Вы тут

Дабрачынныя забегі, здаровае харчаванне, спартыўны квэст.


Горкі — горад асаблівы. Тут ў XІX стагоддзі быў адкрыты першы ў Расійскай імперыі земляробчы інстытут. А ў 2014 годзе раённы цэнтр стаў першым населеным пунктам у Магілёўскай вобласці, дзе прапісаўся праект «Горкі — здаровы горад». На сёння ён адзіны з Беларусі ўваходзіць у сетку Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здаровыя гарады». У Год гістарычнай памяці Горкі, як і любы іншы горад, які бярэ ўдзел у культурна-спартыўным фестывалі «Вытокі», робіць акцэнт на культурнай спадчыне, беларускіх брэндах, творчых майстар-класах, спартыўных конкурсах. І яму ёсць што паказаць і пра што расказаць. «Вытокі» будуць гасцяваць у Горках два дні — 22 і 23 ліпеня. Прычым першы цалкам прысвечаны вывучэнню патэнцыялу раёна.


Здароўе — вялікая каштоўнасць, менавіта гэты пасыл быў закладзены ў абноўленую Канстытуцыю нашай краіны і нават змешчаны ў асобную норму, якая агаворвае, што ад самога чалавека залежыць, як ён захавае гэты скарб. У Горках пайшлі далей. Тут стварылі і працягваюць ствараць умовы для таго, каб чалавек быў здаровым, меў магчымасць займацца спортам і атрымліваў доступ да натуральных, карысных для нармальнай жыццядзейнасці прадуктаў. Другі складнік, якому надаецца не меншае значэнне, — патрыятычны. Грамадзянін краіны павінен ведаць гісторыю сваёй Радзімы і паважаць яе. З улікам гэтых акалічнасцяў складзены і маршрут прэс-туру па раёне.

— Старт фестывалю будзе пакладзены велапрабегам ад мемарыяла «Засмучаная маці» з сімвалічнай працягласцю 77 кіламетраў (па колькасці гадоў Вялікай Перамогі), — звяртае ўвагу намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Ларыса Крывіцкая. — Гэта наша даніна павагі да тых, дзякуючы каму мы сёння жывём пад мірным небам. Удзельнікі велапрабегу зробяць прыпынак у аграгарадку Леніна, каб далучыцца да прэс-туру і наведаць Музей савецка-польскай баявой садружнасці. Тут жа, у Леніне, адбудзецца ўскладанне кветак. Пасля веласіпедысты працягнуць свой маршрут, а журналістаў чакае знаёмства са славутасцямі раёна.

Тут шмат цікавых турыстычных куточкаў, якія вабяць сваімі народнымі традыцыямі, сакральнай аўтэнтычнасцю. Зазірнуць у мінулае і ўбачыць, чым жылі продкі, дапаможа падарожжа на аграсядзібу «Мерэя», дзе знакаміты горацкі народны фальклорны калектыў «Паршынскія зоры» прэзентуе чароўны абрад «Зельніца».

— Гэта наша нематэрыяльная спадчына, — падкрэслівае суразмоўніца. — Абрад зусім нядаўна адроджаны, яго падрыхтавалі спецыяльна для фестывалю. Звязаны з нарыхтоўкай зёлак.

«Паршынскія зоры» — наогул асобная тэма для размовы. Калектыву ўласцівыя непаўторная манера выканання, у яго рэпертуары больш чым 200 адроджаных беларускіх песень.

Бясконца можна расказваць яшчэ пра адну жамчужыну Горацкага раёна — батанічны сад Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён таксама задзейнічаны ў праграме прэс-туру. Батанічны сад яшчэ ў XІX стагоддзі, калі акадэмія была Горы-горацкай земляробчай школай, ствараўся як навукова-даследчая лабараторыя для студэнтаў. Адным з галоўных яго дасягненняў з'яўляецца дэндрарый, які аб'яўлены батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. У 2009 годзе батанічны сад акадэміі ўключаны ў Савет батанічных садоў Беларусі і Расіі.

Станоўчы імідж раёна фарміруе і адно з вядучых прадпрыемстваў — «Малочныя горкі». Тут выпускаюць звыш 60 найменняў прадукцыі. У рамках праекта «Горкі — здаровы горад» яно вырабляе асаблівую прадукцыю, разлічаную на спартсменаў і людзей, якія вядуць здаровы спосаб жыцця. З 2014 года распрацавана лінейка прадуктаў пад брэндам Exponenta. Яны асабліва карысныя пры павышаных фізічных нагрузках, а таксама пры знаходжанні ў экстрэмальных і экалагічна неспрыяльных умовах. Малочную прадукцыю Горак добра ведаюць у Расіі і Казахстане.

Семінар-практыкум «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння», які пройдзе на базе акадэміі з удзелам спецыялістаў Вышэйшай школы трэнераў і спартыўных арганізацый Магілёўскай вобласці, істотна папоўніць веды пра алімпійскія каштоўнасці і дасягненні беларускіх атлетаў на галоўных стартах чатырохгоддзя.

Завершыцца першы фестывальны дзень канцэртам арганнай музыкі Валерыя Шмата.

Асноўныя мерапрыемствы свята, з удзелам вялікай колькасці людзей, адбудуцца на другі дзень. Месцам падзей стане Цэнтральная плошча і вуліца Якубоўскага ад Вакзальнай і да Сурганава. Фестывальныя пляцоўкі будуць мець амаль кіламетровую працягласць. Іх мантаж пачаўся ў сераду.

Тэма свята ў Горках — «Земляробчая школа». Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія — адна з найстарэйшых і найбуйнейшых шматпрофільных вышэйшых навучальных устаноў аграрнага напрамку сярод краін СНД і Еўропы, адлічвае час свайго існавання з 1840 года.

— Будзе арганізавана выстава, якая раскажа пра развіццё ўстановы ад моманту яе ўзнікнення, — удакладняе Ларыса Крывіцкая. — Гэта і развіццё тэхнікі, і архіўныя дакументы, і дасягненні. Будзе шмат цікавага — не стану загадзя раскрываць усе карты.

Аматары старых фота змогуць зрабіць на памяць здымак у стылі мінулых гадоў. Умоўная назва фотаатэлье — «Рэвалюцыйнае». Парадуюць Горкі і сваёй нацыянальнай кухняй. Сельсаветы, для якіх дэманстрацыя страў — першая справа, абяцаюць прыгатаваць нешта вельмі сімвалічнае і нават кароннае. Знойдзецца месца і для звыклых страў — юшкі, драных аладак, кашы. Тэрыторыя на карце свята пабазначана як прывал.

Федэрацыя лёгкай атлетыкі арганізуе забег на дыстанцыю звыш кіламетра па вуліцы Якубоўскага. Усе ўдзельнікі пасля забегу атрымаюць медалі. Удзел платны, але ўсе грошы пойдуць на лячэнне цяжкахворых дзяцей.

У фестывалі бяруць удзел вядучыя беларускія кампаніі па вырабе харчовай і прамысловай прадукцыі, прадпрыемствы легпрама прэзентуюць свае новыя калекцыі ў праекце «Роднае — моднае». Раёны Магілёўскай вобласці запросяць на свае падворкі, дзе будуць дэманстраваць самае адметнае і цікавае, што ў іх ёсць. Свае «фішкі» рыхтуе так званая адукацыйная пляцоўка. Прафтэхліцэі і каледжы вобласці прадэманструюць дасягненні па розных кірунках. Установы дашкольнай адукацыі запросяць да ўдзелу ў спартыўных праграмах. Рамеснікі зладзяць пазнавальныя майстар-класы.

Цэнтральнай падзеяй стане алімпійскі квэст, які пройдзе на Цэнтральнай плошчы. Там будуць працаваць 26 лакацый. Каб атрымаць падарунак ад НАК, трэба будзе прайсці як мінімум 15 з іх.

Да паслуг наведвальнікаў — зона фуд-кортаў, сямейнага адпачынку, выстава-продаж «Беларускія брэнды». Будзе прадстаўлена перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, азнаямленчая пляцоўка Міністэрства надзвычайных сітуацый.

У праграме таксама конкурс маладых вакалістаў, канцэрт з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады, які завершыцца феерверкам.

— Заўсёды прыемна прымаць такога ўзроўню мерапрыемствы, — кажа Ларыса Крывіцкая. — Гэта падштурхоўвае да яшчэ больш беражлівых адносін да роднага горада. У падрыхтоўцы задзейнічаны практычна ўсе службы. Наш горад спартыўны, маладзёжны і здаровы, напэўна, таму гэтае свята да нас і завітала. Папулярызацыя здаровага спосабу жыцця ў нас заўсёды на першым плане. А «Вытокі» гэтаму садзейнічаюць.

Фестываль дае магчымасць пазнаёміцца бліжэй з асноўнымі відамі спорту, якія папулярызуюцца ў Беларусі, і стаўка робіцца перш за ўсё на дзяцей. Мэта — абудзіць іх цікавасць да таго ці іншага віду спорту. У Горках працуе ДЮСШ па шасці відах спорту. І свята — нешта накшталт дня адчыненых дзвярэй, каб азнаёміцца з магчымасцямі спартыўнай ўстановы.

— Горкі ганарацца вынікамі спартсменаў коннага аддзялення і аддзялення вольнай барацьбы, — звяртае ўвагу Ларыса Крывіцкая. — З выязных спаборніцтваў яны часта вяртаюцца з дыпломамі і кубкамі. Маладыя трэнеры актыўна рыхтуюць будучых зорак футбола. Наогул колькасць навучэнцаў, якія наведваюць дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, толькі за год вырасла з 380 да амаль 500. Больш стала дзяцей на конным аддзяленні. З райцэнтраў Горкі адзіныя, дзе ёсць магчымасць займацца гэтым відам спорту. На фестывалі будзе лакацыя, дзе адбудзецца выступленне выхаванцаў гэтага аддзялення, а потым усе жадаючыя паспрабуюць сябе ў ролі коннікаў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкама Аляксандр Бяляцкі адзначае, што на свята прыедзе шмат майстроў з розных раёнаў. Будзе арганізавана выстава-продаж іх вырабаў і работа майстар-класаў.

— Мы пачалі рыхтавацца да такой адказнай місіі з пачатку года, — падкрэсліў суразмоўнік. — Рыхтавалі месцы правядзення фестывалю, займаліся добраўпарадкаваннем горада, аб'ектаў. Плануем з установамі адукацыі зрабіць выстаўку дасягненняў нашых пераможцаў і прызёраў. Будзе магчымасць пазнаёміцца з нашымі ўнікальнымі народнымі ўмельцамі, сярод іх народны майстар па лозапляценні Галіна Сцепанькова. Дзіцячая ўзорная студыя «Чарадзейка» прадэманструе дэфіле ў касцюмах з саломы. Усё пералічваць няма сэнсу. Лепш самім прыехаць і ўсё ўбачыць на свае вочы.

Пасля Горак фестываль «Вытокі» перамяшчаецца ў старадаўні Полацк (12—13 жніўня). Яго арганізатары — Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў, ТАА «АртХаос» і ТАА «БелБрэндАўдыт». Галоўная мэта праекта — раскрыццё патэнцыялу рэгіёна праз спорт, культуру, навуку і адукацыю.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота: planetabelarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зрабіць выбар дзеля будучыні

Зрабіць выбар дзеля будучыні

Крыху больш за два тыдні застаецца да важнага і адказнага кроку ў жыцці кожнага з нас — да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў. 

Грамадства

МНС нагадвае аб правілах бяспекі на лёдзе

МНС нагадвае аб правілах бяспекі на лёдзе

Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва.