Вы тут

Даведаліся, наколькі прасцей будзе на месцах вырашаць зямельныя пытанні


Новы Кодэкс аб зямлі чакалі. Асабліва на перыферыі. Менавіта тут часцей за ўсё ўзнікалі пытанні, пачынаючы ад рэгістрацыі ўчасткаў, заканчваючы спрэчкамі вакол стыхійных пабудоў і перадачы зямлі ў спадчыну. Закон распрацоўваўся не адзін год, дасканала вывучаўся на месцах. Сёлета ён быў прыняты ў першым чытанні, але перад тым, каб паставіць кропку, распрацоўшчыкі на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам прыехалі ў Бялынічы і яшчэ раз з кіраўнікамі выканаўчай і прадстаўнічай улады, пачынаючы ад базавага звяна, шліфавалі нормы. Бо большасць зямельных пытанняў па новым заканадаўстве будзе вырашацца на месцах.

І вось новая рэдакцыя Кодэкса аб зямлі прынятая абедзвюма палатамі парламента і падпісана Прэзідэнтам. Мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў мясцовай улады, наколькі важныя прынятыя ў зямельным заканадаўстве змяненні ў іх рабоце.


Парадку стане больш

Старшыня Яноўскага сельсавета, што на Краснапольшчыне, Наталля Лагуціна прыгадала найбольш распаўсюджаную для іх «чарнобыльскай» зоны складанасць. На забруджаныя тэрыторыі, як у іх, попыт быў і так не вялікі, але папярэдні закон забараняў узаконіць маёмасць на тэрыторыі Яноўскага сельсавета нават жыхарам Краснаполля. Даходзіла да абсурду: чалавек купляў дом, а потым не мог перапісаць яго на сваё імя. Каб легалізаваць нерухомасць на тэрыторыі сельсавета, трэба было мець рэгістрацыю.

Пра аналагічныя праблемы расказвае і старшыня Глускага райсавета Вячаслаў Асташэвіч

— У савецкі час сем'ям выдзялялася і 40 «сотак», і 50, а калі памеры абмежавалі да 25, спадчыннікі сталі адмаўляцца ад лішніх «сотак», — кажа суразмоўнік. — Права на ўсю зямлю можна было атрымаць толькі пры рэгістрацыі ў сельскім доме. Толькі хто дзеля гэтага рызыкнуў бы выпісацца з гарадской кватэры? Таму народ пераважна адмаўляўся ад звышнарматыўнай спадчыны. Новы закон дае магчымасць без валакіты вырашыць гэтае пытанне.

Наколькі змяненні актуальныя для вёскі, нават не варта абмяркоўваць. Сёння, на жаль, захоўваецца сумная для невялікіх населеных пунктаў тэндэнцыя. Сельскае насельніцтва з кожным годам скарачаецца, а самі вёскі змяншаюцца ў памерах. Напрыклад, на тэрыторыі Глускага раёна Дзяржлесфонду летась было перададзена 425 гектараў зямлі, сёлета — ужо 195.

— Жадаючых атрымаць сельскую прапіску сёння мала, — уздыхае Вячаслаў Асташэвіч. — І мы толькі зацікаўленыя ў тым, каб працэдура афармлення зямлі была для жадаючых пераехаць у вёску грамадзян прасцейшай. Новы закон гэтаму спрыяе. Цяпер памеры зямельных участкаў, якія можна ўзяць у сваё карыстанне, павялічыліся да гектара. І гэта цудоўна. Такі падыход дазволіць уключыць у грамадзянскі абарот землі, якія пакуль не выкарыстоўваюцца, а таксама ліквідаваць цераспалосіцу паміж зямельнымі ўчасткамі — адным словам, навесці парадак на зямлі.

Больш выразнай стане і працэдура разгляду зямельных пытанняў. Пры ранейшым заканадаўстве гэтым павінен быў займацца сельвыканкам. Але складанасці ўзнікалі яшчэ на першым этапе. Камісія павінна складацца са спецыялістаў розных структурных падраздзяленняў, а ў сельвыканкаме — усяго толькі старшыня ды кіраўнік спраў.

— Паводле новага Кодэкса, зямельныя спрэчкі будуць разглядацца раённай камісіяй, і гэта толькі на карысць усім, — удакладняе Вячаслаў Асташэвіч. — Менш будзе зваротаў у розныя дзяржаўныя органы. Змяненні дапамогуць удасканаліць зямельныя адносіны і ліквідаваць праблемы землекарыстальнікаў, якія не маглі вырашыцца працяглы час.

Садаводчыя таварыствы чакаюць

У раёнах спадзяюцца, што новы Кодэкс аб зямлі створыць больш прывабныя ўмовы і для такіх утварэнняў, як садаводчыя таварыствы. Падчас аднаго з выязных прыёмаў грамадзян у Асіповічах спікер верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава падрабязна распытвала заяўніка — старшыню садаводчага таварыства, які прыйшоў на прыём з набалелым пытаннем. Потым у размове з журналістамі яна растлумачыла, што апошнім часам усё больш людзей закранае тэму безгаспадарных зямельных участкаў, у тым ліку ў садаводчых таварыствах. «У сённяшняй моладзі няма той зацікаўленасці ў рабоце на зямлі, якая была ў іх бацькоў, — падкрэсліла яна. — І нельга дапускаць, каб гэтыя землі прыходзілі ў запусценне. Трэба шукаць новыя падыходы, каб урэгуляваць пытанне».

Некалькі гадоў таму ў рэдакцыю нашай газеты звярнуўся чалавек, які паскардзіўся, што яму адмовілі ў набыцці ўчастка ў садаводчым таварыстве. Апошні не адпавядаў устаноўленым параметрам, і каб не парушыць закон, трэба было ўнесці змяненні ў генплан. А гэта было нятанна. Мужчыну прапанавалі выдаткі ўзяць на сябе. Участак пры гэтым атрымліваўся залаты. І суіскальнік абурыўся. Цяпер такіх праблем нават не павінна ўзнікаць. Новым Кодэксам прадугледжана змяненне граніц у рамках садовых таварыстваў без унясення змяненняў у праект.

— Сапраўды, па садаводчых таварыствах, якія былі створаны ў 1990-я гады, існавалі пэўныя праблемы. І карэкціроўка закона дапамагла іх вырашыць, — адзначае начальнік аддзела землеўпарадкавання Асіповіцкага райвыканкама Наталля Пуліновіч. — Як правіла, у такіх таварыствах існуе шчыльная забудова, а памеры адзінкавых пустых участкаў ужо не адпавядаюць генпланам 1990-х гадоў. Каб чалавек мог атрымаць той участак, садаводчае таварыства павінна было звярнуцца ў праектную арганізацыю з мэтай змяніць памеры зямельнага надзела. Толькі пасля ўнясення змяненняў грамадзяніну дазвалялася аформіць зямлю на сябе. У іншым выпадку яму адмаўлялі. Новы закон дазваляе мяняць граніцы зямельных участкаў без унясення змяненняў у праект. Можна нават дадаткова
ўзяць 15 «сотак», незалежна ад наяўнасці іншых участкаў і іх плошчы.

Наогул зямельнага «голаду» пры новым заканадаўстве дакладна не прагназуецца.

— Сёння на абслугоўванне жылога дома прадугледжана не 25 «сотак», як гэта было раней, а цэлы гектар, — падкрэслівае Наталля Пуліновіч. — Яшчэ адзін плюс у тым, што жадаючым набыць участак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі цяпер не абавязкова рэгістравацца ў сельсавеце. Для гэтых мэт можна атрымаць да 4 гектараў зямлі, нават калі ў карыстанні ўжо ёсць участак. Прычым незалежна ад яго плошчы і мэтавага прызначэння.

Хочаце — будуйцеся

Для вёскі самавольная пабудова — справа звычайная. Зямля натхняе на заняткі стыхійнай творчасцю. Захацеў, пабудаваў хлеў, захацеў — лазню. Успамінаю, як у адным з раёнаў на прыём прыйшоў чалавек і паскардзіўся, што не можа зарэгістраваць лазню. Яна ў яго на метр не ўпісалася ў памеры ўчастка. Адказ быў не на карысць грамадзяніна. Пабудову прыйшлося знесці. Хоць бывала па-рознаму. У Асіповічах згадалі гісторыю са шчаслівым фіналам. Аднак шлях вырашэння быў няпростым.

— Райвыканкам разглядаў пытанне наконт крамы, якая пры будаўніцтве выйшла за межы дазволенай плошчы зямельнага ўчастка, — расказвае Наталля Пуліновіч. — Паколькі яна не парушала архітэктурных, санітарных і іншых нормаў, было прынята рашэнне аб яе захаванні. На падставе гэтага рашэння райвыканкам хадайнічаў перад аблвыканкамам, а той, у сваю чаргу, рыхтаваў пакет дакументаў на імя Прэзідэнта. І толькі пасля дазволу вышэйшай інстанцыі краму легалізавалі.

Цяпер такія пытанні можна будзе вырашаць на мясцовым узроўні. Старшыня Глускага райсавета Вячаслаў Асташэвіч спадзяецца, што новы закон пойдзе вёсцы на карысць.

— Мяркуйце самі, — аргументуе ён. — Па-першае, павялічваюцца памеры зямельных участкаў, па-другое, ёсць магчымасць атрымаць дадатковы ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома без распрацоўкі праекта, па-трэцяе, сельсаветы атрымалі магчымасць арганізоўваць пашы для свойскай жывёлы на землях сельгаспрызначэння. Усё гэта будзе садзейнічаць развіццю асабістай падсобнай гаспадаркі ў вёсцы і прыцягваць сюды людзей.

Зямля ў спадчыну

Спецыялісты, якія працуюць з зямельным заканадаўствам, лічаць, што плюсоў у ім стала значна больш. Можна будзе, напрыклад, памяняць мэтавае прызначэнне ўчастка, які дадзены для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Замест, умоўна кажучы, хлява можна пабудаваць, напрыклад, жылы дом. Раней такое рабіць не дазвалялася.

Калі участак браўся пад дом, а на ім пабудавалі краму, яе таксама можна сёння ўзаконіць. Але з гэтым прыйдзецца пачакаць. Яшчэ не распрацаваны механізм, які потым прапішуць у лакальных дакументах.

Дарэчы, для тых, хто атрымаў у спадчыну ўчастак больш за 25 «сотак» і хоча легалізаваць астатнюю тэрыторыю, ёсць два варыянты. Калі зямля патрэбная для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, рэгістрацыя абыдзецца ў пэўную суму. Але ў гэтым выпадку зямля пяройдзе ў пажыццёвую ўласнасць і зможа перадавацца ў спадчыну. Незалежна ад таго, будзе там нешта пабудавана або не. А вось калі ў чалавека на зямлю вялікіх планаў няма, яму яна патрэбная выключна для агародніцтва, то і плаціць нічога не трэба. Зямля бярэцца ў часовае карыстанне да 10 гадоў, але пры жаданні можна працягнуць тэрмін часовага карыстання або адмовіцца ад участка.

Самавольныя пабудовы можна ўзаконіць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ нумар 253 «Аб спрошчаным парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб'ектаў будаўніцтва», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакументам прадастаўлена права мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прымаць у эксплуатацыю аднакватэрныя жылыя дамы і нежылыя пабудовы, узведзеныя грамадзянамі без дазволаў і праектнай дакументацыі (за выключэннем размешчаных у Мінску). Пры гэтым такія пабудовы не будуць прызнавацца самавольнымі.

Указ уступае ў дзеянне з 1 верасня 2022 года і мае часовы характар (да 1 студзеня 2025 года). Дакумент дазволіць узаконіць самавольныя пабудовы, узведзеныя грамадзянамі на зямельных участках, атрыманых імі да 1 верасня 2022 года.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.