Вы тут

Гальпяровіч: На нашых хвалях ствараецца анталогія беларускай літаратуры


Сёння многа разважаюць пра тое, што чытанне кніг як працэс імкліва страчвае свае пазіцыі ў грамадстве і варта шукаць новыя шляхі данясення інфармацыі і прапісных ісцін да людзей. Таксама кажуць, што і літаратура перастала адлюстроўваць глабальныя, агульначалавечыя праблемы. Але адна справа разважаць, і зусім іншая — прыкладаць намаганні, каб данесці, пазнаёміць, адкрыць перад чалавекам дзівосны свет мастацкіх твораў. Пра тое, як трапляюць да слухача найлепшыя ўзоры айчыннай і сусветнай класікі на хвалях радыёэфіра, а таксама аб тым, што прымушае сэрца хвалявацца пры сустрэчы з найлепшымі здабыткамі прыгожага пісьменства, распавядае намеснік дырэктара — загадчык музычых і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, заслужаны дзеяч культуры Навум Гальпяровіч. 


— Навум Якаўлевіч, а як вы адчулі чароўнасць незвычайнага свету літаратуры? 

— Марыў мець бібліятэку з самага дзяцінства. Першыя кніжачкі купляла мама: гэта былі Чукоўскі, Маршак... Потым стаў запрашаць на дзень нара- джэння сяброў-аднакласнікаў з марай, што яны падораць мне кнігі, — тады гэта было прынята. Радаваўся кожнай новай кніжцы. А ўвогуле, прыхільнасць да друкаваных старонак валодала мной заўсёды: яны заставаліся самым жаданым спосабам бавіць час. Вельмі здзівіўся, калі настаўніца сказала ўнуку, як пачаліся канікулы: «Першыя два тыдні трэба адпачыць, можна не чытаць!» (Ён скончыў першы клас). Для мяне ж чытанне было найлепшым адпачынкам! Сёння дзеці лічаць, што чытаць — праца. Я мог не вывучыць хатняе заданне, нават у школу бег з мэтай, што недзе на перапынку альбо нават на ўроку разгарну прыхаванае выданне... А дадому ляцеў, бо ведаў: кіну партфель і пра ўсё забуду з любімымі героямі! 
На мой погляд, кніга павінна займаць галоўнае месца ў жыцці чалавека. Калі гавару з уласнымі дзецьмі, кажу ім: «Веру ў вас і спадзяюся на вас, бо вы з дзяцінства чыталі». Не прымушаў іх, але даў прыклад: яны бачылі, што ў нас вялікая бібліятэка, распавядаў пра цікаваыя кнігі. Сын цяпер чытае больш, чым я. Гэта радуе. Ён ведае ў замежнай літаратуры нават тых аўтараў, якіх не ведаю сёння я, часам прыносіць кнігі мне... 

Літаратура выхоўвала мяне з дзяцінства і праз радыё. Памятаю пастаноўкі, вершы, артыстаў, якія іх чыталі: і Леаніда Рахленку, і Лідзію Ржэцкую, і Барыса Платонава — слухаў і слухаў. У тым ліку і дзіцячыя літаратурныя перадачы, а некаторыя вершы памятаю і цяпер. 

— У эфіры канала «Культура» Беларускага радыё значную частку займаюць непасрэдна самі творы... 

— Лічу, што і сёння значэнне літаратуры ў сродках масавай інфармацыі вельмі важнае. Мы прывыклі, што шмат гучыць інтэрв’ю, размоў пра тую ці іншую кніжку. А каб гучаў сам літаратурны твор! Толькі ў нашых праграмах яны выконваюцца! Пачынаючы з самай раніцы, штодзённа чытаем вершы і класікаў, і сучаснікаў. З нядаўніх былі ў эфіры Максім Танк, Максім Лужанін, Аркадзь Куляшоў, Генадзь Бураўкін, Алесь Бадак. Даводзілася чуць, як знаёмыя кажуць: «Еду ў машыне, уключаю радыё „Культура“ і зараджаюся энергетыкай беларускіх вершаў і мілагучнасці мовы». 

Цяпер штодня ў прамым эфіры Алег Вінярскі чытае Чынгіза Айтматава, Заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Рагаўцоў — «Трыумфальную арку» Эрыха Марыі Рэмарка, гучаць «Развагі пра літаратуру», дзе я распавядаю пра «Сымона-музыку» Якуба Коласа, а пасля ў выкананні заслужанага артыста БССР Паўла Дубашынскага падаюцца ўрыўкі з гэтай паэмы... За гісторыю існавання Беларускага радыё ў нас чыталі вельмі многа — маем надзвычай багатую фанатэку! Ёсць запісы галасоў многіх пісьменнікаў, і ўсе набыткі фондаў пастаянна выводзім у эфір: і Івана Чыгрынава, і Вячаслава Адамчыка, і Алеся Жука, і Віктара Карамазава... Сёлета сумесна з музеем Янкі Купалы распрацавалі праграму «Слухаем класіка»: артысты мінскіх тэатраў выконваюць вершы песняра, а потым супрацоўнік музея распавядае гісторыю іх стварэння. Яна гучыць і ў маім праекце, які называецца «Прачулым радком». Гэтак жа чытаецца і Якуб Колас. Пачалі агучваць Змітрака Бядулю, Максіма Багдановіча, паэтаў-шасцідзясятнікаў. То-бок сёння на канале «Культура» беларуская і сусветная літаратура займае значнае месца і гучыць штодзённа. У нас «ажываюць» цікавыя, амаль напаўзабытыя паэты, напрыклад, Пятрусь Макаль, Сяргей Дзяргай. Іх часам не ведаюць нават тыя, хто цікавіцца літаратурай, а мы чытаем іх вершы, і людзі пераконваюцца, якая гэта высокая паэзія! На нашых хвалях ствараецца пэўная анталогія ўсёй беларускай паэзіі і прозы. 

Гэта яшчэ важна і таму, што сёння радыё слухаюць не так, як раней, калі «талерка» ці прыёмнік стаялі ў кожнай хаце і не выключаліся. У чалавека ёсць выбар: «папса» ці беларускія паэты ў выкананні прафесіяналаў! А калі не паспеў паслухаць, што хацеў, то заўжды можна зайсці на сайт радыё і адным клікам узнавіць ці спампаваць упадабанае! У гэтым сёння і ёсць спецыфічная, вельмі важная і патрэбная роля канала «Культура»... 

Навум Гальпяровіч і Віктар Праўдзін падчас запісу перадачы.

На Першым канале таксама гучыць шмат літаратуры — гутаркі з пісьменнікамі і літаратуразнаўцамі, размовы пра творы, рэпартажы пра вечарыны і прэзентацыі, што таксама вельмі патрэбна. А дзе адчуць асалоду ад твораў Кузьмы Чорнага ці Максіма Гарэцкага? Гэта магчыма на канале «Культура»! А таксама выходзяць у эфір калісьці запісаныя радыёспектаклі па творах Аляксея Дударава, Мікалая Матукоўскага, Кандрата Крапівы. Ствараюцца і новыя. Адзін з апошніх — кампазіцыя, прысвечаная народнай артыстцы Таццяне Мархель, дзе яна спявае, распавядае пра сваё жыццё, пра песні, якія слухала з дзяцінства. 

Часам аб’яўляем конкурсы з мэтай рабіць пастаноўкі па творах сучасных аўтараў, працавалі з прозай Ягора Конева, Уладзіміра Саламахі. Атрымаліся цікавыя радыёспектаклі. 

— Якім чынам вы абіраеце той ці іншы матэрыял? 

— У першую чаргу важна пазнаёміць слухачоў з самымі значнымі творамі нашай літаратуры, пачынаючы з заснавальнікаў: Купалы, Коласа і Багдановіча. Далей па храналогіі — з найбольш цікавымі і яркімі ўзорамі, што даюць уяўленне аб здабытках айчыннага пісьменства. Калі гаварыць пра прозу, то тут стараемся не спыняцца выключна на класічных творах беларускіх аўтараў, знаёмім слухачоў і з сусветнай літаратурай. Дэвіз нашага канала такі: «Мы спавядаем вечныя каштоўнасці». Гэта прадугледжвае папулярызацыю набыткаў не толькі айчынных творцаў, але і замежнай класікі. 

Пры выбары твораў цікавімся даследаваннямі нашых крытыкаў і літаратуразнаўцаў: што яны вызначаюць як найлепшае, што прайшло выпрабаванне часам. Вельмі важна, на мой погляд, выбраць вартыя ўзоры, якія пазначаны высокім майстэрствам. Бо сучасніку цяжка арыентавацца ў тым, што зараз выдаецца, ацэнкі таго ці іншага рамана могуць быць супрацьлеглыя — усё залежыць ад густу і ад начытанасці тых, хто спажывае літаратуру. Так, у нашых перадачах стараемся агучваць тое, што заслужыла высокую ацэнку даследчыкаў літаратуры, чытачоў. 

Знаёмім з творчасцю маладых аўтараў: распавядаем пра іх, гаворым пра прэзентацыі кніжных навінак. 

— Калі нядаўна падчас свята ў музеі Кузьмы Чорнага ўключылі запіс яго голасу, хоць і ціхі, неразборлівы, усе былі ўражаны: падалося, слухаеш — і пісьменнік ажыў! 

— Жывыя галасы пісьменнікаў выклікаюць адчуванне далучанасці, разумення. А як прыгожа чытае свае вершы Максім Танк!.. Маем у фанатэцы запісы галасоў Янкі Купалы, Якуба Коласа і многіх іншых творцаў. Калекцыя радыё — з’ява ўнікальная! У нас нават ёсць спецыяльная праграма «З фондаў Беларускага радыё», дзе ўключаем набыткі фондаў! Каб захаваць запісы (а стужкі ад часу псуюцца) — алічбоўваем іх і пераносім на дыскі, сучасныя носьбіты. 

Ёсць запісы інтэрв’ю з пісьменнікамі. Так, можам паслухаць, як адказваюць на пытанні Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч — не толькі чытаюць творы, але і разважаюць пра жыццё і літаратуру! Лічу, што журналісты зрабілі подзвіг, захаваўшы гэтыя галасы на стужках... Час мінецца, але якія тады былі погляды, меркаванні ў нашых літаратараў — усё гэта захаваецца, будзе сведчаннем гісторыі... Пераважная большасць нашых літаратараў былі запісаны: Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч... Пакаленні, якія ніколі іх не бачылі, могуць пачуць! 

— Загадка папулярнасці і загадка любові чытача... Як думаеце, каго з творцаў будуць памятаць тыя, для каго вы працуеце? 

— Гэта вельмі тонкая рэч, неспасціжная. Можна ствараць добрыя, спецыфічныя творы. Але наколькі яны будуць цікавыя для самых розных людзей? У кожнага свае прыхільнасці ў мастацтве. Ды ёсць мастацтва для ўсіх. Так, Сяргея Ясеніна любяць і тонкія інтэлектуалы, і простыя людзі, а яго вершы напісаны звычайнымі словамі... 

Уладзімір Мішчанчук у студыі.

Памятаю, на вакзале ў Полацку стаяла некалькі чалавек не самага высокага сацыяльнага статусу, выпівалі піва і... чыталі вершы Ясеніна! Не Бродскага, якога яны, хутчэй за ўсё, і не ведалі! Хаця і ў Бродскага ёсць свае прыхільнікі. Вось што бярэ за жывое і сведчыць аб разуменні паэтам душы чалавека! Усе людзі кахаюць, перажываюць пэўныя страты, любяць прыроду, абавязаны сваім бацькам, але абагульніць і напісаць так, каб яно было блізка і зразумела кожнаму — найвялікшае майстэрства! Такая літаратура выхоўвае высокія маральныя якасці, памкненні чалавека. Сябраваў з Алесем Пісьмянковым... Калі сёння чытаеш яго вершы, адчуваеш, наколькі яго знешняя прыгажосць і камунікабельнасць былі гарманічныя з творчасцю... Паглыбляешся ў тэкст — і табой авалодвае нейкая магія, заварожвае!.. Гэта і ёсць высокая паэзія. 

Вялікая таямніца — пісаць так, каб яно было патрэбна людзям. Разгадаць загадку таленту не можа ніхто. Адкуль ён з’яўляецца? Кожны ўмее пісаць, любы можа атрымаць адукацыю, але далёка не ўсім удаецца злавіць гэтую «жар-птушку», адчуць «шэпт нябёсаў»! Але кожны час нараджае свае яркія таленты... А расказваць, тлумачыць, даваць магчымасць атрымаць асалоду ад творчасці нашых выдатных пісьменнікаў— гэтаму якраз і служыць радыё! 

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.