Вы тут

Хто выбірае навучанне ў галоўным педуніверсітэце краіны?


«Прэстыж — гэта духоўная катэгорыя, якая ўзвышае настаўніка ў яго ўласных вачах. Прыцягальнасць педагагічнай працы пралягае перш за ўсё ў сферы, звязанай з разуменнем настаўнікамі сваёй місіі ў грамадстве, магчымасці творчага самавыяўлення ў рабоце. Высокія эмацыянальныя нагрузкі кампенсуюцца прызнаннем дзецьмі, павагай з боку іх бацькоў, станоўчай ацэнкай калег і высокай самаацэнкай уласнай прафесіянальнай дзейнасці. Настаўнік — ключавая фігура ў грамадстве, таму ўсім, хто абраў гэту прафесію, варта памятаць, што менавіта ад вашай работы, ад таго, як вы будзеце ставіцца да яе і да сваіх вучняў, залежыць будучыня нашай краіны. У вашых класах будуць сядзець будучыя інжынеры, касманаўты, псіхолагі, юрысты, дэпутаты і вынаходнікі...» — напісаў у сваім эсэ «Прэстыж прафесіі педагога» выпускнік профільнага педкласа слуцкай сярэдняй школы № 12 Арцём ЧАБОЦЬКА.


Арцём ЧАБОЦЬКА плануе працягнуць педагагічную дынастыю. Рэктар БДПУ Аляксандр Жук уручыў памятныя падарункі першым выпускнікам педкласаў, якія прыйшлі на сумоўе.

Прадстаўнік дынастыі

«Добры настаўнік — справядлівы, ён вылучаецца высокай камунікабельнасцю, валодае пачуццём эмпатыі, умее знайсці падыход да кожнага вучня з улікам яго асаблівасцяў і патрэб. Сапраўдны настаўнік — гібкі, мабільны, кампетэнтны ў пытаннях педагогікі і псіхалогіі, — разважае хлопец. — Ён не баіцца эксперыментаваць, шукае новыя формы і метады работы, адкрыты для інавацыйных тэхналогій. Выбіраючы прафесію настаўніка, вы павінны ведаць, што заўсёды будзеце запатрабаваныя на рынку працы, паколькі настаўнік — катэгорыя вечная. Каб быць паспяховымі ў сваёй дзейнасці, вы павінны любіць сваю работу, пазітыўна ўспрымаць людзей, займацца самаадукацыяй, і тады перад вамі адкрыецца поўны спектр магчымасцяў прафесіі «педагог».

Два апошнія гады ў школе Арцём Чабоцька «прымяраў» на сабе прафесію педагога — вывучаў факультатыў «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Між іншым, хлопец з'яўляецца прадстаўніком педагагічнай дынастыі. Яго маці да выхаду на пенсію выкладала хімію ў школе, бацька цяпер выкладае фізкультуру. Выкладчыкамі медуніверсітэта былі бабуля і дзядуля. Яшчэ адна бабуля працавала ў сельскай школе настаўніцай беларускай і нямецкай моў. Прабабуля і прадзядуля таксама прысвяцілі школе сваё жыццё: абое былі гісторыкамі. Арцём таксама нацэліўся вучыцца на настаўніка гісторыі і грамадазнаўства. У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ён прыйшоў у шэрагах першых абітурыентаў, літаральна як толькі адчыніліся дзверы прыёмнай камісіі. І адным з першых прайшоў сумоўе для выпускнікоў профільных педкласаў.

Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ: «Вышэйшая адукацыя — эталон падрыхтоўкі спецыяліста».

Матывацыйны складнік

— На сумоўе прыходзяць тыя выпускнікі педагагічных класаў, якія вырашылі скарыстацца льготай, што прапісана ў Правілах прыёму ў ВНУ, — тлумачыць начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ, доктар педагагічных навук Аляксандра ПАЗНЯК. — Яны могуць без здачы ЦТ прэтэндаваць на залічэнне на 31 педагагічную спецыяльнасць, калі засвоілі змест факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію» ў аб'ёме 140 гадзін, маюць характарыстыку-рэкамендацыю педсавета сваёй школы, адзнаку па профільных прадметах не менш як 8 балаў, а па астатніх — ад 7 да 10 балаў. На сумоўе яны прыносяць сваё партфоліа «Я — педагог» і цягнуць білет з двума пытаннямі па змесце факультатыву. Падкрэслю, што гэта менавіта сумоўе, а не экзамен, і для нас вельмі важна ўбачыць у хлопцаў і дзяўчат, якія да нас паступаюць, матывацыйны складнік у выбары прафесіі педагога. Сумоўе заўсёды вельмі моцна нас натхняе. Вы самі бачыце, з якімі тоўстымі партфоліа прыходзяць выпускнікі педкласаў. У іх яны назапашваюць усе свае дасягненні. Партфоліа дапамагае правесці самадыягностыку ўласных педагагічных здольнасцяў, адрэфлексаваць сваю педагагічную дзейнасць. Калі цікавімся, чым асабліва ганарыцца абітурыент, часта чуем у адказ: «Сваімі першымі ўрокамі», «Валанцёрскай дзейнасцю»... Мы адразу бачым іх лідарскія задаткі, творчыя і спартыўныя здольнасці, можам падказаць, як яны могуць развіць свае таленты падчас навучання ў нашым універсітэце, дзе могуць знайсці сабе прымяненне.

Хачу таксама адзначыць, што факультатыў, які вывучаюць вучні педкласаў, не дэмаверсія педагогікі і псіхалогіі, якія яны будуць вывучаць ужо ва ўніверсітэце. Гэта найперш магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару, пераканацца ў сваіх здольнасцях і схільнасцях яшчэ падчас першых педагагічных спроб, здзейсненых у школе. Трэба своечасова ставіць перад сабой пытанні: «ці магу я? ці хачу я?» і шчыра на іх адказваць, бо педагогіка — гэта прызванне.

Навучэнцы, якія прыходзяць на сумоўе, як мы пераконваемся, маюць вопыт узаемадзеяння, вылучаюцца камунікабельнасцю, упэўненасцю ў сабе, у іх больш развітыя аратарскія навыкі, эмацыянальны інтэлект, здольнасць працаваць у камандзе — так званыя soft skіlls, навыкі ХХІ стагоддзя, патрэбныя ў штодзённым і прафесіянальным жыцці.

Абсалютная большасць з іх ужо мае вопыт навукова-даследчай работы, з'яўляецца ўдзельнікамі адпаведных канферэнцый рознага ўзроўню (ад школьнага да рэспубліканскага), што яны пацвярджаюць дыпломамі і пасведчаннямі, якія прыкладаюць да сваіх партфоліа. У нас былі выпадкі, калі студэнты-практыканты прыходзілі ў школы, дзе ёсць педкласы, і іх навучэнцы дапамагалі студэнтам у правядзенні ўрокаў.

«Студэнты — удзельнікі клуба «ПРОФиль+» арганізавалі для абітурыентаў «Зону „ПРОФільнай“ падтрымкі»

Цікавімся ў Арцёма, ці складана было прайсці сумоўе?

— Напярэдадні я хваляваўся, — прызнаўся хлопец, — але высветлілася, што тут усе вельмі лаяльна ставяцца да абітурыентаў, сустракаюць нас з усмешкай. Мне, напрыклад, дасталіся пытанні аб прэстыжы педагагічнай прафесіі і самых вядомых педагогах.

Арцём, дарэчы, проста «ўзорны абітурыент» для педуніверсітэта: мае сярэдні бал атэстата 9,5, быў членам школьнай каманды «Што? Дзе? Калі?», старшынёй школьнага валанцёрскага атрада. Захапляецца сучаснай паэзіяй, цікавіцца пытаннямі правоў чалавека. Яго любімыя прадметы — гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя, грамадазнаўства і геаграфія. Займаўся валейболам, усходнімі адзінаборствамі, наведваў турыстычны гурток. Для вучняў асоба будучага педагога мае вельмі важнае значэнне. Чым больш ён рознабаковы, тым цікавей будзе з ім дзецям.

Падмурак кадравай палітыкі

У першы дзень правядзення сумоўя з выпускнікамі педкласаў БДПУ наведаў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ. Ён расказаў журналістам, што Міністэрства адукацыі праводзіць сур'ёзную работу па павышэнні прэстыжу вышэйшай адукацыі. У сувязі з гэтым у бягучым годзе план прыёму зменшыўся ў параўнанні з мінулым годам на 1,5 працэнта. «Гэта значная лічба. У нашы ВНУ павінны прыходзіць найбольш здольныя, матываваныя юнакі і дзяўчаты, якія стануць высокакваліфікаванымі спецыялістамі пасля заканчэння ўніверсітэта», — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Аб прынцыповым падыходзе да працэсу навучання ў ВНУ сведчыць яшчэ і той факт, што за бягучы навучальны год за непаспяховасць было адлічана пяць тысяч студэнтаў. «Калі мы сёння не будзем выбудоўваць выразную карціну разумення таго, што вышэйшая адукацыя — эталон падрыхтоўкі спецыяліста, то і на знешнім рынку наша адукацыя будзе запатрабаваная ў меншай ступені, — падзяліўся сваімі думкамі міністр. — А прыцягненне ў беларускія ВНУ замежных грамадзян — вельмі актуальнае пытанне. За апошнія тры гады іх кантынгент вырас з 18 да 33 тысяч, замежнікі вучацца ў нас не толькі на першай ступені вышэйшай адукацыі, але і ў магістратуры, і ў аспірантуры. Гэта пацвярджае, што наша адукацыя — канкурэнтаздольная і каціруецца на міжнародным адукацыйным рынку».

Пагутарыўшы з выпускнікамі педкласаў, якія праходзілі сумоўе ў БДПУ, Андрэй Іванец канстатаваў, што ўзровень выпускнікоў педагагічных класаў вельмі высокі: гэта і медалісты, і тыя, у каго сярэдні бал атэстата 9 і вышэй. А гэта значыць, што маладыя людзі робяць свой свядомы выбар, заснаваны на сур'ёзнай папярэдняй падрыхтоўцы.

У выпускніка сярэдняй школы № 2 са Стоўбцаў Дзмітрыя Грышана, які збіраецца стаць гісторыкам, міністр адукацыі пацікавіўся яго меркаваннем наконт новай канцэпцыі гістарычнай адукацыі, у аснову якой будзе пакладзена пераемнасць паміж школьнай праграмай і ўніверсітэцкай. «Сёння выпускнікі школ прыходзяць у ВНУ, і не вельмі зразумела, што яны там вывучаюць. Зноў паўтараюць школьны курс гісторыі? Мы хацелі б, каб гісторыя Беларусі выкладалася ў кантэксце сусветнай гісторыі. Гэта будзе інтэграваная дысцыпліна і гадзін на яе вывучэнне будзе ўдвая больш. А ў ВНУ з 1 верасня будзе выкладацца «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Абітурыент адказаў міністру, што пры такім падыходзе гісторыю школьнікам будзе вывучаць і прасцей, і больш цікава.

«Работа над удасканаленнем дзейнасці педагагічных класаў — апора не толькі для нашага вядучага педагагічнага ўніверсітэта, але і для ўсіх рэгіянальных ВНУ. Таму што падрыхтоўка педагагічных кадраў для рэгіёнаў з'яўляецца найважнейшым аспектам у рэалізацыі той стратэгіі, якая вызначана кіраўніком нашай дзяржавы: моцныя рэгіёны — моцная Беларусь», — рэзюмаваў Андрэй Іванец.

Педагогі новага пакалення

— Ад сёлетняй прыёмнай кампаніі мы чакаем «якаснага» абітурыента, — адзначыў у гутарцы з журналістам «Звязды» рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Дзейнасць педагагічных класаў у многім дапамагае вырашаць дадзеную праблему. З задавальненнем канстатую, што ў апошнія гады сітуацыя якасна палепшылася і па конкурсе, і па прахадных. А ў бягучым годзе былі знятыя абмежаванні для мэтавай падрыхтоўкі. Цяпер рабіць заказ на мэтавую падрыхтоўку спецыяліста могуць арганізацыі з усіх населеных пунктаў, без абмежаванняў, у тым ліку з абласных цэнтраў і сталіцы, для якой кадравая праблема з выхавацелямі дашкольных устаноў і настаўнікамі пачатковых класаў стаіць даволі востра. Таму мяркуем, што і прахадныя балы, і конкурс могуць узрасці.

Штогод трэць выпускнікоў педагагічных класаў (а гэта, заўважу, высокаматываваныя на педагагічную прафесію маладыя людзі, якія атрымалі рэкамендацыі педагагічных саветаў) прыходзіць у ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці. Сёння кожны пяты студэнт дзённай формы навучання ва ўніверсітэце — выпускнік профільнага педкласа. Мы ўсведамляем усю ступень адказнасці за стварэнне ў нашым універсітэце адпаведнага адукацыйнага асяроддзя для падрыхтоўкі педагогаў новага пакалення. А выпускнікі педкласаў — асаблівая катэгорыя студэнтаў, з якімі трэба працаваць па-новаму. Яны ўжо маюць першы вопыт педагагічнай дзейнасці, уяўленне пра спецыфіку педагагічнай прафесіі, веды, навыкі і кампетэнцыі, неабходныя паспяховаму педагогу.

Заўважу, што выпускнікі педкласаў дэманструюць пры навучанні ў нашым універсітэце добрую паспяховасць, яны акадэмічна не менш паспяховыя, чым медалісты, пры гэтым (што вельмі важна для нас) сацыяльна актыўныя. Практычна ўсе займаюцца валанцёрскай работай пад кіраўніцтвам цьютараў-старшакурснікаў, з'яўляюцца старастамі груп, уключаюцца ў рэалізацыю адукацыйных і сацыяльных праектаў, становяцца ўдзельнікамі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Яны складаюць касцяк студэнцкіх актываў факультэтаў і інстытутаў. Па іх ініцыятыве ва ўніверсітэце быў створаны клуб «ПРОфіль+».

Летась»ПРОфільцы» вырашылі падтрымаць выпускнікоў педкласаў, якія паступаюць па сумоўі без экзаменаў, і арганізавалі для іх «Зону «ПРОфільнай» падтрымкі» — месца, дзе абітурыенты могуць пагутарыць з валанцёрамі, пракансультавацца наконт праходжання такой гутаркі і прэзентацыі свайго партфоліа. Гэта дапамагло ім адчуць сябе больш упэўненымі. Сёлета яны зноў заступілі на сваю «вахту» — забяспечваюць маральную і кансультацыйную падтрымку выпускнікам педкласаў, якія паступаюць у наш універсітэт. Расказваюць, як яны самі праходзілі сумоўе. Дарэчы, пагутарыць з імі — адно задавальненне.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай.

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.