Вы тут

Шукаеце працу ці спадарожніка жыцця? Дапаможа імідж-стыліст


Размовы аб прадстаўніках гэтай прафесіі ў сучасным свеце чуваць усё часцей, а патрэба ў адукаваных спецыялістах гэтага кірунку няўхільна расце. Калі пару гадоў таму па іх паслугі звярталіся толькі публічныя персоны, якім мець іміджмэйкера было, як той казаў, неабходна па статусе, дык сёння выглядаць стыльна жадае амаль кожны. У чым сутнасць гэтай моднай прафесіі? Што галоўнае — ісці за трэндамі ці заставацца сабой? На гэтыя і іншыя пытанні нам дала адказы імідж-стыліст з Мінска Наталля Дзярко.


Гутарка з нашай гераіняй пачалася з тлумачэння таго, чым стыліст адрозніваецца ад імідж-стыліста. Наталля прывяла прыклад і параўнала імідж-стыліста і стыліста з PR-менеджарам і менеджарам па рэкламе. Яны займаюцца сумежнымі справамі, але па-рознаму. Іміджмэйкер, як PR-спецыяліст, спачатку вывучае цяперашні імідж, а таксама месца кліента ў тым асяроддзі, дзе ён «круціцца». Затым, у залежнасці ад гэтага, пачынае з дапамогай стылістычных прыёмаў фарміраваць патрэбны вобраз. Далей ён выконвае функцыі стыліста, падбіраючы стыль, а потым фарміруе гардэроб з камплектаў адзення. Такім чынам, выкананне функцый стыліста — частка работы імідж-стыліста, у той час як стыліст, не валодаючы дадатковымі навыкамі, замяніць імідж-стыліста не можа. Прасцей кажучы, імідж-стыліст — гэта менеджар гардэробу. Ён аналітык і псіхолаг у адной асобе. Будучы прафесіяналам, спецыяліст дапамагае вырашыць нават такія праблемы, як пошук работы і спадарожніка жыцця. А стыліст — гэта той, хто фарміруе візуальную выяву з дапамогай адзення і аксесуараў.

Часта стылісты кіруюцца мэтай змяніць знешнасць кліента, зрабіць яго больш модным. Яны мяняюць стыль, і, як правіла, робяць гэта з вялікім поспехам. Але ў такім падыходзе ёсць небяспека таго, што кліент не здолее прыняць новы вобраз, ці, што яшчэ горш, гэты вобраз можа не супасці з прыярытэтамі заказчыка і проста не будзе працаваць.

— У гэтую прафесію я прыйшла даўно. Усё пачалося ў далёкія студэнцкія гады, калі мой свет у дачыненні да адзення перавярнуўся з ног на галаву. З-за цяжкага жыццёвага перыяду мне прыйшлося шукаць падпрацоўку. Я стала працаваць прадаўцом-кансультантам у краме адзення італьянскага брэнда. Знаходзячыся ў гандлёвым аб'екце, назірала, як пераадзяваюць манекены, як спалучаюць колеры і прынты. Ад усяго гэтага ў мяне гарэлі вочы. І вось да канца пятага курса я станаўлюся візуальным мерчандайзерам, а праз тры месяцы адпраўляюся на месяц у цудоўны горад Сафію на навучанне. У выніку дапрацавалася да кіраўніка крамы, — расказвае суразмоўніца. — Але праз тры гады работы на гэтай пасадзе мне катастрафічна стала не хапаць творчасці ў жыцці. І я вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі імідж-стыліста. Але, адправіўшыся на некалькі шопінгаў, зразумела: з жывымі людзьмі не так усё проста — яны не манекены і далёка не на ўсё згодныя, ва ўсіх ёсць комплексы, стэрэатыпы і г. д. Таму вырашыла развівацца далей у гэтым кірунку, паспяхова прайшла курсы стылю і ўжо чатыры гады працую імідж-стылістам, радую сваіх кліентаў.

У абавязкі нашай гераіні як імідж-стыліста ўваходзяць розныя паслугі ў залежнасці ад запыту кліента. Асноўнай і нязменнай з'яўляецца кансультацыя, падчас якой адбываецца знаёмства імідж-стыліста з заказчыкам, праводзіцца аналіз, дзейнасці і звычак чалавека, для таго каб зразумець, з якой мэтай ён прыйшоў да спецыяліста. Таксама на кансультацыі імідж-стыліст дае набор асноўных ведаў пра падыходзячыя кліенту адценні колераў і сілуэты, пазней дасылае гэтую ж інфармацыю ў выглядзе пісьмовых рэкамендацый. Наступнай асноўнай паслугай з'яўляецца разбор гардэробу і шопінг-суправаджэнне для яго абнаўлення і стварэння стыльных лукаў. Менш частым запытам пры рабоце з імідж-стылістам з'яўляецца стылізацыя вяселля, дзе спецыяліст цалкам падбірае вобразы маладым і дапамагае з агульнай стылістыкай мерапрыемства, а таксама работа з рознымі кампаніямі і стылізацыя камерцыйных здымак.

— Насамрэч людзі часта скептычна ставяцца да прафесіі імідж-стыліста, абапіраючыся на сцверджанні «Я сам/сама магу падабраць сабе добрае адзенне», «У мяне добры густ, навошта мне яшчэ стыліст?», «Толькі лішнія выдаткі». Чалавек у момант такіх разважанняў, вядома, не становіцца маім кліентам. Да вызначанага часу. Пакуль яго, як той казаў, «певень не дзеўбануў» ці пакуль яму не падарылі мой сертыфікат. Так, вядома, вы можаце мець выдатны густ, але часцяком шмат хто знаходзіцца ва ўладзе ўласна складзенага стэрэатыпа пра сябе. Яны ўжо назаўжды вырашылі: гэта мне падыходзіць, а гэта — не. І кропка, — працягвае Наталля. — Лічаць: «ды я лепш сэканомлю і куплю сабе яшчэ адну рэч, чым звярнуся да стыліста». І вось такі «эканаміст» сэканоміў і павесіў сабе ў шафу яшчэ адну непатрэбную рэч. У выніку мы бачым усё тога ж чалавека «без разыначкі»... Нарэшце ён разумее, што бегае па крузе, рэчаў шмат, а надзець няма чаго, і радасці ніякай. Вось тады вам тэрмінова трэба звярнуцца па дапамогу да спецыяліста — гэта дазволіць атрымаць аб'ектыўную прафесійную інфармацыю аб сабе, якасна абнавіць свой гардэроб і не здзейсніць ранейшых памылак.

Імідж-стыліст можа працаваць як з нейкім канкрэтным чалавекам індывідуальна, так і з цэлай кампаніяй у камерцыйных мэтах. Галоўнае ў пытанні работы, як адзначае наша гераіня, гэта наяўнасць жадання ў кліента, асабліва тое датычыцца індывідуальнай работы. Каб чалавек быў хоць бы крыху настроены памяняць сваё жыццё і ўбачыць у выніку работы новы бок сябе.

— У рабоце з імідж-стылістам існуе яшчэ адзін міф. Быццам мы дапамагаем збіраць толькі базавы гардэроб з чорна-белых адценняў. Так, мы сапраўды даём базу, аснову, з якой нашаму кліенту, пры жаданні, будзе ўжо ў далейшым прасцей самому выбіраць сабе адзенне, але не варта забываць, што база для кожнага свая. Гэта залежыць ад прафесіі чалавека, яго рытму і стылю жыцця: для кагосьці чырвоныя штаны — база, а для іншых — атрыбут вячэрняга ўбору. Яшчэ раз падкрэслю, базавая капсула для ўсіх розная, але яна павінна быць ва ўсіх.

Яшчэ адно распаўсюджанае памылковае меркаванне, якое Наталля неаднойчы чула падчас сваёй работы, гэта тое, што быць стыльнымі — дорага. З гэтым наша гераіня не згодная. Бо быць стыльнымі — не значыць адзявацца, як мадэлі з модных паказаў або селебрыці з чырвонай дарожкі. Пры рабоце з кліентамі наша суразмоўніца заўсёды ўлічвае фінансавыя межы, якія чалавек можа дазволіць сабе для куплі адзення, і падбірае модныя лукі ў залежнасці ад матэрыяльных магчымасцяў заказчыка.

— У наш час усё больш людзей, асабліва маладое пакаленне, гоніцца за трэндамі. Вядома, гэта важна і цікава, трэба перыядычна разбаўляць свой гардэроб імі. Але заўжды трэба памятаць, што мы ўсе індывідуальныя і што ўсім да твару розныя рэчы. Не трэба «ўпіхваць» сябе ў тое адзенне, у якім вы адчуваеце сябе некамфортна ці якое перашкаджае вашаму ладу жыцця, толькі таму, што гэта трэнд. У першую чаргу заўсёды заставайцеся самімі сабой, а адукаваны імідж-стыліст вам заўсёды ў гэтым дапаможа і падкрэсліць вашу індывідуальнасць.

Ангеліна НОВІКАВА.

Фота дадзены гераіняй.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».