Вы тут

Як рэалізуецца пілотны праект па стварэнні ўзорнага машыннага двара


Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын праінспектаваў ход жніва ў Мядзельскім раёне. Акрамя таго, наведаў сельскагаспадарчы філіял «Мінскаблаграсэрвіса» ў гарадскім пасёлку Крывічы, дзе рэалізуецца пілотны праект па стварэнні звышсучаснага тэхналагічнага машыннага двара.


Штуршок для развіцця раёна

— На адной з нарад Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў ідэю стварыць блізкі да ідэалу, эталонны машынны двор. Я адказаў, што мы плануем гэта зрабіць у Мядзеле. Раён у плане сельскай гаспадаркі не самы паспяховы, і мы думалі, які штуршок яму надаць. Сабралі землі, якія неэфектыўна выкарыстоўваліся, і стварылі пад эгідай «Мінскаблаграсервіса» сельскагаспадарчы філіял. Паспрабавалі рэалізаваць ідэю арганізацыі ўзорнага машыннага двара, узорнай гаспадаркі. Пралічылі тэхнічнае аснашчэнне філіяла, якая тэхніка тут неабходная, яе колькасць, — расказаў журналістам Аляксандр Турчын.

Па яго словах, арганізатары кіраваліся ўказамі Прэзідэнта, якія дазваляюць набываць айчынную тэхніку. А таксама прааналізавалі, якая колькасць людзей неабходная для арганізацыі працоўнага працэсу, узровень заработнай платы. Як вынік гэтых дзеянняў, — стварэнне прадпрыемства, якое адпавядае сучасным патрабаванням з пункту гледжання тэхналогіі сельскай гаспадаркі. А самае галоўнае, якое запрацуе з прыбыткам. Сёння гэта бізнэс-мадэль з чакаемым эканамічным эфектам.

— Тэхнічныя работы завяршылі, ідзе афармленне дакументаў. У бліжэйшыя два тыдні акты ўводу будуць падпісаны і аб’ект будзе гатовы да эксплуатацыі. Плюс, канешне, мы дапоўнілі магутнасці збожжасушыльных комплексаў прадпрыемства ёмістасцямі для захавання 12 тысяч тон збожжа. «Мінскаблаграсэрвіс», можна сказаць, з’яўляецца звяном, якое звязвае паміж сабой пастаўшчыкоў мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслін ды іншых рэсурсаў. Новыя ёмістасці дазволяць захоўваць ураджай не толькі сельгасарганізацый Мядзельскага раёна, але і іншых рэгіёнаў Міншчыны. Галоўнае, каб мы маглі своечасова прадаць гэтае збожжа па добрай цане, каб быў яго запас для забеспячэння жывёлагадоўлі, — лічыць Аляксандр Турчын.

— Мне здаецца пасёлак, куды ў мінулым годзе прыйшоў газ, атрымаў новы імпульс для развіцця. Мяркую, праз год можна будзе падводзіць першыя вынікі і рабіць ацэнку пілотнага праекта менавіта з пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці прынятых намі рашэнняў, — падкрэсліў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

Прафесійныя кадры плюс захаванне тэхналогіі

На думку генеральнага дырэктара «Мінскаблаграсэрвіса» Дзмітрыя Шабара, поспеху нельга дасягнуць без прафесійных кадраў, сучаснай тэхнікі і захавання ўсіх тэхналагічных працэсаў.

Філіял цалкам забяспечаны айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікай, якая зарэкамендавала сябе ў многіх выпадках лепш замежнай. Напрыклад, камбайны «Палессе GS2124» летась паказалі добрыя вынікі на ўборцы кукурузы. Сучасныя МАЗы дазваляюць своечасова, без затрымак дастаўляць ураджай на зернесушыльныя комплексы. А машынны парк у філіяле даволі салідны — 12 энерганасычаных трактараў, плануецца закупіць іх яшчэ 5. Збожжаўборачных камбайнаў пяць, але мяркуецца іх колькасць павялічыць. Дзякуючы Указу Прэзідэнта № 146 тэхніка набывалася ў лізінг на 5 гадоў і 7 месяцаў.

У філіяле займаюцца вырошчваннем пшаніцы, жыта, трыцікале, рапса. На палях гаспадаркі поўным ходам ідзе ўборка азімага ячменю. Як толькі сыдзе раса, камбайны ў полі. І працуюць, пакуль яна не з’явіцца зноў.

Абы-каго не возьмуць

— Так, убіраем азімы ячмень, пацвердзілі камбайнеры, — ураджай нядрэнны. На падыходзе рапс, праз тыдні два можна будзе прыступаць да яго ўборкі. Нашы вадзіцелі добра спраўляюцца з адвозкай зерня на базу. Паглядзіце, якія новенькія ў іх машыны, аснашчаныя кандыцыянерамі, усім неабходным абсталяваннем і прыборамі.

— Я працую ў сельгасарганізацыі з красавіка. Зарплата задавальняе, своечасова выдаецца рабочая форма і абутак, праводзяцца інструктажы па тэхніцы бяспекі — за гэтым строгі кантроль. Перад пачаткам работы — абавязковы медыцынскі агляд, — кажа малады камбайнер.

Што датычыцца харчавання, то яно наладжана найлепшым чынам. Удзельнікі жніва атрымліваюць паўнавартасны абед з трох блюд. Вечарам — сухпаёк. Да таго ж, выдаецца мінеральная вада, сокі. Не кожны так харчуецца дома, жартуюць хлопцы.

Дарэчы, харчаванне для працаўнікоў хлебнай нівы выходзіць недарагім, з іх зарплаты вылічваецца толькі 20 % яго кошту, астатняе даплочвае гаспадарка.

Дадам, што ў сельгасфіліял абы-каго не бяруць. З кожным патэнцыйным кандыдатам праводзіцца гутарка, патрабуецца таксама характарыстыка з папярэдняга месца работы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.