Вы тут

Падлеткі стварылі 20 праектаў для вырашэння экалагічных праблем Беларусі


Забруджванне вады, паветра і глебы, раздзельны збор і перапрацоўка смецця, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, барацьба са шкоднымі раслінамі і насякомымі... Гэтыя і іншыя праблемы закранулі ў сваіх праектах навучэнцы зялёных школ Беларусі, якія на працягу чатырох дзён праходзілі навучанне па тэхналогіі «апшыфт» (UPSHІFT) у сталічным Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Мерапрыемства — другі этап фестывалю «Жыццё ў стылі ЭКА», які вясной распачало Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры ўдзеле Цэнтра экалогіі і Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Беларусі.


Устаноўка Clean air ад выхаванацаў.

Мясцовыя пытанні ў нацыянальным плане

UPSHІFT — метадалогія сацыяльнага праектавання, якая вучыць знаходзіць і разумець праблемы мясцовых суполак і ствараць праекты ў форме прадуктаў ці паслуг для іх вырашэння, тлумачаць арганізатары. За чатыры дні падлеткі фактычна з нуля зрабілі экапраекты, якія закранаюць праблемы, датычныя як мясцовых суполак, так і ўсёй краіны.

Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра з праектам «Крышачкі дапамогі» заклікаюць да асобнага збору крышачак.

Жлобінскія школьнікі ў праекце «Людзі побач» уздымаюць праблему засмечвання адпачываючымі лясоў і тэрыторый каля вадаёмаў.

Школьнікі сталічнай гімназіі № 146 у праекце «Глеістыя сажалкі пад кантролем» прапануюць мінімізаваць забруджванне паветра і непрыемны пах ад сажалак актыўнага глею з дапамогай попелу.

— У межах падрыхтоўкі Нацыянальнага плана дзеянняў па зялёнай эканоміцы на 2021—2025 гг. да раздзела адукацыі, асветы мы падключылі моладзь, якая займаецца навуковымі даследаваннямі, — падзялілася Таццяна Кананчук, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды. — Летась прапановы падлеткаў унеслі ў нацыянальны план, і цяпер яны працуюць над яго рэалізацыяй. Праекты, якія яны рыхтуюць, датычацца вытворчасці і спажывання, памяншэння аб'ёмаў стварэння адходаў, выкарыстання другасных рэсурсаў, распаўсюджвання і ўкаранення эказвычак, устойлівага выкарыстання водных рэсурсаў, ёсць нават элементы цыркулярнай эканомікі. Мінпрыроды плануе і далей падтрымліваць школьнікаў у іх праектах.

Ацэньваючы праекты, журы разглядала рэалістычнасць укаранення праекта, скіраванасць на рашэнне праблем мясцовай суполкі, інавацыйнасць і крэатыўнасць ідэі, наяўнасць партнёраў і зацікаўленых бакоў з мясцовых суполак.

Арганізатары лічаць, што адным з галоўных вынікаў праекта стала разуменне падлеткамі таго, якія праблемы існуюць у іх рэгіёнах і як іх вырашаць, што і пацвярджае тэматыка іх праектаў.

Экахларэла, глеістыя сажалкі, шанц — кожнай кроплі

Тэму барацьбы з сіне-зялёнымі водарасцямі ў вадаёмах краіны, якія напаўняюць ваду СО2 і пакрываюць дно слізкай абалонкай, узнялі падлеткі з Баранавіч у праекце «Экахларэла». Школьнікі хочуць запусціць у Свяцілаўскае возера карысную водарасць (хларэлу), а праз год паглядзець, як змянілася экасістэма ў возеры, і падрыхтаваць справаздачу.

Барысаўскія школьнікі ў праектах «Пластык++» і «Віртуальная вада» расказваюць, як паменшыць ужыванне ў школах пластыкавых стаканчыкаў і вады.

Навучэнцы Гродзенскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі з праектам «Батарэйкі збяры — прыроду выратуй».

Стварыць экалагічна чысты куточак, дзе расказваць пра важнсць сяброўскага тсаўлення да прыроды, хочуць навучэнцы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму ў праекце «Лавандавы дом».

Школьнікі аграгарадка Ноўка Віцебскага раёна ў праекце «Светлавое забруджванне» уздымаюць праблему ўздзеяння штучнага асвятлення цяпліц на наваколле.

Спецыяльныя пляцоўкі (сажалкі) для першасных адстойнікаў і актыўнага глею, непрыемны пах ад якіх распаўсюджваецца далёка, зацікавілі школьнікаў сталічнай гімназіі № 146. У праекце «Глеістыя сажалкі пад кантролем» яны прапануюць мінімізаваць забруджванне паветра і непрыемны пах ад сажалак, дадаўшы ў іх попел. Гэта павысіць рH да шчолачнага асяродзя і знішчыць бактэрыі, якія і ствараюць непрыемны пах.

Праект «Кожная кропля мае шанц» вучняў школы № 2 горада Круглае Магілёўскай вобласці мае на мэце інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць адносна якасці вады і наступстваў ад ужывання недастаткова якаснай вільгаці. Школьнікі збіраюцца ладзіць розныя акцыі і стварыць падкаст «Жалезная вада».

Вучні з Барысава ў праекце «Віртуальная вада» задумаліся над бескантрольным ужываннем вады ў свеце. Штодня школьнік траціць да васьмі літраў вады ў зліўным бачку і два літры — з крана, падлічылі падлеткі. Каб зменшыць расход вады ў школе, яны прапануюць устанавіць прылады для кантролю зліву на бачках і на кранах. У выніку ў адной школе будзе эканоміцца да 2000 м3 вады, запэўнілі яны.

Праект «Глядзі не закісні!» ад выхаванцаў Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства прысвечаны праблеме ўнясення азотных удабрэнняў у глебу.

Гадаванцы Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі ў праекце «Другое жыццё хлеба» прапануюць збіраць непатрэбны хлеб на харчаванне жывёлам.

Вучні сталічнай школы № 108 у праекце «Флора Беларусі — погляд у будучыню» заклікалі задумацца, што станецца з флорай краіны ў будучым.

Раслінная арка, флора будучыні, час Tree

Вучні сталічнай школы № 108 у праекце «Флора Беларусі — погляд у будучыню» задумаліся пра небяспеку распаўсюджвання інвазійных раслін. Каманда збіраецца скласці карту-схему месцаў росту такіх раслін на тэрыторыі заказнікаў. А калі тут знойдуцца расліны з Чырвонай кнігі — магчыма, перавезці іх у Батанічны сад, каб выратаваць ад небяспечнага суседства. Свае даследаванні яны хочуць паказваць на сайце «Экалагічныя навіны+».

Мэта праекта падлеткаў з Віцебска «Час Tree» — азеляненне гарадскога мікрараёна Білева. Некалькі гадоў таму спроба азелянення тут скончылася няўдачай з-за няправільнага догляду. Школьнікі хочуць высадзіць у раёне бярозы і клёны і далучыць да догляду за імі экспертаў і мясцовых жыхароў.

«Расліннай аркай» хочуць упрыгожыць свой горад школьнікі з Гомеля. Месцам для праекта яны выбралі чыгуначны мост, які злучае два раёны абласнога цэнтра. Гэта будзе алея з алюмініевых апор, увітых дзявочым вінаградам, што не толькі ўпрыгожыць мост, але і дасць пешаходам прахалоду.

Аднавіць экасістэму парку ў Асіповічах мараць мясцовыя школьнікі. Яны хочуць выдаліць тут старыя дрэвы, пашкоджаныя амялой белай, пракласці веладарожку, зрабіць спартыўную і дзіцячыя пляцоўкі.

Выхаванцы Брэсцкага абласнога Цэнтра турызму ў праекце «Лавандавы дом» хочуць стварыць на тэрыторыі ўстановы экалагічна чысты куточак. Да дома будзе весці сцяжынка з экаматэрыялаў, а паабапал будуць расці лавандавыя кусты. А ў самім лавандавым доме — шатры з тканіны — людзі змогуць даведацца пра важнасць дружалюбнага стаўлення да прыроды.

«Жэтоны чысціні» хочуць выдаваць школьнікі Далжанскай школы Віцебскага раёна тым, хто збірае смецце на пляжы мясцовага возера.

Мэта праекта падлеткаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі «Час Tree» — азеляненне віцебскага мікрараёна Білева.

 Аднавіць экасістэму парка ў Асіповічах і зрабіць у ім дзіцячую і спартыўную пляцоўкі мараць мясцовыя школьнікі.

Накрыўкі, фандаматы, батарэйкі

Пра асобны збор і перапрацоўку накрывак ад пластыкавых бутэлек задумаліся навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколагабіялагічнага цэнтра ў праекце «Накрыўкі дапамогі». Каб расказаць людзям пра асобную сарціроўку накрывак, яны вырашылі правесці «Паказ мод у стылі ЭКА». Мяркуецца, што ўборы ўдзельнікі зробяць з матэрыялаў (у асноўным накрывак), якія пасля пойдуць на перапрацоўку. У перспектыве — паставіць на Гродзеншчыне спецыяльныя бакі для збору накрывак, першыя з якіх — зрабіць з ужо перапрацаваных накрывак.

Жлобінскія школьнікі ў праекце «Людзі побач» расказваюць аб праблеме засмечвання адпачывальнікамі лясоў і тэрыторый каля вадаёмаў. Каб заахвочваць людзей прыносіць смецце (пластыкавыя і шкляныя бутэлькі) у фандаматы — аўтаматы для збору такой тары, першы з якіх падлеткі думаюць устанавіць на пляжы ў Жлобіне. Яны мяркуюць увесці сістэму бонусаў: зніжкі на тавары і паслугі, прынамсі, права на меншы кошт праезду ў гарадскім ці чыгуначным транспарце.

Чыгуначны мост хочуць упрыгожыць «Расліннай аркай» школьнікі з Гомеля.

Сярод ствараемых штогод мільёнаў тон пластыкавага смецця некалькі соцень кілаграмаў складаюць пластыкавыя кубачкі са школ Барысава, падлічылі вучні ў праекце «Пластык++». Школьнікі прапануюць сабраць кубачкі і здаць іх на перапрацоўку, пасля чаго з атрыманай сыравіны (гранул) вырабіць новыя кубачкі, ужо шматразовыя.

Выхаванцы Гродзенскага эколага-біялагічнага Цэнтра дзяцей і моладзі праектам «Батарэйкі збяры — прыроду выратуй» сцвярджаюць, што людзі на Гродзеншчыне недастаткова ведаюць аб правільнай утылізацыі батарэек, а яшчэ — у рэгіёне адсутнічаюць кантэйнеры для збору небяспечных адходаў ва ўстановах адукацыі. Яны плануюць расказваць аб праблеме і стварыць мабільны дадатак-гульню, дзе галоўная задача — ачысціць ад смецця востраў. Гульня будзе звязана з інтэрактыўнымі кантэйнерамі — калі гулец выкіне сюды батарэйку, ён атрымае персанальны QR-код, а па ім — пэўны бонус у гульні.

Вучні Далжанскай школы Віцебскага раёна ў праекце «Жэтоны чысціні» расказалі пра забруджванне мясцовага возера адпачывальнікамі. Каб заахвоціць людзей прыбіраць пасля сябе, школьнікі плануюць раздаваць ім мяшкі для збору смецця, за якое яны атрымаюць жэтоны са спрэсаванай драўніны. Абмяняць жэтоны можна на прадукцыю на пляжы.

Ровар, хлеб, святло, глеба, шкоднік

З якімі праблемамі можа сутыкнуцца веласіпедыст, разважала каманда з Кобрына. Праект падлеткаў «Ровар-стоп» мае на мэце стварэнне адмысловых месцаў для бясплатнага дробнага рамонту ровара ці падпампоўванне шын. На іх думку, такі сэрвіс будзе карысны і для дзіцячых калясак. Паралельна тут можна будзе падзарадзіць мабільны і нешта пачытаць на інфармацыйным стэндзе.

Школьнікі аграгарадка Ноўка Віцебскага раёна ўзнялі праблему «Светлавога забруджвання» наваколля цяпліцамі. Яны знаходзяцца непадалёк ад лесу, і калі светлавы дзень памяншаецца — штучна асвятляюцца. А гэта згубна адбіваецца на біярытмах жывых арганізмаў. Школьнікі прапануюць зменшыць распаўсюджванне святла, закрываючы вокны цяпліцы рол-аканіцамі ці металічнымі жалюзі. А яшчэ — высадзіць па контуры цяпліц елкі.

Тэма праекта «Глядзі, не закісні!» ад выхаванцаў Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства прысвечана ўнясенню азотных угнаенняў у глебу. Школьнікі сцвярджаюць, што расліны атрымліваюць падкорм толькі з пятай часткай унесенага — астатняе трапляе ў зямлю. Яны прапануюць выводзіць штамы бактэрый, якія будуць жыць на раслінах, дапамагаць ім ужываць азот з паветра, выдзяляць слізь для паляпшэння якасці глебы і паглынаць вокіс азоту. Патрэбныя бактэрыі вучні плануюць шукаць у глебе і раслінах, ствараць іх калекцыю і падбіраць найлепшы штам.

Навучэнцы Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага Цэнтра дзяцей і моладзі ў праекце «Другое жыццё хлеба» прапануюць збіраць засохлы хлеб без цвілі ў спецыяльныя кантэйнеры і накіроўваць яго на харчаванне жывёлам.

«Спыніце шкодніка» — заклікаюць школьнікі з Рэчыцкай гімназіі. Гаворка ідзе пра белага амерыканскага матылька, з якім трэба змагацца. Насякомае, пашыраючы мясціны свайго пражывання, харчуецца больш як 300 відамі беларускіх раслін.

Маладыя людзі з Магілёва прадставілі прыладу для ачысткі паветра — усталёўку Clean Aіr, дзякуючы якой паветра фільтруецца, абеззаражваецца і азаніруецца. Навучэнцы прапануюць апрабаваць дзеянне ўсталёўкі ў каледжы.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.