Вы тут

Петрышэнка ацаніў гатоўнасць да Дня беларускага пісьменства ў Добрушы


З аб’ектамі комплекснага добраўпарадкавання райцэнтра старшыню Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята, віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку азнаёмілі старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук.


Як было адзначана на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы да свята, у Добрушы працягваецца маштабнае абнаўленне інфраструктуры, будынкаў, збудаванняў. З 39 запланаваных да выканання бягучага рамонту аб’ектаў жылога фонду выканана 30 — работы ідуць па графіку. Працягваецца комплекснае азеляненне горада. У добраўпарадкаваных скверах будуць усталяваны малыя архітэктурныя формы.

— Для камфорту жыхароў добраўпарадкавана 3,6 кіламетра тратуараў і больш за 8 кіламетраў веладарожак. У плане па рамонце вуліц і дарог — 16 пунктаў. Прыводзім у парадак не толькі дарогі, але таксама камунікацыі. Амаль два мільёна рублёў зрасходавана на комплексную мадэрнізацыю і замену інжынерных сетак у горадзе, — адзначыў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі.

Ігар Петрышэнка ацаніў гатоўнасць асноўных пляцовак і інфраструктуры для правядзення свята. Віцэ-прэм’ер нагадаў, што Добруш быў абраны для правядзення Дня беларускага пісьменства па прапанове грамадскасці Гомельшчыны.

— Горад, мы бачым, прыгажэе на вачах. І абласныя ўлады, і рэспубліканскія робяць шмат для таго, каб інфраструктура горада развівалася, ствараўся камфорт і ўтульнасць, і людзям хацелася як мага даўжэй тут знаходзіцца, прыязджаць сюды, — зазначыў Ігар Петрышэнка. 

Гаворачы аб прымеркаваных да свята мерапрыемствах, намеснік прэм’ер-міністра ўдакладніў, што адпраўной кропкай у патрыятычным маршруце рэспубліканскага свята «Дзень пісьменства» стане ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Добруш партызанскі». Тут жа будзе працаваць інтэрактыўная экспазіцыя партызанскага побыту «Памяць пакаленняў» музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі. 

У пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства ў Добрушы прыняў удзел старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар-галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Як вядома, у праграме мерапрыемстваў знойдзе сваё адлюстраванне і тэматыка святкавання 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Традыцыйна пройдуць фестываль кнігі і прэсы, выстава рэгіянальных СМІ «Газетны бульвар». Аматары гісторыі змогуць папоўніць свае веды вывучэннем развіцця друку Гомельшчыны. Тэматычныя літаратурныя падворкі арганізуе абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Адной з галоўных разыначак фестывалю стане адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Івану Шамякіну.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.