Вы тут

Людзі і справы. І добрае, і наадварот вяртаецца-адгукаецца. Раней ці пазней — няважна


«Ні адна добрая справа не застанецца беспакаранай», — сумна жартавала сяброўка, калі чарговы раз сутыкалася з людской няўдзячнасцю і няпамятлівасцю. Мы толькі з разуменнем пасміхаліся, нібы ўсё пра гэта жыццё ведаем — нам жа ўжо было па дваццаць гадоў! А на агульнай кухні студэнцкага інтэрната на абкладзенай белай пліткай сцяне чорнай фарбай было напісана: «Я бачыў свет — у ім няма справядлівасці!» І дваццацігадовым гэта таксама здавалася нейкім надзвычай разумным і бясспрэчным выслоўем. Карацей, рабіць камусьці дабро няма ніякага сэнсу, хіба што для паразумення з уласным сумленнем. А яго, сумленне, можна прымусіць маўчаць, а калі не атрымаецца, дык проста да яго не прыслухоўвацца.


У бескарыснасці і нават шкоднасці рабіць штосьці добрае мы нашым дзявочым хаўрусам аднойчы пераканаліся асабліва аргументавана. Мы тады былі на трэцім курсе, прыжыліся ў адным пакоі, зрабілі там рамонт, жылі дружна і весела, усё ў нас было агульнае. У галодныя 1990-я здабывалі харчы як маглі: у кагосьці ў вёсцы бацькі трымалі гаспадарку, у кагосьці маці была ўрачом і ёй прыносілі пачастункі «натурай», хтосьці прывозіў з першых камандзіровак кавалак сала ці вянок цыбулі ад герояў матэрыялу... Жылі ў вялікім пакоі ўчатырох, але месца хапала, нават пяты ложак, які выкарыстоўвалі ў якасці агульнай канапы, стаяў.

А ўжо ў кастрычніку ў нас з'явілася яшчэ адна суседка — першакурсніца Наташа. Мы яе проста пашкадавалі — не знайшла паразумення з дзяўчатамі са свайго пакоя, скандал грымеў на ўвесь паверх і скончыўся тым, што гэтае маленькае дзяўчо са спалоханымі вачыма апынулася сярод ночы на калідоры разам з рэчамі. Карацей, знайшлі мы ёй месца на тым агульным ложку, так і засталася. Пяцікурсніцы, што яе выставілі з пакоя, былі дзеўкі ганарлівыя, абедзве працавалі недзе на тэлебачанні. Выжыўшы шэрую мышку, яны такім чынам забяспечылі сабе больш камфортнае пражыванне да канца вучобы, бо падсяляцца да гэтых фурый больш ніхто не захацеў...

Дык вось, Наташа, ціхая і паслухмяная Наташа, зусім незаўважная, якая нікуды не хадзіла, сядзела за падручнікамі ды часта бегала на паштамт званіць дадому, кудысьці ў вёску, здаецца, пад Лепелем, пасля першага семестра раптам знікла. Літаральна, зусім. З'ехала ў самы разгар сесіі, калі мы якраз здавалі экзамен, забраўшы ўсе свае рэчы і... увесь наш прадуктовы запас. Асабліва, памятаю, шкада было імпартнай тушонкі, дзве бляшанкі якой Таньчын бацька дастаў недзе па вялікім блаце. Стыпендыя была ўжо паспяхова патрачана, дадому ехаць ні ў кога не атрымлівалася. Карацей, усе астатнія дні сесіі мы прасядзелі на гарбаце і на хлебе з цукрам, ды пару раз схадзілі да хлопцаў на смажаную бульбу. Малую зладзейку, вядома, клялі, але не заяўляць жа было на яе ў міліцыю. Тым больш у дэканаце сказалі, што яна забрала дакументы і з'ехала ў невядомым напрамку...

Гэтая, па сутнасці, звычайная гісторыя незвычайная тым, што праз дваццаць пяць гадоў мела працяг. Расказала мне яго нядаўна адна з суседак па пакоі, тая самая Танька, чый бацька дастаў дэфіцытную тушонку. Яна ўжо даўно жыве за мяжой, прыязджае на радзіму нячаста. Але заўсёды знаходзім магчымасць сустрэцца, паўспамінаць студэнцкія гады...

«Угадай, каго сустрэла ў Стамбуле. Наташу! Як якую? Памятаеш тую малую, што ў нас усю ежу ўкрала...» Пачалося ўсё са здарэння, якое ледзь не стала трагедыяй. Яны з шасцігадовым сынам гулялі па вуліцах турэцкай сталіцы. Малы ўпусціў з рук цацку, якая ўпала на праезную частку. Маці не паспела вокам міргнуць — хлопчык ужо выскачыў на дарогу перад машынай. Добра, што нейкі бяздомны, што сядзеў на тратуары, паспеў выхапіць малога проста з-пад колаў... Перапалоханая жанчына стала на ламанай англійскай дзякаваць выратавальніку, а той, дапытаўшы, адкуль яна, радасна заўсміхаўся. Аказалася, ён штодня харчуецца ў дабрачыннай сталоўцы, гаспадыня якой таксама з Беларусі. Часта яна сама прыходзіць на раздачу ежы, і сёння якраз такі дзень.

Карацей, пайшоўшы паглядзець на зямлячку, Таццяна пазнала нашу былую суседку, якую не раз успаміналі нядобрым словам. Тая, аказваецца, ужо даўно ўдала выйшла замуж за турка. Настолькі ўдала, што нябедны муж дазволіў ёй займацца ўласным бізнесам — у яе сваё рэкламнае агенцтва, якое працуе з разлікам на рускамоўных кліентаў. «Зарабляе, казала, добрыя грошы, але ўсе іх траціць на дабрачынныя сталоўкі для бяздомных і маламаёмных, якіх адкрыла некалькі ў розных гарадах... Казала, усё дзякуючы нам. Прасіла прабачэння, каб усім вам перадала. У яе тады ў бацькоў за ноч згарэла ўся сядзіба, добра, што самі жывыя засталіся. І яна, разумеючы, што вывучыць яе ўжо ніхто не здолее, забрала дакументы і, прыхапіўшы нашы харчы, панеслася дадому, дзе бацькі і малодшая сястра засталіся на папялішчы. Расказвала — першыя некалькі дзён тым, што прывезла з Мінска, і харчаваліся...»

Мы яшчэ доўга разважалі, як цікава зладжана жыццё, як усё пераплецена, як усё — і добрае, і наадварот — вяртаецца-адгукаецца, часам зусім нечакана. Вось не звезла б Наташа нашы харчы — не адчувала б сябе вінаватай і павіннай — не адкрыла б тую сталоўку — не заходзіў бы туды бяздомны — быў бы ў іншым месцы ў той час, калі хлопчык бег пад машыну...

А сёння сястра зранку расказала. Аднавясковец, які трымае добрую гаспадарку, раптам прынёс шчодрыя гасцінцы. «Колькі я табе павінна?» — спыталася. «Ніколькі. Я ўсё жыццё памятаю, як ваш бацька згадзіўся ўзяць мяне на работу пасля восьмага класа. Ніхто не браў малога, а ён, брыгадзір, узяў. Мой бацька якраз памёр, маме з намі дваімі цяжка было.
А я стаў зарабляць амаль дзевяноста рублёў. І гэта такая палёгка нам была... Так што нічога вы мне не павінны...»

Нашы малыя будуць са смакам частавацца дамашнімі гасцінцамі — падзякай за адну добрую справу іхняга прадзеда... Якога ўжо няма на свеце трыццаць сем гадоў.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.