Вы тут

Працоўныя пенсіі і дапамогі на дзяцей да трох гадоў павялічацца ў Беларусі з 1 жніўня


З 1 жніўня ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 25 ліпеня 2022 г. № 250 «Аб павышэнні пенсій» павышаюцца ўсе віды працоўных пенсій — па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Такім чынам, сярэдняя пенсія з даплатамі ў жніўні складзе 638 рублёў. Вырастуць і дапамогі на дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.


Памер працоўнай пенсіі будзе павышаны на 10 працэнтаў. Атрымальнікамі працоўных пенсій з'яўляецца больш за 2,3 мільёна беларусаў.

— Памер павелічэння пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу і заробку, улічаных пры вылічэнні яму пенсіі, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі, — звяртае ўвагу начальнік галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена
ГОМАРАВА.

Трэба ўлічваць, што да працоўнай пенсіі выплачваецца даплата непрацуючым грамадзянам ва ўзросце 75-79 гадоў і ва ўзросце 80 гадоў і старэйшым, надбаўка на догляд інвалідам 1-й групы, існуюць павышэнні ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ганаровым донарам і некаторым іншым катэгорыям грамадзян.

— Гэтыя выплаты па нормах указа не пераразлічваюцца. Аднак яны таксама павялічваюцца са жніўня — у сувязі з ростам бюджэту пражытковага мінімуму, — растлумачыла спецыяліст.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючага пенсіянера ў жніўні 2022 года, уключаючы даплаты, складзе 638 рублёў. У жніўні расходы на выплату пенсій запланаваны ў памеры 1,4 мільярда рублёў, з іх амаль 122 мільёны рублёў — павышэнне згодна з Указам № 250.

Нагадаем, гэта другое павышэнне працоўных пенсій у бягучым годзе. Першае адбылося з сакавіка — на 7 %.

У цэлым расходы на выплату пенсій у 2022 годзе складуць больш як 16 мільярдаў рублёў, у тым ліку 1,4 мільярда рублёў у сувязі з павышэннем пенсій з 1 сакавіка і 1 жніўня.

З 1 жніўня 2022 года павялічваюцца і памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

Такім чынам, з 1 жніўня гэтага года да 31 студзеня наступнага памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складуць:

  • на першае дзіця — 556,05 рубля;
  • на другога і наступных дзяцей — 635,48 рубля;
  • на дзіця-інваліда — 714,92 рубля.

Тэмп росту памераў дапамогі са жніўня 2022 года складзе 103,1 % (у параўнанні з ліпенем 2022 годам) і 112,2 % — у параўнанні са жніўнем 2021 года.

Нагадаем, што памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў пералічваюцца два разы на год: з 1 лютага і 1 жніўня ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь № 7-З «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складае:

  • на першае дзіця — 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне за квартал;
  • на другое і наступных дзяцей — 40 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне за квартал;
  • на дзіця-інваліда незалежна ад чарговасці яго нараджэння — 45 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне за квартал.

Дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў выплачваюцца больш чым на 238 тысяч дзяцей.

Усяго расходы на выплату дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у 2022 годзе складуць 1,7 мільярда рублёў, з іх каля 100 мільёнаў рублёў — у сувязі з іх павышэннем з 1 жніўня (на 3,1 %).

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай.

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.