Вы тут

Ігар Завалей дзеліцца вопытам асабістых прыёмаў жыхароў


Вопытам асабістых прыёмаў жыхароў амаль трох дзясяткаў сельскіх Саветаў дзеліцца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Завалей.


Фота Дар'і Каймовіч.

У зоне адказнасці парламентарыя — населеныя пункты Добрушскага раёна і 15-ці сельскіх Саветаў Гомельскага. Штомесяц Ігар Уладзіміравіч сустракаецца з жыхарамі аграгарадкоў і вёсак на тэрыторыі сваёй выбарчай акругі. Ставіць для сябе задачу дапамагчы вырашыць хвалюючыя пытанні, выслухаць прапановы, даць тлумачэнні па заканадаўчай базе. Словам, як мага лепш ацаніць жыццё людзей у глыбінцы і ўсвядоміць праблемы, з якімі яны сутыкаюцца.

Падчас апошняга прыёму грамадзян у Маркавіцкім сельвыканкаме Гомельскага раёна адрасаваць зварот парламентарыю змаглі таксама жыхары іншых сельскіх Саветаў. На асабісты прыём да Ігара Завалея запісаліся вяскоўцы, якія агучылі праблемныя пытанні, што закранаюць інтарэсы многіх жыхароў. Так, дэпутат Маркавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Алена Шыпкова ад імя аднавяскоўцаў агучыла: людзі заклапочаныя лёсам сельмага райспажыўтаварыства.

— Прадавец, які тут працуе, узяла працяглы водпуск, а жанчына, што прыйшла ёй на замену, праз некалькі дзён звольнілася, — распавяла Алена Валянцінаўна. — Вось і турбуемся: ці адкрыецца крама праз некаторы час?

Яна паведаміла, што вяскоўцы цікавяцца, ці можа з'явіцца на іх тэрыторыі крама буйнога рытэйлера. Як высветлілася, гаворка аб закрыцці існуючага гандлёвага пункта райспажыўтаварыства не ідзе. Прадавец крамы, якая працуе ўвесь час, хутка вернецца на рабочае месца.

Налічэнне пенсіі і шэраг бытавых пытанняў падчас асабістага прыёму парламентарыю адрасаваў жыхар Маркавічаў — Анатоль Чарняк. Вясковец атрымаў тлумачэнні па хвалюючых для яго пытаннях адразу ж на месцы. На прамую лінію да Ігара Завалея таксама звярнулася Любоў Ермалаева — жыхарка пасёлка Іванькаў Цярэніцкага сельсавета Гомельскага раёна. Жанчына ўзняла праблему добраўпарадкавання свайго населенага пункта. Прагрэйдзіравана дарога, абкошана абочына, а гаспадарка атрымала прадпісанне навесці парадак на сваёй тэрыторыі — на тое, што частка праблемных момантаў па гэтым населеным пункце ўжо знята, звяртаюць увагу аўтары звароту.

— Традыцыйна большая частка хвалюючых пытанняў, якія ўзнімаюць вяскоўцы, — датычыцца рамонту дарог. Пасля кожнага прыёму імкнуся выехаць на месца, каб пераканацца і на свае вочы паглядзець, ацаніць агучаную дарожную праблему, — дзеліцца дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Парламентарый адзначае: вельмі часта на асабісты прыём да яго прыходзяць людзі з праблемай транспарту на вёсцы — як дабрацца да таго ці іншага населенага пункта, агучваюцца скаргі на расклад рэйсавых аўтобусаў. Адзін з апошніх прыкладаў вырашэння падобнага праблемнага пытання пры ўдзеле парламентарыя — лёс цягніка «Гомель — Куток» у Добрушскім раёне.

— Удалося вырашыць пытанне па захаванні рэйсаў, з якім звярнуліся мясцовыя жыхары. Так, да пэўных прыпынкаў у вячэрні час даязджала няшмат людзей. Але калі б цягнік зусім адмянілі, некалькі дзясяткаў людзей усё ж такі страціла б магчымасць належным чынам вярнуцца дадому пасля работы. Было прынята рашэнне скласці ліст у адрас кіраўніцтва Гомельскага аддзялення БЧ. Атрымалася пераканаць, — адзначае Ігар Завалей.

На прамых тэлефонных лініях і асабістых прыёмах вяскоўцы таксама звяртаюцца да яго па дапамогу з праблемамі вулічнага асвятлення, якасці пітной вады.

— Вядома, дзякуючы праграме «Чыстая вада» ў рамках дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», абвешчанай на 2021—2025 гады, адкрываюцца станцыі абезжалезвання, праводзіцца замена зношаных сетак, што асабліва актуальна ў сельскай мясцовасці. Але вырашыць усе праблемныя моманты і задачы, на жаль, немагчыма ў адзін момант, — дадае дэпутат. — Увогуле, варта адзначыць, што падчас работы на тэрыторыі выбарчай акругі паступае дастатковая колькасць зваротаў па тлумачэнні тых ці іншых заканадаўчых актаў, патрабаванняў і пастаноў. Паступаюць і канструктыўныя прапановы ад людзей па заканатворчай дзейнасці народных абраннікаў, што не можа не радаваць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.