Вы тут

Гісторыя ў апладысментах


Рыхтуючыся да прыняцця гасцей з усяго свету, жыхары паўночнай сталіцы па-святочнаму ўпрыгожылі горад: плошчы і паркі ператварыліся ў канцэртныя падмосткі, а на маставыя ў старажытным цэнтры вярнуўся кірмаш рамёстваў «Горад майстроў». Традыцыйна віцебскі фестываль збірае творцаў з самымі рознымі мастацкімі зацікаўленнямі. Выключэннем не стаў і «Славянскі базар» версіі 2022. Артысты, мастакі і рамеснікі з усіх куткоў планеты цешылі шматлікіх наведвальнікаў забавамі на любы густ  — ад конкурсу традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты» да лялечнага тэатра… 


Канцэртная праграма фестывалю пачалася 13 ліпеня з выступленняў канкурсантаў XX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» на сцэне аднайменнай канцэртнай залы. Пазней у той жа дзень наведвальнікі мелі магчымасць убачыць неверагодны выканальніцкі перфоманс ад італьянскага майстра ігры на банданіёне  — эксцэнтрычнага Марыа Стэфана П’етрадаркі. Пад акампанемент заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова віртуозны выканаўца адыграў праграму на сцэне Віцебскай абласной філармоніі. 

У другі дзень свята музыка загучала і на вуліцах горада. Так, ролю тэатральнай пляцоўкі прымераў на сябе парк перад канцэртнай залай «Віцебск». Тут прайшоў V Міжнародны фестываль барабаншчыц і мажарэтак. Следам ужо ўнутры канцэртнай установы пачаўся другі дзень дзіцячага музычнага конкурсу. Пазней на галоўнай пляцоўцы фестывалю ў Летнім амфітэатры адбылося ўрачыстае адкрыццё «Славянскага базару ў Віцебску» з удзелам зорак айчыннай і замежнай эстрады. Публіку ў гэты вечар радавалі, напрыклад, Рыгор Лепс, «Хор Турэцкага», Дзяніс Майданаў, Ірына Дарафеева і многія іншыя. 

Па традыцыі адкрыў свята Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. «У гэтых апладысментах гучыць шматвяковая гісторыя ўнікальнай славянскай культуры, якая ўзбагаціла свет незвычайнай духоўнасцю, глыбінёй і прыгажосцю. Гэтыя гукі зноў, як і ўсе папярэднія гады, знайшлі жывы водгук у сэрцах тысяч людзей, якія прыехалі ў Беларусь, нягледзячы на адлегласці і, на жаль, пэўныя перашкоды. І гэта сведчанне таго, што мастацтва вечнае, а імкненне народаў да дружбы і міру пераадольвае і пераадолее любыя перашкоды», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы ў прывітальным звароце да гледачоў. 

Танцы пад зоркамі 

Падчас цырымоніі адкрыцця Аляксандр Лукашэнка ўручыў удзельнікам традыцыйныя ўзнагароды. Калектыў канцэртных праграм Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», творчы калектыў Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату ды каманда выдавецкага праекта «Гістарычная памяць Саюзнай дзяржавы» атрымалі ад Прэзідэнта прэміі Саюзнай дзяржавы за 2021—2022 гг. у галіне літаратуры і мастацтва. Спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва  — да міру і ўзаемаразумення» былі ўдастоены Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры». 

У пятніцу наведвальнікаў свята чакалі гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў дзіцячага конкурсу, а таксама гала-канцэрт з удзелам вядучых артыстаў і калектываў Беларусі і Расіі «Саюзная дзяржава запрашае». Іншымі заўважнымі падзеямі музычнатанцавальнай праграмы сталі канцэрт прызёраў песеннага конкурсу мінулых гадоў і IV Міжнародны танцавальны праект «DREAM DANCE FEST». XXXI Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» праходзіў на галоўнай пляцоўцы ў выхадныя. Пасляслоўем паслужыла шоу «Шансон-ТВ — Усе зоркі». 

Зрабіць праграму яшчэ больш разнастайнай былі прызваны дадатковыя відовішчы, у вялікай колькасці падрыхтаваныя арганізатарамі. Асобнай згадкі вартыя монаспектакль Сяргея Бязрукава «І жыццё, і тэатр, і кіно» ў канцэртнай зале «Віцебск», народны open-air «Гуляй, народ!» на Пушкінскай плошчы, свята харавой музыкі «Славянскі звон» у Свята-Успенскім кафедральным саборы, а таксама сольныя канцэрты ДзіДзюЛі, Дзяніса Мацуева і Алены Ваенгі на розных пляцоўках. Маладзёжная аўдыторыя мела магчымасць як след размяцца на дыскатэках «Рытмы лета» і «VITEBSK DANCE NIGHT» пад зоркамі. 

Горад на сямі вятрах 

Адной з найважнейшых частак ліпеньскага свята ў горадзе на Дзвіне, паводле прызнання ўдзельнікаў, з’яўляецца фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Менавіта ў яго рамках праводзіцца любімы гараджанамі кірмаш рамёстваў «Горад майстроў». Гэтым разам прывычныя лакацыі выйшлі за межы знаёмых пешаходных вуліц у гістарычным цэнтры і арэал фэсту значна павялічыўся. Самадзейныя і прафесійныя творцы разгарнулі свае «лабараторыі» яшчэ і на вуліцы Леніна. Наведвальнікаў чакала вельмі насычаная праграма: тут і там ладзіліся нечаканыя выстаўкі, перфомансы. 

Напрыклад, на пляцоўцы перад папулярнай сярод жыхароў горада статуяй Залатой Рыбкі было арганізавана нямала актыўнасцей для ўсіх цікаўных. Тут можна было не толькі прызначыць спатканне, але і, скажам, загадаць жаданне  — казачная істота абяцала выканаць! Больш за тое, закаханыя маглі тут жа скарыстацца паслугамі фотамайстра і атрымаць прыгожыя здымкі на памяць. Для тых, каму больш даспадобы гук матору, у комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі праходзілі аўта-мота фестываль і Чэмпіянат Беларусі па аўтагуку… Словам, арганізатары пастараліся дагадзіць усім. 

Талстой. Матрошка. Гжэль 

Своеасаблівым дапаўненнем да фэсту вулічнага мастацтва стала выстаўка пад адкрытым небам «Лёсы, складзеныя ў трохвугольнік», зладжаная Беларускім тэлеграфным агенцтвам супольна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Алеі воінскай славы ў парку Пераможцаў. Прымеркаваная да Года гістарычнай памяці вандроўная экспазіцыя ўяўляе сабой 18 гісторый аб лёсах франтавікоў, пададзеных арганізатарамі праз асабістыя лісты салдат часоў Вялікай Айчыннай. Сярод экспанатаў былі і архіўныя фотаздымкі. Наведвальнікі маглі адправіць «трохвугольнік» блізкім. 

Само сабой, у асноўнай афішы «Славянскага базару» разнастайным выстаўкам таксама было адведзена не апошняе месца. Сёлетнюю выставачную праграму адкрыла экспазіцыя «Галандцы. Фламандцы. Графіка» ў Мастацкім музеі Віцебска. У яе ўвайшлі гравюры і малюнкі залатой эпохі галандскага жывапісу. Пазней аглядную выстаўку жывапісных палотнаў і фатаграфій пад назвай «Адценні Пакістана» прэзентавалі і ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання. А ў Музеі-сядзібе Ільі Рэпіна «Здраўнева» пад Віцебскам падрыхтавалі экспазіцыю «Леў Талстой вачыма Ільі Рэпіна». 

Выставачная прастора «Духаўскі круглік» стала пляцоўкай для размяшчэння экспазіцыі «Black and White: метамарфозы». Увазе гледачоў былі прапанаваны графічныя творы пецярбургскага аўтара Аляксандра Багданоўскага. Мастацкае рашэнне большасці работ заснавана на супастаўленні двух колераў. Яшчэ адна прыкметная персанальная экспазіцыя, прэзентаваная падчас фестывалю,  — выстаўка скульптур «IRRA. НЕКУКЛА» мастачкі Ірыны Рамбальскай у Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання. Падчас прэзентацыі аўтарка здзейсніла «арт-інтэрвенцыю» на тэрыторыю ўласных твораў. 

Адны з найцікавейшых артпраектаў валошкавага форуму размясціліся ў прасторы Мастацкага музея Віцебска. Выстаўкі «100 гадоў ніжагародскай матрошкі» і «Гжэльскі роспіс. Сакрэты майстэрства» прадставілі на суд наведвальнікам вырабы расійскіх фабрык, якія захоўваюць традыцыі двух старадаўніх напрамкаў народнага роспісу  — хахламы (па дрэве) і гжэлі (па кераміцы). Гледачы ўбачылі ў музеі традыцыйныя размаляваныя ўпрыгажэнні, клатчы, матрошкі, посуд і нават прадметы інтэр’ера. 

Сустрэча з тэатрам 

Натуральна, не забыліся арганізатары сёлетняга «Славянскага базару ў Віцебску» і пра тэатральную праграму. Аснову яе склаў ужо традыцыйны «Лялечны квартал». Аматарам сцэнічных мастацтваў падарылі магчымасць ацаніць як пастаноўкі для розных узростаў на сцэне Беларускага тэатра «Лялька» або Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, так і выключна дарослыя спектаклі з праграмы «Тэатральныя сустрэчы», пастаўленыя ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. І без таго разнастайны рэпертуар дапаўняўся шматлікімі вулічнымі перфомансамі і акцыямі. 

Гонар адкрываць «Лялечны квартал» выпаў дзіцячай пастаноўцы «Аладзін» ў рэжысуры Віктара Клімчука, якая перагледжвае старонкі вядомай казкі. Праграма працягнулася спектаклем Белгародскага тэатра лялек «Кажа Ленінград» на зусім не дзіцячую тэму — блакада Ленінграда. Трупа Пензенскага абласнога тэатра «Лялечны дом» прадэманстравала пастаноўку «Яблыкі, Маша і Баба-яга» рэжысёра Уладзіміра Бірукова, а госці з Пермі прывезлі спектакль «ШэксПІР падчас чумы, альбо Трагедыя блазнаў» — «дэманічную парафразу з дзвюма прынцыповымі паўзамі: музычнай і рэкламнай». 

Многія відовішчы з праграмы «Лялечнага квартала» дэманстраваліся неаднаразова. Сярод такіх аказалася і пастаноўка рэжысёра Міхаіла Урыцкага «Дзюймовачка», якую ажыццявіў Дагестанскі дзяржаўны тэатр лялек. Чараду замежных пастановак у дадзенай секцыі замыкаў «Не вожык» Іванаўскага тэатра лялек у пастаноўцы Уладзіміра Кузняцова. Кампанію ім склалі дасціпная скамарошына «Пазалочаныя лбы» Гродзенскага тэатра лялек у рэжысуры Алега Жугжды, а таксама заснаваны на цікавай эстонскай казцы «дамашні» спектакль «Чарамара» пастаноўшчыка Міхаіла Клімчука. 

Сцэна НАДТ імя Якуба Коласа гэтым разам радавала наведвальнікаў нечаканымі «Тэатральнымі сустрэчамі». Зрэшты, у афішы былі заўважаны і спектаклі, беларускаму гледачу добра вядомыя, якія здолелі прайсці праверку часам. Так, адкрылася праграма камедыяй «Несцерка» паводле п’есы Віталя Вольскага, што на працягу 80 гадоў не сыходзіць з віцебскай сцэны. Яе змяніла яшчэ адна класічная пастаноўка  — «Мяшчане» паводле Максіма Горкага (Драматычны тэатр на Васільеўскім). Эстафету ў «Мяшчан» прыняў спектакль «Карэніна» беларускага Незалежнага тэатральнага праекта «ТрыТфармаТ». Закрыла ж праграму камедыя «Жаніцьба» Тэатра на Паўднёвым Захадзе. 

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.