Вы тут

Дзве перамогі — у Беларусі! У Віцебску адбылося маштабнае закрыццё «Славянскага базару»


«Я зрабіла ўсё магчымае, лічу, што гэтыя выступленні на конкурсе — найвышэйшы пункт майго артыстычнага майстэрства. Хочацца расцалаваць віцебскую сцэну, бо стаяць на ёй было маёй марай. Мяркую, што заваяваць галоўную ўзнагароду мне дапамог Елісей Касіч: ён на лёсаванні падарыў мне букет, пажадаўшы, каб кветкі сталі для мяне пераможнымі. Так і атрымалася!» — прызналася пераможца XXXІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» беларуска Ганна Трубяцкая.


У першы дзень выступленняў наша суайчынніца прадставіла кампазіцыю «Прымусь мяне дыхаць» у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра і атрымала найвышэйшы бал ад журы. Другі конкурсны дзень быў аб'яднаны з цырымоніяй закрыцця фестывалю, на ім зямлячка пакарыла журы і гледачоў гучным сусветным хітом «Hіghway to Hell» у суправаджэнні шоу-балета «Todes».

Гэтыя два конкурсы — дзіцячы і выканаўцаў эстраднай песні — заўсёды былі галоўнымі падзеямі фестывалю ў горадзе на Дзвіне, апошні, дарэчы, з'яўляецца равеснікам форуму. Гран-пры дзіцячага конкурсу з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця атрымаў наш зямляк Елісей Касіч. Разам з запаветнай «Лірай» Елісей стаў уладальнікам і спецпрыза ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і БРСМ. Кампазіцыі «Неба пажар» і «І surrender» прынеслі юнаму беларусу максімальныя 140 балаў за два конкурсныя дні.

Лёсаванне конкурсу выканаўцаў эстраднай песні прайшло ў цікавым фармаце: арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў кактэйлі, на дне якіх былі нумары выступленняў. Кожны з артыстаў нястомна казаў аб тым, што віцебская публіка сваёй энергетыкай адрозніваецца ад усіх іншых, такі цёплы прыём сустрэнеш не ўсюды, таму мара не толькі пачаткоўцаў, але і вядомых зорак эстрады — выступіць на «Славянскім базары».

Да наступнага ліпеня!

17 ліпеня валошкавы фестываль афіцыйна развітаўся з удзельнікамі і гасцямі да наступнага лета. Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла ярка, бліскуча і незабыўна, станоўчых эпітэтаў у адрас арганізатараў форуму мастацтваў, які аб'ядноўвае пакаленні і кантыненты, было сказана шмат. Сямейны дуэт Жанэт і яе дачкі Лауры сваёй пазітыўнай песняй настроіў залу на добры лад, адзначыўшы, што добра ўсё, што добра канчаецца. Музычны падарунак Віцебску паднёс Ігар Мікалаеў: знакамітыя хіты «Нявеста» і «Млын» паднялі з месцаў моладзь і дарослых. Доўгачаканая Алена Ваенга выканала «Тайгу», заспявала дуэтам з Аленай Пятроўскай і на развітанне выказала любоў гораду на Дзвіне знакамітай кампазіцыяй «Жадаю». Ларыса Доліна, Марк Цішман, «Отпетые мошенники», Мікаэла Роўз і «Арызонт» зрабілі апошні вечар XXXІ фестывалю асабліва запамінальным. Пад фінальныя акорды форуму мастацтваў неба над Летнім амфітэатрам заззяла вясёлкай салютаў.

Мелодыі душы і ночы маладосці

16 ліпеня на галоўнай пляцоўцы «Славянскага базару» з праграмай, прысвечанай творчаму і сцэнічнаму 50-гадоваму юбілею, выступіла Ларыса Доліна. Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі «Натхненне жыцця» з удзелам Анатоля Ярмоленкі і «Сяброў», Ірыны Дарафеевай, Алены Ланской, Гюнэш, Жанэт, ансамбляў «Верасы», «Белыя росы» парадаваў публіку, якая на працягу дзвюх гадзін у песнях разам з артыстамі прызнавалася ў любові да нашай Радзімы.

У межах Дзён Саюзнай дзяржавы ў абласной філармоніі адбыўся канцэрт Дзяніса Мацуева, а паўнюткая канцэртная зала «Віцебск» гучнымі апладысментамі сустракала Алену Ваенгу. На «Залаты хіт» завіталі папулярныя выканаўцы 1980—2000-х: пад «Фаіну» і «Гранітны каменьчык» уседзець на месцы было немагчыма.

Дзве ночы гула новая пляцоўка ў фармаце open-aіr каля канцэртнай залы «Віцебск». Моладзь танцавала пад Verbee, Hansy, Calіbrі&Mavіk, і халодная ноч не стала перашкодай. Прыйшоўся даспадобы хлопцам і дзяўчатам і канцэрт электроннай музыкі з удзелам вядучых DJ Groove, Cloud, DіmіxeR і іншых. Арганізатары ўжо адзначылі поспех канцэртаў пад адкрытым небам, таму налета гасцей чакаюць новыя фестывальныя «разыначкі».

На вуліцах паўночнай сталіцы

17 ліпеня адбылося закрыццё VІІІ Фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Сёлета на сямі пляцоўках горада выступалі музыканты, паэты, танцоры, фаершчыкі, акцёры і лялечнікі. Мастацкія калектывы на працягу тыдня нястомна стваралі святочны настрой для жыхароў і гасцей Віцебска, а хадулісты ў вобразах анёлаў і пярэстых матылькоў сталі ўлюбёнымі персанажамі для памятных фота. «Да нас паступіла звыш 180 заявак на ўдзел, 80 найлепшых калектываў сёлета ўзялі ўдзел у фестывалі. Самае складанае ў вулічным мастацтве — гэта знайсці для кожнага гледача неабходны тыпаж: мастака, танцора, рок-выканаўца, паэта, але мы з гэтым справіліся», — адзначыла аўтар і арганізатар фестывалю «На сямі вятрах» Уладзіслава Цвікі.

На плошчы Свабоды прайшоў ІX Міжнародны турнір нацыянальных танцаў «Танчым разам», у ім узялі ўдзел 97 пар з розных куточкаў Беларусі і Расіі. «Падыспань», «Кракавяк», «Сямёнаўна» — удзельнікі трох узроставых катэгорый нястомна кружыліся ў віхуры нацыянальных бытавых танцаў. «Танцуйце! Не толькі ўдзельнікі сённяшняга конкурсу, але і ўсе, хто сабраўся на плошчы разам з намі!» — заклікаў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі. Любавацца можна было не толькі рухамі, але і традыцыйнымі беларускімі строямі з адметнымі для тых або іншых рэгіёнаў колерамі і вышыўкай.

Хэдлайнерам Дня моладзі ў рамках «Славянскага базару» стаў расійскі выканаўца Фогель. Старт мерапрыемству дала патрыятычная акцыя «Беларусь памятае. Памятае кожнага» каля мемарыяльнага комплексу «Вызваліцелям Віцебска — савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам». Падчас урачыстага адкрыцця Дня моладзі міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў і першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў уручылі ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код». «На працягу паўгода мы разглядалі заяўкі ад 350 некласічных журналістаў-блогераў. Мы ўпэўненыя, што ў будучым яны стануць у рады дзяржаўных, цэнтральных і рэгіянальных выданняў», — адзначыў міністр. Адкрыты дыялог «100 пытанняў аб моладзі» прайшоў з удзелам міністра адукацыі Андрэя Іванца, намесніка старшыні аблвыканкама Вячаслава Дурнова, старшыні Расійскага саюза сельскай моладзі Дзмітрыя Пекуроўскага і іншымі. Падчас цырымоніі закрыцця былі названы пераможцы рэспубліканскага конкурсу «БРСМ: Сіла ў камандзе».

Не абышлося і без спартыўных мерапрыемстваў — традыцыйны лёгкаатлетычны «Славянскі забег» сабраў каля паўтары тысячы аматараў і прафесіяналаў. Старт забегу невыпадкова даў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, ён — заслужаны майстар спорту, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы ў водных лыжах. Кожны ўдзельнік атрымаў не толькі зарад бадзёрасці, але і сімвалічны медаль, а найлепшыя бегуны былі адзначаны сертыфікатамі ад спонсараў.

Учора прагучалі апошнія валошкавыя акорды на канцэрце «Шансон-ТБ. Усе зоркі», які адзначыў 15-годдзе супрацоўніцтва з Міжнародным фестывалем мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Штогод гэтыя сем дзён дораць гораду на Дзвіне новае святочнае аблічча, яго жыхарам і гасцям — узнёслыя эмоцыі і гонар за адзін з найбуйнейшых фестываляў, які на працягу 31 года аб'ядноўвае людзей з розных кантынентаў на форуме творчасці і сяброўства, праз мастацтва далучае кожнага да міру і ўзаемаразумення.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».