Разглядам пэўных паслуг, якія чалавек можа заказаць праз свой асабісты электронны кабінет, а таксама тлумачэннямі, навошта яны могуць спатрэбіцца і чым будуць карысныя, мы распачынаем новую рубрыку «Лічбавы беларус». У ёй з дапамогай спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП) пастараемся простымі словамі расказваць пра тое, што сучасны беларус можа атрымаць ад свайго электроннага кабінета, які сёлета ўжо створаны для кожнага нашага грамадзяніна на Адзіным партале электронных паслуг (АПЭП).
Сэрвісы на АПЭП прадстаўлены ў самых розных галінах: нерухомасць, адукацыя, медыцына, падаткі, фінансы, гандаль і іншае. Цяпер можна атрымаць каля 20 сэрвісаў — электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур. Іх колькасць залежыць ад ліку баз даных, якія інтэграваны з інфармацыйнымі сістэмамі цэнтра. Штодня на партал звяртаюцца па аказанне каля 100 тысяч электронных паслуг і каля 200 адміністрацыйных працэдур.
— Уся інфармацыя захоўваецца менавіта ў базах пэўных арганізацый (пастаўшчыкоў паслуг), а не на партале АПЭП. Наша задача як аператара — наладзіць механізм узаемадзеяння паміж імі, стварыць інфраструктуру, каб грамадзяне маглі ўвайсці ў сістэму і атрымаць пэўную паслугу. То-бок мы настройваем прыгожыя зручныя «рэйкі» і падтрымліваем іх у працаздольным стане, а «вагоны», якія па іх ездзяць, належаць не нам, а аператарам, што валодаюць звесткамі. Чым больш будзе «вагонаў», тым больш інфармацыі зможа атрымаць беларус, — падкрэсліла Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП.
Запыт у адну базу даных — гэта адна паслуга. А прадастаўленне нейкай інфармацыі на падставе звестак з некалькіх баз даных — ужо паслуга комплексная. Існуе яшчэ такое паняцце, як «суперсэрвіс» — набор сэрвісаў, якія ўключаюць у сябе комплексныя паслугі пры наступленні нейкай жыццёвай сітуацыі.
Паняцце «праактыўныя паслугі» азначае, што калі ў чалавека наступіла нейкая жыццёвая сітуацыя, ён нічога не робіць (ніякіх запытаў). Дзяржава сама ведае, што ў грамадзяніна склаліся пэўныя абставіны (пераезд на новае месца жыхарства, ДТЗ), таму што звесткі пра гэта паступаюць у розныя базы даных і інфармацыйныя рэсурсы. І калі такая сітуацыя настае, аператары самі накіроўваюць у асабісты кабінет чалавека інфармацыю, што яму ў сувязі з пэўнымі абставінамі прызначана, напрыклад, дапамога. Або яму належыць звярнуцца ў пэўную арганізацыю, каб напісаць нейкую заяву.
— Такім чынам дзяржава падказвае асобе, што трэба зрабіць, папярэджвае зварот да яе чалавека, — растлумачыла Святлана Караневіч. — Дзейнічае не заяўны прынцып, калі чалавек просіць нешта ў дзяржавы, а дзяржава сама нагадвае, што яму трэба.
Цяпер для фізічных асоб на АПЭП прапануецца каля 50 розных паслуг, аднак спецыялісты пастаянна працуюць над распрацоўкай новых, у тым ліку і комплексных, і суперсэрвісаў.
Існуе шмат паслуг, якія датычацца нерухомасці. Чалавек можа даведацца пра свае правы на зямельны ўчастак, капітальныя збудаванні, будынкі, незавершаныя рамонтам, закансерваваныя і ізаляваныя пабудовы (кватэры). Людзі могуць даведацца, якой нерухомасцю яны валодаюць ці калісьці валодалі, што адчужалі на карысць кагосьці. Для атрымання ўсіх гэтых звестак аператар, які іх прадастаўляе, патрабуе ад чалавека выкарыстаць свой электронны лічбавы подпіс (ЭЛП) ці ІD-картку, падкрэсліла спецыяліст:
— З дапамогай ЭЛП можна даведацца інфармацыю пра памер дапамогі на дзіця, пра дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу (калі агульны даход сям'і ніжэйшы за ўзровень пражытачнага мінімуму, ёй належыць грашовая дапамога: на падгузкі, харчаванне, аплату камунальных паслуг). Можна паглядзець таксама звесткі аб наяўнасці ці адсутнасці запазычанасці індывідуальнага прадпрымальніка ці фізічнай асобы перад бюджэтам. Праверыць, ці знаходзішся ты ў базе дармаедаў. Можна даведацца, і якія выплаты плаціць наймальнік за цябе як работніка ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Адносна новая паслуга датычыцца перасячэння граніцы — на АПЭП чалавек можна даведацца, калі яго не было ў краіне. За большасць гэтых паслуг прыйдзецца сімвалічна заплаціць (да рубля).
На партале пакуль ёсць адзін комплексны сэрвіс — праверка добранадзейнасці дзелавой рэпутацыі, калі на адзін запыт чалавека прыйдуць адказы адразу з дванаццаці баз даных.
— Уявім, што чалавек хоча заказаць рамонт і дызайн кватэры. Ён збіраецца заключыць дагавор з фірмай, але не мае ўяўлення, наколькі яна надзейная як контрагент. За 84 капейкі на партале можна праверыць, ці не банкрут арганізацыя, ці не мае даўгоў, ці прыстойна працуе і іншае, адправіўшы запыт на праверку яе дзелавой рэпутацыі адразу ў некалькі баз. Такая магчымасць даступная і ў дачыненні, напрыклад, кампаній, якія аказваюць клінінгавыя або медыцынскія паслугі, — паясніла спецыяліст. — Не лішнім будзе праверыць і стан турыстычнай кампаніі, якой вы збіраецеся даверыць арганізацыю свайго адпачынку.
Комплексная паслуга «Звесткі для праверкі добранадзейнасці дзелавой рэпутацыі» дазваляе атрымаць інфармацыю аб кампаніі ажно па 12 напрамках. Гэта таксама агульныя даныя аб суб'екце гаспадарання: яго поўнае і скарочанае найменне, тып суб'екта гаспадарання, бягучы стан, дата рэгістрацыі і выключэння з Адзінага дзяржаўнага рэгістра (спыненне дзеяння суб'екта ў сувязі з рэарганізацыяй).
Можна даведацца і дату пастаноўкі кампаніі на ўлік у падатковы орган, код і найменне падатковага органа па месцы пастаноўкі плацельшчыка на ўлік, а таксама найменне стану плацельшчыка і дату яго пераходу ў гэты стан. Праверыць інфармацыю аб наяўнасці ці адсутнасці запазычанасці перад бюджэтам або паглядзець звесткі па справах аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) з указаннем нумара справы і даты яе падачы ў эканамічны суд, наймення і адраса заяўніка і даты вынясення працэсуальнага дзеяння.
Дзякуючы такой паслузе можна атрымаць звесткі пра банкруцтва арганізацыі. У гэтым выпадку будуць даступныя найменне заяўніка і суда, нумар справы і дата падачы заявы ў эканамічны суд. А таксама найменне даўжніка, яго адрас і назва ці прозвішча кіраўніка, яго адрас і нумар тэлефона, найменне працэсуальнага дзеяння і дата яго вынясення.
Можна ўбачыць і інфармацыю аб разглядзе заяў у парадку загаднага вядзення: адрас даўжніка, найменне яго і суда, нумар справы, дату падачы заявы ў эканамічны суд, суму спагнання, УНП даўжніка, найменне працэсуальнага дзеяння і дату яго вынясення.
Акрамя таго, даступнымі будуць звесткі аб відах падаткаў арганізацыі, збораў (пошлін) і асаблівых рэжымах падаткаабкладання (інфармацыя аб падатковых дэкларацыях і адзнакі аб спецыяльных рэжымах падаткаабкладання за мінулы і бягучы гады), інфармацыя пра колькасць работнікаў (за мінулы і бягучы гады), звесткі гадавой бухгалтарскай і фінансавай справаздачнасці (у выглядзе электронных файлаў PDF) з бухгалтарскім балансам, справаздачай пра прыбытак і страты, справаздачай пра рух сродкаў, пра мэтавае фінансаванне (за папярэдні год).
Інфармацыя пра ўключэнне суб'екта гаспадарання ў Рэестр камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў з павышанай рызыкай здзяйснення правапарушэнняў у эканамічнай сферы (дата ўнясення ў рэестр і падстава для гэтага) таксама будзе прадастаўлена. Гэтак жа, як і звесткі пра ўключэнне арганізацыі ў План выбарачных праверак, што фарміруецца Камітэтам дзяржкантролю (дзяржорган, які зацвердзіў план праверак, УНП кантрольнага органа і яго найменне, месяц пачатку праверкі).
Звесткі з Гандлёвага рэестра (тып аб'екта, яго найменне і назва гандлёвай сеткі, від рознічнага гандлёвага аб'екта па фармаце, асартыменце тавараў у рэалізацыі, месцы знаходжання, гандлёвая плошча, спецыялізацыя аб'екта, рэгістрацыйны нумар у Гандлёвым рэестры, дата ўключэння ў яго) і іншая інфармацыя ў залежнасці ад тыпу аб'екта.
Ірына СІДАРОК
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.