Вы тут

Колькі нахадзіў, столькі і зарабіў. Як працуецца кур'ерам?


Першую такую работу я знайшла, калі мне было сямнаццаць гадоў. Патрэбны быў новы акумулятар для тэлефона, і ў адной краме са мной пазнаёміўся ўладальнік гандлёвага пункта, які і прапанаваў уладкавацца ў яго кур'ерам. Я згадзілася і адпрацавала год. У далейшым падобныя вакансіі я знаходзіла праз сеціва.


На самай першай рабоце шчыравала ўвечары, таксама быў і дзённы кур'ер, але я з ім амаль не сустракалася. Вазіла акумулятары, гарнітуры і розныя аксесуары для мабільных тэлефонаў. Суседняя інтэрнэт-крама часам давала мне заказы на дастаўку настольных гульняў, плацілі яны менш, чым на асноўнай рабоце, але самі заказы былі прасцейшымі і кліенты больш прыемнымі. Хоць для тэлефонаў рэчы былі лягчэйшыя, настольныя гульні часта даводзілася вазіць у асобным пакеце, што не вельмі зручна.

Праз два гады я дастаўляла ўжо сім-карткі аднаго з мабільных аператараў. Спачатку планавалася веладастаўка, былі і двухколавыя транспартныя сродкі з брэндам кампаніі, але высветлілася, што развозіць заказы кліентам такім чынам вельмі доўга. Таму кур'еры спачатку ехалі з офіса да найбліжэйшай станцыі метро і пакідалі веласіпед там на велапаркоўцы, а далей перамяшчаліся на грамадскім транспарце. Калі былі дастаўкі далей за кальцавую, іх выконвалі гандлёвыя прадстаўнікі. Аператар выдзяляў ім у такіх выпадках аўтамабілі.

Кампанія выдавала нам вопратку з лагатыпам у карпаратыўных колерах — майку, заплечнік прыгожага бірузовага колеру, узімку куртку.

Праз паўгода працавала ўжо ў інтэрнэт-краме, якая прадавала ўсё для тэлефонаў і ноўтбукаў. Таксама запаўняла паперкі для прыёму гаджэтаў у рамонт. Затрымалася на тым месцы больш, чым на год. Там, акрамя маёй, было яшчэ дзве вакансіі кур'ераў, апошнія часта змяняліся, часам за месяц магло звольніцца некалькі чалавек. Я была на той рабоце амаль ветэранам! Пакуль не знаходзілі новага кур'ера, працавалі два замест трох, а заказаў хапала... Ад іх колькасці залежаў наш заробак. «Вандроўкі» са Сцяпянкі на Каменную Горку былі звычайнай справай. Толькі вось калі ў заплечніку пара акумулятараў для ноўтбукаў, пара зарадных да іх жа плюс адрамантаваны тэлефон, то гэта вельмі цяжка. Таксама нейкі час я ездзіла на «Еўрапошту» за МКАД, каб адпраўляць пасылкі. Яны амаль ніколі не змяшчаліся ў заплечнік, для іх брала асобны пакет. Таму часта даводзілася перасоўвацца з цяжкім заплечнікам плюс з такім жа пакетам з пасылкамі.

Цяпер я працую ў банку. Там важу на транспарце дакументы з аддзяленняў у галоўны офіс і назад, у розныя арганізацыі. Зрэдку на карпаратыўным таксі, але часцей за ўсё сваім ходам. Акрамя мяне, ёсць яшчэ чатыры кур'еры, калі нехта захварэў альбо пайшоў у водпуск, іншыя дзеляць яго работу паміж сабой.

Мне падабаецца, што работа кур'ерам дае нейкую свабоду, калі, па сутнасці, ты сам плануеш свой дзень. Часта яе сумяшчаюць з іншай, некаторыя нават паралельна бізнесам умудраюцца займацца. Але гэтая свабода мае іншы бок — часцей за ўсё ў кур'ера здзельная зарплата: колькі нахадзіў, столькі і зарабіў.

Чула ад знаёмых, што яны б не змаглі працаваць кур'ерамі. Гэта дастаткова актыўны занятак, падчас якога патрэбна шмат ездзіць у транспарце і хадзіць пешшу з цяжкім заплечнікам альбо вялікім пакетам. Некаторым складана пераносіць, што яны будуць у адным і тым жа месцы два разы за дзень у розны час. Такое здараецца, але не вельмі часта. Я да гэтага стаўлюся спакойна. Таксама кур'ер павінен умець карыстацца анлайн-карткамі на тэлефоне і ветліва размаўляць з кліентамі.

Бацькі ўжо пачынаюць хвалявацца, што я працую кур'ерам. Ва ўяўленні многіх гэта або падпрацоўка, або часовая работа, або, маўляў, чалавек ні на што лепшае не здольны. Сябры і знаёмыя ніяк на маю работу не рэагуюць. А вось рэакцыя кліентаў — гэта штосьці! Некаторыя, калі я ім тэлефанавала, лічылі, што я менеджар, а не кур'ер. Часам цікавяцца, дзе вучуся, ці асноўная гэта работа, колькі я зарабляю. Ёсць асобная катэгорыя людзей, ва ўяўленні якіх дзяўчына не можа быць кур'ерам. Так здзіўляюцца, калі мяне бачаць! Але ім можа быць амаль любы чалавек. У банку, дзе я цяпер працую, узялі чалавека, які мае аўтызм, і ён выдатна спраўляецца з абавязкамі.

Маргарыта САЛОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.