Вы тут

Пераможцаў абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі назвалі ў Гродне


У намінацыі «Паэзія» гэта паэтэса Таццяна Яцук (Навагрудскі раён); у намінацыі «Публіцыстыка і краязнаўства» — Алена Руцкая; у намінацыі «Дзіцячая літаратура» — Таццяна Сучкова; у намінацыі «Крытыка і літаратуразнаўства» — Аліна Сабуць; у намінацыі «Адкрыццё года» — Кацярына Ігнацюк (усе з Гродна). Сёлета журы разгледзела 43 конкурсныя заяўкі. У намінацыях «Проза» і «Драматургія» найлепшыя творы выявіць не ўдалося. 


Пераможцы конкурсу рукапісаў імя Цёткі і губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік.

Конкурс праводзіцца Гродзенскім аблвыканкамам пры падтрымцы Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2013 года. Яго адметнасць заключаецца ў фармаце — гэта конкурс не гатовых кніг, а рукапісаў. Творчае спаборніцтва не толькі дапамагае адкрываць новыя імёны, але і садзейнічае выданню кніг, папаўненню кніжнай скарбніцы Прынёмання, узбагачэнню культурнай спадчыны, папулярызацыі сучаснай айчыннай літаратуры. І калі прыгожы дыплом лаўрэата можна павесіць на бачным месцы, то сама прэмія (а гэта грашовае ўзнагароджанне ў памеры 100 базавых велічынь кожнаму аўтару) дае магчымасць здзяйснення мары — трансфармацыі рукапісу ў гатовую кнігу. Спынімся на творах пераможцаў. 

Новы зборнік лірыкі пад назвай «Зоркі ў прыполе» будзе чатырнаццатым выданнем паэтэсы Таццяны Яцук. У яго ўвайшлі вершы, напісаныя за апошнія два гады. Змест будучага выдання скла¬даецца з чатырох раздзелаў: «Каромысел вясёлкі» (санеты), «Сілок для шчасця» (белыя вершы), «Шлейф лотаці» (рыфма¬ваныя вершы традыцыйнай формы напісання) і «Пад ветразем мрояў» (лірычныя катрэны-мініяцюры). Свае філасофскія разважанні Таццяна Яцук ласкава называе «зорачкамі», якія набыла на цярністай жыццёвай дарозе і якімі захацелася падзяліцца з чытачамі. А вобраз прыполу сімвалізуе пэўнае канцэптуальнае адзінства, супольнасць жыццёвых уражанняў, сабраных у адной кнізе. Адсюль і сімвалічная назва выдання. Простымі словамі — гэта паэзія, створаная сучаснай беларускай жанчынай, якая ўважліва назірае за навакольным светам і імкнецца бачыць яго шчаслівым і прыгожым. 

...Што такое — напісаць сёння кнігу публіцыстыкі? Гэта гатоўнасць стаць удзельнікам вострай грамадскай палемікі і ў любы момант апынуцца на Судзе Гісторыі. Алену Руцкую такая перспектыва зусім не палохае. Вядомая літаратуразнаўца, дасведчаны педагог-метадыст, Заслужаны настаўнік Беларусі, аўтар каля сотні навуковых і навукова-метадычных прац, чалавек з велізарным творчым і жыццёвым вопытам, яна перамагла з рукапісам зборніка нарысаў-эсэ пад назвай «Памятныя сустрэчы». Змест склалі творчыя партрэты выдатных асветнікаў, пісьменнікаў: Цёткі, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Зоські Верас, Анатоля Іверса, Аляксея Карпюка, Алега Лойкі, Уладзіміра Бутрамеева; навукоўцаў: Івана Лепешава, Ігара Жука, Аляксея Пяткевіча. Знаёмствы, сустрэчы, узаемасувязі з большасцю герояў адыгралі ў жыцці пісьменніцы вельмі важную, нават лёсавызначальную ролю. 

У новай кнізе гродзенскай дзіцячай пісьменніцы Таццяны Сучковай «Вясёлкавы карагод» будуць прадстаўлены вершы, казкі, смяшынкі на роднай мове. Літаратурная творчасць для аўтара, як мне падаецца, — спосаб захаваць дзяцінства на ўсё жыццё, зрабіўшы яго сапраўдным святам станоўчых эмоцый і карысных ведаў. А потым на гэтае свята запрасіць чытача. Такі стыль творчага жыцця красамоўна ілюструюць назвы казак з будучай кнігі: «Хто падарыў бу¬слу чырвоныя боцікі?», «Як чайнік насвістаў гасцей», «Пра хамячка Харытона з Пшанічнага раёна»... Літаратуру для самых маленькіх можна па праве назваць гонарам Прынёманскага краю, і новая кніга аднаго з найбольш паспяховых, запатрабаваных дзіцячых аўтараў яшчэ больш умацуе гэтыя пазіцыі. 

Сярод пераможцаў ІV абласнога кон¬курсу рукапісаў імя Цёткі — яшчэ адзін прадстаўнік навуковай супольнасці: педагог, літаратурны крытык, кандыдат філалагічных навук Аліна Сабуць. Рукапіс аўтарскага выдання «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ—ХХІ стст.» — падсумаванне шматгадовай літаратурна-крытычнай творчасці ў сферы класічнай і сучаснай беларускай літаратуры, яе сувязей з літаратурай славянскай і сусветнай. На прыкладзе творчасці класікаў і нашых сучасных калег даследуецца нацыянальная самабытнасць айчыннай літаратуры. Выданне будучай кнігі прысвечана юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама Году гістарычнай памяці ў Беларусі. Бо мастацкі свет творцы, паводле Аліны Сабуць, — не толькі свет вялікага Майстра, які з ювелірнай дакладнасцю ведае цану кожнаму выдыхнутаму слову, але і асяроддзе Мысляра, узгадаванага Яе Вялікасцю Гісторыяй. Гэта заканамерны працяг беларускай літаратурнай гісто¬рыі, якую тварылі і твораць яе сведкі — класікі і сучаснікі. 

Кацярына Ігнацюк толькі пачынае свой шлях у літаратуры. Але гэта не пе¬рашкодзіла гродзенскай паэтцы перамагчы ў галоўным літконкурсе рэгіёну і атрымаць гучны статус «Адкрыццё года». Дэбютуе аўтар з духоўна-філасофскіх пазіцый — з кнігай паэзіі «Нет никого кроме Него». Гэта пра Бога. Але што ёсць Бог? Што ёсць жыццё, каханне? Якая прырода гэтых вобразаў і як яны сплецены ў прыродзе? Кацярына Ігнацюк ставіць перад намі такія няпростыя пытанні і прапануе ўласныя адказы на іх: «У маім разуменні ўсё, што нас акружае, чым з’яўляемся мы, — гэта і ёсць Бог. Таму ў будучым зборніку можна будзе знайсці элементы любоўнай, пейзажнай, філасофскай і грамадзянскай лірыкі. Боскі пачатак — усё наша жыццё, жыццё кожнага чалавека. Думаю, што любая жанчына знойдзе ў гэтай кнізе сябе, а любы мужчына — вобразы маці, жонкі, каханай». Ілюстрацыі выканала сама паэтка. Яна называе іх нетрадыцыйнымі ва ўсіх сэнсах: пачынаючы ад метаду стварэння і заканчваючы ўтоенымі сэнсамі, якія яны нясуць. 

Цікавая з’ява — рукапіс. У ланцужку творчага працэсу пасля ўзнікнення аўтарскай задумы гэта важная пачатковая стадыя існавання літаратуры. А калі правесці паралелі з чытачом, што ёсць пачатковая стадыя існавання чытача пасля яго «нараджэння»? Вельмі важна сінхранізаваць пазіцыі мастацтва і чала¬века. Таму пачакаем з’яўлення новых кніг і выхаду чытача з папярэдняга, чарнаво¬га стану. Калі метафарычна пераасэнсаваць словы Цёткі «наш палетак паміж межаў», тыя межы, паміж якімі сёння знаходзіцца наш літаратурны палетак, — гэта творчае сумленне аўтара і запыты сучас¬най чытацкай аўдыторыі. 

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».