Вы тут

Сцяжынкамі Багдановіча


Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае ўсіх жадаючых 30 ліпеня ў «Фальварак Ракуцёўшчына» (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) на штогадовае свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета». Традыцыйнае мерапрыемства ладзіцца пры падтрымцы Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта. 


У фальварку Ракуцёўшчына, у сядзібе шляхціца Вацлава Лычкоўскага, дзядзькі братоў Луцкевічаў, Максім Багдановіч адпачываў летам 1911 года. Маляўнічыя краявіды наваколля моцна паўплывалі на творчасць паэта, сталі для яго невычэрпнай крыніцай натхнення. Тут ім створаны знакамітыя паэмы «Вераніка» і «У вёсцы», цыклы вершаў «Старая Беларусь» і «Места». Словам, гэты фальварак стаў як бы другім месцам нараджэння беларускага класіка і звязаны з вяртаннем паэта ва ўлонне Радзімы, станаўленнем творцы. 

Прымеркаванае да чарговай гадавіны памятнага візіту Максіма Багдановіча на Беларусь, «Ракуцёўскае лета — 2022» абяцае гасцям цікавы адпачынак. Па словах арганізатараў, наведвальнікі «змогуць адчуць атмасферу старасвецкага фальварка, прайсці беларускімі сцяжынкамі Багдановіча, атрымаць асалоду ад лета, сонца, новых знаёмстваў, злавіць натхненне на добрыя справы». 

Незабыўна адзначыць свята ў гонар класіка беларускай літаратуры дапаможа мноства цікавых імпрэз, падрыхтаваных музейшчыкамі для аўдыторыі любых узростаў. У праграме — сустрэчы з беларускімі паэтамі і мастакамі, музычныя выступленні, творчыя інтэрактывы і квэсты, лекцыі і майстар-класы, гульні для дзяцей і дарослых ды іншыя актыўнасці. Падрабязная праграма будзе апублікавана на сайце bellitmuseum.by, а таксама ў сацыяльных сетках. 

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.