Вы тут

Чаму варта наведаць выстаўку вышыўкі Алены Дубініч


У Нацыянальным гістарычным музеі пачала работу часовая выстаўка «Вышыўка. З калекцыі Алены Іванаўны Дубініч». Што ў ёй цікавага і чаму яе варта наведаць?


Аснову экспазіцыі складаюць ручнікі і серыя вышытых работ «Сталіцы рэспубліканскіх «Дажынак» (1996—2013)». Ручнікі — увогуле прадмет асаблівага захаплення Алены Дубініч. Майстрыха нават выдала кнігу «Беларускі ручнік. З мінулага ў дзень сённяшні», у якой сабрала інфармацыю аб вырабленых ёю ручніках (апошняя таксама прадстаўлена на экспазіцыі). Майстрыха перакананая, што ручнікі — больш чым прыгожыя рамесныя вырабы, бо, каб зрабіць сапраўдны абрадавы атрыбут, неабходна выканаць цэлы шэраг правілаў.

Ручнік «Пад каравай».

Ці ведалі вы, напрыклад, што вясельныя ручнікі нельга вышываць ноччу і што іх палатно павінна быць цэльным, без карункаў і тасьмы пасярэдзіне? «Гэтым вы толькі нашкодзіце, разрэзанае жыццё не сшыеш, як бы ні стараўся», — піша ў сваёй кнізе Алена Дубініч. А яшчэ на вясельных ручніках не вышываюць зязюль і салаўёў (першыя з'яўляюцца сімвалам удоў, другія — халасцякоў). Пасля цырымоніі ручнік абавязкова захоўваецца ў сям'і ў скручаным выглядзе, да таго ж яго нікому нельга пазычаць (бо лёс не складзецца).

Асабліва ўразіў ручнік з вышытымі ластаўкамі і рабінай. Як аказалася, ён — пад каравай. Алена Дубініч піша, што такія ручнікі не абмежаваныя ў выбары ўзораў. Хочаш — карункамі ўпрыгожвай, хочаш — кветкамі і пажаданнямі або птушкамі. Але тут трэба заўважыць, што птушкі абавязкова павінны цалавацца. І ніякіх зязюль і салаўёў! А вось вышытыя выявы ластавак, сокалаў, пеўняў, індыкоў і паўлінаў — калі ласка.

Ручнік «Для звязвання рук маладым».

Яшчэ цікавая гісторыя ў ручніка, прызначанага для звязвання рук маладым. Сімвалы ў першым радку — дарога да вянчання. У другім — працэс абраду. Трэці рад азначае моцную сям'ю. А чацвёрты змяшчае «дрэва жыцця», на якім мы бачым не толькі маладую пару, але і іх дзяцей.

Трэба адзначыць, што на гэтай выстаўцы можна ўбачыць таксама два запатэнтаваныя сувенірныя ручнікі — «Мінск» і «Нясвіж». На іх вышытыя гербы гарадоў, стылізаваная народная сімволіка і арнамент, які адпавядае гісторыі канкрэтнай мясцовасці.

Наведаць выстаўку можна да 7 жніўня.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.