе сэрца адчула, што адбылася трагедыя. Бянігна Луцэвіч памерла праз два дні пасля таго, як не стала яе сына. Хавалі іх у адзін дзень, толькі Купалу ў Маскве, а Бянігну Іванаўну ў Мінску.

У 1962 годзе Песняра перапахавалі ў сталіцы Беларусі. У той дзень, каб не было натоўпаў, калектывам ішлі паведамленні з розным часам пахавання.

Побач з пахаваннем Купалы знаходзіцца і помнік Якубу Коласу. На магіле няма дат нараджэння і смерці, кожны беларус павінен сам іх ведаць.

Мала хто звяртае ўвагу на незвычайны помнік у выглядзе расколатага каменя, а гэта рэшткі пахаванняў ХVІІ стагоддзя. Іх знайшлі падчас раскопак на плошчы Свабоды на месцы царквы Святога Духа, а пасля перанеслі на Вайсковыя могілкі.

Сведчанне трагедыі 1946 года.

Яшчэ за адным помнікам схавана трагічная гісторыя пасляваеннага Мінска. Вось толькі на помніку пра тое, што адбылося, ніякай згадкі няма. Толькі пазначаны 27 прозвішчаў і ўзрост ахвяр — 15, 16, 20 гадоў. Яны загінулі ў пажары 1946 года, які пачаўся ў Гасціным двары на Плошчы Свабоды, куды запрасілі выдатнікаў вучобы, актывістаў, дзяцей чыноўнікаў на першую ў горадзе пасляваенную ёлку...

На Вайсковых могілках створаны і мемарыял героям Вялікай Айчыннай вайны. Тут пахавана звыш 500 салдат і афіцэраў, якія загінулі пры вызваленні Мінска ў 1944 годзе.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.