Вы тут

Ніобій для пірсінгу, або ўніверсальнае ўпрыгажэнне


Сёння шмат хто хоча ці ўжо мае пірсінг, таму што мода на яго не знікае колькі сезонаў запар. Наколькі гэта бяспечна, мы даведаліся ў майстра ў дадзенай сферы Ганны Бадзюковай.


— Пірсінг пачаў цікавіць мяне яшчэ ў падлеткавым узросце. Тады было вельмі модна мець розныя праколы. Многія не хадзілі да майстра і спрабавалі зрабіць іх самі сабе або адзін аднаму, і я не стала выключэннем. Мне спадабаўся вынік і маім сябрам таксама. Многія пачалі звяртацца з просьбамі, і я не адмаўляла. Вынік на іншых таксама атрымліваўся добры: гаенне праходзіла хутка. Тады і зразумела, што павінна развівацца ў гэтай сферы, заняцца ёй прафесіянальна.

Калі вы хочаце зрабіць пракол, то перш за ўсё, па словах нашай суразмоўніцы, трэба вызначыцца, які менавіта від вы жадаеце. Найбольшай папулярнасцю заўсёды карыстаюцца праколы храсткоў і вушных мочак, а таксама крыла носа. Перыядычна ў індустрыі пірсінгу з'яўляюцца трэнды. Так, ужо некалькі гадоў папулярныя праколы перагародкі носа — «септум». Яшчэ ёсць залежнасць ад сезона. Улетку попытам карыстаюцца тыя, што знаходзяцца на вачах: мікрадэрмалы, праколы пупка, плоскасныя праколы і гэтак далей, а зімой — ротавай поласці.

— Неабходна ведаць, што розныя віды праколаў маюць узроставыя абмежаванні, звязаныя з развіццём чалавечага цела. Так, у падлеткавым узросце храсткі дрэнна паддаюцца гаенню і схільныя да розных ускладненняў. Акрамя таго, да пэўнага ўзросту дзеці не здольныя ўсведамляць неабходнасць правільнага догляду і не разумеюць небяспеку з'яўлення ўскладненняў. Я рэкамендую рабіць праколы мочак з чатырнаццаці гадоў, храсткоў з шаснаццаці гадоў, большасць іншых відаў — з пятнаццаці. Акрамя мінімальнага ўзросту, існуе яшчэ і максімальны, але ён для кожнага чалавека індывідуальны. З узростам зніжаецца пругкасць скуры і здольнасць яе да рэгенерацыі. Таксама зніжаецца імунітэт, што ўплывае на гаенне.

Два галоўныя прынцыпы для любых праколаў — чысціня і спакой. Для чысткі ідэальна падыдзе фізіялагічны раствор натрыю хларыду, які лёгка можна прыгатаваць у хатніх умовах. Але адной такой працэдуры ад выдзяленняў будзе недастаткова, калі не забяспечыць спакой. Часцей за ўсё ўскладняюцца праколы, на якіх спяць, якія тузаюць і чапаюць бруднымі рукамі.

— Для праколаў часцей за ўсё выкарыстоўваецца адмысловы тытан, які прымяняецца пры пратэзаванні ў медыцыне. Даражэйшы і ідэальна падыходзячы матэрыял — золата. Але з ім не ўсё так проста: у чыстым выглядзе золата не выкарыстоўваецца для вытворчасці ўпрыгажэнняў, таму вельмі важны склад яго прымесяў. Сплаў металу не павінен утрымліваць нікелю, менавіта з гэтай прычыны залатая «ювелірка» з крамаў для свежых праколаў не падыдзе, хіба толькі ўпрыгажэнні спецыялізаваных брэндаў. Таксама ў апошні час набірае папулярнасць такі матэрыял, як ніобій, ён таксама цалкам бяспечны для арганізма, сплавы практычна на сто працэнтаў складаюцца толькі з яго самога. Склад упрыгажэння можа выклікаць алергію ў схільных да гэтага людзей. Самы распаўсюджаны алерген — нікель. Ён утрымліваецца, напрыклад, у медыцынскім сплаве і ювелірным золаце.

Многія з тых, хто хочуць зрабіць пірсінг, перажываюць адносна болю. На пытанне кліентаў пра яго наша гераіня адказвае: «Гэта хутка і амаль не адчувальна». Сам пракол робіцца менш, чым за секунду. Хоць адчувальнасць у кожнага свая. Нават у аднаго і таго ж чалавека яна на розных участках цела будзе рознай. Але для большасці людзей самымі бязбольнымі з'яўляюцца праколы языка, «смайл» (вуздэчка над верхняй губой), мочкі вуха. Таксама Ганна заўважыла наступнае: пры выкананні аднатыпных праколаў запар, другі адчуваецца больш балюча, чым першы.

— Нягледзячы на невялікі боль, я лічу, што анестэзія для пірсінгу не патрабуецца, бо гэта вельмі хуткая і цалкам выносная працэдура. А вось ін'екцыя пад скуру будзе больш балючая, чым сам пракол. Мне здаецца, што нават аднаго гэтага аргумента павінна быць дастаткова, каб адмовіцца ад яе. Разнастайныя абязбольвальныя спрэі і мазі дзейнічаюць вельмі павярхоўна і не могуць абязболіць пракол. Больш за тое, анестэзія не зусім бяспечная. Прэпарат можа выклікаць алергічную рэакцыю рознай ступені цяжкасці, аж да анафілактычнага шоку, або негатыўна адбіцца на гаенні.

На заканчэнне нашай гутаркі суразмоўніца падкрэсліла, што, нягледзячы на модныя тэндэнцыі, рашэнне — рабіць пірсінг ці не — павінна быць свядомым і асабістым, а не абумоўленым староннімі фактарамі. Але тое, што пірсінг — універсальнае ўпрыгажэнне, якое ў сучасным свеце падыходзіць абсалютна ўсім, яна цалкам упэўненая.

Мілана МІХАЙЛАВА, выпускніца 7 класа СШ № 36 г. Мінска

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.