Вы тут

«Баліць сэрца і пячонка — мэтазгодная дзяўчонка»


Лета на Беларусі — асабліва песенная пара... У Маладзечне адбываецца фестываль беларускай песні і паэзіі, у Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы, абавязкова прагучаць на дзень нараджэння Песняра купальскія песні, у Віцебску пройдзе «Славянскі базар»… Песні гучаць і на старонках твораў беларускіх пісьменнікаў. Давайце разам з імі пачытаем — і паслухаем...


Плачце, вочы, плачце, кары...

Пяшчотна любіў Іван Мележ роднае Палессе... Ягоныя героі кажуць сакавітаю мясцовай гаворкай. А якое ж Палессе без песень? У рамане «Людзі на балоце», калі вясковыя дзяўчаты сабраліся на вячоркі, песня робіцца не проста аздобай — а дзейным персанажам, яна раскрывае душэўны стан і Ганны Чарнушкі, якая разлучылася з любым Васілём, і Хадоські, безнадзейна закаханай у Яўхіма, што заляцаецца да Ганны.

«Ганна была здаволена, калі ў хвіліну зацішку, які прыйшоў на змену рогату, Хадоська завяла:

«Шумяць вербы ў канцы грэблі,

Што я пасадзіла...»

Галасок яе быў нясмелы, кволы — здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай, крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату, але хвіля за хвіляй ішлі, а ён не тануў. Ён, праўда, і не мацнеў, нейкі час усе маўчалі, як бы слухалі-чакалі, як бы не ведалі, не здагадваліся, пра што шумелі-жаліліся вербы. Раптам скарга, якая на момант сціхла, прапала ў вячэрнім змроку, загучала зноў, але ўжо мацней, балючай, на многія галасы:

«Няма таго міленького,

Што я палюбіла...»

Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла, не думаючы асабліва пра словы песні, — даўно-даўно была знаёмая Ганне гэтая песня. Але не даспявала дзяўчына і першых слоў, як яе знянацку ўразіў новы, нязнаны сэнс іх, такі блізкі, такі балючы:

«Няма таго міленького!»

Абуджаныя гэтымі словамі сум, крыўда зноў ажылі, горкай хваляй падступіліся к горлу...

«Няма яго, дай не будзе,

Паехаў у Адэсу...»

«Паехаў... Павялі ў Юравічы...» — Ганна ў вялікім наплыве журботы змоўкла, сціснула губы, слухала так, як бы гэта была і не песня, даўняя, чужая, а яе скруха, яе бяда. Калі яна маркотна далучылася да ўсіх, здалося, што не спявае яна, як раней, як усе, а нібы думае ўголас, гамоніць з сабою:

«Плачце, вочы, плачце, кары, —

Така ваша доля.

Палюбіла казачэньку,

Пры месяцы стоя...»

Ні Зеўс і ні Юпітэр гарэлкі не пілі

Не ўсе ведаюць, як цудоўна спяваў народныя беларускія песні Уладзімір Караткевіч. І знаўцам іх быў адметным... І калі апісваў далёкае мінулае, для каларыту мог увесці малавядомыя песні, узятыя з мемуараў і летапісаў, а дзе і сам такія прыдумваў. Пагартаем старонкі рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзеянне якога адбываецца ў шаснаццатым стагоддзі. Вось Юрась Братчык, шкаляр і вандроўны артыст, сядзіць у карчме з таварышамі:

«А галасы раўлі і раўлі старую шкалярскую песню. І яна грымела і вырывалася з пакояў у ноч, пад маланкі.

«Bіbamus papalіter!

Гарэлкі ў гляк налі...

Ні Зеўс і ні Юпітэр

Гарэлкі не пілі».

Менавіта гэтую блюзнерскую, вакхічную песню, якая прысвечана папе Бенедыкту XІІ і пачынаецца словамі «Будзем піць, як папа!», пяюць да абурэння парыжан насельнікі Бурбонскага палаца ў «Саборы Парыжскай Божай Маці» Гюго.

Амаль да кожнага раздзела рамана Караткевіча пададзены эпіграф з песні. Часам гэта містыфікацыя, і пад выглядам якой-небудзь «гэльскай песні» гучаць словы самога аўтара.

А вось эпізод:

«Ад далёкага гаю, куды пайшлі апосталы з манашкамі, даляцеў сільны і страсны жаночы голас, поўны чакання і тугі. Зазвінела лютня.

За мурамі, за чорнымі вежамі —

Воля, вецер, сонца ў гаях.

Кожны вольны стралок

з Белавежы —

Пакута і радасць мая».

Тут пад выглядам песні шаснаццатага стагоддзя гучыць цалкам верш Караткевіча.

Эпічным атрымаўся эпізод, калі малалікае беларускае войска супрацьстаіць татарскаму, добра ўзброенаму, дзе нават баявы слон маецца:

«І тады нехта заспяваў старажытную «Багародзіцу». Страсным і грубым голасам:

«Пад тваю літасць...

Пад тваю літасць прыпадаем,

Багародзіца Дзево,

Маленняў нашых не адрынь

у журбе,

А ад бед ізбаві нас,

Адзіна і чыстая і благаславёная».

Журботныя, празрыстыя галасы падхапілі яе, панеслі:

«На цвярдыню тваю

мы ўпаваем, Багародзіца Дзево».

Плыў над імі, над пусташшу страсны харал. Нібы на мячах, узнятых угору. Цягнуўся пусткаю доўгі ланцуг.

Наперадзе, моцна адарваўшыся, ішлі военачальнікі ў белых плашчах.

«Яка імя тваё!

Яка слава твая!»

У апошняй мужнай і безнадзейнай тузе ўзляталі галасы. А вочы бачылі, як вырваўся наперад слон, страшная, нібы пекла, жывая гара, як паляцела конніца».

Гэта гучыць рэальны харал, які продкі сучасных беларусаў спявалі на полі бою.

Перапёлка, трасцяно гняздзечка

Назва эпапеі Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі» і ўзятая з народнай песні... Зразумела, гучыць тая песня ў рамане. Гэта момант, калі герой глядзіць праз акно і прыслухоўваецца, ці не едуць немцы, ці не будзе нападу карнікаў...

«Сёння перапёлка, няйначай, плакала — ці то гняздзечка яе разбурыў хто, ці яшчэ якая бяда прымусіла агалошваць тугой наваколле, але замест звычайнага спеву чуўся плач:

— Піць-піль-віць...

Піць-піль-віць...

Зазыба нарэшце адчуў гэта, і ў галаве ягонай узнікла пакутлівая думка: калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?

Успомнілася:

Перапёлка, трасцяно гняздзечка,

залато яечка,

перапёлка!

Перапёлка, пастушкі пагоняць,

гняздзечка разбураць,

перапёлка!»

Сустракаюцца ў творы Чыгрынава і іншыя песні.

Ваенная пара. Вясковыя кабеты збіраюцца ў хаце... Ва ўсіх — гора... Але ці варта яму паддавацца? «Песні спявайце, навошта пра вайну!» — кажа адна жанчына.

«Тады раптам Дуня Пракопкіна сапраўды запела:

«Я бы ету бабку,

Я бы ету любку

Да ў бабкі не брала;

Я бы етай бабцы,

Я бы етай любцы

Да й намёткі не дала...»

Маладыя жанчыны заўсміхаліся і падхапілі песню:

«Запражыце, запражыце

Дзевятнаццаць валоў,

Адвязіце, адвязіце

Ету бабку дамоў».

Так народная песня дапамагае ў цяжкі час.

Я — калгасніца маладая...

У рамане Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт» песня на словы Янкі Купалы, якую спявае галоўная гераіня, робіцца сімвалам яе перараджэння. Камароўская ганлдлярка Вольга, асоба цынічная і практычная, закахалася ў выратаванага ёю ваеннапалоннага. Вось і пачынаецца яе выхаванне ў мужную падпольшчыцу...

«Часам яна прыбягала з рынку, задаволеная ўдалай купляй-продажам, поўная маладой энергіі, здароўя, бачыла парадак у доме — стаўшы на ногі, Алесь зрабіўся нядрэннай гаспадыняй, ва ўсякім разе, за малой глядзеў лепш, чым цётка Марыля, — і ў яе з'яўлялася жаданне зрабіць яму прыемнае. Калі Светка была цяплей адзета, хапала яе, кружылася з ёй, прытанцоўвала, спявала:

«Я — калгасніца маладая...»

Спачатку Алесь насцярожыўся: ці не здзекуецца яна з радасці таго жыцця, якое дало натхненне вялікаму песняру, а яму, маладому паэту і воіну, дало сілы не сагнуцца пад навальнічным ветрам ваеннай нягоды? Але Вольга паўтарыла песню раз, другі... без іроніі, шчыра, з яўным намерам парадаваць яго. І ён сапраўды парадаваўся ад таго, што ў яе з'явіліся жаданне і смеласць спяваць гэтую песню. Урэшце, пераканаць, пераламаць самую сябе — гэта таксама не мала, баец пачынаецца з песні, ад таго, што ён спявае, залежыць яго баявы дух».

Ці я ў полі не калінаю была?..

Спяваюць і героі рамана Якуба Коласа «На ростанях». «Вышли мы все из народа, дети семьи трудовой» — натхнёна выводзяць маладыя беларускія настаўнікі, удзельнікі маёўкі. Адзін з гэтых настаўнікаў, Янка Тукала, у якога робяць вобшук, цвеліць жандараў іранічнай песенькай:

«У курсистки под подушкой

Нашли пудры с пол-осьмушки.

У студента под конторкой

Пузырек нашли с касторкой —

Динамит — не динамит,

А при случае палит».

Дарэчы, у вобразе Янкі Тукалы, на думку некаторых даследчыкаў, выведзены Янка Купала.

Вельмі трапна ўжыў Колас беларускую народную песню для характарыстыкі сваёй улюбёнай гераіні, Ядвісі:

«Ядвіся адышла далей у куток каля кахлянай печы і заспявала:

«Ці я ў полі не калінаю была?..»

Голас у яе быў малады, свежы, сакавіты. Спявала яна з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне.

Лабановіч слухаў гэтыя спевы, і нейкі жаль ахопліваў яго. Яму хацелася падысці да дзяўчыны і запытаць яе: «Скажыце, якое гора ў вас на сэрцы?»

Пасею гурочкі нізка над вадою

Дадае каларыту песня і казачнай аповесці ў барочным стылі Пятра Васючэнкі «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі».

Вось галодныя паны чакаюць сваю прыслугу, дзеўку Дрыпу.

«Панам ужо мроіцца каралеўская юшка, у якой боўтаюцца пузатыя ментузы, тлустыя келбы, ільсняныя сліжыкі, доўгія, бы пугі, вугры, зубастыя шчупакі, залацістыя карасі, паласатыя акуні, калючыя яршы, порсткія верхаводкі, лабастыя галаўні, пляскатыя ляшчы, здаравенныя самы, а дзеўкі Дрыпы ўсё няма.

Нарэшце яна паказваецца, спяваючы: «Сею я гурочкі...»

Прапанаваць панам дзеўка нічога не можа, акрамя варголаў. Што за страва? «Адзін вар голы, больш нічога...» Застаецца панам, як у песні пра гурочкі, паліваць усё горкімі слязьмі.

У аповесці спявае нават кот Буркун. Ды не проста так, а пад «музычны народны інструмент, які называецца «мандаліна».

«Кот бярэ ў лапы мандаліну й пачынае спяваць раманс — самы што ні на ёсць пранікнёны раманс у свеце. Вядома, калі ацэньваць рамансы з кацінага пункту гледжання. Ён спяваў прыблізна так: — Котку я пакахаў... Мяў... Мяў... Мяў...

Або, мажліва, так:

— Котку я люблю, люблю-у,

Мя-у, мя-у, мя-у...»

Гучаць у аповесці і калядныя песні, якія пяюць галодныя паны:

«— Калядкі далёка,

кілбаскі высока...

Гэтак ні з таго ні з сяго пачынае спяваць пан Кубліцкі.

А пан Заблоцкі яго дакарае:

— Аніякіх калядак, аніякіх кілбасак у нас не будзе. Бо талеры трэба эканоміць. І яшчэ невядома, як рэпа ўродзіць».

Баліць сэрца і пячонка — мэтазгодная дзяўчонка

У «Запісках Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя песні асаблівыя... Кар'ерыст-абібок Самасуй прыязджае падымаць культурную работу ў вёску Шапялёўка. Аўтар дае волю сарказму.

«Цяжка было на сэрцы. Газетная кампанія, узнятая супроць мяне Лінам, выклікала вультра-фіялетавы настрой. Я глядзеў на белыя, бязвінныя рамоны й думаў:

Ой, рамон-зелле кудравае!

Скажы мне, рамон-зелле,

Айдзе мая доля ліхая

Бітым шляхам валачэцца?

Ніякага выразнага адказу ад расліны я не атрымаў. Ды й што мне параіла б няшчасная кветка, якая сама, мусіць, думала, як праз 2 ці 3 дні гострае джгала касы дзікунска насмяецца з прыгажосці прыроды ў імя харчова-утылітарных запатрабаванняў?»

Згадваецца ў аповесці «папулярная Шапялёўская песня «Кармалюга». «Як пасля мы даведаліся, Кармалюга быў папулярным мясцовым паўстанцам ХVІІ ст.»

Песня сапраўды існуе. А вось песні аўтарства паэта з прозвішчам Гарачы — цалкам іронія аўтара:

«Гарачы дзяўчат навучыў спяваць рамансы, чаго яны раней не ўмелі. Асабліва спадабаўся раманс:

«Труну зялезную пастаўлю,

Абаллю яе слязамі,

Абсаджу яе квятамі».

Зрэшты, і сам Самсон Самасуй сачыняе песні.

«О! дзяўчаты на вёсцы добрыя, крамяныя! У ваднэй вёсцы нават я захапіўся складаннем прыпевак. Я пазнаёміўся з дзяўчынай Хадоркай Белабокай і на ўспамін аб дзвёх ночках, якія прагуляў з ёю, склаў прыпевачку:

Баліць сэрца і пячонка —

Мэтазгодная дзяўчонка,

Баліць тулава, нага —

Не забуду цябе я!»

На любы настрой знойдуцца беларускія песні... Шукайце, чытайце, спявайце!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?