Вы тут

Зборная СНД ні пра што, акрамя выступлення, не думала


54 спартсмены, 22 узнагароды (13 з якіх залатыя) — 30 гадоў таму беларускія спартсмены выступілі на XXV Алімпійскіх гульнях у Барселоне. Тады сапраўднай зоркай Гульняў стаў беларускі гімнаст Віталь Шчэрба, які шэсць разоў падымаўся на верхнюю прыступку алімпійскага п'едэстала. Трыумфатарамі Алімпіяды сталі весляры на байдарках і каноэ Дзмітрый Даўгалёнак і Аляксандр Масяйкоў, цяжкаатлеты Леанід Тараненка і Аляксандр Курловіч, стралок Канстанцін Лукашык, плаўчыха Алена Рудкоўская, гімнастка Святлана Багінская. У складзе зборнай па баскетболе алімпійскімі чэмпіёнкамі сталі Ірына Сумнікава і Алена Швайбовіч, а алімпійскімі чэмпіёнамі па гандболе сталі Андрэй Барбашынскі, Андрэй Мінеўскі і Міхаіл Якімовіч.


Праз 30 гадоў пасля адкрыцця Алімпіяды ў Барселоне, пераможцы і прызёры тых Гульняў сустрэліся ў Нацыянальным Алімпійскім камітэце. Падзяліліся ўспамінамі, сённяшнімі справамі, прапанавалі сваё бачанне развіцця спорту. З памятнай датай праслаўленых атлетаў павіншаваў Прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. «Многія з вас ужо былі прызнанымі чэмпіёнамі перад летнімі Гульнямі ў Барселоне, але менавіта ў 1992 годзе ўсёй камандзе СНД, улічваючы палітычныя змены ў свеце, прыйшлося няпроста. Аднак у гэтай сітуацыі вы знайшлі ў сабе самае галоўнае — матывацыю. Усяго беларускія атлеты ў Барселоне заваявалі 22 медалі: 13 залатых, 4 сярэбраныя і 5 бронзавых узнагарод. Прыемна з вамі знаходзіцца побач. Вы ўсе некалі выступалі ў адной алімпійскай камандзе, цяпер многія з вас перадаюць вопыт і веды моладзі. Упэўнены, сёння вам ёсць што ўспомніць і абмеркаваць», — сказаў ён.

Успомніць сапраўды было што. Напрыклад, алімпійскі чэмпіён у веславанні на каноэ 1992 года, віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Дзмітрый Даўгалёнак узгадаў атмасферу іспанскай Алімпіяды. Гульні праходзілі на радзіме тагачаснага прэзідэнта Міжнароднага Алімпійскага камітэта Хуана Антоніа Самаранча, і іспанцы пастараліся правесці іх як мага лепш. «Была цудоўная Алімпійская вёска. Такой вёскі мы больш і не бачылі на Алімпійскіх гульнях. Яна знаходзілася на беразе мора і мела свой закрыты пляж. Спартсмены жылі практычна ў пяцізоркавым гатэлі. Гэта, з аднаго боку, і расслабляла, але зборная СНД была настроена сур'ёзна і ні пра што, акрамя выступлення, не думала», — расказаў ён. Дзмітрый Даўгалёнак падкрэсліў: вельмі прыемна адчуваць, што нават праз 30 гадоў алімпійскія перамогі памятаюць і шануюць.

Яго партнёр па залатым заездзе на каноэ-двойцы Аляксандр Масяйкоў звярнуў увагу, што сёння беларускія атлеты аказаліся ў складаных умовах, як і ў 1980-м і 1984-м гадах. Тады таксама палітыка моцна паўплывала на алімпійскі рух. Аднак з часам усё наладзілася, і алімпійская сям'я стала адзінай. «Пакуль ёсць час крыху прыпыніцца, абдумаць далейшыя планы і добра падрыхтавацца да будучых стартаў. Барселону заўсёды ўспамінаю з цеплынёй, шмат зорак сусветнага спорту прыехала. Мне ўдалося сфатаграфавацца з баскетбалістам Майклам Джорданам, мы сталі чэмпіёнамі. Выдатныя былі старты!», — адзначыў ён.

Першы алімпійскі чэмпіён у складзе беларускай каманды 1992 года Канстанцін Лукашык падзяліўся, што часцей аб яго алімпійскай перамозе ўспамінаюць сябры, чым ён сам. «Крыху саромеюся, хоць, мабыць, і не варта. Лепш за ўсё запомніўся сам старт. З аднаго боку, мы прадстаўлялі вялікую краіну, якой ужо не было. З другога боку, мы прадстаўлялі сваю Беларусь, і трэба было сваім выступленнем задаць тэмп для іншых нашых спартсменаў», — сказаў ён. Дарэчы, Канстанцін Лукашык стаў алімпійскім чэмпіёнам у 16 гадоў. І да сёння ён лічыцца самым маладым пераможцам Алімпійскіх гульняў у гісторыі айчыннага спорту.

Алімпійская чэмпіёнка па баскетболе Ірына Сумнікава падзялілася, што перамагчы на Гульнях дапамагла дысцыпліна. «Як сказаў наш трэнер Яўген Якаўлевіч Гомельскі, калі ў нас не будзе дысцыпліны хоць бы 10 дзён, то мы не выйграем «золата». А калі мы захаваем той рытм, у якім мы трэніраваліся, то ў нас будуць залатыя медалі. Вядома, цяжка было ўтрымацца. Тады ўпершыню прыехала баскетбольная каманда «Дрым Цім» на чале з Джорданам. Хацелася з імі сустрэцца і пагаварыць. Мы гэта зрабілі пасля таго, як перамаглі. Трэнер меў рацыю: мы ўсё паспелі», — успомніла яна.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».