Вы тут

Перажыць цвіценне. Ці ўплывае каранавірус на алергічныя хваробы?


У перыяд квітнення раслін, а гэта вясна і амаль усё лета, многія людзі сутыкаюцца з абвастрэннем сезоннай алергіі. Якраз цяпер час цвіцення злакаў, а наперадзе — пара палыну. Каля 30 тысяч беларусаў мае паліноз. І, на жаль, не ва ўсіх гэта праяўляецца толькі праз насмарк. Калі алергію не лячыць, у 30 % хворых паліноз пяройдзе ў бранхіяльную астму, якая мае куды больш сур'ёзныя наступствы. Але ці можна вылечыць алергію раз і назаўсёды? І якія сучасныя метады сёння прыходзяць на дапамогу ўрачам? Чаму ў дадзеным захворванні так важны дзіцячы ўзрост і што мусяць не прапусціць бацькі? Якія аналізы і чаму не варта прызначаць сабе самастойна? Пра гэта расказалі спецыялісты.


Тры сезоны пакут

Як адзначае галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, урач-алерголаг-імунолаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Дзмітрый Буза, сезон алергіі ў кожнага пацыента розны. І ён залежыць ад таго, які алерген з'яўляецца асноўным. Калі алергія, скажам, на плесневыя грыбы, то сезон пачнецца ранняй вясной. Калі на жывёлін, то калі вы некуды прыязджаеце і кантактуеце з імі, сезон алергіі ў вас пачнецца ў гэты перыяд.

— Тэрмін «сезонная алергія» мы выкарыстоўваем, калі ў дзіцяці ёсць алергія на пылок, — тлумачыць урач. Ёсць тры сезоны цвіцення: першы пачынаецца ў красавіку-маі, гэта час цвіцення дрэў. Сёлета, дарэчы, было вельмі актыўнае цвіценне дрэў да сярэдзіны мая, і мы адзначалі шмат пацыентаў, якія звярталіся з абвастрэннямі. Цяпер ідзе другі сезон — цвіценне злакаў, які пачынаецца ў канцы мая—пачатку чэрвеня і працягваецца да сярэдзіны—канца ліпеня. Наперадзе трэці перыяд — цвіценне палыну. Таму ў кожнага пацыента свой сезон.

Алергічны рыніт з'яўляецца найбольш распаўсюджаным алергічным захворваннем. Лічыцца, што тыя ці іншыя яго сімптомы маюць 15—20 % насельніцтва. Але да доктара, прынамсі, урача-алерголага, даходзяць, як правіла, пацыенты, у якіх гэтыя праявы моцна выражаныя і з імі складана змагацца самастойна. На дыспансерным уліку ва ўрачоў-алерголагаў знаходзіцца каля 9 тысяч дзяцей.

Дэбют алергічнага рыніту найчасцей адбываецца ва ўзросце 5-7 гадоў.

— Але мы бачым, што такая праблема становіцца актуальнай і для малодшага ўзросту. Паводле аднаго з даследаванняў расійскіх навукоўцаў, каля 40 % палінозаў дэбютуе ва ўзросце да трох гадоў. На жаль, дадзеная праблема таксама маладзее, — кажа Дзмітрый Буза.

Класічныя сімптомы алергічнага рыніту — калі на вуліцы ў дзіцяці пачынаецца чханне, чэшацца нос, чырванеюць вочы. Часам гэта робіць немагчымымі прагулкі на свежым паветры.

— Гэта ўжо пік праяўлення алергічнага рыніту і кан'юнктывіту. Звычайна калі пачынаеш распытваць бацькоў, высвятляецца, што за некалькі гадоў да гэтага дзіця штогод у такі час чхала, хварэла на лёгкія прастуды, прыходзілася звяртацца да акуліста, бо чырванелі вочы. Магчыма, дзіця не пераносіла нейкія прадукты, напрыклад, костачкавыя фрукты. Гэта тыя сімптомы, на якія варта звяртаць увагу бацькам, каб дыягназ быў выстаўлены хутчэй і была прызначана больш ранняя тэрапія, — падкрэслівае суразмоўнік.

Як змагацца з хваробай?

Пры алергічным рыніце ёсць тры важныя аспекты. Першы — абмежаваць кантакт з пылком, хоць зрабіць тое няпроста. Цяпер шырока распаўсюджаны прэпараты, якія аказваюць ахоўнае дзеянне і нават не адносяцца да лекавых. Гэта ахоўныя спрэі для носа і вачэй. Іх асноўная задача — устанавіць бар'ер паміж пылком і слізістай, дзякуючы чаму не ўзнікае сімптомаў. Гэта дастаткова новы метад прафілактыкі, які рэкамендуюць алергікам перад выхадам на вуліцу. Яшчэ адзін важны момант — пазбягаць розных фітазбораў і травяных чаёў. Бацькам нельга выкарыстоўваць іх у лячэнні дзіцяці з палінозам. Трэці момант, які дапаможа пазбегнуць алергена, — дыета. Калі ёсць алергія на пылок, як правіла, чалавек рэагуе і на некаторыя прадукты, якія маюць падобную малекулярную структуру. Такія рэакцыі праяўляюцца дастаткова лёгка: напрыклад, дзіця скардзіцца, што свярбіць горла, чэшуцца вусны. Важна вывучыць састаў гэтых прадуктаў і выключыць іх, асабліва ў перыяд абвастрэння палінозу.

Другая важная частка тэрапіі датычыцца прыёму лекаў. Гэта і антыгістамінныя прэпараты, і сімптаматычныя сродкі для носа і вачэй. Але яны прызначаюцца, калі ёсць праявы алергіі. Адпаведна, пры іх адмене сімптомы будуць аднаўляцца. Таму іх варта прымаць увесь сезон цвіцення тых раслін, на якія ёсць алергія.

Трэці блок тэрапіі — алергавакцынацыя, ці алергенспецыфічная імунатэрапія. Гэты метад лячэння праводзіцца не ў сезон цвіцення, а ў асенне-зімовы перыяд. Такое лячэнне дазваляе не проста зняць сімптомы, а папярэдзіць абвастрэнне захворвання і купіраваць сімптомы ў будучым. Прычым метад дастаткова бяспечны — сучасныя прэпараты выкарыстоўваюцца не толькі ў дарослых, але і ў дзяцей, у тым ліку ў хатніх умовах. Эфектыўнасць алергавакцынацыі — каля 80 %.

— Аднак трэба разумець, што гэта метад лячэння не аднаго тыдня і нават месяца. Такая тэрапія праводзіцца на працягу некалькіх гадоў, каб замацаваць эфект і атрымаць стойкі вынік. Летась каля 2,5 тысячы дзяцей атрымала менавіта гэты метад лячэння, — удакладняе Дзмітрый Буза.

Ці ўплывае каранавірус?

COVІD-19 ускладняе лячэнне ўсіх алергічных хвароб, у тым ліку і алергічнага рыніту. Таму ўрачы заклікаюць да абавязковай вакцынацыі ад гэтай інфекцыі. Дзецям, якія маюць бранхіяльную астму, вакцынацыя не супрацьпаказана — яна, наадварот, зніжае інтэнсіўнасць і цяжар хваробы.

— Мы назіраем абцяжарванне ходу атапічнага дэрматыту ці бранхіяльнай астмы ў тых дзяцей, якія перанеслі COVІD-19. Што датычыцца алергічнага рыніту, то паколькі гэта паталогія дастаткова лакальная з праявамі з боку слізістай вачэй і носа, то ў пацыентаў, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю, няма пэўных асаблівасцяў. Тым больш, што каранавірусная інфекцыя сезонная, асноўныя праблемы выклікае ў асенне-зімовы перыяд, а алергікі маюць праблему ў летні перыяд.

Ці можна вылечыцца назаўсёды?

— Калі казаць з пазіцыі імуналогіі, то цалкам пазбавіцца ад алергіі немагчыма. Але магчыма навучыцца кантраляваць дадзенае захворванне, выкарыстоўваючы прафілактычныя падыходы, накіраваныя на ліквідацыю кантакту з выяўленым алергенам, і спецыфічнай імунатэрапіі, — тлумачыць галоўны пазаштатны алерголаг-імунолаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі з курсам алергалогіі, імуналогіі і прафпаталогіі БелМАПА Сяргей АРЦІШЭЎСКІ. — З узростам імунная сістэма згасае, і актыўнасць алергічных захворванняў таксама зніжаецца. Таму мы бачым, што ў большасці людзей пажылога ўзросту адзначаецца зніжэнне інтэнсіўнасці клінічных праяў алергіі.

— Адносна сезоннай алергіі, у дзяцей перарасці яе шанцаў няшмат, калі не праводзіць алергенспецыфічную імунатэрапію. Што датычыцца іншай алергіі — харчовай, атапічнага дэрматыту, — перарасці яе можна. Калі своечасова паставіць дыягназ, прызначаць прэвентыўную тэрапію, выконваць рэкамендацыі ўрача, ёсць вялікі шанц, што дзіця выйдзе на ўстойлівую працяглую рэмісію і ў далейшым праблема не будзе яго непакоіць.

Паліноз у дарослым узросце

У падлеткавым і дарослым узросце сезонная алергія цалкам можа з'явіцца. Ёсць пэўная катэгорыя людзей, іх 20-25 %, якія маюць схільнасць да яе фарміравання. Часта гэта спадчынна абумоўленая праблема, нярэдка перадаецца ад маці, асабліва калі ў перыяд цяжарнасці былі абвастрэнні. Тады пры кантакце з пэўнымі пылковымі алергенамі дэбют можа адбывацца ў 15, 18, 20 гадоў.

Якія аналізы неабходныя?

Важна прытрымлівацца этапнасці дыягностыкі. Першы — візіт да доктара. Толькі паразмаўляўшы з пацыентам, з 90% дакладнасцю ўрач можа паставіць дыягназ «алергія». І меркаваць, які алерген вінаваты. А таксама прызначыць абследаванне. Другім этапам з'яўляецца правядзенне скурных проб. Памылкова меркаваць, што гэта ўстарэлы метад і лепш вызначаць алерген па аналізе крыві. Менавіта скурныя пробы, калі алерген наносіцца на ўчастак цела, — той асноўны метад дыягностыкі, які паказвае рэакцыю арганізма.

І толькі на трэцім этапе ідзе дыягностыка па аналізе крыві. І тут вельмі важна, каб менавіта ўрач прызначыў патрэбнае даследаванне, бо алергенаў вялікая колькасць. Гэта і пылок раслін, і плесня, і шэрсць жывёлін, і яд насякомых, і харчовыя прадукты.

— Калі западозрылі алергію, лепш звярнуцца да ўрача, каб ён сабраў правільны анамнез і прызначыў патрэбныя абследаванні. Калі іх прызначае ўрач, інфарматыўнасць узрастае.

Каб алергія не прывяла да анафілактычнага шоку...

Анафілактычны шок — вельмі цяжкае ўскладненне алергічнай рэакцыі. Прычынай, як правіла, з'яўляецца або ўвядзенне лекавага прэпарату, або ўкус насякомымі, або ўжыванне пэўных харчовых прадуктаў. У чалавека падае ціск, ён страчвае прытомнасць, дыханне становіцца перарывістым, слабее пульс і спыняецца сэрца. І гэта патрабуе неадкладнай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі.

— На шчасце, такая рэакцыя сустракаецца крайне рэдка. Але часта самі пацыенты правакуюць развіццё анафілактычных рэакцый, бо ўжо ведаюць свой алерген, — адзначае Сяргей Арцішэўскі.

Антыгістамінныя прэпараты — у дамашняй аптэчцы

Варта памятаць, што няма ўніверсальнага антыгістаміннага прэпарату, які прымяняецца пры любым захворванні. У выпадках з сезоннай алергіяй перавагу аддаюць прэпаратам другога пакалення, якія не валодаюць седатыўным эфектам і іх можна прымаць доўга. Яны прызначаюцца на ўвесь сезон цвіцення. Гэта прэпараты накшталт ларатадзіну і цэцірызіну. Ёсць прэпараты першага пакалення, напрыклад, супрасцін і фенкарол, іх выкарыстоўваюць пры вострым стане. У аптэчцы алергікам трэба мець прэпараты і першага, і другога пакалення. Але трэба памятаць, што кожны прэпарат мусіць прызначыць доктар з улікам індывідуальных асаблівасцяў. Некаторыя прэпараты можна даваць дзецям з 6 гадоў, некаторыя — з 12. Тут важна прытрымлівацца інструкцыі і дазіровак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.