Вы тут

Дзмітрый Шастаковіч: «... паедзем у Белавежскую пушчу...»


Белавежская пушча была і застаецца прыцягальнай мясцінай не толькі для шэраговых падарожнікаў, якія жадаюць падзівіцца на зуброў і шматвекавыя дубы. Гістарычны прыродны ланшафт вабіў для сябе і пісьменнікаў, мастакоў, творчых людзей розных прафесій... Вялікім адпачынкам для многіх лічылася сузіранне пушчы і яе насельнікаў. 


Вядома пра паездкі мастакоў дзеля стварэння ўнікальных карцін з выявамі Белавежскіх краявідаў. У пушчу заўжды імкнуліся і журналісты-прыродазнаўцы, пісьменнікі. У памяці юных чытачоў розных пакаленняў — кніга Георгія Скрабіцкага і Веры Чаплінай «У Белавежскай пушчы», якая вытрымала некалькі выданняў на рускай мове, перакладзена на беларускую, нямецкую і іншыя мовы. 

Улюбёны ў пушчу аказаўся і славуты рускі, савецкі кампазітар Дзмітрый Шастаковіч…

Нараджэннем з 1906 года, Дзмітрый Дзмітрыевіч з самых маладых гадоў засведчыў сябе таленавітым музыкантам і аўтарам розных кампазіцый. Не ўсе тады падзялялі апошняе памкненне Шастаковіча. І ўсё ж увосень 1919 года ён паступае ў Петраградскую кансерваторыю. У канцы 1919-га падлетак піша сваё першае буйнае аркестравае сачыненне — Скерца fis-moii. На наступны год Дзмітрый піша «Дзве байкі Крылова» і «Тры фантастычных танцы» для фартэпіяна. Грамадзянская вайна, голад, іншыя выпрабаванні — усё гэта не пазбавіла ў маладым чалавеку сур’ёзнага стаўлення да музыкі. Першую сімфонію Дзмітрый Шастаковіч стварае як дыпломную працу. Нагадаем, што ўсяго кампазітар стварыў 15 сімфоній, 15 квартэтаў, 6 канцэртаў, 3 оперы, 3 балеты. Напісаў шматлікія творы камернай музыкі, музыкі для кінафільмаў, тэатральных пастановак. Падзеяй не толькі ў музычным жыцці, але і для ўсёй савецкай культуры, падзеяй, якая сведчыла пра трываласць духу жыхароў блакаднага Ленінграда ў Вялікую Айчынную вайну, стала Сёмая — «Ленінградская» — сімфонія Дзмітрыя Шастаковіча. Упершыню была выканана на сцэне Куйбышаўскага тэатра оперы і балета 5 сакавіка 1942 года, а 29 сакавіка 1942 г. — у Калонным зале маскоўскага Дома Саюзаў. 19 ліпеня 1942 г. Сёмая сімфонія прагучала ў ЗША пад кіраваннем Артура Таскані . І 9 жніўня 1942 года сімфонія была гучала ў блакадным Ленінградзе... 

Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, пяці сталінскіх прэмій, Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзмітрый Дзмітрыевіч Шастаковіч паходжаннем сваім — з Беларусі. У мястэчку Шэметава (зараз Мядзельскі раён, Міншчына) нарадзіўся яго прадзед па бацькоўскай лініі — ветэрынарны ўрач Пётр Міхайлавіч Шастаковіч (1808 — 1871). У 1830 — 1831 гг. Пётр Шастаковіч удзельнічаў у польскім паўстанні, пасля яго падаўлення разам з жонкай быў высланы на Урал, у Пермскую губерню... У пасляваенныя гады Дзмітрый Дзмітрыевіч прыязджаў у Беларусь, шукаў свайму роду блізкія мясціны. 

... Магчыма, і гэтая прычына таксама падштурхнула славутага кампазітара да наведвання Брэстчыны. Вось што напісаў Дз. Шастаковіч у лісце свайму сябру — музыказнаўцу, тэатразнаўцу, літаратуразнаўцу, лібрэцісту Ісааку Глікману (1911 — 2003; дарэчы, ён нарадзіўся ён у Беларусі, у Віцебску ў сям’і акцёра і драматурга Давіда Глікмана) 19 чэрвеня 1965 года: «... Якія ў цябе планы на лета? Мы з Ірынай у канцы ліпеня паедзем у Белавежскую пушчу...» Ірына — трэцяя жонка кампазітара. Першая, Ніна Шастаковіч (Варзар) памерла ў Ерэване ў 1954 годзе пасля няўдалай анкалагічнай аперацыі. Ніна Васільеўна — маці іх дзяцей — Галіны і Максіма... З другой жонкай — Маргарытай Андрэеўнай Кайновай — кампазітар пражыў зусім нядоўга — з 1954 па 1959 гг. Жонка спрабавала кіраваць мужам у творчасці, падказваючы яму кірунак «правільнай» музыкі. З Ірынай Супінскай (Шастаковіч) Дзмітрый Дзмітрыевіч ажаніўся ў 1962 годзе... І ў жонкі, дачкі рэпрэсіраванага ў 1937 годзе этнографа, таксама — беларускае паходжанне. Бацька яе, Антон Казіміравіч Супінскі, нарадзіўся ў вёсцы Дастоева Пінскага павета Мінскай губерні. У 1920-я гг. — загадчык аддзела Беларусі ў Рускім музеі ў Ленінградзе. Арыштаваны ў 1937 годзе…

Захаваўся ліст да Ісаака Глікмана ад 3 жніўня 1965 года, які Дзмітрый Дзмітрыевіч напісаў ужо з Каменюкоў: «Дарагі Ісаак Давыдавіч! 

Не змог я з табою ўбачыцца перад ад’ездам. 

Прыбылі мы з Ірынай у Белавежскую пушчу. Бачылі зуброў, дзікоў, аленяў. Усё гэта цікава, аднак тут дрэннае надвор’е і большай часткаю даводзіцца сядзець дома, паколькі без супынку ілье моцны дождж. 

Аднак, тут вельмі прыгожа. 

Прабудзем тут мы да 14-га жніўня. Паштовае аддзяленне Камянюкі. Гасцініца. Мне. 

Ірына і я шлём табе і ўсім тваім самыя лепшыя пажаданні. Дз. Шастаковіч». 

Ісаак Давыдавіч пакінуў такую заўвагу: «Шастаковіч любіў сабак, але любіў стрымана, без сюсюкання і сентыментаў; захапляўся прыгажосцю коней, але для мяне было поўнай нечаканасцю яго жаданне палюбавацца зубрамі і дзікамі». 

Праз два з нечым тыдні Шастковіч піша Глікману ўжо з Масквы — ліст ад 16 жніўня 1965 года: «Дарагі Ісаак Давыдавіч! 

Твой ліст я атрымаў. Ад Белавежскай пушчы я ў вялікім захапленні. Вельмі хачу, каб і ты там пабываў. Бачыў я зуброў. Гэта вельмі ўнушальна і нават страшна. Вельмі прыемна мець справу з няпужанымі аленямі, таранамі (від коней), дзікамі і інш. ..." І вось яшчэ адна заўвага пры публікацыі Глікманам ліста ад Дзмітрыя Шастаковіча: «Дзмітрый Дзмітрыевіч да канца сваіх дзён захоўваў здольнасць захапляцца адкрыццямі, якія ён для сябе рабіў не толькі ў мастацтве, але і ў свеце прыроды з яе таямніцамі і цудамі, таму сведчанне ўражанні ад Белавежскай пушчы». 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.