Вы тут

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі пытанні сацадаптацыі дзяцей з аўтызмам


Нарада праходзіла на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй КАЧАНАВАЙ. Абмяркоўваліся пытанні стварэння ўмоў для навучання, рэабілітацыі, сацыяльнай адаптацыі і фізічнага развіцця дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра. У Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час пад назіраннем урача-псіхіятара-нарколага з прычыны РАС знаходзіцца 2770 дзяцей, іх колькасць расце. ​


Па сусветных навуковых дадзеных распаўсюджанасць РАС складае 1 выпадак на 160 нованароджаных. Як адзначыла Наталля Качанава, прычынай правядзення нарады паслужылі звароты ў Савет Рэспублікі бацькоў такіх дзяцей:

— У Беларусі дзеці — прыярытэт сацыяльнай палітыкі, у гэтым няма ніякага сумнення. Усё, што робіцца ў краіне і заканадаўча ўрэгулявана, варта павагі. Гэта навучанне, лячэнне дзяцей, цэнтры карэкцыйнага развіцця, якія ёсць у кожным горадзе і раёне. Гэта тая дапамога, якая аказваецца дзяржавай сем’ям, што выхоўваюць такіх дзяцей. Але разам з тым пры абмяркоўванні пытанняў з бацькамі мы бачым, што не заўсёды на месцах гэта вырашаецца так, як трактуе наша заканадаўства і як павінна быць выбудавана гэтая праца. Не заўсёды настаўнікі гатовы працаваць з такімі дзецьмі, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.

Адзін з асноўных пасылаў, які выказваўся ўдзельнікамі нарады, — неабходна больш актыўна інтэграваць такіх дзяцей у грамадства: 

— Яны павінны вучыцца ў звычайнай школе, атрымліваць адукацыю і ў далейшым павінны быць інтэграваныя ў соцыум. Яны павінны разам з намі жыць і працаваць, адчуваць сябе камфортна і прыносіць карысць краіне, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Акрамя гэтага, спікерамі выказвалася меркаванне, што некаторыя з настаўнікаў не маюць неабходных ведаў і вопыту, каб працаваць з дзецьмі, якія маюць расстройства аўтыстычнага спектру. Гэты аспект таксама патрабуе вырашэння. 

Міністр аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ адзначыў, што актуальнасць праблемы будзе толькі ўзрастаць — за апошнія 5 гадоў агульная колькасць дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектру, якія знаходзяцца пад назіраннем спецыялістаў, вырасла ў 2,4 раза. 

— З улікам змененых сусветных падыходаў да вядзення і лячэння пацыентаў з РАС распрацаваны змены ў існуючыя клінічныя пратаколы дыягностыкі і лячэння пацыентаў з псіхічнымі і паводніцкімі расстройствамі (дарослае і дзіцячае насельніцтва). Прынята рашэнне аб перапрафіляванні Рэспубліканскага дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі для аказання рэабілітацыйнай дапамогі дзецям з РАС і іншымі псіхічнымі расстройствамі, — дадаў міністр. 

У сваю чаргу міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ паведаміў, што каля 15% дзяцей з аўтызмам атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю ў звычайных групах і класах і пры неабходнасці — карэкцыйна-педадагічную дапамогу. Каля 10% навучэнцаў па медпаказаннях атрымліваюць адукацыю дома.

Астатнія атрымліваюць спецыяльную адукацыю ва ўстановах спецадукацыі:

— Сёлета прайшлі два семінары па гэтай праблематыцы. Мы запрашаем грамадскія арганізацыі, то бок тых людзей, якія кожны дзень сутыкаюцца з гэтымі пытаннямі. Семінары дазваляюць распрацоўваць нарматыўна-прававое забеспячэнне міжведамаснага ўзаемадзеяння ў галіне інклюзіі на ўсіх этапах, — адзначыў Андрэй Іванец.

Ва ўстановах адукацыі краіны ўведзена больш за 1300 штатных выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, а таксама выхавальнікаў, якія ажыццяўляюць персанальнае суправаджэнне дзяцей з аўтызмам. 

— Ідэя інклюзіўнага грамадства базуецца на разуменні кожным грамадзянінам важнасці і каштоўнасці асобы кожнага чалавека, — адзначыла Вера ХІТРУК, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. — Культура такога кшталту выбудоўваецца гадамі. Гаворка ідзе аб паступовым, мэтанакіраваным выхаванні кожнага чалавека, пачынаючы з моманту яго нараджэння. Гэта тычыцца не толькі урачоў або педагогаў, але кожнага з нас. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.