Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Смеласць гарады бярэ, альбо Хто не дбае, трасцу і мае...

Ёсць у мяне блізкая прыяцелька — ну вельмі цікавая жанчына! Вулкан! Энергетычны донар! Да яе, здараецца, ледзьве прыпаўзеш — стомлены, не здольны ні на што. Ну як той тэлефон без зарадкі. А побач пасядзіш, пагутарыш, гарбаты пап'еш і глядзіш — нібы другое дыханне адкрылася: зноў бадзёранькі, дужы — горы можаш звярнуць!


Што цікава, гэтая вось энергія ўплывае не толькі на людзей. Многія запрашаюць Ганну да сябе на лецішчы, на гароды. Кажуць, яна там проста паміж градак паходзіць — «рукамі памахае, спадніцай патрасе», і ніякіх угнаенняў ды палі́ваў не трэба: гародніна — як на дражджах расце!

У самой жа Ганны лецішча няма — пакуль... Мусіць, таму гадоў колькі назад яна пад балконам кветнік разбіла. Насадзіла ўсяго, насеяла — нешта квітнее ды зелянее там з ранняй вясны і да маразоў! Людзі ходзяць, любуюцца, а хто-ніхто нават прыклад бярэ.

— От каб і ў нас хто кветак насадзіў... Толькі не жоўтых, — памарыў неяк Сцяпанавіч, адзінокі мужчына з суседняга пад'езда.

А Ганне ж гэта як слова мовіць. Галоўнае — першы раз ускапаць.А там, глядзіш, нешта і зацвіло! Прыемна паглядзець, прыемна пасядзець на лавачцы: пагутарыць з суседкамі, павітацца з тым жа Сцяпанавічам. Ён, дарэчы, вельмі цікавы чалавек! Музыкант у мінулым...

— І ці не жаніх твой? — падколваюць Аню бабулі з лавачкі.

Тая — без роздуму і на поўным сур'ёзе:

— Ведаеце, замуж пакуль не кліча, але ж падарункі робіць...

Сказанула так і як быццам забылася, а плётка між тым птушкай абляцела двор, і, шчыра кажучы, вельмі азадачыла «жаніха». Ён нават збіраўся падысці да Ганны — высветліць, што ж яна мела на ўвазе? А потым задумаўся: а чаму б і сапраўды не зрабіць падарунак? Нават дарагі... Чаму б не ўзяць на сябе паліў клумбы (і сваёй, і Ганнінай)? Ёй жа будзе лягчэй — гэта раз, сэканоміцца час, дарагая вада — гэта два... Чым не падарунак?

Прыдумана — зроблена.

...А пасля гэтага пыласос у Ганны зламаўся. Дужа стары быў: роў — не раўнуючы — як той трактар на ворыве! Здаралася, пакуль яна тры пакоі свае прыбярэ (там яшчэ поўсць ад кошкі), у суседкі знізу галава разбаліцца — у дзверы грукае, просіць, каб выключыла...

А тут — нічога не ўключаецца (Ганна адмысловую шчотку прыдбала), цішыня... І каторы ж тыдзень?

— Ты што — у хаце прыбіраць перастала? — пытае суседка ў Ані.

Тая ў адказ:

— Не... Што вы — прыбіраю па-ранейшаму... Проста Сцяпанавіч (хлусіць дык хлусіць! Ды і не адзін жа Гаўрыла ў Полацку!)... робат-пыласос падарыў.

Сказала вось так — і на гэты раз ужо не забылася: чакае, пакуль плётка, абляцеўшы ўсе лавачкі, «нырне» ў кватэру да Сцяпанавіча, пакуль той (інтэлігентны ж чалавек!) не падумае, што падарунак для такой жанчыны і сапраўды быў бы не лішні... А ўжо які?

Можа, канцэрт у двары наладзіць? Для ўсіх жыхароў... Вось бы свята было!

«Марыць, — кажа Анюта, — зусім не шкодна. Шкодна — не марыць. У любым узросце».

А. ВАСІЛЬЕВА

г. Гомель.


Справа маладая

У пакоях інтэрната —

То хі-хі, а то ха-ха...

Там жывуць адны дзяўчаты —

Кожнай трэба жаніха.

Хлопец Вася — кучаравы,

Чуб — нібы ў казака.

Малады, худы, рухавы,

Ды... з наколкаю рука.

І як выпіў, небарака,

Можа, лішніх сорак грам,

Стаў брахлівы, як сабака,

Што зусім не цешыць дам.

Праз гадзіну «клюнуў» Пеця.

Той — са стажам кавалер:

— Прыгажунечкі, прывецік! —

З месца ён бярэ ў кар'ер.

— Чулі новы анекдоцік?

Я іх тры пуды нашу:

Хоць кліентам на рабоце,

Хоць начальству раскажу...

Пры дзяўчатах захапіўся,

(Быў увагай падагрэты) —

У той жа міг прагаварыўся —

«З шафы

выцягнуў шкілеты»:

Пра дзяцей, што недзе мае,

Ды не хоча гадаваць,

Што з ахвотай абдымае,

Ды «не дурань замуж браць».

...Пасля Пеці быў Валера,

Потым — Паша і Вадзім.

Ды не тыя кавалеры,

У загс не пойдзеш ні з адным!

Дзеўкі многіх перабралі —

Ох-хо-хо ўжо, не хі-хі,

Бо ўпрочкі паўцякалі

Іх былыя жаніхі.

Ходзіць Вася з прыгажуняй,

І ў Пашы зноў раман...

Ну, і нашы дзве красуні

На вячоркі маюць план.

...Танцы скончаны. Дахаты

Разам з хлопцамі пайшлі.

Задаволены дзяўчаты,

Што хоць нейкіх ды знайшлі!

Як да неба — да Сталоне,

І няхай не Мікі Рурк...

Не казалі ім сягоння,

Каб зусім ужо «без рук».

...Янак —

тут жа абдымацца —

Аплявуху атрымаў.

Векавухаю застацца

Ён дзяўчыне пажадаў.

А яе сяброўку Толя

На інтым угаварыў.

Не прыйшоў да дзеўкі болей,

Нават след яго прастыў...

* * *

...Месяц поўняй пазірае,

Нібы хоча ўсім сказаць:

Выбар — справа маладая,

З ім бы дроў не наламаць!

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда.


Не было б шчасця, ды няшчасце падмагло

Гэту гісторыю (ці не векавой даўнасці?), вельмі цёплую, добрую, поўную гумару, любіла расказваць мая бабуля.

У іх на Мядзельшчыне ў вёсцы жыў адзін стары кавалер. У вочы яго звалі Аркадзем, за вочы — Дармідонт, бо ён вось гэтак на фэсце прадстаўляўся пастаўскім паненкам. Казаў, што самы сапраўдны шляхцюк, абуваў галёшы на боты, як Адольф Быкоўскі, змазваў алеем валасы, каб гладка ляжалі. А святочны касцюм, які надзяваў у касцёл, дык і наогул вешаў на кручок ажно пад абразамі.

Змоладу, карацей, ён слыў ганарліўцам, і зусім не дзіўна, што пару сярод дзяўчат знайсці не мог. Гады ішлі, браты пажаніліся, бацькі памерлі, а Дармідонт (дзеўкі ўжо разбягаліся), па-ранейшаму хадзіў па вечарынках. На пытанні вяскоўцаў, калі ўжо пойдзе ў сваты, кавалер хіба жартаваў: «Калі крута закручу, дык, можа, і ў суботу». (Не казаў, у якую.)

...Так, напэўна б, і век звекаваў, але ж на нябёсах пастанавілі інакш...

Неяк познім велікодным вечарам, сп'яну вырабляючы фігуры, якія ні ў адным са сваіх шляхетных танцаў не здолеў бы паўтарыць сам Адольф Быкоўскі, плёўся Аркадзь з суседняй вёскі ад брата. Дарога перад ім не сказаць, каб была далёкая, але ж ён захацеў скараціць: папхнуўся сцежкай праз кустоўе, збіўся з курсу — трапіў у балотца. Пакружляў там, бедны, па купінах, пагубляў у твані галёшы...

І нічога — як бачыць — ужо не знайсці, бо сцямнела, стаміўся, спужаўся... А яно ж, калі трывога, то мы — да Бога.

Укленчыў Дармідонт пад асінкай і давай уголас маліцца — дапамогі прасіць.

Калі шчасціць, гасподзь прыходзіць... Альбо некага падсылае: у гэты ж час з Аркадзевай вёскі ў сваю (і таксама з гасцей — ведама, Вялікдзень!) вярталася цыбатая, даўганосая і смуглявая да чарнаты Марыля. Ёй добра за трыццаць было, і яна ўжо змірылася з тым, што застанецца ў дзеўках, бо ўсе ў акрузе лічылі яе непрыгожай (хоць прыгажосць, як вядома, паняцце адноснае і залежнае ад часу і моды...) Дык вось, пачула Марыля Аркадзевы модлы, падышла бліжэй, неяк выбавіла яго з балотца ды і павяла дадому, праўда, не да яго, а да сябе.

Што і як там далей было, ніхто не ведае, але ж праз тыдзень наш Дармідонт зняў з кручка святочны касцюм, павыцягваў з кішэняў палын (клаў ад молі і мышэй), на чаравікі абуў новенькія бліскучыя галёшы і, «крута закруціўшы», накіраваўся да Марылі ў сваты.

...Трохі пазней, пасля вяселля, ён усхвалявана баіў мужыкам:

— Знаеце, панове, а мне ж для гэткага шчасця нібы ў макаўку цюкнула. Сплю я, значыць, адзін і бачу, што пайшлі мы ў маліны. Ты, Янук, пайшоў, і ты, Мацей... Усе разам збіраем іх, як раптам перад сабой я бачу такую буйную, такую сакаўную маліначку... І ўсе ж яе бачаць — цягнуць рукі свае, каб сарваць... А я самы першы злаўчыўся ды сашчыкнуў! Вось такая малінка мне і дасталася.

Мужыкі — каму б салоўку слухаць, а хто і варонінай песні рады — па-добраму пасмяяліся з тога вешчага сну. А на яве Аркадзь з Марыляй вельмі добра жылі, траіх дзяцей гадавалі. І звалі іх не Дармідонтавымі, не Аркадзевымі, а Малінчынымі.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.