Вы тут

Абітурыентаў прывабліваюць псіхалогія і ІТ


24 ліпеня ў большасці вышэйшых навучальных установах завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання, а таксама на платную (па спецыяльнасцях, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты). На два дні пазней скончыцца прыём дакументаў на бюджэт па аграрных спецыяльнасцях, якія традыцыйна адчуваюць дэфіцыт абітурыентаў, у Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы, а таксама на ваенныя факультэты (на бюджэт). Некаторыя ВНУ ўжо падзялілся папярэднімі вынікамі прыёмнай кампаніі. 


Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце на дзённую бюджэтную форму навучання пададзена 3721 заява пры плане прыёму 2175. Сярэдні конкурс склаў 1,7 чалавека на месца.

Сярод тых, хто падаў дакументы, 79 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Яны залічваюцца без экзаменаў. Абітурыентаў, якія скончылі сярэднюю школу з медалём або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай, — 928 чалавек або 25 % ад агульнай колькасці тых, хто падаў дакументы. Выпускнікоў ліцэяў і гімназій — 1531 чалавек, што складае 41 % ад агульнай колькасці тых, хто падаў дакументы

Колькасць абітурыентаў, якія ўдзельнічаюць у агульным конкурсе і маюць сумарны бал вышэйшы за 300, — 67 %. З іх 100 чалавек атрымалі на ЦТ 100-бальны вынік. 

На спецыяльнасцях, па якіх праводзяцца ўнутраныя іспыты, склаліся наступныя конкурсы: «дызайн» (напрамак — камунікатыўны) — 10,8 чалавека на месца пры плане прыёму — 10; «дызайн» (напрамак — дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя) — 5,5 чалавека на месца пры плане прыёму — 10; «дызайн» (кірунак — дызайн касцюма і тканін) — 4 чалавека на месца пры плане прыёму — 6; «правазнаўства» (на скарочаную форму) — 2,7 чалавека на месца пры плане прыёму — 10.

На завочную бюджэтную форму навучання падалі дакументы ў БДУ 362 абітурыенты пры плане прыёму 196 чалавек. Конкурс склаў 1,85 чалавека на месца. У тым ліку на скарочаны тэрмін навучання падалі дакументы 200 абітурыентаў пры плане прыёму 63, конкурс — 3,2 чалавека на месца.

На спецыяльнасцях, па якіх праводзяцца ўнутраныя іспыты, найбольш высокі конкурс зафіксаваны на спецыяльнасцях «медыцынская экалогія» (на скарочаны тэрмін навучання для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі) — 4,6; «энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент» (на скарочаны тэрмін навучання для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі) — 3,6; «правазнаўства» (на скарочаны тэрмін навучання для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі) — 3,3.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на 885 бюджэтных месцаў было пададзена 2058 заяў, такім чынам сярэдні конкурс у гэтай ВНУ склаў 2 чалавекі на месца.

З агульнай колькасці абітурыентаў, што выказалі жаданне навучацца ў галоўным педагагічным універсітэце краін, 75 медалістаў, 82 маюць дыплом з адзнакай і 177 выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці.

У гэтым годзе на некаторыя спецыяльнасці максімальны прахадны бал у педуніверсітэце склаў больш за 300 пунктаў: гэта, у прыватнасці, «лагапедыя», «псіхалогія», «практычная псіхалогія». А самы высокі конкурс зафіксаваны на спецыяльнасцях «выяўленчае мастацтва» (5 чалавек на месца), «псіхалогія» (4,1 чалавека на месца), «аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура» (3,6 чалавека на месца).

Як расказалі ў прыёмнай камісіі ВНУ, педагагічную прафесію ўсё часцей выбіраюць юнакі. Так, на факультэце фізічнага выхавання сярод тых, хто прэтэндуе на навучанне, 69 % хлопцаў, на гістарычным — 53 %, на фізіка-матэматычным — 42 %.

У БДУІР самая папулярная спецыяльнасць сёлета — «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». На дзённую бюджэтную форму навучання ў БДУІР пададзена 1460 заяў пры плане прыёму — 1077 чалавек.

На тэхніка-тэхналагічны профіль паступіла 1388 заяў (план прыёму — 1047). На 30 бюджэтных месцаў на эканамічных спецыяльнасцях хочуць паступіць 72 абітурыенты. У гэтым годзе было выдзелена 26 месцаў для мэтавага набору. Жадаючых вучыцца на такіх умовах — 28 чалавек. 

Варта нагадаць, што абітурыенты БДУІР маюць магчымасць пры падачы заявы ў прыёмную камісію выбіраць і расстаўляць свае прыярытэты. Калі абітурыент не праходзіць па сваіх балах на першую ўпадабаную спецыяльнасць, згаданую ў прыярытэтах, то ўдзельнічае ў у конкурсе на другую, трэцюю і гэтак далей. Прычым пры падачы дакументаў можа падаць адразу дзве заявы: на бюджэтную і платную формы навучання. Пры гэтым пералік спецыяльнасцяў, іх колькасць і прыярытэты могуць быць розныя для дзвюх заяў. У выпадку непаступлення на бюджэт заява абітурыента будзе ўлічана ў конкурсе на платную форму навучання, што не запатрабуе дадатковага візіту ў прыёмную камісію.

Летась у тройцы самых папулярных спецыяльнасцей па колькасці пададзеных заяў былі «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (ФКСІС), «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)» (ФІТУ) і «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (ФКСІС). У гэтым годзе сваю пазіцыю захавала толькі першая спецыяльнасць. «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» — па-ранейшаму самы папулярны напрамак сярод абітурыентаў — 268 заяў на 53 месцы. 

Спецыяльнасць «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (ФКСІС) на гэты раз заняла другое месца — пададзена 133 заявы на 65 бюджэтных месцаў. А замыкае тройку спецыяльнасць «аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі» (ФІТУ). На першым месцы сярод прыярытэтаў яе ўказалі ў сваёй заяве 123 абітурыенты пры плане прыёму 60 чалавек.

На завочную бюджэтную форму прынята 44 заявы на 38 месцаў. На дзённую бюджэтную скарочаную форму навучання падалі дакументы 18 абітурыентаў пры плане набору 25. У гэтым годзе БДУІР павялічыў колькасць месцаў на завочнай скарочанай форме (бюджэт і платнае) да 480 месцаў. І на іх ужо ёсць конкурс: ахвотных паступіць 520 чалавек.

Як расказалі ў прэс-службе ВНУ, адзінаццаць абітурыентаў універсітэта па колькасці набраных балаў трапілі ў прамежак ад 391 да 400. Абсалютнай рэкардсменкай сярод усіх беларускіх абітурыентаў стала Анастасія Більдзь. У суме ў яе атрымаўся максімум — 400 балаў. Яна і яшчэ дзевяць абітурыентаў, якія набралі больш за 390 балаў, паступаюць на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Яшчэ адна абітурыентка выбрала факультэт камп’ютарнага праектавання. 

Гэтымі днямі ў вышэйшых навучальных установах праходзяць унутраныя іспыты. Залічэнне на бюджэт у большасці ВНУ пройдзе па 4 жніўня. У Ваеннай акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, на ваенных факультэтах — па 29 ліпеня. Прыём дакументаў на навучанне на ўмовах аплаты для абітурыентаў, якім не трэба здаваць унутраныя ўступныя іспыты, працягваецца па 8 жніўня. 

Дадатковы набор на месцы, што засталіся вакантнымі на бюджэтнай форме навучання, пройдзе з 5 па 7 жніўня. Інфармацыю аб наяўнасці вакантных месцаў можна будзе знайсці на сайтах вышэйшых навучальных устаноў.

Скончыцца прыёмная кампанія ў ВНУ 10 жніўня — у апошні дзень залічэння на платную форму навучання.

У БДПУ на факультэце фізічнага выхавання сярод тых, хто прэтэндуе на навучанне, 69 % хлопцаў, на гістарычным — 53 %, на фізіка-матэматычным — 42 %.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.