Вы тут

Людзі «сярэдняга ўзросту» распавялі пра цяжкасці працаўладкавання


Здаецца, увесь свет адчуў, што цяперашнія 50-гадовыя — гэта былыя 35-гадовыя. Не зразумелі толькі супрацоўнікі кадравых службаў, якія па-ранейшаму навешваюць на суіскальнікаў, старэй за 45 гадоў, зневажальны ярлык «узроставыя». З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца пры працаўладкаванні людзям, што па класіфікацыі СААЗ прадстаўляюць сярэдні ўзрост — 45-59 гадоў, расказалі яны самі.


Фота: fpb.1prof.by.

«Па-старому вы ўжо пенсіянерка»

Ірына трапіла ў лік тых, хто пасля COVІD-19 і яго настустваў мяняў работу на лягчэйшую альбо наогул браў паўзу ў працоўнай дзейнасці. Пра адноснае аднаўленне здароўя можна было казаць праз тры месяцы. Пачаліся пошукі работы. Па спецыяльнасці не атрымлівалася. Таму Ірына разглядала работу маркіроўшчыка ці стыкероўшчыка, але ўсюды першае і апошняе пытанне было пра ўзрост.

Вось такі дыялог пераказала Ірына:

— Жанчына, вы разумееце, што па-старому вы ўжо пенсіянерка? — пытаецца спецыяліст па кадрах.

— Але жывём мы па-новаму і на пенсію сыходзім у 58 гадоў.

Толькі адна супрацоўніца па падборы персаналу далікатна папярэдзіла аб тым, што пасля офіснай работы працаваць на складзе будзе вельмі цяжка: «Мы ўжо сутыкаліся з тым, што людзі хацелі памяняць сферу дзейнасці, але максімум, што яны вытрымлівалі, — пару тыдняў».

Адміністратар цырульні, спецыяліст па выпісцы накладных, прыёмшчык заказаў — усюды адмовы. Усюды «маладыя дружныя калектывы» не маюць патрэбы ва «ўзроставым» прэтэндэнце.

«Ад фінансавай падушкі бяспекі не засталося нічога, — кажа жанчына. — Мне ўжо ўсё роўна, якая работа, галоўнае, каб я магла яе выконваць».

Па даных сэрвісу pabota.by, у чэрвені бягучага года каля 11,8 % карыстальнікаў сайта знаходзіцца ва ўзросце ад 45 да 54 гадоў, яшчэ 14,5 % — ва ўзросце 55+.

«Без работы пачынаеш адставаць ад жыцця»

З Ганнай не працягнулі кантракт, калі ёй споўнілася 54 гады, гэта значыць да літары закона не прычэпішся.

«Першая думка — дзякуй, што звольнілі. Муж прапанаваў адпачыць. Падцягнула ўсе хатнія справы, знайшоўся час больш чытаць, — дзеліцца жанчына. — А потым раптам скарацілі мужа, якому на той момант было 58 гадоў. Праз месяц ён перастаў шукаць работу па спецыяльнасці, потым адмаўлялі і ў рабочых прафесіях. Мы так зразумелі, што паслужны спіс таксама перашкаджаў атрыманню месца якога-небудзь грузчыка-камплектоўшчыка.

Маё рэзюмэ часцей за ўсё нават не праглядалі. Грошы ў нас былі, у крайнім выпадку дапамаглі б дзеці. Але я выразна зразумела, што работа — гэта больш, чым грошы. Як бы ты ні займаў сябе дома, без работы ўсё роўна пачынаеш неяк адставаць ад жыцця».

Ганна без работы сумавала, калі не сказаць чэзла. Куды ахвотна запрашалі на работу, дык гэта ў менеджары па продажу ўсялякіх цудадзейных сродкаў: «Ну не магу я прапаноўваць людзям тое, што сама ніколі не куплю». Суседка шыпела: гора ты не бачыла, а так бы пайшла і гандлявала.

«Мне здаецца, я ненавідзела людзей, якія ішлі раніцай на работу, зайздросціла мужу, што ён, нарэшце, уладкаваўся, — дзеліцца Ганна. — Увогуле, трэба было або браць сябе ў рукі, або ісці да псіхолага. Разглядала варыянты перанавучання, але што потым? Цяпер, дарэчы, з'явіўся новы від бізнесу: калі за грошы вучаць нібыта з перспектывай працаўладкавання, а потым даюць паперкі, што праслухаў курс, і ідзі з імі куды хочаш».

Ганна апавясціла ўсіх, што шукае работу, нават далёкіх знаёмых. Дапамога прыйшла менавіта з боку былой калегі, з якой у маладосці не вельмі і ладзілі. Затое цяпер жанчыны нават пасмейваюцца, настолькі тыя праблемы здаюцца выдуманымі з вышыні пражытых гадоў.

«Прапанова калегі — мой шчаслівы выпадак, — кажа Ганна. — Людзі нашага веку і рабочых прафесій, як падолся, асаблівых цяжкасцяў з працаўладкаванем не маюць, а вось «белым каўнерыкам» вельмі складана. Але чаму чалавек з вышэйшай адукацыяй і добрым вопытам павінен ісці ў вахцёры — менавіта гэта мне прапаноўвала «разгледзець» юная кадравічка, калі я абівала парогі ў пошуку работы».

«Яна ўсё вырашыла, калі ўбачыла лічбу «1966»

Кажуць, мужчынам работу знайсці лягчэй. Жыве стэрэатып, што 45-гадовая жанчына едзе з рынку, а мужчына на гэтым рынку яшчэ на ўсю моц весяліцца. Яўгену, праўда, 56 гадоў.

«Мне падабаецца мая прафесія, заўсёды заставаўся ў ёй, нават стаўшы адміністратарам, — дзеліцца мужчына. — Цяпер падумаў, што прыйшоў час папрацаваць проста спецыялістам. Адна «эйчар» (або кадравік) казала, што ім патрэбны амбіцыйныя супрацоўнікі, а я, маўляў, гатовы пайсці на паніжэнне ў параўнанні з тым, што меў. У яе сядзіць у галаве «кар'ерны рост», і яна не разумее, што ўсё трымаецца на моцных і стабільных прафесіяналах, а не толькі на перспектыўных і мэтанакіраваных. Яны папрацуюць год-два і зноў пойдуць шукаць абяцаны ім кар'ерны рост.

У другой арганізацыі быў шакіраваны некампетэнтнасцю кіраўніка структурнага падраздзялення.

У трэцяй фірме была вакансія кіраўніка па маім профілі, але там спецыялістка адмовіла: маўляў, калектыў малады, цяжка будзе знайсці агульную мову з калегамі. Ёй было зусім нецікава, які ўзрост быў у маіх папярэдніх падначаленых. Яна ўсё вырашыла, калі ўбачыла лічбу «1966». А яшчэ паведаміла, што ў іх усё камп'ютарызавана. Калі сказаў, што ўжо трыццаць гадоў за «кампом», дзяўчына ўпала ў ступар. І як мантру паўтарала пра работу ва ўмовах шматзадачнасці. На простае пытанне: якія задачы давядзецца вырашаць адначасова, нічога адказаць не змагла, але і на другі этап сумоўя не дапусціла».

Увесну Яўгена абралі старшынёй садаводчага таварыства: «Мне падабаецца гэтая работа, бачу вынік, павагу суседзяў. Зарплата 700 рублёў, зімой — 350. Гэта не тыя грошы, на якія можна годна жыць. Але я рады, што хоць бы такая работа ёсць, фарміруюцца новыя сувязі і, спадзяюся, што ўсё наладзіцца. Яшчэ добра, што мая жонка ставіцца да сітуацыі з разуменнем, як той казаў, не пілуе».

Досвед важнейшы за ўзрост

«Пошук новай работы — гэта таксама своеасаблівая работа, якой суіскальнікі 50+ часцяком грэбуюць. Вядома, цяжка перастроіцца і пачаць усё нанава, асабліва калі на папярэднім месцы займаў вядучую пасаду», — кажа кар'ерны кансультант Юлія Тарсунова.

Найперш трэба вызначыцца з тым, што менавіта шукае суіскальнік: сферы дзейнасці, прыдатныя прафесіі. Калі ж чалавек хоча знайсці работу ў нейкай новай кампаніі, то спачатку трэба ацаніць свае магчымасці і зразумець: ці здольны ён навучацца, адаптавацца і прымаць умовы работы ў новым калектыве.

А далей схема пошуку не будзе адрознівацца ад суіскальнікаў іншага ўзросту: стварэнне рэзюмэ і размяшчэнне яго на тэматычных сайтах, вывучэнне вакансій і водгукі, магчыма зварот па дапамогу ў працаўладкаванні ў дзяржаўную службу занятасці, а таксама апавяшчэнне знаёмых і сваякоў аб пошуку работы.

Кансультант звяртае ўвагу, што пры вывучэнні вакансій важна глядзець не толькі на ўмовы работы, але і на патрабаванні да суіскальніка. Не выключана, што спатрэбіцца праходжанне дадатковага навучання, напрыклад, пэўнай камп'ютарнай праграмы.

Ёсць шэраг вакансій, для якіх вопыт важнейшы за ўзрост: бухгалтары, аўдытары, натарыусы, юрысты, псіхолагі. Таксама ў любым узросце будуць запатрабаваныя вузкапрофільныя эксперты, напрыклад, у вытворчасці, медыцыне, фармацэўтыцы. Што датычыцца прафесій, звязаных з продажамі і суправаджэннем кліентаў, варта разгледзець такія сферы, дзе ўзрост мэтавай аўдыторыі ці асоб, якія прымаюць рашэнні на баку кліента, будзе таксама 50+.

Калі ў суіскальніка сярэдняя спецыяльная адукацыя і экспертыза ў вытворчым сектары, падыдуць вакансіі выкладчыкаў, майстроў, настаўнікаў.

Часам і няпрофільны вопыт можа стаць новай работай. Напрыклад, добра валодаючы замежнай мовай, можна ўладкавацца перакладчыкам ці стаць выкладчыкам, у тым ліку анлайн. Без якой-небудзь спецыяльнай падрыхтоўкі можна працаваць спецыялістам кол-цэнтра або дыспетчарам, няняй, хатнім работнікам, прыбіральшчыкам, вартаўніком, памочнікам па гаспадарцы.

«Важную ролю ў пошуку работы адыгрывае зразумелае і інфарматыўнае рэзюмэ. Ідэальны варыянт — коратка выкласці свой функцыянал, падкрэсліць важныя для цікавай вакансіі моманты. І ў гэтым будуць карысныя адпаведныя сайты: проста запаўняйце своеасаблівую анкету-рэзюмэ, — тлумачыць кансультант. — Таксама варта памятаць, што сярэдні ўзрост рекрутараў, якія праводзяць першасны адбор, — 23-30 гадоў. Улічвайце розніцу ва ўзросце і ўспрыманні інфармацыі, аптымізуйце сваё рэзюмэ і суправаджальны ліст так, каб у іх можна было лёгка знайсці патрэбную інфармацыю».

Асноўная рабочая сіла старэе

Дарэчы, спецыялісты сэрвісу rabota.by прааналізавалі даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі і ўбачылі, што за апошняе дзесяцігоддзе колькасць насельніцтва ва ўзросце 20-24 гадоў знізілася амаль удвая — на 41,5 %. Гэта азначае, што за персанал на стартавыя пазіцыі (якія звычайна прапануюць моладзі) паміж работадаўцамі ідзе наймацнейшая канкурэнцыя. Наступная ўзроставая катэгорыя — 25-29 гадоў — таксама перажывае спад, а гэта людзі з досведам, якіх кампаніі вельмі актыўна наймаюць. У 2021 годзе ў параўнанні з 2011-м колькасць гэтай катэгорыі скарацілася прыкладна на 27 %.

Для наймальнікаў гэта сігнал, што неабходна мяняць падыходы да найму персаналу, бо запаўняць вакансіі толькі з арыенцірам на моладзь больш не атрымаецца — сёння проста няма такой колькасці працаздольных людзей, як гэта было яшчэ 10 гадоў таму.

Відавочна, што чакаецца скарачэнне колькасці актыўнага працаздольнага насельніцтва, а значыць, старэнне асноўнай рабочай сілы. Таму рана ці позна кампаніям давядзецца падбіраць іншыя інструменты пры пошуку супрацоўнікаў: больш актыўна разглядаць суіскальнікаў 45-50 гадоў і «старэйшых», адаптаваць патрабаванні ў вакансіях пад больш шырокую аўдыторыю, уводзіць сістэмы навучання і перанавучання.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі