Вы тут

Якімі тэмпамі ідзе ўборачная?


Паводле даных Мінсельгасхарча, на 20 ліпеня па краіне ўбрана больш за 59 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур (акрамя кукурузы, грэчкі і проса), што складае менш за тры працэнты ад агульнай колькасці ўборачных плошчаў. У лідарах — Брэстчына, якая традыцыйна раней за іншыя рэгіёны пачынае жніво. Паўночныя рэгіёны толькі стартуюць, Віцебская і Магілёўская вобласці ўбралі менш за адзін працэнт ад сваіх плошчаў. Збожжа там яшчэ спее. Масавай лічыцца ўборка, калі ўраджай ужо вывезены з пяці працэнтаў палёў. Пакуль рана казаць пра ўраджайнасць збожжавых, але традыцыйна самы ўраджайны рэгіён — Гродзенскі. Цяпер там атрымліваюць каля 60 цэнтнераў з гектара, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Асобныя гаспадаркі маюць да 100 цэнтнераў з гектара.


Фота: pixabay.com

Ураджайнасць азімага ячменю радуе

«Пачалася ўборка збожжавых і крыжакветных культур. Убрана 75 працэнтаў азімага ячменю, ураджайнасць нас радуе — больш за 50 цэнтнераў з гектара, — прывёў лічбы на 19 ліпеня Уладзімір Гракун. — У цэлым нам трэба ўбраць 2,5 мільёна гектараў збожжавых і зернебабовых культур разам з кукурузай на зерне. Ураджай збожжа чакаецца ў аб'ёме звыш дзевяці мільёнаў тон (з кукурузай). Больш за 800 тысяч тон чакаем намалот крыжакветных. Цяпер ідзе ўборка азімага рапсу, азімай свірэпіцы. Мы павінны ўбраць больш за 300 тысяч гектараў гэтых культур і яшчэ 60 тысяч яравога рапсу. На падыходзе азімыя жыта, пшаніца, трыцікале. 85 працэнтаў пасеваў знаходзіцца ў добрым стане. Пры гэтым плошчы збожжавых і зернебабовых большыя, чым летась».

Паводле яго слоў, ва ўборачнай кампаніі ў Беларусі будзе задзейнічана 7,5 тысячы збожжаўборачных камбайнаў, 237 з іх новыя, гатоўнасць тэхнікі складае больш за 93 працэнты. Сёлетняя сезонная патрэба ў механізатарах — 35 тысяч чалавек, маецца каля 32 тысяч, каля трох тысяч будуць набраныя з прамысловых прадпрыемстваў, навучальных устаноў, а таксама з іншых галін сельскай гаспадаркі. Дзяржзаказ складае больш як 800 тысяч тон зерня (пшаніца, жыта, ячмень). Прадстаўнік профільнага міністэрства не сумняваецца, што апошні будзе выкананы — у краіне будзе дастаткова харчовага збожжа, круп, таксама будзе забяспечана піваварная галіна і вытворчасць спірту.

Паралельна з уборкай збожжавых не спыняюцца работы і па іншых напрамках. Ідзе нарыхтоўка кармоў, церабленне лёну, уборка ранняй агародніны. Працягваецца клопат пра пасевы.

«Фарміруем ураджай цукровых буракоў, кукурузы, — заўважыў намеснік міністра. — Уборка збожжавых будзе пераходзіць у падрыхтоўку глебы для восеньскай сяўбы пад ураджай 2023 года».

Леташні ўраджай цукровых буракоў удосталь забяспечыў вытворчасць гэтага прадукту для ўнутранага рынку, адзначыў Уладзімір Гракун. Сёлета плошчы пад дадзеную культуру павялічаныя. Чаканы ўраджай цукровых буракоў — не менш як пяць мільёнаў тон. «Гэта цалкам дастаткова для таго, каб забяспечыць сваё насельніцтва і мець экспартны патэнцыял», — сказаў ён.

Віцебшчына стартавала

На Віцебшчыне пакуль убрана ўсяго 200 гектараў, што складае 0,05 працэнта агульнай плошчы. Тут ураджай яшчэ фарміруецца — збожжа наліваецца.

Уборка азімага ячменю на поўначы краіны набірае тэмп. Як расказаў начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Валерый Нярозя, у гэтыя дні мясцовыя аграрыі актыўна ўбіраюць азімую свірэпіцу — убрана ўжо палова з 7,8 тысячы гектараў, сярэдняя ўраджайнасць складае 6,9 цэнтнера з гектара.

Уборка рапсу пакуль не пачалася. Па словах старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна, паўночны рэгіён плануе зайсці па намалоце за мільён тон збожжа і зрабіць паўтарагадовы запас кармоў. Гэта магчыма за кошт назапашаных угнаенняў, якіх сёлета ўнеслі ўдвая больш, і адладжанага тэхнічнага працэсу ўборкі.

Надзея на збожжа

У паўднёвых раёнах Магілёўшчыны заканчваецца ўборка азімага ячменю, наперадзе — рапс.

Аднымі з першых прыбралі азімы ячмень у Магілёўскім раёне. Гэтую культуру тут высадзілі ўпершыню і засталіся задаволеныя вынікамі.

— Азімы ячмень быў пасеяны на плошчы 330 гектараў, яго ўраджайнасць склала 44 цэнтнеры з гектара, — адзначыў першы намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Генадзь Давыдаў. — Перавага дадзенай культуры ў тым, што яе рана ўбіраюць. За кошт гэтага зніжаецца нагрузка на камбайн.

Суразмоўнік звяртае ўвагу на тое, што азімы ячмень — добры папярэднік пад азімы рапс. Зерне само па сабе атрымалася нядрэннае, ураджайнасць таксама. Нехта плануе здаць сабранае на піваварэнне, таму што культура з нізкім утрыманнем бялку, нехта пакідае на корм, нехта — на насенне. У гаспадарак ёсць намер налета павялічыць пасяўныя плошчы.

Сёлета культура заняла 5516 гектараў па вобласці. На 19 ліпеня было прыбрана больш за 40 працэнтаў, намалочана восем тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 35,7 ц/га.

— У ліку першых уборку закончылі Асіповічы, Бабруйск, Быхаў, — адзначае намеснік начальніка аддзела інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінская. — А вось паўночныя раёны яшчэ не распачалі ўборку. Працягваецца нарыхтоўка свірэпіцы. Хутка пачнецца ўборка рапсу. Пакуль ім спрабуе займацца толькі Бабруйскі раён.

Спецыялісты кажуць, што азімы рапс перазімаваў дрэнна, моцна пацярпеў ад вясновых замаразкаў.

— Па Магілёўшчыне наогул рапс не атрымаўся, — пацвярджае Генадзь Давыдаў. — Зімоўка дрэнна адбілася на культуры. Пасевы зрэджаныя, месцамі аслабленыя. Халодная восень, «цягучая» вясна зрабілі сваю справу. У каго рапс прапаў з вясны, перасявалі яравым, і пакуль разлікі на ўраджай нядрэнныя. Па ўтрыманні алею ён крыху ніжэйшы, чым азімы, але не крытычна. З рапсу вырабляецца шрот на корм жывёле, харчовы алей і тэхнічнае масла. Культура вельмі каштоўная, ніякая іншая яе не заменіць. Таму Прэзідэнт і звяртае ўвагу на тое, каб прыбраць рапс да адзінага зярнятка. Цана яго высокая, попыт ёсць.

У Магілёўскім раёне да пакосу рапсу і азімай пшаніцы, якая паспявае раней, чым іншыя культуры, падыходзяць на наступным тыдні.

— Пасевы разнашэрсныя, ёсць так сабе і вельмі добрыя. Азімых збожжавых чакаецца добры ўраджай, а вось яравыя ўрадзілі па-рознаму — ёсць і горш, і лепш, — дае ацэнку суразмоўнік.

Масавую ўборачную ў раёне распачнуць у канцы месяца.

— Рамонт камбайнаў зрабілі, комплексы сушыльныя гатовыя да прыёмкі ўраджаю, — рэзюмуе Генадзь Давыдаў. — Звыш 100 збожжаўборачных камбайнаў будзе задзейнічана ў рабоце. Збор ураджаю — работа сезонная, таму прыцягваем кіроўцаў са старонніх арганізацый. Гэта работнікі «Зелянбуда», лясгаса — усе вакансіі камбайнераў закрытыя. У якасці падсобных рабочых будуць выкарыстаны ўнутраныя рэзервы.

На мінулым тыдні ў Магілёўскім аблвыканкаме з удзелам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло абмеркавалі гатоўнасць сельгасарганізацый да ўборачнай. На пасяджэнні агучвалася, што сёлетні валавы збор збожжавых і зернебабовых з улікам кукурузы чакаецца на Магілёўшчыне ў аб'ёме 1312 тысяч тон. Для параўнання, летась было 975 тысяч тон. Паводле інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, на ўборцы збожжа і азімага рапсу будзе задзейнічана 1045 камбайнаў. Пры спрыяльных умовах надвор'я ўборку плануецца правесці на працягу 18—20 дзён.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.