Вы тут

Новыя паўнамоцтвы мясцовых органаў улады і памеры зямельных участкаў


На Нацыянальным прававым партале апублікаваны закон ад 18 ліпеня 2022 года нумар 195-З «Аб змяненні кодэксаў», якім, у прыватнасці, у новай рэдакцыі выкладаецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, паведамляе БелТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.


«Зямельнае заканадаўства закранае інтарэсы кожнага грамадзяніна і суб’екта гаспадарання. З улікам важнасці пытання кожнае палажэнне закона “Аб змяненні кодэксаў” уважліва прааналізавана на прадмет максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. Вынікам гэтай калектыўнай работы стаў комплексны збалансаваны заканадаўчы акт, які сістэмна вырашае штодзённыя надзённыя пытанні», — адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў.

Палажэнні закона нумар 195-З, што датычацца змяненняў Кодэкса аб зямлі, прадугледжваюць забеспячэнне спрыяльных умоў землекарыстання ў рэгіёнах, пашырэнне правоў мясцовых органаў улады і землекарыстальнікаў па распараджэнні і карыстанні зямельнымі ўчасткамі, развіццё грамадзянскага абароту зямельных участкаў і ўключэнне ў яго невыкарыстоўваемых зямель, спрашчэнне парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, а таксама аптымізацыю ўмоў іх прадастаўлення.

У прыватнасці, дакументам замацавана, што кіраўніком дзяржавы вызначаецца адзіная дзяржаўная палітыка ў галіне выкарыстання і аховы зямель, а таксама прымаюцца рашэнні па адабранні зямельных участкаў сельскагаспадарчых зямель сельскагаспадарчага прызначэння і лясных зямель ляснога фонду для мэт, не звязаных з іх прызначэннем.

Пры гэтым ураду перададзены паўнамоцтвы па ўсталяванні парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, змянення мэтавага прызначэння зямельных участкаў, пераводу зямель з адных катэгорый і відаў у іншыя і аднясення зямель да пэўных відаў, выпадкаў вызвалення ад пакрыцця страт сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасці.

Абласныя выканаўчыя камітэты змогуць вызначаць населеныя пункты і іншыя тэрыторыі, на якіх зямельныя ўчасткі для пэўных мэт прадастаўляюцца без правядзення аўкцыёнаў (за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў). Інфармацыя аб такіх зямельных участках будзе размяшчацца ў інфармацыйнай сістэме Дзяржкаммаёмасці.

За мясцовымі органамі ўлады замацавана права прымаць рашэнні адносна зямельных участкаў, якія былі выкуплены ў прыватную ўласнасць або набыты ў арэнду: аб дазволе праводзіць здзелкі па пераходзе права ўласнасці або права арэнды на зямельныя ўчасткі, у тым ліку з аб’ектамі незавершанага будаўніцтва, і аб змяненні мэтавага прызначэння зямельных участкаў. Таксама за органамі ўлады замацаваны правы аб падзеле і зліцці (у тым ліку з адначасовым змяненнем мэтавага прызначэння) зямельных участкаў і аб змяненні межаў зямельных участкаў са змяненнем іх плошчы, незалежна ад мэтавага прызначэння і віду права на іх.

Акрамя таго, устаноўлены максімальныя памеры зямельных участкаў, якія могуць належаць грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, кватэры ў блакіраваным жылым доме ў сельскіх населеных пунктах — да 1 га, а на хутарах не абмежаваны і будуць вызначацца зыходзячы з мясцовых умоў і пажаданняў грамадзян. Таксама грамадзянам будзе прадастаўляцца магчымасць вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі — да 4 га без уліку плошчаў зямельных участкаў, прадастаўленых грамадзяніну для іншых мэт. Пры гэтым важным палажэннем з’яўляецца тое, што рэгістрацыя грамадзяніна па месцы жыхарства не патрэбна.

Акрамя таго, законам замацавана, што для развіцця бізнесу прадастаўленне дадатковага зямельнага ўчастка без правядзення аўкцыёну магчыма ў сувязі з развіццём вытворчасці тавараў.

Законам нумар 195-З выкладаецца ў новай рэдакцыі арт.223 Грамадзянскага кодэкса. Указанае новаўвядзенне, якое ўступіць у сілу з 1 верасня 2022 года, дасць магчымасць больш дакладна ўрэгуляваць пытанні самавольнага будаўніцтва.

Абноўлены Кодэкс аб зямлі ўступае ў сілу з 1 студзеня 2023 года.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.