Вы тут

Смеццеперапрацоўчы завод пачне працаваць у Бабруйскім раёне ў 2023 годзе


Гавораць, на дне Бярэзіны згубленае золата арміі Напалеона. Праўда або не, да гэтага часу невядома. Затое — і гэта дакладна — уздоўж ракі знаходзіцца нямала іншых скарбаў. Напрыклад, непадробнае захапленне выклікаюць маляўнічыя краявіды і помнікі прыроды. Аб экалогіі Бабруйскага раёна і аб рабоце абаронцаў прыроды расказаў Анатоль Мікалаевіч Грыб, начальнік Бабруйскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


— Тэрыторыя Бабруйскага раёна сярод іншых беларускіх зямель не вылучаецца глабальнымі забруджваннямі, — дзеліцца радасцю кіраўнік. — Але ў нас дастаткова цікавых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый: помнік прыроды «Пойменная дуброва», ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Дубоўскі каскад азёр» і інш. Славутасць нашага раёна — Бярэзіна, уздоўж якой мноства прыгожых мясцін, у тым ліку якія асабліва ахоўваюцца.

У 2019 годзе супрацоўнікі інспекцыі ачысцілі тэрыторыю раёна ад мікрапапуляцый баршчэўніку Сасноўскага. Раней у інтэрв’ю карэспандэнтам мясцовых газет Анатоль Мікалаевіч адзначаў, што месцы, дзе рос баршчэўнік, трэба будзе пастаянна правяраць, бо яго насенне можа застацца ў глебе і захоўваць здольнасць да прарастання больш чым пяць гадоў.

— Сёння мы не можам сказаць, што канчаткова перамаглі гэтую культуру, — прызнаецца суразмоўца. — Два гады мы не назіралі вырастання баршчэўніку, але сёлета з’явіліся адзінкавыя ўсходы ў месцах, дзе ён не рос. Баршчэўнік небяспечны сваім сокам, які, трапіўшы на скуру чалавека, пры ўздзеянні сонечнага святла выклікае апёкі. Баршчэўнік і сумнік, якія растуць на пэўнай тэрыторыі, выцясняюць абарыгенныя расліны і збядняюць нашу флору.

Супрацоўнікі інспекцыі пастаянна кантралююць і фіксуюць месцы распаўсюджвання інвазіўных раслін, а таксама арганізоўваюць правядзенне мерапрыемстваў па іх знішчэнні. Калі тэрыторыя, дзе растуць інвазіўныя віды, належыць землекарыстальнікам, то ўласнікам адпраўляюць прадпісанні, каб яны ачышчалі свае тэрыторыі ад шкодных раслін.

У штаце пяць чалавек, плошча ж Бабруйскага раёна — 1599 км. Атрымліваецца, што на аднаго спецыяліста прыпадае прыкладна 320 км. Анатоль Мікалаевіч гаворыць, што справіцца з няпростай задачай дапамагаюць грамадскія інспектары.

— Яны ўдзельнічаюць у рэйдавых мерапрыемствах і паведамляюць аб выяўленых парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства, — адзначае ён. — Як пазаштатныя супрацоўнікі грамадскія інспектары дастаткова кампетэнтныя ў галіне аховы прыроды. Простыя грамадзяне таксама нам дапамагаюць: тэлефануюць і расказваюць пра парушальнікаў.

Бабруйск — сёмы па колькасці насельніцтва і плошчы горад у Беларусі. Анатоль Мікалаевіч прызнаецца, што парушэнняў больш, чым хацелася б.

— Штат у пяць чалавек — гэта недазвольна мала для тэрыторыі нашых горада і раёна. Нярэдка супрацоўнікі інспекцыі тыднямі не могуць выехаць з горада ў раён, таму што парушэнняў і праблем, якія патрабуюць умяшання, дастаткова шмат, — расказвае кіраўнік. — Да нас часта звяртаюцца грамадзяне: дзесьці незаконна выдалілі дрэва, дзесьці моцна дыміць труба і ад яе ідзе непрыемны пах, а недзе ў раку зліваюць адходы.

Аднак, хоць парушальнікаў і шмат, у большасці выпадкаў з імі ўдаецца знайсці агульную мову.

— Парушальнікі — такія ж грамадзяне, як і мы. У асобных выпадках людзі ўчыняюць правапарушэнні па няведанні, — падкрэслівае начальнік інспекцыі. — Мы не лічым іх злачынцамі, а вядзём дыялог і заўсёды прыходзім да агульнага назоўніка. Калі, напрыклад, парушальнікам стала юрыдычная асоба, выдаём рэкамендацыі, якія спрыяюць устараненню прычын парушэння.

Анатоль Мікалаевіч растлумачыў на простым прыкладзе, якія менавіта рэкамендацыі выдае інспекцыя. Напрыклад, арганізацыя вядзе гаспадарчую дзейнасць, не выконваючы заканадаўства аб абыходжанні з адходамі: адходы размяшчаюцца ў нявызначаных месцах або назапашваюцца ў вялікай колькасці. Таму, правяраючы такія арганізацыі, супрацоўнікі інспекцыі патрабуюць ва ўладальнікаў дакументы, якія тыя павінны мець пры вядзенні гаспадарчай дзейнасці — інструкцыю па абыходжанні з адходамі вытворчасці і дазвол на пахаванне адходаў. Рэкамендацыі змяшчаюць інфармацыю аб тым, у якіх месцах і аб’ёмах захоўваць адходы. Калі аб’ём перавышае норму, то адходы трэба транспарціраваць і здаць або на аб’екты па выкарыстанні, або на аб’екты па пахаванні.

— Заканадаўству па абыходжанні з адходамі мы прысвячаем палову свайго працоўнага часу, — са шкадаваннем дадае суразмоўца.

Як сфарміраваць у грамадзян экалагічную свядомасць? Спецыяліст лічыць, што ў першую чаргу іх трэба выхоўваць і ўводзіць у курс справы, каб сфарміраваць светапогляд чалавека, які ведае, што шкляную бутэльку нельга выкідваць разам з астатнімі адходамі, бо шкло адносіцца да другасных матэрыяльных рэсурсаў, і для яго ёсць спецыяльны кантэйнер.

— Нашы інспектары праводзяць інфармацыйныя мерапрыемствы ў навучальных установах і працоўных калектывах. Таксама арганізоўваем экалагічныя акцыі і ўдзельнічаем у тых акцыях, якія ладзяць пазаштатныя супрацоўнікі. Не менш важным, — працягвае Анатоль Мікалаевіч, — з’яўляецца кантроль за выкананнем прыродаахоўных нормаў і правілаў.

Выхаванне, інфармаванне і кантроль — складнікі поспеху.

Восенню 2021-га недалёка ад вёскі Вішнёўка Бабруйскага раёна пачалі будаваць смеццеперапрацоўчы завод.

— Будаўніцтва прадпрыемства не было спынена нягледзячы на часовыя цяжкасці з фінансаваннем, — кажа суразмоўца. — Ужо ўзведзены асноўныя будынкі, праводзіцца пракладка камунікацый. Спадзяемся, завод пачне працаваць у 2023 годзе.

Прадпрыемства стане рэгіянальным: тут будуць перапрацоўвацца адходы з Асіповіцкага, Кіраўскага, Клічаўскага, Глускага і Бабруйскага раёнаў.

— Але гэта не значыць, што ўсё смецце будзе збірацца пад Бабруйскам. Не, яно будзе перапрацоўвацца. Толькі 10-15 % адходаў, якія нельга перапрацаваць, застануцца на пахаванне на рэгіянальным палігоне, — тлумачыць Анатоль Мікалаевіч. — Завод станоўча паўплывае на стан навакольнага асяроддзя Бабруйска і прылеглых раёнаў. Акрамя таго, мы атрымаем прадукцыю, якую зможам прадаць.

Па словах начальніка інспекцыі, важна ставіцца да сваёй працы перш за ўсё з любоўю, тады ўсе мэты можна ўвасобіць у жыццё. Але адной любові мала, неабходна яшчэ быць кампетэнтным у сваёй галіне.

Анастасія АНІШЫНА

Фота дадзена Бабруйскай гарадской і раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».