Вы тут

Крымінальнае чытво. Як ІКАО пераключылася на другасортныя шпіёнскія раманы


У Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) днямі былі разгледжаны два пытанні — па інцыдэнце з рэйсам Ryanaіr у небе над Беларуссю 23 мая 2021 года, а таксама скарга Беларусі на дзеянні шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, якія ўвялі санкцыі ў дачыненні да грамадзянскай авіяцыі нашай краіны. Абмяркоўвалася справаздача арганізацыі па гэтым інцыдэнце. Вынік у чарговы раз падкрэсліў залежнасць, прадузятасць і палітызаванасць ІКАО.


Не вытрымлівае крытыкі

Справаздача ІКАО па інцыдэнце з рэйсам Ryanaіr не вытрымлівае ніякай крытыкі. Аб гэтым заявіў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі, паведаміла БелТА. Гэты даклад катэгарычна непрымальны і дыскрэдытуе ІКАО як міжнародны тэхнічны орган, што займаецца грамадзянскай авіяцыяй. «Мы катэгарычна з ім не пагадзіліся. Афіцыйны прадстаўнік РФ, член Савета ІКАО таксама не пагадзіўся з гэтай справаздачай, указаў на шэраг памылак, недакладнасцяў, неавіяцыйных, неаб'ектыўных падыходаў. Ва ўсіх дакументах ІКАО напісана, што любое расследаванне праводзіцца не для таго, каб знайсці вінаватых, а каб выключыць падобныя падзеі ў будучыні. Цяпер пагрозу авіяцыйнай бяспецы стварае так званы тэлефонны экстрэмізм, і гэта аб'ектыўная праблема, якой ІКАО павінна займацца», — сказаў Арцём Сікорскі.

Справаздача была падрыхтавана яшчэ ў студзені гэтага года. Яна ўтрымлівала галоўны пастулат, што ніякага перахвату паветранага судна не было. «Аднак на той момант гэтая справаздача не задаволіла шэраг заходніх краін, і пад іх ціскам групе ІКАО было даручана асвятліць усе так званыя прабелы ў гэтым пытанні. Аднак група ІКАО не запытала ў Беларусі ніякай дадатковай інфармацыі. Пры гэтым у канчатковай справаздачы, якая катэгарычна не прынятая Беларуссю, узніклі новыя даныя. Як заявіла група ІКАО, пры садзейнічанні ЗША і Польшчы ім удалося атрымаць даныя ад дыспетчара (прозвішча якога не прыводзіцца). Пасля гэтага справаздача стала больш нагадваць крымінальнае чытво — другасортны шпіёнскі раман», — заявіў дырэктар дэпартамента.

«Многія рэчы не паддаюцца крытыцы. Напрыклад, нібыта ў дыспетчара быў тэлефон, на якім ён уключыў дыктафон, не вымаючы з кішэні. Пры гэтым трэба разумець, што тэлефон можа ўносіць перашкоды ў работу складанай тэхнікі, плюс пытанне бяспекі — дыспетчар не павінен адцягвацца на тэлефон, праносіць яго забаронена. Гэта далёка ад праўды, ад авіяцыйнай тэхналогіі і больш нагадвае выдумку, каб неяк абвінаваціць Беларусь», — падкрэсліў Арцём Сікорскі.

Прадстаўнікі Беларусі і Расіі ўсумніліся ў тым, што запіс сапраўдны. «На гэта ў ІКАО сказалі, што ў іх няма грошай, каб пераканацца ў сапраўднасці запісу. Але яны вераць Польшчы і ЗША на слова», — абурыўся дырэктар дэпартамента. Заходнія краіны аднагалосна падтрымалі абвінавачанні супраць Беларусі. «Хоць у чым нас абвінавачваюць — складана зразумець. Меў месца факт ілжывага паведамлення, якое змяшчалася ў лісце, даведзеным да экіпажа паветранага судна. Пілот павінен быў рухацца на найбліжэйшы аэрадром. У той момант гэта быў Вільнюс. Ляцець у Мінск было яго рашэннем», — звярнуў увагу Арцём Сікорскі.

Сіла — у праўдзе

Беларусь мае намер жорстка адстойваць нацыянальныя інтарэсы ў сферы грамадзянскай авіяцыі, заявіў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. «Быў падрыхтаваны рабочы дакумент са скаргай на дзяржавы, якія незаконна, парушаючы Чыкагскую канвенцыю, блакіруюць нашым авіякампаніям, нашым пасажырам доступ да паветранай прасторы Еўропы і іншых краін, закрываюць для нас аэрапорты. Таксама замежным перавозчыкам рэкамендавана пазбягаць паветранай прасторы Беларусі, хоць бяспека паветранай навігацыі нават у гэтай справаздачы не выклікае сумнення. У хо-
дзе гэтага разгляду была цудоўна прадэманстравана пазіцыя Захаду. Калі мы прадставілі рабочы дакумент, заходнія краіны адразу заклікалі прэзідэнта Савета ІКАО не прымаць ніякіх рашэнняў і ігнараваць. Прадстаўнік ЗША адкрыта заявіў, што меры па блакіраванні — гэта помста Захаду», — сказаў Арцём Сікорскі.

Беларускі бок падкрэсліў, што такія выразы непрымальныя, а таксама звярнуў увагу, што санкцыі не могуць мець кропкавы характар, у любым выпадку пацерпяць звычайныя людзі. «Дык чым тады займаецца ІКАО? Садзейнічае таму, што пад дудку заходніх краін людзей пазбаўляюць права на свабоду перамяшчэння? У чым вінаватыя беларускія авіякампаніі? А за што караюць еўрапейскіх перавозчыкаў, якім не дазваляюць палёты праз Беларусь?» — задаў пытанні дырэктар дэпартамента.

«Гэта быў раскольны момант. Пасля нашу пазіцыю падтрымалі Кітай, Расія, ПАР, Індыя і многія іншыя краіны. У выніку прэзідэнт Савета ІКАО не змог лёгка зняць гэту скаргу, і яны будуць вымушаныя яе разглядаць. Мы будзем жорстка адстойваць нашы нацыянальныя інтарэсы», — адзначыў Арцём Сікорскі.

Раней Расія заявіла аб недапушчальнасці выкарыстання абмежаванняў у сферы грамадзянскай авіяцыі ў палітычных мэтах. Аб гэтым паведаміла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава. Яна падкрэсліла, што «ператварэнне міжнароднай грамадзянскай авіяцыі ў інструмент палітычнага і эканамічнага ціску з'яўляецца нічым іншым, як абуральным злоўжываннем нормамі міжнароднага паветранага права, уключаючы шэраг палажэнняў Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі 1944 года, а таксама двухбаковых пагадненняў аб паветраных зносінах».

Дзеянні спецслужбаў

Гэта дзеянні заходніх спецслужбаў, заявіў палітолаг Пётр Пятроўскі. «Нагадаю, што гэта расследаванне праходзіць ужо больш за год. І ўвесь гэты час нас кармілі абяцанкамі, што вось-вось яны апублікуюць справаздачу. Мы памятаем, як у лістападзе яны гэта гаварылі, у снежні, потым у лютым. І вось нарэшце яны прачнуліся, і іх высновы процілеглыя зместу іх расследавання. Гэта значыць фактаў парушэння ні міжнароднага права, ні нейкіх абавязацельстваў Рэспублікай Беларусь не выяўлена. Усе гэтыя абвінавачанні з'яўляюцца надуманымі і палітызаванымі. Іх трэба разглядаць у кантэксце ўсё большага геапалітычнага процістаяння. Асабліва таго, што калектыўны Захад не хоча адмаўляцца ад свайго панавання і фактычна вельмі нервова рэагуе на тыя геапалітычныя правалы, якія маюць месца быць, на пагаршэнне ўласнага становішча, страту дамінавання ва ўсім свеце, пакіданне першага радка. Таму такія раптоўныя заявы, калі ўжо столькі часу мінула, сведчаць аб тым, што тут не больш чым барацьба за сваё геапалітычнае панаванне. І ў такой барацьбе нават інструменты хлусні, маніпуляванне выкарыстоўваюцца калектыўным Захадам», — адзначыў БелТА Пётр Пятроўскі.

Палітолаг упэўнены: рана ці позна мы даведаемся пра рэальных заказчыкаў гэтых правакацый. «Асабліва пасля таго, як калектыўны Захад канчаткова страціць сваё першынство, калі сфарміруюцца новыя правілы міжнародных адносін, дзе будзе замацавана шматпалярнасць, — тады, я думаю, сусветная супольнасць правядзе нямала розных расследаванняў па такіх вось дзеяннях і справах. Пакуль я бачу, што гэта дзеянні заходніх спецслужбаў. Іх мэтай з'яўляецца інфармацыйная дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, падбухторванне некаторых элементаў дэструктыўнай дзейнасці ўнутры нашай краіны, — заўважыў палітолаг. — Але, як мы бачылі на працягу двух гадоў, пакуль гэта ім не ўдавалася. Думаю, што не ўдасца».

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.