Вы тут

Краязнаўчая памяць. Новы выпуск «Астрамечаўскага рукапісу»


Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах, які ўжо выходзіць дзесяты год, у чарговым сваім выпуску (нагадаем: перыядычнасць — адзін раз у квартал), ідзе след у след за традыцыйнымі тэматычнымі накірункамі. 


У раздзеле «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны» з артыкулам «Асоба ў гісторыка-культурным люстры рэгіянальнай традыцыі вёскі Медна Брэсцкага раёна» выступае кіраўнік лабараторыі «Фалькларыстыка і краязнаўства» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна доктар філалагічных навук Іна Швед. Дадзенай публікацыяй аўтар працягвае духоўны дыялог з «вернутымі галасамі» берасцейцаў. Вось што зазначае даследчыца: «... мы намагаемся паспрыяць вяртанню культурнай памяці пра малую радзіму, мінулы — пераважна сялянскі — сацыяльна-культурны вопыт, „малы жыццёвы свет“, традыцыйныя ментальныя ўстаноўкі і каштоўнасці, калектыўныя паводзінавыя стэрэатыпы, уключна святочны каляндар, сямейна-родавыя сувязі, абрады радзін-хрэсьбін, вяселля і пахавання, а таксама народна-рэлігійныя, медыцынскія, метэрэалагічныя, заалагічныя, батанічныя і іншыя ўяўленні нашых землякоў, якія не павінны застацца безыменнымі і безгалосымі ў гісторыі, у тым ліку ў так званай гісторыі паўсядзённасці». 

«З бабулінага куфра» — раздзел, які знаёміць чытача з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, з аўтэнтычнай культурай жыхароў края. У другім за 2022 год выпуску «Астрамечаўскага рукапісу» — расповяд пра жыхарку вёскі Гута Алену Мікалаеўну Бойка, якая сабрала цікавую калекцыю артэфактаў з традыцыйнай культуры Брэсцкай вобласці. І расповяд гэты пададзены на мясцовай гаворцы. Услухайцеся ў моўныя залацінкі, што зберагаліся стагоддзямі: «Колысь на свадьбах у Гуты игралы на гармошцы и бубны. Ходылы на танцы, казалы „идэмо на музыкы“. Булы танцы з гармонистом и бубныстом. Як начнуть граты, то ны можно усэдыты на мисцы. Ногы самы в пляс ишлы...»

Несумненна, і шэраговыя чытачы, і дасведчаныя спецыялісты прачытаюць артыкул «Шклянкі-маляванкі народнага майстра Васіля Аляксеевіча Калініна», аўтарамі якога з’яўляюцца вучні Дамачаўскай СШ Анастасія Бойка, Ларыса Шэлест (навуковы кіраўнік іх даследвання — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, магістр гістарычных навук Кірыл Гаўрыленка. Размова — пра майстроў, якія авалодалі ўменнем распісваць шкло. Развагамі пра творчасць празаіка і паэта Марыі Якімчук дзеліцца член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Валковіч. 

Поруч з краязнаўчымі публікацыямі «Астрамечаўскі рукапіс» выкладае артыкулы, карэспандэнцыі, рэпартажы, якія знаёмяць пра культурна-асветніцкае жыццё рэгіёна. Нагадаем, што рэдактарам і ўкладальнікам выдання з’яўляецца пісьменнік Аляксандр Валковіч, а сярод заснавальнікаў альманаха — Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. З «Астрамечаўскім рукапісам» можна працаваць на школьных уроках гісторыі, у час арганізацыі розных мерапрыемстваў выхаваўчага характару. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».