Вы тут

Ігар Шуневіч: Мая мара — стварыць жаночы паляўнічы клуб


Ігара Шуневіча ўсе ведаюць як міністра ўнутраных спраў з 2012 да 2019 года. З восені мінулага года генерал-лейтэнант міліцыі запасу ўзначальвае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, і гэта таксама не засталося незаўважаным. Пра таварыства адразу ж загаварылі ў СМІ. Новую эпоху жыцця грамадскай арганізацыі пазначыла нядаўняе наваселле цэнтральнага апарату. Сам старшыня звярнуўся з шэрагам прапаноў да ўрада, далажыў аб стане спраў кіраўніку дзяржавы, у ліпеню ўступаюць у сілу пэўныя заканадаўчыя змяненні ў дадзенай сферы. І падобна, гэта толькі пачатак. «Звязда» распытала кіраўніка БТПР пра яго ідэі і бачанне развіцця паляўніцтва і рыбалоўства ў Беларусі.


«Жанчыны лепш стрымліваюць эмоцыі. І дыхаюць»

У пачатку інтэрв’ю прызналася Ігару Шуневічу, што рыхтавалася да размовы. «Можа, і ў Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў уступілі?» — спытаў ён.

— Не, — прыйшлося прызнавацца далей. — Наўрад ці змагла б стаць паляўнічым.

— Не абавязкова ж паляўнічым, — заўважыў суразмоўнік. — Можна і рыбаловам стаць.

— Ну, рыбаловам... — сумелася, не ведаючы, ці варта прызнавацца ў тым, што ем рыбу і мяса з задавальненнем, а вось здабываць...

— Можна заняцца стэндавай стральбой з паляўнічай стрэльбы, — прапанаваў генерал.

— Стэндавая... — задумалася я, бо чула, што стральба ў ціры мае псіхатэрапеўтычны эфект. — Трэба паспрабаваць!

— Падумайце!

— Ведаю, што ў вас нешта для жанчын спецыяльнае створана.

— Для жанчын у нас усё, — запэўніў кіраўнік аб’яднання беларускіх паляўнічых і рыбаловаў. — Мы ўвогуле дзеля жанчын усё робім. Навошта на паляванне мужчына хадзіў? Каб не проста накарміць жанчыну, але і ўразіць яе. А калі сур’ёзна, мы сёлета перафармаціравалі рэспубліканскія спаборніцтвы па стралкова-паляўнічым спорце, увялі новую канкурэнтную групу для жанчын. Жанчыны — члены БТПР бяруць удзел нараўне з мужчынамі, але пакуль толькі ў дысцыпліне «стэндавая стральба». Вырашалі пачаць з яе, потым плануем дапусціць жанчын і да іншых дысцыплін. Дзеці, дарэчы, таксама ўдзельнічаюць у спаборніцтвах — у стральбе з пнеўматычнай зброі.

— У гэтым наспела патрэба?

— Вядома. Мая мара — стварыць жаночы паляўнічы клуб. Бачу ў гэтым папулярызацыю нашай грамадскай арганізацыі. Хачу пераадолець тэндэнцыю да змяншэння яе членаў. Ёсць некалькі шляхоў, у тым ліку заваяванне жаночай часткі грамадства. Калі жанчыны захопяцца паляваннем ці рыбалкай, то і мужчын адпускаць будуць лягчэй, ды і колькасць членаў таварыства вырасце. Дзяцей больш ахвотна прывядуць сюды. У рабоце з падлеткамі мы ідзём па шляху не толькі і не столькі палявання і рыбалкі, колькі экалагічнай адукацыі. Хочам уклініцца ў навучальны працэс. Прапануем Міністэрству адукацыі, каб прадстаўнікі таварыства прысутнічалі ў кожнай школе, асабліва вясковай, у якасці настаўнікаў дысцыпліны аб правільным і гарманічным знаходжанні ў прыродзе. Гаворка пра навыкі бяспечных паводзін, аказання першай дапамогі, арыентавання, гарманічнага суіснавання з прыродай. Паляванне і рыбалка прыйдуць потым, і не для ўсіх. Але гэтыя навыкі патрэбныя ўсім. Стральба — адзін з элементаў такога працэсу, не самы галоўны, але самы цікавы для тых жа падлеткаў.

— У савецкіх школах старшакласнікаў вучылі абыходзіцца са зброяй.

— Я казаў міністру адукацыі, што мы можам паўдзельнічаць у аднаўленні курса агнявой падрыхтоўкі старшакласнікаў. Лічу, што любыя віды стральбы садзейнічаюць больш арганічнаму развіццю чалавека.

— Якім чынам?

— Што такое стральба як феномен? Гэта не проста спорт. Гэта занятак, які, па-першае, дысцыплінуе. Хто самы законапаслухмяны ў краіне? Паляўнічыя. Бо правапарушэнні цягнуць адкліканне ліцэнзіі і канфіскацыю зброі. Чалавек, які валодае добрай зброяй, вельмі асцерагаецца парушыць закон у любой форме, бо тады пазбавіцца дарагіх для яго прадметаў і заняткаў. Стралковая падрыхтоўка ўключае правілы бяспекі, навучанне адказнасці, канцэнтрацыі, фізічную падрыхтоўку, работу мозга і шмат што яшчэ.

— Жанчыны падчас стральбы адрозніваюцца ад мужчын?

— Як і ва ўсім астатнім. Жанчыны ёсць розныя. Адны хутка схопліваюць, ім дастаткова паказаць адзін-два разы. Іншыя рухаюцца наперад павольна, але ўпэўнена. Абодва варыянты добрыя. Вынік адзін, і ён заўсёды лепшы, чым у мужчын.

— Чаму?

— Жанчыны больш адказныя і ў іх іншая фізіялогія. Яны здольныя лепш стрымліваць эмоцыі, лепш сябе кантралююць. У вас лепш атрымліваецца правільна дыхаць. Вы дыхаеце як жабкі — спакойна, павольна, усімі грудзямі.

«Мне падаецца вельмі спрэчнай ідэя закопваць у зямлю сотні тон добрага прадукту»

— Гэтым летам уступаюць у сілу новыя нормы ў паляванні і рыбалоўстве. Што сярод змяненняў самае асноўнае?

— Мы прыводзім у парадак сферу падводнага палявання. Раней гэты від дзейнасці быў недастаткова ўрэгуляваны, нягледзячы на тое, што ён складаны і небяспечны. Падводная стрэльба мае сур’ёзныя паражаючыя элементы. Рэестр падводных паляўнічых ужо створаны, выдаём пасведчанні. На сёння зарэгістравана 1300 падводных паляўнічых, сярод іх пяць жанчын. Штодня падпісваю новыя дакументы, дынаміка зваротаў не зніжаецца, некаторыя скардзяцца на тэрміны, але прашу аднесціся з разуменнем: гэта новая справа для таварыства і мы самі зацікаўленыя хутчэй завяршыць работу, каб у людзей у цёплую пару года была магчымасць рэалізаваць сваё хобі.

Рыбак.

— Дзе ажыццяўляецца падводнае паляванне?

— Ёсць спіс вадаёмаў, дзе яно дазволена. Яго складае мясцовая ўлада. Мы можам толькі рэкамендаваць.

— Прыкладна месяц назад вы дакладвалі кіраўніку дзяржавы аб стане спраў у Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў. Якія першыя вынікі гэтай размовы?

— З усяго пераліку дакументаў, які я пакінуў Прэзідэнту, два ўжо знаходзяцца на разглядзе ў дзяржаўных органах з адпаведнымі рэзалюцыямі. Першы датычыцца палявання на дзіка ў сувязі з праблемай афрыканскай чумы свіней. Урад па маёй ініцыятыве прапанаваў змяніць алгарытм адабрання гэтага звера з дзікай прыроды. Лічу мэтазгодным дазволіць паляўнічым забіраць дзіка сабе, як гэта было і раней. Цяпер ён утылізуецца незалежна ад таго, хворы ці здаровы. Паляўнічаму за гэта яшчэ выплачваюцца грошы, што для бюджэту нявыгадна. Мая ідэя — зрабіць дакладна наадварот: няхай паляўнічы плаціць невялікія грошы (1-2 базавыя велічыні) і забірае сабе трафей. Гэта дазволіць значна зменшыць пагалоўе дзікоў, бо з’явіцца матывацыя на іх паляваць. Будзе эканамічна выгадна дзяржаве. Мне падаецца вельмі спрэчнай ідэя закопваць у зямлю сотні тон добрага прадукту, ды яшчэ траціць на гэта грошы. Дакумент, які ўтрымлівае прапанову змяніць алгарытм адабрання дзікоў, разгледжаны, па ім прынята станоўчае рашэнне, ва ўрадзе ўжо рыхтуецца новы заканадаўчы акт. Плануем, што з 1 кастрычніка адпаведныя змяненні ўступяць у сілу.

Другі дакумент унутраны. Ён датычыцца рэструктурызацыі нашага аб’яднання. Я далажыў кіраўніку дзяржавы наша бачанне, якім павінна быць таварыства. Сёння гэта вельмі складаная субстанцыя з трохузроўневай сістэмай кіравання, з шэрагам органаў, якія не функцыянуюць. Прапанаваў спрасціць і наблізіць непасрэдна да патрэб паляўнічых. Справа ў тым, што БТПР цяпер у некаторых раёнах асацыіруецца са структурай, ледзь не антаганістычнай паляўнічаму. Адсюль ніжэйшая даступнасць палявання, скаргі...

Зарыбленне беларускіх вадаёмаў — пастаянны клопат БТПР.

— З-за бюракратызму?

— Так. Скажам, ёсць дырэктар раённага аддзялення таварыства. Ёсць абласная і рэспубліканская структуры. Ёсць рэспубліканскі савет, праўленне, канферэнцыя — вельмі шмат структур і структурачак у арганізацыі, і кожная лічыць сваім абавязкам сябе абазначыць, прыняць уласнае рашэнне. Любы паляўнічы ў нас мае права паляваць у любой частцы краіны, дзе гэта дазволена. Але на справе дырэктар раённага аддзялення можа адмовіць: маўляў, няма часу. Насамрэч ён проста не хоча, каб прыезджыя бралі звера, якога мясцовыя паляўнічыя беспадстаўна лічаць сваім. Гэта няправільна. Таварыства — структура, якая абслугоўвае паляўнічых і рыбаловаў, яна павінна рэагаваць на ўсе іх просьбы, прапановы, чаканні. Суб’ектыўны фактар тут павінен быць зведзены на нішто. Ніякай местачковасці не павінна быць. Усе людзі ў нас роўныя ў правах, у тым ліку ў праве на паляванне. Абмежаваць чалавека ў гэтым праве можа толькі дзяржава, але не таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Я прапанаваў сістэму кіравання зрабіць двухузроўневай: рэспубліка і вобласць. Каб у раёне самым галоўным быў паляўніцтвазнавец і прафесійныя егеры. Дарэчы, мы — грамадская арганізацыі і маглі б не пытацца дазволу на сваю рэструктурызацыю ў кіраўніка дзяржавы. Але, па-першае, гутарка ўзнікла сама сабой. Па-другое, для мяне важная падтрымка Прэзідэнта, бо арганізацыя вялікая і аптымізацыя яе структуры закране людзей. Мы, вядома, усіх сваіх супрацоўнікаў цэнім і паважаем, і дадзім магчымасць новага працаўладкавання кожнаму, чыя пасада будзе ліквідаваная.

На выстаўцы паляўнічых сабак у Гомелі.

— Ці чакаюцца змяненні для ўладальнікаў паляўнічых сабак?

— Адна з дзяржаўных задач таварыства — развіццё паляўнічага сабакаводства. Нашы планы па змяненні існуючага стану спраў у паляўнічай кіналогіі пакуль на стадыі абмеркавання. Я вельмі асцярожна падыходжу да гэтага пытання, бо сам не спецыяліст у кіналогіі і абапіраюся на меркаванне экспертаў. Кіналогія — праблемная сфера. Палова ўсіх скаргаў ад паляўнічых звязаная з ёй.

Напрыклад, мы абавязаны развіваць групу парод, якія адносяцца да ганчакоў. Але тэрміны палявання, дзе выкарыстоўваюцца ганчакі, уладальнікі сабак лічаць недастатковымі. Да таго ж паляўнічыя ўгоддзі дзеляцца на зоны, дзе можна з сабакамі паляваць і дзе нельга. Апошніх больш. І такіх момантаў, дзе маецца канфлікт інтарэсаў, шмат. Мы супрацоўнічаем з Беларускім кіналагічным таварыствам, выслухоўваем усе бакі і шукаем аптымальныя рашэнні. Работы тут яшчэ вельмі шмат і яна патрабуе часу.

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў падобнае на вялікі карабель, які ідзе сваім курсам. Калі я змяню гэты курс на палову градуса, ужо добра. Крута паварочваць не збіраюся. Тут многія рэчы трэба мяняць эвалюцыйна, бо ў арганізацыі вялікі вопыт, багатая гісторыя, разам з тым, ёсць што ўдасканальваць. Як кіраўніку хацелася б пакінуць добры след, але не наслядзіць, не зрабіць горш.

«Там, дзе паляўнічыя арганізаваныя ў дзейную структуру, прырода працвітае»

— Вы яшчэ агучвалі ідэю змяніць сітуацыю з арэндай паляўнічай зброі.

— Гаворка пра дазвол здаваць у арэнду зброю выканаўчаму апарату таварыства. Цяпер арэндную зброю маюць карыстальнікі паляўнічых рэсурсаў нашых раённых структур. Разам з тым, супрацоўнік цэнтральнага апарату таварыства — чалавек падрыхтаваны і мог бы даць у арэнду зброю паляўнічаму ў любым кутку нашай краіны. Бо не ўсюды ёсць добрая зброя, якая задавальняе патрабавальнага замежнага паляўнічага.

 

— Вы расказвалі ў СМІ пра ўдзел таварыства ў зарыбленні вадаёмаў, у выпуску аленяў у дзікую прыроду. Раскажыце, якім чынам тое адбываецца.

— Рыбаловы-аматары — члены нашай арганізацыі плацяць узносы, пэўная частка якіх (з 1 ліпеня амаль палова) ідзе на закупку і запуск у вадаёмы малька. Яго вырошчваюць рыбныя гаспадаркі. Гэту дзейнасць таварыства вядзе даўно і штогод нарошчвае. Мы купляем малька ўсіх асноўных для Беларусі відаў рыбы: сом, шчупак, акунь... Пералік вадаёмаў, якія падлягаюць зарыбленню, узгадняецца з міністэрствамі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі, мясцовымі ўладамі.

Таксама мы купляем на спецыялізаваных фермах маладняк высакароднага аленя. Вырошчваем яго ў сваіх вальерах і выпускаем у дзікую прыроду — таксама на вызначаныя тэрыторыі. Такім чынам фарміруем мікрапапуляцыі там, паляпшаем генафонд. Раней куплялі аленя за мяжой. Цяпер у нашай краіне сфарміраваная бяспечная папуляцыя высакароднага аленя, якой нічога не пагражае — ні паляўнічыя, ні драпежнікі, ні эпідэміі.

На парадку дня — лань. Ланяў мала, яе колькасць нестабільная з-за ўплыву драпежнікаў. Мы хочам адрадзіць гэту папуляцыю, ужо прынята адпаведная праграма, цяпер праводзім дзве працэдуры па закупцы лані, 52 маленькія лані купілі, кормім, вырошчваем.

Што датычыцца прыродаахоўнай дзейнасці, то мы, напэўна, найбольш зацікаўленыя ў біяразнастайнасці. Існуе парадаксальная формула: там, дзе паляўнічыя арганізаваныя ў дзейную структуру, там растуць папуляцыі жывёлін, павялічваецца біяразнастайнасць, у цэлым прырода працвітае. Мы не проста паляўнічыя, мы — элемент дзяржаўнага кіравання прыроднымі рэсурсамі, прычым вельмі эфектыўны, зацікаўлены і дастаткова прафесійны.

Вывучка выжлаў.

— Яшчэ адна з вашых ініцыятыў датычыцца браканьераў.

— Я б хацеў, каб нашы супрацоўнікі мелі права складання адміністрацыйных пратаколаў аб знойдзеных правапарушэннях прыродаахоўнага заканадаўства. Пакуль супрацоўнік БТПР, а такіх больш за 700 чалавек, не можа прыцягнуць браканьера да адказнасці. Разам з тым, мы ўсе — службовыя асобы, і я не бачу перашкод, каб даць такія паўнамоцтвы. Дзяржаўная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь не супраць. Цяпер ідзе абмеркаванне на ўзроўні Савета Міністраў. Запатрабуецца пэўная юрыдычная падрыхтоўка, але гэта рэальна. Буду рад, калі пытанне вырашыцца станоўча, бо паляўніцтвазнаўцы, егеры добра ведаюць лес і тое, што ў ім робіцца. Гэта сур’ёзна ўскладніць жыццё злачынцам.

Алені з прыплодам на ферме Калінкавіцкай раённай арганізацыйнай структуры БТПР

— Ведаю, што ў вас ёсць мара — стварыць музей палявання.

— Беларусь — гістарычна паляўнічая краіна, музей палявання і рыбалоўства тут павінен быць. У іншых краінах такія ёсць. Гэта сведчанне пра гісторыю палявання, магчымасць сабраць калекцыі паляўнічых стрэльбаў, трафеяў, дакументаў, узнагарод... Я ўжо заклікаў членаў таварыства прыносіць усё цікавае. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю. Пажадана, каб гэта быў філіял Нацыянальнага гістарычнага музея. Гэта забяспечыла б навуковы падыход, добрую арганізацыю. Мы, са свайго боку, выступілі б фундатарамі, збіральнікамі фондаў, метадыстамі.

— У вас ёсць асабісты вопыт дапамогі музеям...

— Так. Але не ў якасці паляўнічага. У Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аддаў унікальныя рэчы ваеннага часу, якія засталіся ад дзеда. Бягомльскаму музею народнай славы на малой радзіме падарыў усю сваю калекцыю ваеннай зброі. Гэта досыць вялікая экспазіцыя. Цяпер там выстаўлены ўсе віды стралковай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны, ёсць унікальныя экспанаты. Папрасіў трымаць іх не пад шклом, каб можна было ўзяць у рукі.

Прыстрэлка паляўнічай стрэльбы, стральба па мішэнях, якія рухаюцца.

— Што вы маеце на ўвазе пад выразам «цывілізаваная паляўнічая краіна»?

— Абавязковым элементам тут з’яўляецца наяўнасць індустрыі. Развітая паляўнічая індустрыя грунтуецца на актуальных законах, якія эфектыўна рэгулююць пытанні палявання і рыбалоўства ў краіне. Законы павінны цалкам забяспечваць дзейнасць усіх суб’ектаў паляўнічай дзейнасці — і ахоўнікаў прыроды, і паляўнічых. Важна, каб у гэтым была гармонія.
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў не валодае заканадаўчай ініцыятывай, мы можам генерыраваць прапановы і агучваць іх. Разам з тым, усё прагрэсіўнае рана ці позна знаходзіць рэалізацыю ў нашай краіне. Таму мы з рознай доляй паспяховасці бяром удзел у заканатворчасці.

Другі важны элемент цывілізаванай паляўнічай краіны — культура палявання. Гэта датычыцца і вопраткі, і ежы, і самога палявання, і выкарыстання зброі і сабак. Шмат чаго. І тут бясконцае поле для дзейнасці. Лічу, што ўзровень паляўнічай культуры ў Беларусі высокі, але дасканаласць меж не мае.

Ёсць яшчэ матэрыяльная база: зброя, патроны, экіпіроўка, начынне... На жаль, гэтага ў нас не стае. Прычынамі таму і санкцыі, і адсутнасць уласнай вытворчасці, і страчаная футравая індустрыя, і іншае. Сваю задачу бачу ў тым, каб змяніць гэту сітуацыю да лепшага ў рамках сваёй кампетэнцыі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА і БТПР

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.