Вы тут

«Гадзіна пік» у пару бабінага лета. Як пазбегнуць выгарання?


У жыцці кожнай жанчыны бывае свая «гадзіна пік». Часам яна прыходзіцца не на энергічную, нястомную маладосць, а на перыяд, калі ўжо ўзнікае жаданне збавіць абароты, пажыць для сябе. Але нярэдка аказваецца, што ў нас яшчэ вельмі маюць патрэбу і дзеці, і састарэлыя бацькі. Многім бывае цяжка размеркаваць сілы і час так, каб захаваць і лад у сям’і, і самапавагу, і ўласнае здароўе.

Пра тое, каму і ў якіх выпадках трэба дапамагаць, а ў якіх нядрэнна б навучыцца адмаўляць, абмяркоўваем разам з прыватным псіхолагам, трэнерам-выкладчыкам Мінскага гештальт-інстытута Вольгай Прылішч.


Дай жа ты ўсім пакрысе і не забудзь пра мяне

— Вольга Мікалаеўна, як правільна расставіць прыярытэты ў адносінах да дарослых дзяцей і старых бацькоў? Каму з іх, перш за ўсё, трэба дапамагаць, у якіх выпадках?

— На гэтае пытанне няма ўніверсальнага адказу. Усё залежыць ад канкрэтнай сытуацыі. Каб правільна зрабіць выбар, важна ўзважваць усе фактары, сувымяраць нагрузкі са сваімі сіламі і магчымасцямі. Напрыклад, у пажылой мамы рэзка павысіўся ціск або абвастрылася хранічнае захворванне. Можна спачатку пацікавіцца: ці выклікала яна лекара да сябе, ці прыняла лекі. Не выключана, што яе самаадчуванне не патрабуе прысутнасці дачкі. Але калі здарылася нейкая сур’ёзная непрыемнасць, і без вас не абыйсціся, то напэўна вы адкладзеце ўсе справы і паспрабуеце быць побач. Або дарослы сын просіць маму пасядзець з унучкай у суботу, а жанчына дамовілася ўжо сустрэцца ў гэты дзень з сяброўкамі. Можна ўдакладніць: «Чаму і колькі трэба пасядзець з малой?», сказаць пра свае планы. І ў залежнасці ад сур’ёзнасці абставін, па якіх сын і нявестка вымушаны адсутнічаць, прымаць рашэнне. Магчыма, што атрымаецца ўсё зладзіць да ўзаемнага задавальнення, і сустрэчу з прыяцелькамі не давядзецца адмяняць. Заўсёды трэба ўлічваць, ці дазваляе самаадчуванне займацца ўнукамі і састарэлымі бацькамі. Увесь час пераступаць праз стомленасць, ігнараваць уласныя недамаганні, ахвяраваць сабой — гэта згубная стратэгія, якая нікому не прынясе карысці.

— Ахвярнасць сёння, па маіх назіраннях, наогул не вельмі заахвочваецца, а часам нават расцэньваецца як не зусім здаровыя паводзіны. Ёсць жанчыны, перакананыя ў тым, што раз дзеці выраслі — няхай спраўляюцца самі; якія не жадаюць класці час і сілы на алтар служэння старым бацькам. Ці правільна прытрымлівацца такіх поглядаў, жыць выключна для сябе, адмаўляючы ў падтрымцы родным людзям?

— У нашай культуры не надаваць увагі родным, не клапаціцца аб іх, не ахвяраваць дзеля іх чымсьці — безумоўна, нонсэнс. Аднак, калі ўвесь час рабіць выбар на карысць іх запатрабаванняў і жаданняў, цалкам ігнаруючы ўласныя жаданні і патрэбы, падпарадкоўваючы ім сваё жыццё, то такая ахвярнасць можа прывесці да поўнага выгарання, страты ўсіх інтарэсаў, поўнай фрустрацыі. Таму так важна выконваць баланс паміж тым, што аддаеш і што атрымліваеш наўзамен. Калі жанчына згаджаецца нагледзець за ўнукамі, яна робіць гэта не толькі для сына і нявесткі, але і для сябе — зносіны з маленькімі дзеткамі дораць мора пазітыўных эмоцый. Але калі бабуля дрэнна сябе адчувае, ці варта ёй адгукацца на просьбу пабыць няняй? Хіба ўнукам будзе цікава і камфортна з ёй — стомленай, не ўключанай у іх гульні і зносіны? Можа, шчыра патлумачыць прычыну адмовы? Дзеці, напэўна, зразумеюць яе і знойдуць выйсце з сітуацыі. Поўная адмова ад удзелу ў жыцці бацькоў і дарослых дзяцей — гэта іншая крайнасць, якую псіхолагі называюць контрзалежнасцю. Мне здаецца, гэта робіць нас вельмі ўразлівымі і самотнымі. Што значыць — жыць для сябе? Рабіць кар’еру, пастаянна хадзіць да касметолага і ў фітнес-залу, а водпуск праводзіць на Балі? У гэтым, канешне, можна знайсці задавальненне і шчасце. Але гэта і абмяжоўвае, абдзяляе нас. Некалькі дзесяцігоддзяў таму ў нашым грамадстве намеціўся трэнд на развіццё індывідуалізму, на тое, каб чалавек быў самадастатковай асобай. Але сёння, калі вельмі шмат адзіноты, гэтая тэндэнцыя крыху змянілася. Людзі імкнуцца быць самадастатковымі, але пры гэтым аб’ядноўвацца з іншымі, падстаўляць плячо адзін аднаму. Асабіста я лічу здаровым імкненне жыць дзеля сябе, але разам з іншымі. Таму што адносіны з роднымі, прыяцелямі, знаёмымі, калегамі, суграмадзянамі ўзбагачаюць жыццё, дапамагаюць лепш пазнаць і больш поўна рэалізаваць сябе.

— На што трэба арыентавацца, перш за ўсё, робячы выбар: дапамагаць ці адмовіць?

— На мой погляд, на ўласную расстаноўку прыярытэтаў. Трэба час ад часу пытацца ў сябе: «Калі я гэта не зраблю, ці не перастану сябе паважаць?»

— Ці можна, знаходзячыся ў сітуацыі, калі на цябе вялікі «попыт» і з боку бацькоў, і з боку дзяцей, ставіць умовы, каб размеркаваць нагрузку? Прыкладна так: «Я пасяджу з унукамі ў суботу, але вы, дзеці, павінны з’ездзіць і наведаць бабулю і дзядулю ў выходныя».

— Калі гэта гучыць як патрабаванне, то нагадвае гандаль ці шантаж. Значна лепш, пераканана, «спрацуе» просьба. «Я з задавальненнем пасяджу з унучкай. А ці не маглі б вы ў бліжэйшыя выходныя наведаць дзядулю? Ён быў бы проста шчаслівы!» Або «Я магу пасядзець з унучкай, але давайце на наступным тыдні вы дапаможаце мне з бабуляй — яе трэба адвезці на кансультацыю ў бальніцу». Узаемадапамога змацоўвае сям’ю, робіць прадстаўнікоў розных пакаленняў бліжэй адзін да аднаго. Кожны член сям’і адчувае сябе часткай адзінага цэлага, дзе адзін за ўсіх, усё — за аднаго. Каб маладыя не забываліся на старых, варта запрашаць іх да сумеснасці праз эмоцыі, зацікаўліваць. На жаль, часам здараюцца настолькі глыбокія канфлікты паміж пакаленнямі бацькоў і дзяцей, бабуль-дзядуляў і ўнукаў, што яны поўнасцю спыняюць адносіны адзін з адным.

— Дарэчы, аб міжпакаленчых канфліктах. Ці згодны вы з тым, што іх выключная вастрыня сёння шмат у чым прадыктавана неверагодным паскарэннем тэмпу жыцця і тэхналагічнага прагрэсу? Людзі старэйшага пакалення не паспяваюць угнацца за стагоддзем цяперашнім і разрыў, неразуменне з дзецьмі і ўнукамі ўзмацняецца.

— Не згодна. Якім бы ні было асяроддзе, тэмп жыцця, заўсёды можна захаваць адносіны, калі іх шануюць. Важна, каб была ўзаемная зацікаўленасць у гэтым. Крокі насустрач адзін аднаму павінны здзяйсняцца з абодвух бакоў. Многія пажылыя асвойваюць кампутар і гаджэты, каб гаварыць з унукамі на адной мове, лепш разумець іх. Унукі могуць праявіць цікавасць да гісторыі роду — бабулям і дзядулям напэўна гэта прыйдзецца па душы. Рэдкія візіты маладых да бацькоў і прабацькоў часта тлумачацца тым, што яны актыўна будуюць сваё жыццё, развіваюцца, шукаюць сваё месца, і гэта трэба разумець, а не крыўдзіцца.

— Чым небяспечна жыццё дзеля дзяцей? Чаму ўсё часцей ад псіхолагаў чуеш, што трэба своечасова іх адпускаць, не ахвяраваць сваімі інтарэсамі дзеля чад?

— Калі ўжо немаладая жанчына аддае ўсю сябе без астатку дзецям і ўнукам — гэта не ідзе ёй на карысць, яна ставіць сваё шчасце ў залежнасць ад шчасця іншых, фармуе залежныя адносіны. У здаровых адносінах ёсць узаемаабмен. Я нешта раблю для дзяцей, бо мне гэтага хочацца, я люблю іх, яны важны для мяне. Тым самым я напаўняю сваё жыцьцё сэнсам, эмоцыямі. Дзеці дзеляцца з мамай сваімі поспехамі і засмучэннямі, таму што ім важна пачуць яе пахвалу, параду або словы падтрымкі. Але калі дзеля сыноў і дачок увесь час сябе абмяжоўваеш, ушчамляеш, ахвяруеш, то напэўна чакаеш кампенсацыі. І калі яе не атрымліваеш, то адчуваеш незадаволенасць, крыўдзішся. Мама, выбіваючыся з сіл, працуючы ў некалькіх месцах, дапамагла пабудаваць кватэру дачцы. Напэўна яна чакае падзякі, ёй хочацца, каб дачка клапацілася пра яе, дапамагала, не забывалася наведваць. Але ў дачкі ўжо свая сям’я, і ​​яна не можа шмат часу бавіць разам з мамай. Калі бацькі «жыццё кладуць» дзеля нашчадкаў, тыя пачуваюцца вельмі абавязанымі ім, баяцца пакрыўдзіць бацьку і маці. А яшчэ ў такіх умовах дзеці адвыкаюць прыкладаць уласныя намаганні для дасягнення сваіх мэт. Канфлікты пры гэтым непазбежныя. Калі ж бацькі не спяшаюцца выконваць жаданні сыноў і дачок, то нашчадкі пачынаюць самі праяўляць актыўнасць. Гэта лепш для росту і развіцця іх асобы. Мы цэнім у жыцці тое, што даецца з пэўнай працай, на што патрачаны сілы і час.

Як «не памерці разам»

— Ведаю дастаткова прыкладаў таго, як немаладыя ўжо людзі самааддана даглядалі сваіх бацькоў, якія пакутавалі цяжкімі саматычнымі і псіхічнымі захворваннямі. Некаторым пасля гэтага самім патрабавалася псіхатэрапеўтычная дапамога. Як перажыць такое выпрабаванне і застацца нармальным здаровым чалавекам?

— Сутыкаючыся з тым, што бацька ці мама становяцца нямоглымі, у іх прагрэсуюць псіхічныя захворванні, кожны чалавек перажывае сур’ёзны стрэс. І нічога іншага, акрамя як бедаваць, прыняць новую рэальнасць і паклапаціцца пра іх, нам не застаецца. Важна пагаварыць з лекарам, каб уявіць, да чаго трэба рыхтавацца ў бліжэйшы час. Напэўна ў такіх сітуацыях многія ўстаюць перад выбарам: перадаць маму (тату) у медыцынскую установу, пакінуць дома і запрасіць сядзелку або ўзяць увесь клопат аб іх на сябе. Кожны паступае, зыходзячы са сваіх магчымасцей і рэсурсаў. Часам жанчына не можа пакінуць працу, часам не хапае грошай, каб змясціць аднаго з бацькоў у спецыяльную установу з дарагімі паслугамі і г.д. Калі нямаладая дачка бярэцца даглядаць бацькоў сама, то ёй давядзецца клапаціцца і пра сябе. Таму што ў адваротным выпадку псіхічныя і фізічныя рэсурсы могуць скончыцца, з’явіцца раздражняльнасць, злосць, якія непазбежна адаб’юцца на адносінах з родным, ні ў чым не вінаватым чалавекам.

— Як навучыцца не раздражняцца? У чым заключаецца прафілактыка выгарання?

— Зусім не раздражняцца, па-мойму, немагчыма. Пытанне ў тым, каб заўважаць гэта за сабой, і калі раздражненне становіцца пастаянным, то «пазбаўляцца» ад яго самастойна, або звяртацца за дапамогай да псіхатэрапеўта. Каб не дапусціць выгарання, трэба падтрымліваць свае фізічныя, псіхічныя, эмацыйныя рэсурсы. Для гэтага рэкамендуецца рабіць тое, што прыносіць прыемнасць. Знайсці магчымасць на час пакідаць бацькоў на кагосьці іншага, каб сустрэцца і пагутарыць з сяброўкамі, знаёмымі, папрацаваць на дачы, з’ездзіць у лес па ягады і грыбы, пачытаць, паплаваць у басейне, наведаць тэатр ці фітнес-залу. Падыходзяць любыя сродкі, заняткі, хобі, практыкі, якія ўнясуць у жыццё радасць і кампенсуюць энергетычныя выдаткі.

— Прывяду прыклад з жыцця. Іна, актрыса па прафесіі, пасля разводу з мужам жыла разам з дачкой і старэнькім бацькам у двухпакаёвай хрушчоўцы. Тата пакутаваў на нервовае захворванне, часта ўставаў па начах, хадзіў па кватэры. Іна прачыналася, не магла нармальна адпачыць. Стан стаў адбівацца на працы: падводзіла памяць, падчас спектакляў забывала словы ролі. У выніку вымушана была ўладкаваць бацьку ў дом састарэлых. Рэгулярна яго наведвала, але ўсё роўна сумнявалася, ці правільна паступіла. Вы б ухвалілі яе выбар?

— У мяне гэтая жанчына выклікае вялікую павагу. Калі б апынулася сітуацыя іншая, жыві сям’я ў вялікай хаце, можна было б запрасіць сядзелку. Але ў апісанай вамі гісторыі, на мой погляд, Іна прыняла правільнае рашэнне, ёй не варта сябе папракаць. Родны чалавек апынуўся пад наглядам спецыялістаў, сама жанчына захавала сілы і здароўе, каб працаваць, забяспечваць дачку, наведваць і нечым радаваць бацьку. Каму было б лепш, пакінь яна ўсё, як ёсць? Магла б страціць працу, з-за стомленасці і разбітасці назапашвалася б раздражненне. Бацьку было б лепш у такім становішчы? Ён бы лепш сябе адчуваў?

— Нярэдка пажылыя бацькі становяцца надзвычай капрызнымі, патрабуюць да сябе падвышанай увагі. Прачытала аб тым, што ёсць нават такі сіндром: «Памры замест мяне» — калі старыя даймаюць сваіх дзяцей, ператвараюць іх жыццё сваімі паводзінамі ў пекла.

— Упэўнена: ні адзін з бацькоў не жадае, каб яго дзеці «паміралі» замест яго. Нярэдка падвышаная капрызнасць — сімптом псіхічнага засмучэння. У такіх выпадках трэба пракансультавацца са спецыялістамі, не выключана, што пажылому чалавеку патрэбна медыкаметозная дапамога. Часам гэтае «абвастрэнне» нейкіх асобасных якасцяў, рыс характару. «Паміраць», выбіваючыся з сіл, спяшаючыся выканаць любы капрыз старэнькай мамы ці бацькі, зразумела, не трэба. Але ў ідэале добра было б чуць іх жаданні і па магчымасці адгукацца на іх. Калі зусім не рэагаваць на іх, не тлумачыць, чаму ў дадзены момант нельга іх выканаць, то ў пажылых бацькоў абвастраецца адчуванне непатрэбнасці, забытасці, нікчэмнасці. Калі нельга дапамагчы адразу ж, важна сказаць бацькам, калі зможаце гэта зрабіць. У гэтым выпадку ўзнікае надзея: мне не адмаўляюць, трэба пачакаць.

— У якіх сітуацыях усё ж такі можна адмаўляць у дапамозе?

— У тых, калі ўласнае самаадчуванне не дазваляе гэта зрабіць, калі гэта стварае пагрозу здароўю і жыццю. Усё астатняе залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, асабістых каштоўнасцей і прыярытэтаў. Калі жанчына не гатовая пакінуць працу дзеля хворага бацькі, няма фінансавай падтрымкі з боку блізкіх, то яна можа знайсці сядзелку. Гэта лепш, чым абмяжоўваць сябе ва ўсім і злавацца з-за гэтага, у тым ліку і на роднага чалавека.

— А як быць з пачуццём віны, якое адчуваеш з-за таго, што адмаўляеш (няхай і па аб’ектыўных прычынах) у дапамозе дзецям і бацькам?

— Трэба рабіць рэвізію. Прааналізаваць сітуацыю і спытаць сябе: я магла зрабіць інакш, зрабіць больш? Калі сапраўды прызнаеш, што «так», трэба вынесці ўрок з мінулага досведу. А калі адказваеш «не», то навошта сябе мучыць? Не варта ставіцца да сябе як да Звышчалавека і грызці з-за сваёй недасканаласці. Лепш рэальна ацэньваць сябе, свае сілы і рэсурсы.

Дапамагаць ці не дапамагаць? Каб зрабіць правільны выбар, трэба:

  • Прыслухацца да сябе і сумленна адказаць, ці хочаце зрабіць тое, што ад вас патрабуецца? Ці можаце, — ці ёсць у вас для гэтага сілы, здароўе, час, сродкі.
  • Агледзецца, ацаніць актуальную сітуацыю — у якім становішчы цяпер дзеці, бацькі, вы самі. Гэтае трохслаёвае «зараз» дапаможа расставіць прыярытэты.
  • Задаць сабе пытанне: калі я адмоўлю ў дапамозе, ці не перастану сябе паважаць?

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена суразмоўцам

Друкуецца ў часопісе «Алеся».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».