Кірыл Вараб’ёў сёлета скончыў сярэднюю школу і адразу пасля выпускнога вечара прыйшоў на работу ў СВК «Мазалаўскі» Мсціслаўскага раёна ўладкоўвацца слесарам па рамонце сельскагаспадарчай аўтатрактарнай тэхнікі. А на час жніва, якое днямі пачалося, працуе памочнікам камбайнера. У планах учарашняга школьніка — не толькі зарабіць свае ўласныя грошы, але і паступіць у Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж, пра які ён марыць з дзявятага класа.
— Як толькі скончыцца жніво, паеду ў сталіцу, — кажа юнак. — Хочацца быць высокакваліфікаваным спецыялістам, працаваць на аўтасэрвісе.
У «Мазалаўскім» на працягу дваццаці гадоў працуе трактарыстам яго бацька, ад якога Кірыл яшчэ ў дзяцінстве засвойваў урокі абыходжання з трактарамі і камбайнамі, дапамагаў, калі псавалася тэхніка — можна сказаць, набываў прафесіянальны досвед. Нездарма юнаку і даверылі работу слесара. А на жніве Кірыл у маладзёжным экіпажы працуе разам з механізатарам Аляксандрам Беляньковым.
Гэтае фота я зрабіў, калі хлопец правяраў механізмы «Палесся», на якім збіраўся выйсці ў поле жаць новы ўраджай.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
На прасторах яе вялікасці кнігі.