Вы тут

Фестываль «Сомінская юшка», захаванне крыжоў, водны паход дзецей-інвалідаў


У вёсцы Соміна прайшоў фестываль «Сомінская юшка — 2022».

З кожным годам ён набывае ўсё большы размах, бо людзі тут асаблівыя. Многія для росквіту сваёй вёскі не пашкадуюць апошняй кашулі. Яны тут і арганізатары, і спонсары, і рабочая сіла... «Гадоў праз пяць Сомінскі фэст будзе грымець, як «Славянскі базар», — заявіў адзін з месцічаў. Я спачатку хіба ўсміхнулася, аднак...


Сцэну перамясцілі бліжэй да возера, каб гледачам было ўтульней. На фоне прыгожага банера з назвай мерапрыемства госці з задавальненнем рабілі сэлфі, як і на лавачцы каля фігуркі сома, зробленай спецыяльна для фестывалю.

Падчас яго, ну вядома ж, працаваў выязны гандаль: пад шашлычкі можна было пасядзець кампаніяй, пагаманіць, купіць сувеніры ў народных майстроў, палюбавацца творамі юных мастакоў, адвесці душу ў танцах на дыскатэцы каля возера, палюбавацца шыкоўным феерверкам...

А для таго каб на свяце вёскі стаць пераможцам у конкурсе на найлепшую юшку, трэ было не толькі налавіць рыбы і зварыць яе — самую смачную, але і крэатыўна прадставіць сваю каманду, арганізаваць падворак, пачаставаць гасцей, абараніць свой рэцэпт перад журы, паўдзельнічаць у спартыўных конкурсах, выступіць з нумарам мастацкай самадзейнасці...

Трэба сказаць, што ўсе каманды стараліся: там юшка — «Сомінская», тут — «Савецкая», там «Буржуйская», «Каралеўская»... Падворкі таксама афармляліся на розны густ: з вышытымі ручнікамі і граматамі за папярэднія гады, з поварскімі каўпакамі, з букетамі і нават з падрабязнай картай навакольных балот і ўрочышчаў. Пераможцай фестывалю «Сомінская юшка — 2022» стала каманда «Ні хваста, ні лускі», другое месца — «Уха-ха» — новае пакаленне», трэцяе — у каманды «Юшка маладзёжная».

...Была юшка, але ж было і да юшкі. На фэсце ў Соміне можна было патанцаваць пад віртуозную ігру артыста абласной філармоніі Андрэя Федзяя, узяць аўтограф і сфатаграфавацца з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Саладухам, які выступіў тут з канцэртам, паслухаць мужчынскі хор Пінскай епархіі і народныя песні ў выкананні бацюшкаў (на тое, каб парадаваць вяскоўцаў, іх блаславіў епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій), а таксама ансамбля «Ліра» Гортальскага СДК...

Упершыню на такім высокім узроўні была і спартыўная праграма: выступаў неаднаразовы чэмпіён свету па гіравым спорце Ігар Сігневіч з чэмпіёнамі-сябрамі. Гіры па 32 кілаграмы (!) яны падкідвалі ўверх, як мячыкі, а 40-кілаграмовую Ігар падымаў... адным пальцам.

Любы з ахвотных мог пабароцца на руку з чэмпіёнам Еўропы па армрэслінгу Віктарам Братчэнем, натоўпы гледачоў сачылі за перацягваннем каната і гульнёй у гарадкі з хромавым ботам.

Моладзь гуляла ў валейбол, каталася на лодках, на матацыклах байкераў, гуляла ў шахматы са спецыялістамі райаддзела МНС, пост якіх дзяжурыў на свяце.

...Сёння шмат каго просяць назваць пяць прычын, каб наведаць нейкае цікавае месца. Я з лёгкасцю магу назваць дзясятак, чаму трэба завітаць у Соміна. Ну, па-першае, там чыстае возера, у якім водзяцца не толькі самы, па-другое, лясы, шчодрыя на грыбы і ягады, па-трэцяе, непаўторныя аграсядзібы, краявіды, гасцінныя, багатыя на таленты людзі... Так што калі хочаце адпачыць, вам у Соміна.

Кіраўніцтва Целяханскага сельвыканкама выказвае асаблівую ўдзячнасць спонсарам свята Валянціну Абрамчуку, Аляксандру Абрамчуку, Сяргею Капыцічу, Мікалаю Капыцічу, Андрэю Куцко, Мікалаю Малінчыку, шчыра дзякуе Аляксандру Якімовічу, Дзмітрыю Куцко, Таццяне Куцко, Віктару Дзягцярыку, Іне Герштовай за актыўную арганізацыю і правядзенне свята, усім жыхарам вёскі.

...Калі хочаце зразумець, з чаго пачынаецца патрыятызм, — вам зноў у Соміна.

Валянціна БОБРЫК

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА


Ці павінны знікаць крыжы?

...Чыйсьці аб'ёмны турыстычны заплечнік, рассякаючы хмару камароў, нязграбна ляціць на процілеглы бераг канавы. Следам за ім кіруемся і мы: пераходзім, пералазім, крочым трохі далей — і...

Вось ён, забыты помнік: злева, каля амаль што зарослай лясной дарогі, узвышаецца металічны крыж з надпісам: «ПАМЯТЬ по ОТЦУ и всем погибшим здесь в 1943 г. От дочери, внуков и правнуков».

Вакол помніка чорная з жоўтым абгародка, унутры — вельмі стары вянок, трохі пабітая талерка ды чарка. Ніякіх імёнаў, ніякіх канкрэтных дат.

...Пошук інфармацыі амаль нічога не даў. Хіба на сайце Дараганаўскага краязнаўчага музея знайшлося кароткае: «Членамі атрада быў зроблены запіс успамінаў жыхаркі в. Радуцічы Багдановіч А. С. (дзявочае прозвічша Дрындзік, у гады вайны жыла ў в. Лука), пра лясную магілу каля Дрындзікавай канавы. Там стаіць крыж і агароджа, даглядае магілу жанчына, якая лічыць, што там пахаваны яе бацька і цётка, якіх расстралялі партызаны за сувязь з немцамі. На самай справе там ляжаць 11 чырвонаармейцаў-прыпіснікоў з в. Лука, расстраляных па даносе старасты, які паехаў у г. Старыя Дарогі і выдаў іх. Дзе пахаваны сваякі жанчыны — невядома, але яна даглядае гэту магілу, і людзі ёй не пярэчаць».

Звестак ні пра лёс гэтай жанчыны, ні чырвонаармейцаў-прыпіснікоў знайсці не ўдалося. Хіба зварот у Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» дапамог высветліць, што гады тры таму да крыжа нехта прыходзіў і пакінуў там цукеркі. Месца прыбіралі «віккраўцы».

...І тым не менш, падыходзячы да помніка сёлета на пачатку мая, мы ўсё роўна спадзяваліся ўбачыць нейкія змены, прыкметы таго, што хоць нехта там быў.

Мы памыліліся: вянок і чарка з талеркай стаялі на ранейшых месцах, новых кветак не з'явілася. Не з'явіліся яны і на Дзень Перамогі. Мы самі вырашылі навесці на магіле парадак, пакінуць кветкі і свае каардынаты.

Падчас работы знайшлі там маленечкую рамку для фотаздымка. Хто пакінуў яе? З чыім партрэтам? Пытанняў куды больш, чым адказаў.

...Далей дарога па-ранейшаму вяла ў лес. Час ад часу ледзь не з-пад ног узляталі качкі, разбягаліся ў гушчар казулі.

Воінскае пахаванне № 7488 убачылі яшчэ здалёк: там вялізны манумент. Могілкі на месцы знішчанай у час вайны вёскі Масты Глускага раёна аказаліся зусім маленькімі. Звычка ўважліва глядзець па баках дазволіла не прайсці міма крыжа, які схаваўся пад галінамі маладога дуба. Сасновая шышка, зваліўшыся зверху, «прабіла» гнілую драўніну і засталася ў ёй вялікай стрэмкай. Светлая зорка на цвіку самотна глядзела ў неба... Адсюль да дагледжанага воінскага пахавання — метраў дзесяць, не больш! Метраў дзесяць паміж памяццю і забыццём.

Па законе чужы чалавек можа прыбраць на магіле хіба лісце ды смецце. Нешта зносіць ды мяняць — нельга. Колькі ж праіснуе гэты крыж, калі ён ужо цяпер прабіты шышкай?! Што чакае гэтае месца, калі тых, хто ведаў пра яго і мог клапаціцца, не засталося?

Кожны Дзень Перамогі мы наведваем помнікі. Да асобных манументаў (асабліва ў вялікіх гарадах) прыносім сотні букетаў. І пры гэтым дазваляем знікаць крыжам.

...Мэта нашага пошукава-этнаграфічнага праекта «УсПомні» — захаванне забытых гісторый — звестак аб такіх вось, амаль зніклых, месцах Памяці. І таму мы будзем вельмі ўдзячныя за любую інфармацыю пра гэтыя крыжы.

А яшчэ вельмі хацелася б (бо трэба!), каб у людзей з'явілася права гнілы крыж памяняць на гэткі ж новы. Ставіць сучасныя помнікі — ідэя наўрад ці добрая: як на мой погляд, дык пахаванні тых часоў нашчадкі павінны ўбачыць такімі, якімі яны былі: з крыжамі, са сціплымі абеліскамі з гравіроўкай, бо ўсё гэта — наша гісторыя, і ўсё — спадчына.

Мы ўпэўненыя, што кожны абаронца нашай зямлі варты павагі і ўвагі. Мы, нашчадкі — пакаленне за пакаленнем — павінны захоўваць памяць. Наша мэта — успомніць, вярнуць з небыцця імёны тых, хто згубіўся.

Ірына Баброўская, настаўніца і аўтар пошукава-этнаграфічнага праекта «УсПомні». Нашы кантакты: сайт: http://вспомни.бел/; электронная пошта: pr-vspomnі@yandex.by


Сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, наведалі аграсядзібу «Вялес»

Яе ўладальнік Алег Анатолевіч Мізула арганізаваў адмысловы водны «паход» па рацэ Вілія, расказаў пра даследаванні графа Канстанціна Тышкевіча, паказаў дубы, якім па трыста гадоў, неверагодны вадаспад, Тупальшчынскі валун, расказаў старадаўнюю легенду пра камяні, якія патрэбныя былі езуітам для ўзвядзення касцёла ў Жодзішках, і чарцей, што хацелі перашкодзіць будаўніцтву храма... Госці слухалі ўсё, стаіўшы дыханне... Як і дзіўныя песні самога Алега Анатолевіча.

Для дзяцей, а таксама для іх бацькоў тут была цудоўная магчымасць поўнасцю змяніць абстаноўку, атрымаць яркія ўражанні і новыя веды.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Беларускага дзіцячага фонду.

Ларыса ТАТАРЫНАВА

г. Смаргонь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».