Вы тут

Чаравікі ў стылі гранж і аверсайз вышыванка


Аверсайз-футболка і спадніца маларыцкага строю ад прапрабабулі, чаравікі ў стылі гранж і вытканыя больш за сто гадоў таму кашуля і намітка... Адмысловы культурна-гістарычны эксперымент абвясцілі ў Гомелі. Гісторыкі і фатографы прапануюць моладзі выкарыстоўваць элементы беларускага нацыянальнага строю ў гарадскіх штодзённых камплектах адзення. Што з гэтага атрымалася, можна ўбачыць на выставачным праекце «Код да памяці», якія прадстаўлены ў гомельскім Музеі гісторыі друку і фатаграфіі.


Дэпутат Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні Камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкама Кацярына Ваўчок.

Нацыянальны касцюм — як тысячы навуковых прац па гісторыі, сканцэнтраваныя ў адной рэчы. Яго культурны код можна і варта «чытаць» — спрабаваць раскрыць сакрэты, выкарыстоўваць ў звычайным жыцці, увогуле ганарыцца, што ты яго носьбіт. Гэта тыя ідэі, якія натхнілі на незвычайны «касцюмны» эксперымент гісторыкаў па адукацыі — дэпутата Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, намесніка старшыні Камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкама Кацярыну Ваўчок і дырэктара «Майстэрні інавацыйных тэхналогій» Уладзіміра Александронца.

— Два гады таму ў Музеі гісторыі Гомеля мы з Уладзімірам ужо прадстаўлялі маштабны аўтарскі фотапраект «Кола жыцця беларуса», — тлумачыць Кацярына Ваўчок. — У сваёй асноўнай прафесіянальнай дзейнасці мы абое працуем з педагогамі, вучнямі-падлеткамі, моладдзю, і да гэтай ідэі патрыятычнага выхавання праз культурна-гістарычную спадчыну ўжо немагчыма астыць.

Для новага праекта паставілі задачу стварыць вобраз маладой сучаснай беларускі, якая кожны дзень бяжыць на вучобу або на работу. Дзяўчына — адкрытая свету, нефармальная і нефарматная, магчыма, з татуіроўкамі ці пірсінгам, але ў сваіх штодзённых вобразах яна міксуе моднае для моладзі адзенне з элементамі нацыянальнага касцюма. Так гэта ўжо больш, чым проста дзяўчына з вуліцы! Яна — «Код да памяці» — перадае гонар за бабуль і прабабуль, што саткалі калісьці гэтыя рэчы.

Сааўтарамі праекта на дабрачынных пачатках сталі прафесіянальны фатограф Алена Ганчарова і фотааматар Ганна Малашанка. Дзяўчат-мадэляў вельмі хутка адшукала Ганна Малашанка. Стаць фотагераінямі з радасцю пагадзіліся будучыя настаўніцы — навучэнкі Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Выгоцкага. А вось на пошук і падбор касцюмаў для лукаў спатрэбілася некалькі месяцаў.

— Частку элементаў адзення для здымак выкарысталі з маёй асабістай калекцыі, — тлумачыць Кацярына Ваўчок. — Але ў нас было толькі тры поўныя камплекты адзення — унікальны маларыцкі строй, касцюмы з Неглюбкі Веткаўскага раёна і вёскі Маркавічы Гомельскага раёна. Усе іншыя прадметы гардэробу збіралі паасобна.

Так, у праекце можна паглядзець элементы строяў з Магілёўскага, Чачэрскага і Гомельскага раёнаў. Унікальныя па сваёй гістарычнай каштоўнасці часткі нацыянальных гарнітураў дэпутату райсавета перадалі педагогі Грабаўскай, Чарацянскай, Маркавіцкай школ Гомельскага раёна.

— У іх прышкольных музеях сабраныя вельмі багатыя калекцыі нацыянальных касцюмаў. Іх мы бралі на сваю адказнасць, і школьныя музейшчыкі не баяліся за іх, а, наадварот, былі вельмі радыя такім чынам паўдзельнічаць у нашым праекце. Вярнулі строі цэлымі і спраўнымі, — прадухіляе маё пытанне Кацярына Ваўчок.

Яна ў праекце якраз выступала «дырэктарам па касцюмах». Расказвае Кацярына Мікалаеўна і аб дэталях падрыхтоўкі да здымак. Напрыклад, сустрэліся ўсе героі толькі на фоталакацыях. Дзяўчаты-мадэлі прыйшлі пры такім грунтоўным макіяжы, з вялікай колькасцю ўпрыгажэнняў, тату і пірсінг — таксама навідавоку. Між тым, калі пачаўся працэс пераадзявання і камбінавання вобразаў, усё змянілася. Дзяўчынкі, якія ніколі прафесіянальна не пазіравалі перад камерай, вельмі хутка і арганічна ўвайшлі ў вобраз. Знялі ўсё кадры на вуліцы за тры гадзіны.

— Быў цікавы момант на здымках, — згадвае дэпутат. — Да нас падчас пошуку лакацый для фота далучыўся юнак, знаёмы нашага фатографа. Ён назіраў за працэсам. Здымалі кадр з дзяўчынай у намітцы, а гэты элемент моладзь заўсёды ўспрымае максімальна архаічным. Я наматала намітку па ўсіх правілах на Аляксандру, і хлопца той вобраз быццам заваражыў. Прызнаўся, што проста ў звыклым маладзёжным адзенні гэта дзяўчына была зусім іншай, а раскрыла яе дзявоцкую сілу менавіта намітка. Я ж не здзівілася такой яго рэакцыі, бо заўсёды кажу, што нацыянальны касцюм — гэта кроў ад крыві, таму такая арганічная для нашых дзяўчат.

«Код да памяці» прапануе ацаніць 20 фотаработ, зробленых як у класічнай студыйнай тэхніцы, так і нефармальнай аматарскай, знятай у вулічных умовах. Фатографы Алена Ганчарова і Ганна Малашанка падзяліліся, што мараць зрабіць і працяг гэтай гісторыі ў рэспубліканскім фармаце. Вельмі цікава было б таксама зладзіць такія фотасесіі ў «жывой» вясковай хаце.

Дырэктар «Майстэрні інавацыйных тэхналогій» Уладзімір Александронец  падчас інтэрв'ю газеце «Звязда».

— Мой убор — гэта касцюм з вёскі Маркавічы, што ў Гомельскім раёне. Ведаю, што ён адметны змешанасцю стыляў, бо Маркавічы — прыгранічча, адчуваецца ўплыў і Гомельшчыны, і Чарнігаўшчыны. Але галоўнае, што ў гэтым строі я сапраўды, «крутая», — шчыра прызнаецца мадэль і самая маленькая гераіня праекта, вучаніца 6-га класа Гомельскай сярэдняй школы № 59 Вераніка Ваўчок. — Дарэчы, у гэтым касцюме вельмі камфортна і зручна рухацца.

Дзяўчынка падзялілася, што ў сваёй школе яна — актывістка культурна-масавай работы. Увосень, калі пачнуцца заняткі, яна раскажа аднакласнікам і настаўнікам аб сваім удзеле ў праекце. Марыць натхніць на падобны перформанс з касцюмамі і сваіх сяброў-аднакласніц, іх мам і бабуль.

Перакананая, што іскра ў сэрцы, падораная незвычайным культурным вопытам, дапаможа ёй у рабоце з дзецьмі і мадэль праекта Марыя Бондарава. Маладая спецыялістка, настаўніца малодшых класаў, яна толькі-толькі атрымала размеркаванне на першае месца работы ў гомельскай школе.

— Мяне вельмі здзівіла і парадавала, як можна камфортна адчуваць сябе і пры гэтым модна, эфектна выглядаць, калі спалучыць элементы сучаснага адзення, упрыгажэнні, маладзёжны спартыўны абутак і саматканы фартух, хустку. Цяжка перадаць словамі, але калі пераўвасабляешся ў такі вобраз, перажываеш цікавыя эмоцыі, пэўную дзявоцкую сілу ў сабе адчуваеш, — дадае малады педагог.

Пасля прэзентацыі праекта і фотавыставы яе аўтары ў сацыяльных сетках атрымалі дзесяткі станоўчых рэакцый і пасланняў ад жыхароў з самых розных населеных пунктаў Беларусі. Аўтары «Кода да памяці» спадзяюцца, што сваім прыкладам натхняць навучэнцаў, студэнтаў, педагогаў у школах, каледжах, ВНУ, дзе ёсць калекцыі касцюмаў, проста сем'і, што захоўваюць саматканае адзенне ад прабабуль, перажыць падобны культурны вопыт.

— Наша мара, каб людзі на святы і ў сваім штодзённым жыцці хадзілі ў нацыянальных касцюмах ці выкарыстоўвалі ў адзенні элементы нацыянальнага строю, — выказвае агульную думку ўсіх сааўтараў праекта гісторык, дырэктар «Майстэрні інавацыйных тэхналогій» Уладзімір Александронец.

На яго погляд, вельмі важна данесці ідэю, што патрыятычныя праекты адгукаюцца ў сэрцах дзяцей і моладзі не толькі праз традыцыйныя формы работы і афіцыйныя мерапрыемствы.

— Шмат хто прывык, што гістарычная культурная спадчына, усё захаванае да другой паловы ХХ стагоддзя, гэта ўсё музейнае, і чапаць яго няможна. Як жартуюць гісторыкі, «не дыхайце на экспанаты». Наша ідэя — гісторыя не можа быць толькі манументальнай, музеефікаванай. Пра сур'ёзныя, важныя, патрыятычныя рэчы можна і варта казаць не заўсёды ў строгай, фундаментальнай форме. Калі гісторыя не інтэгравана ў разумных межах, з разумным навуковым падыходам, у сучаснасць, падлеткам і моладзі цяжка адчуць яе.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?