Вы тут

«Кансалідуючая моц слова адчуваецца сёння, як ніколі»


Мы жывём у час, калі над усім пануе не толькі хлеб, але і слова. Яно ўсюды: у прыватных паведамленнях і афіцыйных дакументах, віншаваннях і спачуваннях, у стужках навін і вялікіх артыкулах. Ад слова мы нікуды не дзенемся. Таму неабходна навучыцца ім правільна карыстацца. Гэтаму прысвячаюць жыццё многія навукоўцы. У Беларусі адным з першых пра мабільнасць слова як жыццезабяспечвальнага рэсурсу і камунікатыўную бяспеку загаварыў доктар філалагічных навук прафесар Віктар Іўчанкаў. Фундаментальнай працай «Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту» ён даў старт новаму міждысцыплінарнаму кірунку — медыялінгвістыцы і дыскурснаму аналізу СМІ. Ужо 33 гады Віктар Іўчанкаў працуе на кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праз яго школу прайшлі многія беларускія журналісты. «Калі чалавек кажа «патэнцыйныя магчымасці», «на сённяшні дзень», «спецыфічныя асаблівасці» ці «актуальныя праблемы», значыць, на журфаку ён не вучыўся. Той, хто ў мяне вучыўся, так не скажа», — жартуе Віктар Іванавіч. Прафесар упэўнены, што правільна абыходзіцца са словам сёння павінен не толькі журналіст (гэта яго абавязак), але і кожны чалавек. Чаму — у інтэрв'ю «Звяздзе».


Фота: Факультэт журналістыкі БДУ.

— Віктар Іванавіч, у Брэсцкім дзяржаўным інстытуце імя А. С. Пушкіна вы вучыліся на спецыяльнасці «руская мова і літаратура». Але вас ведаюць як спецыяліста па беларускай мове. У які момант вы пераключыліся з рускай на беларускую?

— Хвіліначку, размаўляю і па-беларуску, і па-руску. Абедзве мовы для мяне — не раскоша, а прафесійны абавязак (смяецца). Аднак вырас я там, дзе беларускамоўнага элемента амаль няма, у вёсцы Хадынічы Кобрынскага раёна. І там пануе гаворка, набліжаная да ўкраінскай мовы. У маіх Хадынічах карэнныя жыхары не дзекаюць, не цекаюць, нават не акаюць. І калі я вырашыў паступаць на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута, мама мяне падтрымала. Але яна настаяла на тым, каб я ішоў менавіта на аддзяленне рускай мовы, бо сама была са Смаленшчыны, у Беларусь пераехала пасля вайны ў пошуках лепшай долі. І я вырашыў, што раз мама так хоча, то магу паспрабаваць паступіць менавіта на рускае аддзяленне, хоць у тыя часы зрабіць гэта было даволі складана — быў вялікі конкурс. З юнацтва захапляўся Лермантавым, а Пушкіным проста хварэў. Пачынаў сам паціху пісаць вершы і час ад часу іх дэкламаваў маме, братам, сябрам... Дарэчы, у вёсцы ў мяне была мянушка Пушкін. Пасля інстытута мяне накіравалі ў аспірантуру. Памятаю сябе аспірантам. Не хадзіў, а лётаў над зямлёй, для мяне ўсё было так гарманічна, так цікава, што на некаторыя дробязі я ўвогуле не звяртаў увагі. У аспірантуры Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР на мяне паўплывала знаёмства з сапраўднай навуковай элітай: я бачыў, як працуюць Мікалай Васілевіч Бірыла, Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі, Аляксандр Мікалаевіч Булыка, мой навуковы кіраўнік, Міхаіл Раманавіч Суднік, Генадзь Апанасавіч Цыхун, Віктар Уладзіміравіч Мартынаў, Арнольд Яфімавіч Міхневіч, Аляксандр Антонавіч Крывіцкі і іншыя. Для мяне гэта былі непераўзыдзеныя аўтарытэты. Там адчуў беларускую мову. І мяне пранізала: а чаму я па-беларуску не гавару?.. Няўжо я не змагу вывучыць беларускую мову і гаварыць на ёй. І, шчыра кажучы, мне гэта лёгка ўдалося. Як ні парадаксальна — дапамагло валоданне дыялектам. Дысертацыю пісаў па дзвюх спецыяльнасцях: беларуская і руская мовы. І на абароне кандыдацкай Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч запрасіў мяне працаваць на кафедру стылістыкі і літаратурнага рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ. Я пагадзіўся, але сказаў, што хацеў бы выкладаць рускую мову. Але калі Аркадзь Іосіфавіч ставіў сабе нешта за мэту, мякка, інтэлігентна гэтага дабіваўся. Я прыходжу да студэнтаў, чытаю ім сучасную рускую мову, а яны мне кажуць, што яна толькі што ў іх была. І мне на хаду трэба было перастройвацца. Пасля гэтай лекцыі падумаў: а сапраўды, чаму я адмаўляўся чытаць сучасную беларускую мову, гэта ж так цікава. І так мне давялося ўсё жыццё звязаць з мовамі — беларускай і рускай. І я абсалютна не шкадую. Усё сваё свядомае жыццё аддаў беларускаму мовазнаўству, але больш за ўсё журналістыцы.

— Складваецца ўражанне, што вам вельмі пашчасціла з настаўнікамі...

— Безумоўна. У інстытуце я тры гады вучыўся на завочным аддзяленні. Маё навучанне на стацыянары ніхто ўтрымліваць не змог бы, ды і маме трэба было дапамагаць. І я вырашыў працаваць. Аднак на трэцім курсе па просьбе Мацільды Пракопаўны Дзямідавай у дэканаце мне прапанавалі ўсё ж такі перайсці на стацыянар. На завочным вучоба ад сесіі да сесіі, мне патрэбны былі не адзнакі, а веды. Для мяне было ўзнагародай, калі Мацільда Пракопаўна пыталася ў маіх аднагрупнікаў: «Дзе Віктар, я дзеля яго прыйшла на заняткі». Я параіўся са старэйшым братам і вырашыў перайсці на стацыянар. Шчыра сказаць, мяне вельмі падтрымліваў інстытут, была павышаная стыпендыя. І мне хапала гэтых 56 рублёў. У параўнанні, мая мама атрымлівала 38 рублёў пенсіі. Я вельмі актыўна ўключыўся ў навуковае жыццё. На адной са студэнцкіх канферэнцый я ўдзельнічаў у трох секцыях і ва ўсіх заняў першае месца. За гэта мяне накіравалі ў Новасібірск на Усесаюзную студэнцкую канферэнцыю. Для мяне гэта была эпапея. Я ніколі нікуды не лятаў. А тут і Масква, і Новасібірск. Там мне ўручыў дыплом другой ступені сам прафесар Аляксандр Іванавіч Фёдараў, кнігі якога я добра ведаў.

— Віктар Іванавіч, вы першы ў краіне вучоны, які пачаў займацца дыскурсам публіцыстычных тэкстаў. Наколькі цяжка пракладаць новы напрамак?

— Гэта даволі складана. Калі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя заікнуўся на журфаку, што хачу займацца тэорыяй кагнітыўнай апрацоўкі дыскурсу, маю ідэю, мякка кажучы, прынялі без энтузіязму. Але я яе не кінуў, у тыя гады ў перакладзе на рускую мову выйшла кніга ван Дэйка «Язык. Познание. Коммуникация». Ён лічыцца заснавальнікам дыскурснага аналізу сродкаў масавай інфармацыі ў Еўропе. Мяне гэтая кніга проста паглынула. Тэкст паўстаў як фрагмент жыцця, як падмурак тэорыі і практыкі журналістыкі. Спачатку, калі ўзяў кнігу ван Дэйка ў рукі, мяне ахапіў жах. Я зразумеў, што амаль нічога не ведаю з таго, што тут напісана. Але стаў паціху паглыбляцца і ўбачыў, наколькі гэта перспектыўная тэма. У ван Дэйка, зразумела, паказана еўрапейская мадэль журналістыкі. Я ўбачыў, колькі там маніпуляцый, колькі стратэгій і тактык падману, што давала падставы для вылучэння цэлага навуковага кірунку — лінгвістыкі падману. Сёння па гэтым кірунку маімі вучнямі абаронены чатыры кандыдацкія дысертацыі, дзясяткі дыпломных і магістарскіх, напісаны тры доктарскія. Першым заўсёды быць цяжка, асабліва ў навуцы. Але ёсць яшчэ большая складанасць.

— Якая?

— Журналістыка — даволі маладая сфера. Тры кіты, на якіх яна базіруецца, — збор, апрацоўка і распаўсюджванне інфармацыі праз камунікатыўныя каналы. Вытокі журналістыкі міждысцыплінарныя. З гэтым, відаць, звязана тая праблемная сітуацыя, пра якую трэба даволі гучна гаварыць. Каб пачулі... Сучаснае грамадства ўцягнута ў медыйны працэс, і ў гэтым адлюстроўваецца кардынальна новая яго ўласцівасць.

У новым камунікацыйным асяродку: інфармацыя не столькі перадаецца і прымаецца, колькі фарміруецца непасрэднымі ўдзельнікамі зносін. Журналістыка ёсць сфера навуковага пазнання. Калі ўзяць любы медыятэкст, ён акумулюе веды пра ўсё чалавецтва ў цэлым і пра канкрэтную медыйную падзею. Трэба ўмець гэта ўбачыць і знайсці. У інфармацыйную эпоху недаацэньваць журналістыку ва ўсіх яе іпастасях проста згубна. Толькі з-за таго, што мы выпусцілі са свайго розуму інфармацыйныя тэхналогіі, мы перажылі 2020 год, мы перажываем цяпер інфармацыйную вайну. Як у такую эпоху недаацэньваць журналістыку як навуку? У эпоху інфармацыйных тэхналогій тое, што робіць журналіст, і тое, што робяць стваральнікі сродкаў масавага паражэння, — гэта аднаго поля ягады. Сёння мы апынуліся ў стане гібрыднай вайны. Калі б не было сучасных інфармацыйных рэсурсаў, вайна была б фізічная, яўная.

Любая вербальная агрэсія з цягам часу перарастае ў фізічную. Ні нафта, ні газ не адыгрываюць такую ролю, як інфармацыйныя інструменты. Пры дапамозе гэтых інструментаў можна пабудаваць свет віртуальны, а можна разбурыць фізічны. Мы павінны данесці да грамадства, асабліва да акадэмічнай супольнасці, што сёння інфармацыя — гэта жыццезабяспечвальны рэсурс, без яго мы згінем. У эпоху інфармацыйнага грамадства праблема прызнання за журналістыкай права на тэарэтычную і метадалагічную, навуковую запатрабаванасць здаецца парадаксальнай. З'яўленне інфармацыйных тэхналогій, якія ўзарвалі свет і планамерна «пераўтвараюць яго ў віртуальны», было выклікана менавіта тэхналагічным характарам журналістыкі: трыгер постіндустрыяльнага грамадства — камп'ютары — вывелі інфармацыйныя тэхналогіі на новы ўзровень, як некалі тэлебачанне, а яшчэ раней друк. ІT ахопліваюць усе аспекты вытворчасці, перадачы, захоўвання і ўспрымання інфармацыі. Змяняецца прафесійная роля журналіста: ён пераўвасабляецца ў камунікатыўнага лідара, які мабільна фарміруе кантэнт-асяродак і кардынальна ўплывае на масавую свядомасць. Метады журналісцкай творчасці перажываюць якасныя змены ў бок яшчэ большай тэхналізацыі працэсу, з аднаго боку, і нарастання індывідуальнага, з другога. Узнікае журналістыка меркаванняў: сёння мы гаворым пра персаніфікаванасць сучаснага журналіста, таксама як і пра медыяцэнтрычнасць свету. Усё гэта адбываецца на фоне інтэграваных вучэнняў, інтэгральным звяном якіх з'яўляецца інфармацыя як інструмент пазнання рэчаіснасці. У ліпені 2020 года ў інтэрв'ю часопісу «Міліцыя» я перасцерагаў ад інфармацыйнай катастрофы. Абсалютна па тым сцэнарыі, што там апісваў, прайшлі жнівеньскія падзеі. І мне вельмі крыўдна, што часам грамадства не можа аддзяліць зерне ад жыцікаў. Сёння нам трэба працаваць над інфармацыйнай культурай, 2020 год паднёс нам вялікі ўрок. І пасля 2020 года мы схамянуліся, агледзеліся і як быццам ачуліся: сёння, напрыклад, тэлеграм-каналы запаланілі жыццёвую прастору грамадства. І гэтым стварылі буйную сілу супрацьстаяння дэструктыўным рэсурсам, фэйкам, маніпуляцыі свядомасцю. Мы сталі больш аддаваць увагі інфармацыйнаму рэсурсу, а менавіта ён — сіла.

— Віктар Іванавіч, вы — адзін з аўтараў праекта новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». За амаль 10 гадоў, што дзейнічаюць гэтыя правілы, людзі да іх прывыклі?

— Новая рэдакцыя правапісу ўводзілася вельмі мякка. І тут трэба аддаць належнае газеце «Звязда», яна падрыхтавала грамадства. «Звязда» стала эксперыментальнай пляцоўкай для ўвядзення новай рэдакцыі ў жыццё. Нешта не прыжылося. Напрыклад, прапанова пісаць у нескладовае з вялікай літары. Сістэмна і паслядоўна, я б сказаў, далікатна быў прыняты і Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 2020 годзе ў часопісе «Роднае слова» мы адкрылі рубрыку «Правапіс у дзеянні». Я паставіў сабе за мэту прасачыць, як рэалізоўваецца закон у сродках масавай інфармацыі. Перш за ўсё звярнуўся да «Звязды», больш аўтарытэтнага выдання ў нас няма. І кожнае змененае правіла аналізую з гледжання, наколькі яно прыжываецца ў грамадстве. Ці з'явіліся нейкія новыя тэндэнцыі. Можна з задавальненнем канстатаваць: новыя правапісныя змены прыжыліся, сталі нормай. Слова журналіста становіцца мабільным. Самым дарагім і важным прадуктам для грамадства. Сёння, як ніколі, адчуваецца моц слова — ідэалагічная, культуразнаўчая, кансалідуючая. Калі раней маўленчыя паводзіны грамадства фарміравала мова тэатра, літаратуры, кінематографа, то сёння гэтыя асветніцкія функцыі ажыццяўляе менавіта журналістыка.

Пытанні задавала Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: sb.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?