Вы тут

«Яны будавалі новае жыццё краіны»


«Яны будавалі новае жыццё краіны»

...Не першы год я займаюся даследчай работай па гісторыі Беларусі і знаходжу шмат цікавых малавядомых старонак. Сярод вось такіх — матэрыялы Надзвычайнага ХІІ Усебеларускага з'езда Саветаў БССР, які адбыўся ў лістападзе 1936 года.

На ім сотні дэлегатаў з розных куткоў рэспублікі абмяркоўвалі праект новай усесаюзнай Канстытуцыі, абіралі дэлегатаў на VІІІ Усесаюзны з'езд Саветаў у Маскве. А да ўсяго выступоўцы расказвалі аб сваім жыцці і рабоце, абмяркоўвалі грамадска-палітычнае становішча ў краіне і далёка за межамі (тую ж вайну ў Іспаніі).

Сярод такіх выступленняў найбольш уразіла, можна сказаць, гісторыя жыцця спадарыні Васіленкі, работніцы Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы». Дэлегатка адпрацавала на ёй 40 гадоў, пачынаючы са сваіх 17 яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы і з заробку ў памеры 30 капеек у месяц.

Не менш уражвалі і наступныя факты: «Я — матка сямі дзяцей, — казала спадарыня Васіленка. — І, нягледзячы на тое, што мела малых, мне даводзілася працаваць 14 гадзін у дзень без адпачынку, пакідаючы дзяцей адных, без догляду...»

У пацвярджэнне гэтым словам у Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці захаваўся даклад дырэктара-распарадчыка з таго ж прадпрыемства. Аб умовах працы ў царскі час ён піша: «Застаючыся безвыходна па 12 гадзін у суткі ў сценах фабрыкі, працуючы да таго ж палову года ў начны час, ...не зусім у спрыяльных гігіенічных умовах, такі рабочы не можа адрознівацца моцным целаскладам і прэтэндаваць на доўгае жыццё».

Шкодныя і цяжкія ўмовы працы дапаўняліся такімі ж умовамі жыцця. Дэлегатка Васіленка расказвала, што яе сям'я жыла ў цеснай халупе, іншыя рабочыя — у бараках, якія кожную паводку залівала вада. Людзі хварэлі на сухоты.

...Параўноўваючы мінулае і на той час сучаснае (з'езд, паўтаруся, адбыўся ў 1936 годзе), Васіленка расказала пра дасягненні сваіх дзяцей: старэйшы сын працуе тэхнічным кіраўніком Клінцоўскай тэкстыльнай фабрыкі, малодшы — вучыцца ў школе, двое — студэнты тэхнікумаў, трое — атрымалі рабочыя прафесіі. Яна, іх маці, зарабляе цяпер каля 900 рублёў у месяц, і жыве іх сям'я ў сваім дамку з добрай гаспадаркай.

Гаварыла дэлегатка і аб стаханаўскім руху на фабрыцы: аб значным перавыкананні планаў і нормаў (пры належнай якасці прадукцыі), аб тым, што на прадпрыемстве «пастаўлена шостая моцная машына, пабудавана турбіна і праектуецца яшчэ адна, што ёсць электрастанцыя, якая асвятляе ўвесь раён»...

Аднак кіраўніцтва фабрыкі праяўляла клопат не толькі пра вытворчасць. Яно імкнулася палепшыць жыццё працаўнікоў. Прынамсі, аўтарытэт гараджан заваявала фабрычная бальніца. І зноў жа фабрычны Палац культуры, які стаў цэнтрам адпачынку для ўсяго Добруша. Рабочыя «Героя працы» выступалі з канцэртамі мастацкай самадзейнасці ў горадзе і навакольных вёсках, арганізоўвалі хаты-чытальні ў Мар'іне і Пераросце, дапамагалі будаваць народныя клубы, а ў выніку — новае жыццё краіны.

...Зрэшты, усё, аб чым гаварылі дэлегаты, пералічыць немагчыма.

Прысутнічаў на з'едзе і трапіў у кадр (фота прадстаўлена Нацыянальным гістарычным музеем) прадстаўнік чырвонага казацтва.

Казакі ў гісторыі БССР — з'ява таксама вельмі цікавая.

Вольга РУСАКОВІЧ

г. Мінск.


Музыка ў душы

Кажуць, што сёння цяжка сустрэць добрага гарманіста. І сапраўды! Аднак мне пашчасціла, бо на гармоніку іграе мой дзядуля Уладзімір Купрацэвіч.

Музыку ён любіў з дзяцінства. У клуб малых не пускалі, таму ён разам з сябрамі сядзеў пад вокнамі, слухаў, як іграюць іншыя музыкі.

— Мы жылі зусім небагата, — успамінае дзядуля. — У сям'і расло шасцёра дзяцей, але тата неяк жа прымудрыўся — знайшоў грошы і мне, трынаццацігадоваму, купіў гармонік. Во дзе радасці было! Я прыходзіў дадому, успамінаў мелодыі песень, якія чуў у клубе ці па радыё, і спрабаваў паўтарыць... З гэтага спачатку мала што атрымлівалася, але я не адступаў і з цягам часу ўжо шмат чаму навучыўся. Да таго ж падрос, у клуб сталі пускаць. Я заўсёды браў з сабой гармонік. Сяду, зайграю, людзі ідуць танцаваць — весяляцца, адпачываюць... Гарманісту прыемна.

Аднак стаць ім, вядома ж, няпроста.

— Патрэбныя здольнасці, можа, нават талент, — кажа дзядуля. — А не менш за іх — уседлівасць і жаданне развіваць, удасканальваць сваё майстэрства. Узяць хоць бы нашу сям'ю: на гармоніку нядрэнна ігралі трое: я і два браты. Але я стараўся, мне хацелася іграць усё лепей і лепей, а ў Віктара з Рыгорам такога жадання не было.

Спрабаваў дзядуля напісаць і ўласную песню, навучыцца іграць на гітары, аднак гэта пакуль не атрымалася. І не засмуціла:

— Я вельмі люблю беларускія народныя песні. У іх, мне здаецца, ёсць душа. Найчасцей на канцэртах, вечарах ці бяседах іграю тое, што людзі просяць, і ў кожную мелодыю стараюся ўкласці сваю душу. Без гэтага песня губляе сэнс.

...Сёння дзядуля жыве ў невялікай вёсачцы Дуброва ў Жыткавіцкім раёне, таму іграе пераважна ў вузкім коле сяброў ды сваіх сямейнікаў. Але ж музыка жыла, жыве і будзе жыць у яго душы.

Алена КАЛКОЎСКАЯ

Стаўбцоўскі раён.


Цярпі, Зося, так прыйшлося

Дэвіз майго жыцця — душэўная раўнавага. Што б там ні было...

Але ж вось заходжу ў аўтобус — дыхаць няма чым. Што не дзіва: на тэрмометры зранку ледзьве не трыццаць...

Азірнулася па баках, — вокны зачыненыя. «Бач, як размарыла — не могуць руку працягнуць», — паспачувала я спадарожнікам і адчыніла аж два акны — адно насупраць другога.

— Няўжо вам так горача? — тут жа спытала маладая паўнаватая жанчына.

— Гэта моладзь: ёй абы ўсё па-свойму зрабіць, — падтрымала яе сухенькая бабуля. — Ім — бачыце, горача. А вось мне...

Аўтобус у гэты час пад'ехаў да прыпынку — прыняў у салон маладую дзяўчыну. «Хоць яна ды мяне падтрымае, — паспадзявалася я, аднак дзяўчо, пачуўшы нараканні бабулі, з шумам зачыніла вокны.

«Іхняя ўзяла», — са шкадаваннем падумала я і міжволі ўспомніла размову, што адбылася ў гэткім жа душным аўтобусе. «Уяўляю, як вам цяжка — пры зачыненых вокнах, цэлую змену», — паспачувала кандуктарцы адна з пасажырак. І ўсе астатнія пачулі ў адказ: «Цяжка... Вельмі... Але ж слухаць перапалку, што камусьці горача, а камусьці холадна, яшчэ цяжэй. Так што я лепей пацярплю. Арганізм, ён такі — прывыкае, прычым да ўсяго».

Вось яна, жыццёвая мудрасць! Трэба трэніраваць
арганізм...

Наталля ШАСТАКОВА

г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».