Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» разам з ДАІ паназіраў за карыстальнікамі электрасамакатаў. Высновы і карысныя рэкамендацыі


Гэты від транспарту ўжо трывала ўвайшоў у наша жыццё і стаў яго неад'емнай часткай. На ім ліха ганяюць як дзеці, так і дарослыя. Апошнія, дарэчы, выкарыстоўваюць электрасамакаты як сродак перамяшчэння. Нярэдка ў летні перыяд на іх перасаджваюцца і аўтаўладальнікі. Толькі не ўсе валодаюць правіламі бяспечнага кіравання — на жаль, не абыходзіцца без траўмаў.


Якія парушэнні падчас дарожнага руху здзяйсняюць самакатчыкі, да чаго прыводзіць ліхацтва на дарозе і калі, нарэшце, уступяць у сілу змяненні ў Правілы дарожнага руху, дзе ўпершыню прапісаны патрабаванні да кіроўцаў электрасамакатаў, карэспандэнты «Звязды» даведаліся ў супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі. Разам з інспектарамі мы прайшліся па мінскіх вуліцах і паназіралі, як паводзяць сябе карыстальнікі электрасамакатаў. Не абышлося без цікавых высноў і карысных рэкамендацый.

Па правілах пешаходаў

Веласіпедысты і пешаходы па-ранейшаму застаюцца найбольш уразлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Пачасціліся выпадкі траўматызму людзей, якія перамяшчаюцца на электрасамакатах, сегвэях, гіраскутарах, манаколах і іншым электратранспарце — неўзабаве іх усіх будуць называць сродкамі персанальнай мабільнасці. Новая рэдакцыя Правілаў дарожнага руху ўступае ў сілу ўжо гэтай восенню, 27 кастрычніка, — адпаведны ўказ у красавіку быў падпісаны кіраўніком дзяржавы.

Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, дакумент прыняты з мэтай павышэння культуры ўдзельнікаў дарожнага руху, стымулявання выкарыстання электратранспарту і зніжэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. Прадугледжаныя ўказам меры павысяць бяспеку на дарогах і зробяць удзел у дарожным руху больш зручным і камфортным для грамадзян.

Што датычыцца электрасамакатаў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці, як іх прынята будзе называць, перамяшчацца на іх можна будзе па веласіпеднай дарожцы. Пры яе адсутнасці — па тратуары, пешаходнай дарожцы ці абочыне. Выкарыстоўваць сродкі персанальнай мабільнасці, за выключэннем жылых і пешаходных зон, змогуць асобы, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Рухацца на электратранспарце трэба будзе з хуткасцю веласіпеда — не больш як 25 км/г. Забаронена перамяшчацца на ім у стане алкагольнага ап'янення, перавозіць пасажыраў, калі апошняе не прадугледжана канструкцыяй.

Як расказвае старшы інспектар па асаблівых даручэннях галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Бруй, змяненні ў Правілы дарожнага руху, звязаныя з электратранспартам, абумоўленыя з'яўленнем новага віду перамяшчэння. Супрацоўнік органаў унутраных спраў кажа, што ўсё заканамерна, і прыводзіць як прыклад змяненні ў ПДР, выкліканыя ў свой час масавым выкарыстаннем за рулём мабільных тэлефонаў. У выніку забарона размоў па тэлефоне падчас руху на аўтамабілі паўплывала на зніжэнне аварыйнасці з прычыны няўважлівасці.

— Апошнім часам пешаходы актыўна перамяшчаюцца на сродках персанальнай мабільнасці, якія не каштуюць вялікіх грошай, таму даступныя амаль для кожнага, — працягвае Аляксандр Бруй. — Адпаведна, з'явілася новая катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху, якая ні пад якую існуючую катэгорыю не трапляла. Прыйшлося ўвесці новае паняцце «сродак персанальнай мабільнасці», пад якім маецца на ўвазе прыстасаванне або прылада, пры дапамозе якога перамяшчаюцца пешыя ўдзельнікі дарожнага руху. Неўзабаве яны няўхільна павінны будуць выконваць Правілы дарожнага руху, якія распаўсюджваюцца на пешаходаў.

Думаць пра сябе і навакольных

Безумоўна, карысць ад выкарыстання электрасамакатаў відавочная. Гэта і экалагічны аспект — шкоду навакольнаму асяроддзю такі від транспарту не прыносіць. І для здароўя часам нядрэнна калі не поўнасцю перасесці на электрасамакат, дык хоць раз-пораз на ім пакатацца, асабліва на свежым паветры. Аднак галоўнае, на што пры гэтым варта звяртаць увагу, — бяспека як уласная, так і навакольных.

Бяспечнае перамяшчэнне карыстальнікаў электратранспарту на тэрыторыі Мінска і ўсёй краіны кантралююць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Праводзяць яны і вялікую прафілактычную работу з насельніцтвам — актыўныя карыстальнікі персанальных сродкаў мабільнасці, у першую чаргу моладзь, павінны быць падрыхтаваныя да новаўвядзенняў, якія іх неўзабаве чакаюць.

— Выкарыстоўваючы электрасамакаты, у першую чаргу трэба быць уважлівымі, — падкрэслівае начальнік аддзялення галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС капітан міліцыі Вераніка Раманькова. — Рэкамендуецца надзяваць шлем. Калі перамяшчаецеся ў цёмны час сутак, абавязкова абазначайце сябе святлоадбівальнымі элементамі, каб цябе ўбачылі як пешаходы, так веласіпедысты. І на тэрыторыі Мінска, і ў іншых гарадах ёсць месцы, дзе неабходна зніжаць хуткасны рэжым. Выкарыстоўваючы электрасамакаты, памятайце аб тым, што калі вы рухаецеся па тратуары, пешаходнай дарожцы або веладарожцы, вы там знаходзіцеся не адны — там ёсць яшчэ такія ж удзельнікі дарожнага руху, як і вы: веласіпедысты і, вядома, пешаходы, якія заслугоўваюць асаблівай увагі.

Дзяржаўтаінспекцыя трымае на кантролі і абвастрэнне дарожнага траўматызму. Фіксуюцца асобныя выпадкі пападання ў дарожна-транспартныя здарэнні грамадзян, якія ў сваёй штодзённай жыццядзейнасці выкарыстоўваюць электрасамакаты. Вераніка Раманькова расказвае, што найбольш траўмаў па віне электрасамакатчыкаў адбываецца з-за іх жа няўважлівасці. «Часам узнікае канфлікт з кіроўцамі аўтамабіляў, — тлумачыць супрацоўніца ДАІ. — У прыватнасці, на пешаходным пераходзе грамадзянін, які выкарыстоўвае электрасамакат, не заўсёды зніжае хуткасць. І з-за таго, што ён рэзка можа з'явіцца на праезнай частцы, можа адбыцца дарожна-транспартнае здарэнне. Часам бываюць выпадкі, калі ў небяспечныя сітуацыі трапляюць самі пешаходы. Тут, безумоўна, важная ўвага як адных, так і другіх». У той жа час, заўважаюць у міліцыі, культура паводзін людзей на дарозе павысілася. Аднак над гэтым пастаянна трэба працаваць.

Адзін самакат — адзін чалавек

Сапраўды, сёння шмат хто можа сабе дазволіць мець электрасамакат. Тыя, каму гэта не па сілах або калі з прычыны нячастага выкарыстання такой неабходнасці няма, звяртаюцца да паслуг каршэрынгу. Узяць у арэнду электрасамакат можна ў любы час і практычна ў любым месцы — ва ўсякім разе, у Мінску гэты двухколавы транспарт можна сустрэць на кожным кроку. Аднак ці не ўплывае такая даступнасць электрасамакатаў на бяспеку дарожнага руху?

Аб гэтым мы пагаварылі з прадстаўніком адной з каршэрынгавых кампаній. У Мінску яны працуюць усяго месяц, але пэўныя высновы зрабіць ужо могуць. Ва ўласнасці каршэрынгу — дзве тысячы самакатаў. Усе яны — пад кантролем кампаніі.

Дырэктар па камунікацыях каршэрынгу Юлія Камойлік адзначае, што Мінск — цудоўны горад, па якім хочацца гуляць. «Аднак ёсць пэўныя транспартныя задачы: напрыклад, даехаць да офіса, спартзалы ці кудысьці яшчэ, якія рэалізоўваюцца ў тым ліку на самакаце, — кажа яна. — Многія ў летні перыяд нават перастаюць карыстацца аўтамабілем, каб больш часу праводзіць на свежым паветры. 80 працэнтаў паездак на нашых электрасамакатах ажыццяўляецца па транспартным сцэнарыі, дзеля прагулачных мэт — толькі 20 працэнтаў».

Прадстаўнікі каршэрынгу заўважаюць, што са з'яўленнем электрасамакатаў машын у горадзе стала крыху менш. Ад гэтага, безумоўна, чысцейшым становіцца паветра і лепш адчуваюць сябе людзі, асабліва калі ўлічыць, што паездкі на самакаце звязаныя з прыемнымі эмоцыямі. «Пры гэтым мы шмат зрабілі для таго, каб самакат быў бяспечным, — адзначае Юлія Камойлік. — Усе дзве тысячы самакатаў настроеныя ў нас аднолькава, мы кіруем імі аддалена. Хуткасць у нашых самакатаў абмежаваная, у вячэрні час абавязкова спрацоўвае фара».

Клапоцяцца прадстаўнікі каршэрынгу і аб этыцы паводзін самакатчыкаў на дарозе, аб выкананні імі Правілаў дарожнага руху. Пад эгідай кампаніі нядаўна працавала Школа бяспечнага кіравання, дзе кожны мог атрымаць бясплатную кансультацыю па бяспечным кіраванні электрасамакатам. Таксама ў дапамогу кіроўцам самакатаў каршэрынгавай кампаніяй створаны мабільны дадатак, які даступны і для нашых карыстальнікаў. Гэтым яны хочуць сказаць, што ў самакатаў правілы ёсць, яны простыя і іх нескладана выконваць. Калі правілы парушаюцца, для карыстальнікаў электратранспарту прадугледжаны штраф: напрыклад, за перадачу самаката дзіцяці або за перамяшчэнне на ім дваіх чалавек. Усё гэта фіксуецца.

— Насамрэч, большасць людзей выконвае правілы, — звяртае ўвагу Юлія Камойлік. — Тых прычын, якія прыводзяць да траўматызму, не так шмат. Напрыклад, нельга практыкаваць паездкі ўдваіх, асабліва калі сярод пасажыраў — дзеці. У самаката — невялікае кола, любая няроўнасць выклікае хістанне. Калі на ім знаходзяцца два чалавекі, то хіснуць можа мацней і пасажыры могуць упасці. Таму адзін самакат — адзін чалавек. І гэта заўсёды дарослы чалавек.

Яшчэ адна з прычын, з якой чалавек на электрасамакаце можа атрымаць траўму, звязана з няправільным перасячэннем пешаходных пераходаў. Асабліва гэта небяспечна, калі чалавек, што едзе на самакаце, не злазіць з яго — няважна, перасякае ён праезную частку на пешаходным пераходзе, які рэгулюецца, або не. Гэта пагражае сустрэчай з аўтамабілем. Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, пры перамяшчэнні праз пешаходны пераход самакат неабходна каціць побач.

Прадстаўнік каршэрынгу адзначае, што за месяц, пакуль яны працуюць у Мінску, траўмаў з іх электрасамакатамі не зафіксавана. Яны мяркуюць, што ў гэтым заслуга горада — у сталіцы шырокія тратуары і вялікая колькасць веладарожак, пры правільным выкарыстанні якіх аварыйнасць мінімальная. Поўнасцю пазбегнуць траўматызму або звесці яго да выключных выпадкаў, безумоўна, дазволяць змяненні ў Правілы дарожнага руху, якія, нагадваем, увойдуць у дзеянне ўжо гэтай восенню.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.