Вы тут

Жыццё без пасудамыйкі, або Дазвольце сабе думаць рукамі


З жахам заўважыла, колькі губляю грошай, калі еду ў горад. Раптам становіцца патрэбным усё, што трапляецца на вочы. Не прыкмеціла, як за адзін дзень аддала шэсць рублёў за гарбату з варэннем з шышак, дваццаць рублёў за тры майкі для сыночка Сымонкі, ну і сабе адну прыхапіла, бо па пятніцах у найбліжэйшым ад работы сэканд-хэндзе чацвёртую рэч даюць у падарунак. Потым вяртаешся дахаты і думаеш — а навошта мне тая майка, вунь, у шафе вісіць штук дваццаць, а нашу толькі тры ад сілы.


Цяпер у нас на ўчастку ёсць футбольныя вароты, амаль як у кнізе пра Карлхена.

У вёсцы няма патрэбы ў вялікай колькасці адзення. Як паказала жыццё, дастаткова пары маек, джынсаў, світара, курткі, шапкі з шалікам ды цёплых непрамакальных чаравікаў — і можна лёгка перажыць зіму. І без той чайнай лыжкі варэння, хоць сабе і з такіх модных цяпер шышак, я лёгка магла б пражыць. Тым больш, вунь сасновы лес пад бокам: збірай і вары. Сёлета з-за ўсіх клопатаў на рабоце і дома не паспела. А налета, дасць бог, звару. І буду частаваць сяброў — зусім бясплатна.

Мая прыяцелька год таму пераехала з сям'ёй у трохпакаёвую кватэру ў цэнтры Мінска. Яе муж зрабіў сучасны рамонт. На кухні, вядома, убудавалі ўсю неабходную бытавую тэхніку, у тым ліку і пасудамыечную машыну. Ледзь не ў першую чаргу абзавяліся робатам-пыласосам. Акрамя таго, гаспадыня, каб аблегчыць сабе жыццё, ужо каторы год замаўляе гатовыя наборы прадуктаў (з пакрокавым апісаннем прыгатавання з іх стравы) з дастаўкай дадому. Застаецца толькі дастаць усе інгрэдыенты з вакуумных пакетаў, нарэзаць, змяшаць згодна з фотарэцэптам і паставіць у духоўку. Калі наогул ляніва гатаваць — усёй сям'ёй ідуць у рэстаран альбо заказваюць дадому піцу ці сушы.

Калі жыла ў горадзе, я таксама часта ела ў сталоўках ды бістро, часам заказвала дастаўку ежы дадому. Але ў вёсцы такога жадання ні разу не ўзнікала. Наадварот, практычна штовечар уключаецца фантазія: што можна прыгатаваць з прадуктаў, якія ёсць у халадзільніку. Бо да найбліжэйшай крамы чатыры кіламетры, і працуе яна не кругласутачна, а аўталаўка прыязджае ў вёску ўсяго два разы на тыдзень.

Мы ўжо не першы год нарыхтоўваем на зіму сабе і сябрам скрыпень.

Хоць гатаванне для мяне — у асноўным яшчэ тая руціна, але разам з тым менавіта яна мяне выдатна супакойвае і расслабляе. Павольна прасейваеш у міску муку, дадаеш трошкі солі, дзярэш на тарцы халоднае масла. Затым рукамі пераціраеш усё да стану крошкі, убіваеш туды яйка і збіраеш цеста ў шар. Заварочваеш яго ў харчовую плёнку і кладзеш на гадзінку ў халадзільнік. Тым часам дзярэш на тарцы моркву, шаткуеш капусту, дробна рэжаш цыбулю і часнок. Усё гэта тушыш са свежымі памідоркамі. Тонка раскатваеш цеста і запаўняеш яго адціснутай начынкай. Зверху паліваеш смятанкай і шчодра пасыпаеш надзёртым сырам. Праз хвілін пятнаццаць-дваццаць кухня напаўняецца водарам, які хутка разліваецца па ўсёй хаце. У такія імгненні адчуваеш сябе Мумі-мамай з казачнай гісторыі пра Мумі-троляў і верыш, што там, дзе пахне пірагамі, ніколі не можа здарыцца нічога дрэннага.

Сябры, калі прыязджаюць да нас у госці, пытаюцца, чаму мы не купім сабе пасудамыйку. Маўляў, вельмі зручна, столькі часу вызваляецца, закінуў брудныя талеркі ды кубкі ў машыну і займайся сваімі справамі. А я злавіла сябе на думцы, што пасля таго, як пераехала жыць у вёску, палюбіла мыць посуд. Магчыма, таму, што ў нас ракавіна стаіць перад самым акном і, робячы руцінную справу, можна любавацца шыкоўным краявідам. Наогул для мяне, як і для аўтаркі кнігі пра тое, як цаніць і берагчы сябе «Да сябе пяшчотна», Вольгі Прымачэнкі, мыць посуд — сапраўдная медытацыя: «Мне падабаецца адчуваць, як бруднае становіцца чыстым, мокрае — сухім, халоднае — цёплым. Простыя дзеянні дазваляюць разгарачанаму розуму супакоіцца, а думкам, якія ліхаманкава блукаюць, спыніцца».

На мінулых выхадных паехалі сям'ёй на рэчку паглядзець, як суседзі вудзяць рыбу, і вярнуліся дадому з поўнымі пакетамі скрыпеню (іван-чаю). Мы ўжо не першы год нарыхтоўваем на зіму сабе і сябрам гэтую вельмі карысную і духмяную расліну. Спачатку збіраем лісце, затым вялім яго, ферментуем і сушым. Мой любімы этап — ферментацыя. Асабліва падабаецца тое рабіць пасля напружанага рабочага дня. Беражліва сціскаеш рукамі вяленыя лісцікі, пакуль з іх не пачне выдзяляцца сок — і напружанне як рукой здымае.

Там, дзе пахне пірагамі, быццам не можа здарыцца нічога дрэннага.

«Навошта вы траціце на гэта час? — здзівіўся мінчанін, які ўбачыў мой пост пра скрыпень у сацыяльных сетках. — На дварэ 21 стагоддзе, можна ж проста пайсці ў краму і выбраць гарбату на любы густ». Сапраўды, сёння практычна ўсё можна купіць за грошы. Але, па-першае, куплены чай ні ў якое параўнанне не ідзе з нашым скрыпенем. Па-другое, купляючы ўсё, мы пазбаўляем сябе вельмі важнага — работы рукамі. Калі некалькі гадзін запар мяла скрыпень, я, здаецца, зразумела, чаму нашы бабулі неяк абыходзіліся без псіхатэрапеўтаў і антыдэпрэсантаў. Мая мама і дагэтуль часта кажа: «Калі б не агарод, не ведаю, што рабіла б. А так пакорпаешся ў зямлі гадзінку-другую, і дрэнныя думкі знікаюць з галавы». Вялікі тэрапеўтычны эфект яшчэ і ў тым, што ты можаш памацаць вынік сваёй работы — тую ж самую градку без пустазелля. «Галоўнае, — як піша Вольга Прымачэнка, — убачыць у гатаванні (мыцці посуду, праполцы...) не прыкрую неабходнасць, а магчымасць расслабіцца. Дазволіць сабе думаць рукамі, а не галавой».

Я ўжо даўно прасіла мужа набыць футбольныя вароты, каб паставіць на ўчастку. Але, на шчасце, мне ў рукі трапіла кніга пра зайчыка Карлхена. У выніку муж разам з сынам змайстравалі амаль такія ж вароты, як тата з Карлхенам, — з тоўстых бярозавых галінак. Мала таго, што яны не каштавалі нам ні капейкі, дык і глядзяцца вельмі арыгінальна, гарманічна ўпісаліся ў наш вясковы каларыт. Але галоўнае — сумесная праца, а затым і сумесная гульня ў футбол, згуртавала Сымона з татам яшчэ больш. Вядома, практычна ўсё можна купіць за грошы. Але навошта пазбаўляць сябе магчымасці зрабіць штосьці сваімі рукамі?

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.