Вы тут

Sex-балясы​. Вяселля час і час расстання...


Шлюбная цырымонія — для многіх знамянальная падзея, да якой старанна рыхтуюцца ў прадчуванні асаблівых эмоцый. Вось толькі апошнія могуць быць рознымі... («— Скажыце, у вас з жонкай заключаны шлюбны кантракт? — Я б назваў яго дагаворам аб ненападзенні».) Так, у Багдадзе мясцовы загс ужо паспеў зарэгістраваць самы хуткі развод з пачатку года: жаніх афіцыйна парваў з нявестай проста падчас урачыстасці. («Быў на вяселлі. Гулялі весела і добра. Толькі стаміўся вельмі! Больш жаніцца не буду!») Уся справа была ў... песні. Калі афіцыйная частка прайшла і пачаўся час для віншаванняў і выступленняў, на сцэну выйшла нявеста.


Фота: pixabay.com

Відаць, дзяўчына адразу вырашыла паказаць, што цяпер, калі шлюб ужо заключаны, у доме гаспадыняй будзе менавіта яна. («Самае галоўнае ў спрэчцы з жонкай — перацягнуць на свой бок цешчу».) Таму яна станцавала пад песню спявачкі з Сірыі Ламіс Кан Mesaytara, якая перакладаецца літаральна як «Я даміную». («Я магу ўсе». — «Гэта прапанова?» — «Гэта папярэджанне».) Але жаніх і яго сям'я, відаць, не падзялялі ідэі матрыярхату, таму ўспрынялі выступленне нявесты як правакацыю. Муж тут жа звярнуўся ў адміністрацыю, каб скасаваць шлюб як мага хутчэй. Што было ў песні? Вось яе фрагмент: «Я даміную, і ты будзеш жыць па маіх жорсткіх інструкцыях, я кіну цябе, варта табе заглядзецца на іншую дзяўчыну на вуліцы, так, любы, я буду кантраляваць цябе ва ўсім, пакуль ты са мной, ты жывеш па маіх правілах — я цябе папярэдзіла». («З размовы пары: — «Дарагі, сфатаграфуй мяне, калі ласка, з кветкамі...» — «Добра, давай. Дзе кветкі?» — «Гэта я хацела спытаць: «Дзе кветкі?»)

А вось іншая гісторыя. Маці жаніха з першай сустрэчы неўзлюбіла будучую нявестку і вырашыла ўсімі сіламі разладзіць вяселле. Для гэтага жыхарка Вялікабрытаніі склала вясельныя запрашэнні, у якіх клікала гасцей на мерапрыемства «са шкадаваннем». Акрамя таго, у лістах нявеста стала «валацугай». («— Ну, Сцёп, ты ж ведаеш, што ў разводзе заўсёды вінаватыя абое...» — «Ага, яна і яе маці!») Многія палічылі, што гэта жарт, аднак знайшліся і тыя, хто меркаваў, што за такім учынкам крыецца схаванае абурэнне. У запрашэнні сказана: «Са шкадаваннем запрашаю вас на вяселле паміж маім выдатным сынам, Доктарам, і нейкай Таннай Валацугай, чыё імя не ўспамінаецца мне проста цяпер. Для мяне гэты дзень стане самай вялікай катастрофай у жыцці». («— А сукенка ў цябе не вельмі!» — сказала свякроў у дзень вяселля. — «Нічога, у наступны раз будзе лепшай», — адказала нявестка».)

А як вам такое? Сведка на вяселлі прыняў стаўкі на... развод пары і быў аблаяны ў сетцы. Карыстальнік Reddіt пад нікам WeddіngBetMіstake распавёў, што, карыстаючыся магчымасцю сказаць доўгі тост як шафер, ён падчас свайго выступлення прапанаваў гасцям згуляць у таталізатар. Удзельнікі павінны былі назваць меркаваны год разводу пары. Мінімальная стаўка склала 50 долараў. («— Сёма, колькі б ты даў за маю жонку?» — «За Соню?» — «Так!» — «Нічога!» — Такі дамовіліся, забірай!») Той, чыя здагадка ў будучыні аказалася б дакладнай, змог бы атрымаць увесь прызавы фонд. Маладому чалавеку ўдалося сабраць з гасцей тры тысячы долараў. Растлумачыўшы правілы, шафер меў намер на заканчэнне паведаміць, што ніхто ніколі не выйграе, а маладыя сарвуць джэкпот. «Вы двое будзеце разам назаўжды, так што вы можаце разлічваць на атрыманне прыбытку ў 2041 годзе!» — пераказаў ён прыдуманы фінал. («— Чаму вы бераце на работу толькі жанатых?» — «Таму што яны прывыклі да абраз і не спяшаюцца дадому».) Аднак дагаварыць яму не дазволілі: нявеста расплакалася, жаніх раз'юшыўся, а практычна ўсе госці сталі крычаць на яго. Пазней жаніх паведаміў аўтару паста, што яго каханая адчувае сябе ўдзячнай усім, хто зрабіў стаўкі. («Дрэнным тонам было ў працэсе знаёмства гасцей на вяселлі сказаць: «Вы з боку пацярпелага?») А большасць падпісчыкаў сышлася на думцы, што нават згадваць слова «развод» на вяселлі непрыстойна. «Літаральна сапсаваў увесь дзень», — заключылі яны. («У загсе Валера нават і не падазраваў, што надзявае на безыменны палец будучую каронку на сёмы ніжні».)

А нейкі час таму ў Гомелі — не, не само вяселле, а адзін з яго атрыбутаў адыграў фатальную ролю ў начным злачынстве дзяўчыны. У адной з забаўляльных устаноў праходзіла вечарынка ў стылі «дзявочнік». («Сустракаючы класам світанак, выпускнікі нават не падазравалі, што правядуць разам яшчэ 15 сутак».) На працягу ўсёй ночы для дзяўчат у вэлюме ўваход быў бясплатны. Як высветлілася пазней, скарысталася гэтай прапановай толькі 34-гадовая гамяльчанка. («— А як я пазнаю вас на першым спатканні?» — «Я буду ў вэлюме і з рэчамі».) У разгар мерапрыемства адна з наведвальніц начной установы звярнулася па дапамогу да адміністратара клуба і аховы — з яе сумачкі прапалі грошы. («Вяртацца — дрэнная прыкмета. Асабліва калі ты замужам і прайшло ўжо тры дні».) Супрацоўнікі міліцыі хутка ўстанавілі падазраваную. Ёю была адзіная ва ўстанове ўладальніца аксесуара нявесты. Даме ў вэлюме — выхавальніцы дзіцячага садка — прыйшлося расстацца з украдзенымі грашыма. Але была заведзена крымінальная справа. Уявіце, што фігурантка справы — чыясьці жонка?.. (« — Ты чаму ў мяне такая дурніца неадэкватная? — «Таму што так табе і трэба!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?