Вы тут

МАРГ: У II квартале істотна запаволіўся рост цэн


Сёння, бадай, самае балючае пытанне для насельніцтва датычыцца росту цэн на большасць тавараў, у тым ліку на прадукты харчавання. Яшчэ ў красавіку была распрацавана пастанова ўрада № 214, дзе канкрэтна прапісаны меры, якія дапамогуць знізіць спажывецкую інфляцыю. І гэта прынесла свой плён. У другім квартале года істотна запаволіўся рост цэн. Прырост спажывецкіх цэн у чэрвені склаў 13,1% у параўнанні са снежнем. Аднак у другім квартале адзначаецца істотнае запаволенне росту цэн у параўнанні з першым. Запаволенню інфляцыі спрыяла цанавая палітыка, якая сёння праводзіцца ў краіне.


Фота: pixabay.com

— Акрамя таго, у гэтым дакуменце акумуляваныя ўсе патрабаванні дзяржаўнага цанавога рэгулявання. Гэта жорсткія падыходы, якія абмяжоўваюць штомесячны рост цэн не больш за 1,2% да папярэдняга перыяду, уведзена цанавое рэгуляванне на сацыяльна значныя тавары, а таксама мы ўпершыню ўвялі цанавое рэгуляванне на асобныя віды нехарчовых тавараў, — растлумачыла пазіцыю свайго ведамства намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Ніна Емяльянава.

Асноўная задача ў міністэрства акрэслена дастаткова жорстка — не дапусціць неабгрунтаванага, спекуляцыйнага росту цэн. Тут гаворка ідзе пра такія тавары, як мяса, малако, мука, кефір, смятана і іншыя неабходныя для штодзённага жыцця прадукты.

Дапамога маламаёмным

Паміж МАРГ і асацыяцыяй рознічных сетак у свой час было падпісана пагадненне аб прадастаўленні скідак на сацыяльна значныя тавары ўразлівым катэгорыям грамадзян. Ужо сёння, згодна з дакументам, насельніцтву выдадзена 1,3 мільёна персанальных дысконтных картак, па якіх агульная сума зніжкі склала больш за 12 мільёнаў рублёў. Па гэтых картках прадугледжана істотная зніжка — 10%. Яна даецца пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем’ям і малазабяспечаным слаям насельніцтва. У ліку тавараў, на якія яна распаўсюджваецца, — хлеб, мука, аўсяныя шматкі, ячныя крупы, сухія макаронныя вырабы, ялавічына, свініна, мяса курэй, малако, кефір, смятана, тварог, яйкі, яблыкі, гародніна і іншыя тавары. Да пагаднення далучыліся 17 гандлёвых сетак. У чэрвені пагадненне было падоўжана.

Прадстаўнік міністэрства адзначыла, што небагатыя людзі былі вельмі задаволеныя такой дапамогай. Акрамя таго, Савет Міністраў і Камітэт дзяржаўнага кантролю зацвердзілі праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн, удасканаленні метадалогіі цэнаўтварэння і кантролі за выкананнем заканадаўства аб цэнаўтварэнні на 2022 год. «Мы ўпэўненыя, што выкананне мерапрыемстваў праграмы таксама прывядзе да зніжэння інфляцыі ў краіне», — падкрэсліла Ніна Емяльянава.

Каб не загубіць вытворчасць

У той жа час, трэба прызнаць, што цэны растуць з-за фактараў, на якія мы паўплываць не можам. Мы купляем некаторыя тавары за мяжой, цана на якія ўжо значна вырасла ў вытворцаў. Знівеліраваць гэты рост на тэрыторыі нашай краіны ў нас не атрымліваецца, прызналася прадстаўнік міністэрства. Таму пры Савеце Міністраў была створана спецыяльная камісія па цэнаўтварэнні, якая можа дазволіць узнімаць цэны больш хуткімі тэмпамі.

Але абгрунтаванне такога рашэння павінна быць важкім, з выкладкамі, з калькуляцыяй. Тады камісія дазволіць суб’екту гаспадарання падняць цэны не на 1,2% у месяц, а крыху больш. У камісіі павінны зразумець, што аб’ектыўна расце цана на сыравіну, на камплектуючыя, на ўпакоўку, на дастаўку нейкіх кампанентаў. У гэтым выпадку, каб прадпрыемства не працавала з адмоўнай рэнтабельнасцю, яму трэба дазволіць павышаць цэны вышэй ад абмежавальнай планкі.

Калі «рыбка» ў каламутнай вадзе акажацца штрафам

Не сакрэт, што гандлёвыя структуры ў гэты складаны для ўсіх час спрабуюць часам зарабіць звышпрыбытак. «Мы пастаянна ажыццяўляем кантроль за выкананнем суб’ектамі гаспадарання заканадаўства аб цэнаўтварэнні. Сёлета намі ўстаноўлена 606 фактаў парушэння заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні, рост больш чым у 1,7 раза ў параўнанні з мінулагоднім перыядам», — паведаміла Ніна Емяльянава.

«Рэкамендацый па выпраўленні падобных парушэнняў было накіравана 193 — рост у 2 разы. Штрафныя санкцыі па такіх справах склалі 1,28 мільёна рублёў, у той час як за ўвесь мінулы год — толькі 1,2 мільёна рублёў», — адзначыла прадстаўнік МАРГ.

Па яе словах, тлумачыцца гэта ўвядзеннем больш жорсткага цанавога рэгулявання і павелічэннем груп тавараў з рэгуляванымі цэнамі (дадаліся некаторыя нехарчовыя). «Зразумела, што большая колькасць суб’ектаў гаспадарання трапіла ў разрад парушальнікаў».

Школьная форма павінна быць даступнай

Ніна Емяльянава таксама растлумачыла, што напярэдадні першага верасня МАРГ дало рэкамендацыі вытворцам, пастаўшчыкам і гандлю па фарміраванні цэн на тавары для школьнікаў: адзенне і абутак дзелавога стылю, бялізна, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, ранцы, заплечнікі, партфелі, сумкі для навучэнцаў, дзіцячыя сумкі, сшыткі, альбомы, дзённікі, вокладкі для сшыткаў, дзённікаў, падручнікаў і канцылярскія тавары. Тут рэкамендацыі міністэрства накіраваныя на тое, каб цэны былі даступныя для насельніцтва.

Шэраг рэкамендацый адносіцца да вытворцаў. Так, гранічны максімальны нарматыў рэнтабельнасці, які выкарыстоўваецца для вызначэння сумы прыбытку, што падлягае ўключэнню ў адпускныя цэны вытворцаў, не павінен перавышаць фактычны ўзровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, які склаўся за 2021 год па адпаведнай таварнай пазіцыі. Надбаўкі імпарцёра, аптовыя надбаўкі, гандлёвыя надбаўкі (з улікам аптовай надбаўкі) не павінны перавышаць 30%. Прадстаўнік МАРГ таксама нагадала аб неабходнасці ўлічваць эканамічную сітуацыю і праяўляць сацыяльную адказнасць пры фарміраванні цэн на тавары для школьнікаў. Ведамства будзе сачыць за сітуацыяй на рынку і праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы.

Яблыкаў сёлета будзе ў 4 разы больш

Намеснік міністра звярнула ўвагу на тое, што беларускіх тавараў на ўнутраным рынку краіны становіцца ўсё больш. Яна дадала, што доля беларускіх тавараў за першыя паўгода 2022-га павялічылася з 59,2% да 60,3%.

Паводле слоў намесніка міністра, у краіне сталі больш прадаваць айчынныя сокі, будматэрыялы, пральныя машыны, халадзільнікі, яблыкі і моркву.

Як пацвярджэнне сказанаму — трохі статыстыкі. Продаж харчовых тавараў па 22-х відах з 54-х улічваемых Белстатам вырас на 102% (перш за ўсё гаворка ідзе аб раслінным алеі, крупах, мясной і малочнай прадукцыі, гародніне). Па групе нехарчовых тавараў — па 15-ці відах з 22-х. Больш за ўсё адзначаны рост па продажах будматэрыялаў (23,6%), халадзільнікаў і маразільнікаў (13,6%), вопраткі (16%) і іншага.

— Некаторымі таварамі Беларусь поўнасцю забяспечана сваёй вытворчасцю: мясной і малочнай прадукцыяй, цукрам, асобнымі відамі круп, — падкрэсліла Ніна Емяльянава. — У рамках работы імпартазамяшчэння мы нарошчваем долю беларускай прадукцыі — напрыклад, вытворчасць макароны з цвёрдых сартоў пшаніцы, сыроў з белай і блакітнай цвіллю, мясных прадуктаў (хамон, пармская вяндліна). Прычым беларуская прадукцыя, не саступаючы па якасці, значна таннейшая, чым імпартныя аналагі.

У нашай краіне фарміруюцца стабілізацыйныя фонды — гэтая работа ажыццяўляецца разам з Мінсельгасхарчам і райвыканкамамі. Так, сёлета плануецца закласці айчынных яблыкаў у 4 разы больш ад леташняга сезона, спажывец ацаніў іх высокую якасць.

Намеснік міністра распавяла, што цяпер сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання вядзецца работа па арганізацыі вытворчасці некаторых відаў зяленіва і агароднінных культур, якія ў краіне вырошчваюцца ў недастатковай колькасці, напрыклад, руколы і шпінату. Працягваецца работа з імпарцёрамі, якія пастаўляюць цытрусавыя і ягадныя культуры — за апошні год рост аб’ёмаў адзначаны больш чым у 1,5 раза.

«Гэта сведчыць аб тым, што мы можам і ўмеем вырабляць якасны і даступны для насельніцтва тавар», — падкрэсліла намеснік міністра.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?