Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Вушасты» сват»


На зіму да Ані пераехала маці-пенсіянерка, каб падтрымаць дачку пасля скасавання шлюбу. А вясной прыйшоў час адвезці мацi дахаты. Сабралі рэчы, і Аня пайшла за машынай. Пры падзеле маёмасці з «былым» жанчыне дастаўся канчаткова дабіты «Запарожац».


Вартаўнік стаянкі, дапамагаючы даме завесці машыну, шырока ўсміхнуўся:

— Машына не просіць, а патрабуе рамонту!

— Так, — пагадзілася Аня, — адвязу мацi, а ў панядзелак атрымаю зарплату i здам яго ў рамонт. 

— Тармазныя калодкі праржавелі, пару разоў рэзка тармазні на трасе, прытруцца, — параіў мужчына.

Аня любіла сваю «вушастую» машыну. Па-першае — гэты сродак перамяшчэння не выкрадуць; па-другое, на трасе хуткасць сто дваццаць — не праблема. Аднак на гэты раз на трасе другая перадача адмовіла. Каб пераключыцца на трэцюю, прыйшлося разганяцца на першай, пры гэтым «вушасты» жудасна завываў і жэр бензін, яшчэ і глох на скрыжаваннях.

Мацi Аня давезла і адразу ў зваротны шлях. Праехала паўсотні кіламетраў і мярзотны скрыгат, а таксама жудаснае тарахценне разарвалі цішыню лесу. Праржавеўшы за зіму глушыцель надламiўся і драпаў дарогу, высякаючы з асфальту іскры. Ездзіць яе навучылі, а рамантаваць... Дальнабойшчыкі дапамагаюць адзін аднаму, калі паломка. Паспадзявалася, што і ёй хто-небудзь дапаможа.

Бо сітуацыя неардынарная — жанчына сярод лесу ля зламанай машыны. Натуральная рэакцыя ў мужчын — дапамагчы. Яна адкрыла капот і стала побач. Стаяць прыйшлося доўга, праехала некалькі машын... не спыніліся. Ці кіроўцы былі не мужчыны, ці мужчыны былі...

Прыйшлося лезці пад машыну. Аня паслала газеты, лягла, імкнучыся не выпэцкаць сукенку. Стала аддзіраць надламаны глушыцель, але той трымаўся мёртва. ЗАЗ качала ад яе рыўкоў.

Пад’язджаючае «Рэно» зменшыла ход. Кіроўца ўтаропіўся на спадніцу ў гарошак, якая аблягала жаночыя ножкі. З боку карціна была інтрыгуючай: ногі, абцасы басаножак упіраюцца ў зямлю, а над імі разгойдваецца ЗАЗ. Засаромеўшыся сваёй цікаўнасці, кіроўца рэзка газануў і рвануў прэч.

Адарваць глушыцель не ўдалося. Вырашыла прывязаць яго поясам да рухавіка. Падумала: «Калі пояс загарыцца —выскачу». Паехала да запраўкі. Ля калонак стаялі «Рэно» і «Нісан». Аня прытармазіла, і машына тут жа заглохла. Чыркнула запальваннем, праз пару метраў скінула газ і зноў заглохла. Гук матора суправаджаўся паваротам абодвух мужчын у яе бок.

«Не буду ганьбіцца. Пастаю, хай ад’едуць, — вырашыла Аня, — а то скажуць: «Перагазоўвае — баба». Яна выйшла, паправiла шчотку на пярэднім шкле — чакала, калі ад’едуць. «Рэно» з’ехаў, а кіроўца «Нісана» не зводзіў вачэй з яе «вушастага».

— Дзяўчына, у вас машына глохне на малых абарачэннях. Калі дазволіце, я пагляджу. У мяне калісьцi быў «Запарожац».

Яна кіўнула і ад збянтэжанасці за стан «вушастага» з абурэннем сказала: «Не толькі глохне, але і развальваецца. Калі можна, замацуйце глушыцель». Незнаёмы павярнуў нейкі вінцік, і машына перастала глохнуць. Дротам прымацаваў глушыцель. У яго вачах было спачуванне.

— Як тармазы? — спытаў ён, відавочна для заспакаення сумлення, спадзеючыся атрымаць адказ «нармальна» і з’ехаць. Адказ: «Тармозіць правае задняе, калі педаль „утапіць“ да ўпору» не супакоiў.

— А як ручнік?

І зноў дарма паспадзяваўся, што зможа сказаць: «У выпадку тармажэння выкарыстоўвайце ручнік» і спакойна з’ехаць.

— Калі ў вас быў «Запарожац», павінны ведаць, што ручнік не трымае.

Аня чамусьці раззлавалася на ўсязнайку, можа ад непрыемнага пачуцця бездапаможнасці. Мужчына разгубіўся, замітусіўся:

— Якія яшчэ праблемы?

І Аня выклала ўсё:

— Не ўключаецца другая...

Мужчына быў ашаломлены.

— Дайце мне ваш тэлефон, я прыеду і адрамантую.

Праверыў ціск у колах. Прабурчаў, што пара купіць іншую машыну. Папрасіў адкрыць капот, і тут эмоцыі незнаёмца дасягнулі апагею. Адкрыўшы капот, Аня замест завадскога ўпора падставіла кавалак дошкі.

— Гэта што? — голас незнаёмца стаў на два тоны ніжэй.

— Неабрэзаная дошка.

— Навошта?

— Падтрымліваць капот.

Ён маўчаў, падобна, у яго быў эмацыйны шок.

— Я праводжу вас. Вам куды ехаць?

— Дзякуй. Не трэба. Засталося сто пяцьдзясят кіламетраў.

— Вы самазабойца? Самурай? Я не магу вас адпусціць. Гэта не машына, а міна.

Ведаў бы, што Аня на гэтай машыне ездзіць ужо дванаццаць гадоў, што педаль пару разоў адвальвалася на хаду. Потым Аня яе дротам прыкруціла і ездзіла. Аднак Аню яго словы ўсцешылі, самураем яе яшчэ ніхто не называў, і яна з гонарам заявіла:

— Усё будзе выдатна. З раніцы ўжо дзвесце праехала і раз зламалася. А міны двухразовыя не бываюць.

Ух... Ніколі яна не бачыла ў вачах мужчыны столькі захаплення.

— Сяргей, — ён захоплена ціснуў яе мурзатую руку і казаў: — Я абавязкова прыеду і адрамантую вашу машыну! Абавязкова прыеду!

Сяргей стаяў на дарозе і глядзеў услед. Напэўна, яшчэ не адышоў ад шоку. «Вушасты» лёгка даімчаў Аню да хаты. Праўда, па дарозе глушыцель усё-ткі адваліўся. А праз пару дзён зазваніў тэлефон: «Як даехалі?.. Прыеду заўтра». Вось так «вушасты» сасватаў сваю гаспадыню.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».