Вы тут

«Монстры» ў доме. Як у пагоні за прыгажосцю інтэр'ера не нанесці сабе шкоду


Дом без пакаёвых раслін выглядае неабжытым і няўтульным. Кветкі аздабляюць інтэр'ер. Да таго ж яны забяспечваюць камфортны мікраклімат, ачышчаючы паветра і насычаючы яго кіслародам. Але многія дэкаратыўныя расліны могуць хаваць у сабе небяспеку.


Купляючы пакаёвую кветку, мы часам нават не можам сабе ўявіць, што яна здольная стаць прычынай праблем са здароўем, аднак такое здараецца. Дастаткова зазірнуць на форумы аматараў дамашняга кветкаводства — там дадзеная тэма абмяркоўваецца часта.

«У майго дзіцяці моцная алергія на цвіценне расліны хойя. Расліна становіцца прычынай праблем, толькі калі зацвітае. Днём яшчэ нічога, а ўвечары яна пачынае мацней пахнуць. У дзіцяці чырванеюць вочы, з'яўляецца моцны насмарк. Доўга не маглі зразумець, на што такая страшная алергія. Потым прыбралі з дома гэтую кветку — і праблема сышла».

«Я аднойчы вырашыла размножыць малачай, пачала адломліваць галінку, і сок пырснуў мне ў вока. Справа скончылася ў афтальмалагічным аддзяленні бальніцы. Дачка кветку адразу ж выкінула».

«У нас загінула кошка пасля таго, як пагрызла лісце. Ніколі не падумала б на спацыфілум!»

То-бок, калі ў вашым доме ёсць дзеці, хатнія жывёліны і пажылыя людзі — выбірайце дэкаратыўныя расліны ўважліва. Большасць з іх першапачаткова — насельнікі трапічных шырот. Прычым ядавітымі спецыялісты называюць нават некаторыя з самых распаўсюджаных пакаёвых раслін, якія стагоддзямі людзі вырошчваюць у сваіх дамах. Пра тое, з якімі «кветачкамі» лепш быць «на вы», мы спыталі ў загадчыцы лабараторыі аранжарэйных раслін Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Ганны Шутавай.

Як не «аб'есціся блёкату»

Пачнём з раслін, непажаданых у дамах з маленькімі дзецьмі і хатнімі гадаванцамі. Сок гэтых раслін можа выклікаць атручэнне ці апёк. Калі «групы рызыкі» ў вашым доме няма — усе дарослыя і свядомыя — і ў гэтым выпадку не перашкодзяць меры засцярогі: перасаджванне ў пальчатках і дбайнае мыццё інструментаў, якія выкарыстоўваліся пры рабоце з імі. І, вядома, не варта абразаць іх кухонным нажом або нажніцамі, што неабходныя вам для іншых патрэб.

— Перш за ўсё, набываючы пакаёвую кветку, удакладніце, да якога сямейства яна належыць, — раіць Ганна Генадзеўна. — Гэта далёка не лішняя інфармацыя. Найбольш ядавітыя сярод папулярных дэкаратыўных хатніх раслін адносяцца да чатырох сямействаў. Гэта сямейства малачаевых (сок яго прадстаўнікоў здольны выклікаць апёкі на скуры), сямейства ароідных (вылучаюць таксіны), сямейства кутравых (небяспечныя для жыцця жывёлін, чалавек таксама можа атруціцца — так што пальчаткі пры рабоце з імі абавязковыя) і сямейства паслёнавых. Калі казаць аб гэтым апошнім сямействе, то небяспечныя для здароўя чалавека далёка не ўсе яго прадстаўнікі. Да паслёнавых, напрыклад, адносяць бульбу або баклажан. Але менавіта дэкаратыўныя расліны гэтага сямейства могуць стаць прычынай праблем — іх плады здольныя выклікаць сур'ёзнае атручэнне, ваніты і парушэнні стрававання.

Дарэчы, да паслёнавых належыць і блёкат, што ўвайшоў у прымаўку. Менавіта сокам блёкату ў знакамітым творы Шэкспіра атруцілі бацьку Гамлета. На шчасце, блёкат дома ніхто не вырошчвае. Але ёсць нямала іншых небяспечных раслін, якія ў пагоні за прыгажосцю можна пасяліць у сваім жыллі. Напрыклад, той жа малачай (або багаткі).

— Гэта вялікі род раслін, які адносіцца да сямейства малачаевых, што ўключае каля 2000 прадстаўнікоў. З іх больш за 30 можна вырошчваць у памяшканнях і далёка не ўсе яны па-сапраўднаму небяспечныя, — адзначае суразмоўніца.

У хатнім кветкаводстве распаўсюджаныя віды, падобныя на маленькую пальму (белажылістыя і грабяністыя багаткі). А таксама малачай Міля. Белаваты густы сок гэтых раслін, трапляючы ў арганізм, здольны выклікаць атручэнне, скурны сверб і раздражненне або алергічную рэакцыю. Ядавітае таксама насенне, так што і дарослым не пашкодзяць пальчаткі пры рабоце з ім.

— Да сямейства малачаевых належыць і іншы род, кратон, самы вядомы прадстаўнік якога, кадзіеум стракаты, незвычайна прывабны вонкава. Аднак і ён утрымлівае ядавіты млечны сок, пры пападанні якога ў кроў (напрыклад пры парэзах) рэакцыя бывае настолькі моцнай, што справа можа скончыцца нават бальніцай. Сямейства ароідных уключае як расліны, якія складаюць небяспеку з-за млечнага соку з алкалоідамі і цыяністымі злучэннямі, што змяшчаюцца ў лісці і парастках (дыфенбахія), так і з-за соляў шчаўевай кіслаты (аксалатаў), якія выклікаюць раздражненні, атручэнні і ваніты пры пападанні ўнутр, як у алаказіі, філадэндрана, аглаанемы, каладзіума, антурыума.

Дыфенбахія

Пералічым па імёнах

Дыфенбахія — вельмі распаўсюджаная ў пакаёвым кветкаводстве расліна. Валодае прыгожым рознакаляровым (жоўта-зялёным) лісцем.

Буйная крона выглядае вельмі дэкаратыўна. Але калі ваш кот (або малы, які толькі пачаў поўзаць) вырашыць паспрабаваць на смак сакавітыя лісцікі, моцнага атручэння не пазбегнуць. Сок расліны выклікае млоснасць, ваніты, галавакружэнне. А пры пападанні на скуру — наймацнейшы апёк і раздражненне.

Манстэру, напэўна, бачылі ўсе — яна сустракаецца ў розных установах і часам нават у паліклініках. Шчыльнае буйное лісце з разрэзамі па краях выглядае эфектна. Пры гэтым сок расліны можа стаць прычынай хімічнага апёку скуры і нанесці шкоду здароўю.

— Наогул, манстэру толькі ўмоўна адносяць да небяспечных раслін, і ўсё ж дома яе лепш не заводзіць, калі вы баіцеся за хатніх гадаванцаў, — падкрэслівае загадчыца лабараторыі аранжарэйных раслін ЦБС.

Антурыум — яшчэ адна модная цяпер пакаёвая расліна. Яго не толькі вырошчваюць дома, але і прадаюць у букетах. Антурыум лічыцца «мужчынскай кветкай» — калі вы выбіраеце букет, напрыклад для юбіляра-мужчыны, вам абавязкова прапануюць антурыум.

Антурыум

Строгі і накіраваны ўверх, ён сапраўды выглядае шляхетна. Але яго сок ядавіты — можа выклікаць як апёк слізістай, так і алергічную рэакцыю, асабліва пры глытанні кавалачка ліста або пялёстка дзецьмі ці хатнімі жывёламі.

Алеандр, прадстаўнік сямейства кутравых, сёння папулярны ў аматараў пакаёвага кветкаводства — яго цэняць за пышнае цвіценне і яркія малінава-чырвоныя кветкі.

Алеандр

Трапленне соку гэтай расліны, які змяшчае небяспечныя гліказіды, у арганізм можа выклікаць слепату. Больш таго, нават пах гэтай расліны правакуе ў некаторых людзей галавакружэнне і пагаршэнне самаадчування.

Адэніум — эфектная расліна, што таксама адносіцца да кутравых: маленькае дрэўца з тоўсценькім ствалом, а лісты і кветкі размешчаны на яго верхавіне. Расліна вельмі таксічная, і асабліва — яе сок, які можа стаць прычынай наймацнейшых атручэнняў.

— Яшчэ адзін прывабны і вельмі ядавіты член сямейства — плюмерыя. У яе кары прысутнічаюць ірыдоіды, якія выклікаюць паражэнне страўнікава-кішачнага тракта.

Сок расліны можа выклікаць раздражненне скуры і слізістых абалонак рота, калі пражаваць часткі расліны.

Вечназялёны плюшч, прадстаўнік сямейства араліевых, цалкам мог бы заслужыць мянушку «каціная смерць».

Плюшч

Чароўная ліяна з яркім зялёным лісцем прыцягвае хатніх кошак.

Між тым нароўні з моднымі цяпер полісцыасам і фатсіяй вечназялёны плюшч асабліва небяспечны для катоў і грызуноў.

Фатсія

Полісцыас

Таксічныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў лістоце і сцёблах плюшчу, здольныя выклікаць парушэнні нервовай дзейнасці аж да паралічу, а таксама парушэнне работы сардэчна-сасудзістай сістэмы гадаванца. Не рэкамендуецца вырошчваць гэтыя расліны і ў доме, дзе ёсць маленькія дзеці.

Азалія ўваходзіць у лік самых вядомых і папулярных дэкаратыўных гаршковых раслін. Існуюць дзясяткі сартоў азаліі — з далікатна-ружовымі і белымі кветкамі, а таксама яркімі, у чырвонай і жоўтай колеравай гаме. Калі ўжо ўпрыгожваць азаліяй свой дом, то трэба ведаць: найбольш небяспечная для здароўя азалія індыйская — калі яе сок трапляе ў арганізм, магчымыя курчы і кішэчныя колікі з-за наяўнасці ядавітага гліказіду — андрамедатаксіну.

Існуе і яшчэ адна дэкаратыўная расліна — ліснік (або паслён) — якая вабіць малых і хатніх жывёл сваімі пладамі. Ярка-аранжавыя ягадкі ўпрыгожваюць вечназялёны куст і нібы просяцца паспрабаваць іх на смак. Але яны ядавітыя.

А вось мімоза сарамлівая, лічыцца, у стане выклікаць аблысенне — расліна вылучае таксіны, якія спрыяюць выпадзенню валасоў.

Мімоза сарамлівая

Пры гэтым яна вельмі прыгожая і пацешная: далікатныя лісцікі пры дакрананні згортваюцца ў трубачку. І іх так і хочацца пакратаць.

Фікус — так-так, і ён, стары сябар і добры знаёмец, можа складаць небяспеку. Фікус небяспечны для алергікаў: яго сок — наймацнейшы алерген. Таму непажаданы кантакт з пашкоджанымі сцёбламі або лісцем фікуса.

Амарыліс — любімая расліна нашых бабуль, што радуе чырвонымі ці белымі буйнымі кветкамі-грамафонамі зімой і ранняй вясной, утрымлівае ядавітае злучэнне лікарын, якое выклікае ваніты і дыярэю.

Амарыліс

З самых вядомых пакаёвых раслін шкоду «гаспадару» і яго сям'і можа нанесці таксама і прымула. Таксічныя рэчывы, якія выдзяляюцца ёю пры цвіценні, здольныя выклікаць апёкі скуры і слізістых, галавакружэнне і млоснасць. Прымулу любяць не толькі за пышнае красаванне (сартоў гэтых дэкаратыўных кветак сёння існуюць сотні), але і за чароўныя аксамітныя лісцікі, якія хочацца пагладзіць. Аднак кантакт з варсінкамі таксама прыводзіць да алергічных рэакцый.

І, нарэшце, трыхацэрэус — адзін з прадстаўнікоў кактусаў. Кактусы выклікаюць замілаванне, у іх тысячы фанатаў па ўсім свеце. Штогод праводзіцца Сусветны кангрэс аматараў кактусаў, а калекцыі сур'ёзных «кактусаманаў» складаюцца з сотняў асобін. Існуе меркаванне, што кактусы бяспечныя для хатняга вырошчвання. Між тым трыхацэрэус — ядавіты. У складзе яго соку і мякаці ёсць галюцынагены, здольныя выклікаць збой работы нервовай сістэмы.

Трыхацэрэус

Дзе «пасяліць» кветку?

Ёсць пакаёвыя расліны, якія могуць быць небяспечныя, толькі калі «пасяліць» іх няправільна.

— Калі грунтавацца на навуковых даных, а не на розных забабонах, неспрыяльнае ўздзеянне раслін на адлегласці можа быць абумоўлена высокім утрыманнем лятучых арганічных злучэнняў, якія некаторыя расліны вылучаюць у паветра, — кажа Ганна Шутава. — Такія рэчывы могуць быць карысныя, валодаць, напрыклад, фітанцыдным дзеяннем. Аднак некаторыя з лятучых рэчываў могуць выклікаць і негатыўны эфект, асабліва ў маленькіх дзяцей, людзей з хранічнымі захворваннямі або аслабленым імунітэтам.

Лілеі ў гаршчках, напрыклад, не варта размяшчаць у пакоі, дзе чалавек спіць. Іх моцны водар можа выклікаць бяссонніцу або галаўны боль.

Любімая многімі архідэя таксама будзе лішняя побач з вашым ложкам: расліна вылучае рэчывы, што ўзбуджаюць нервовую сістэму. А вось на рабочым стале яна якраз дарэчы — падорыць бадзёрасць.

Упадабаная кветкаводамі тубероза вылучае рэчывы, якія абвастраюць нюх. Наўрад ці ёй месца ў спальні або на кухні — лепш пасяліць яе ў гасцінай, якая добра праветрываецца. Акрамя таго, тубероза супрацьпаказаная людзям з гіпертаніяй або кардыялагічнымі праблемамі — у гіпертонікаў яна выклікае галавакружэнне.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.